СТАША́ЙЦЕНЕ (Stašaitienė) Валянціна Пранаўна (26.12.1911, г. Самара, Расія — 1.2.1990),

літоўскі мовазнавец. Д-р філал. н. (1976), праф. (1978). Скончыла вільнюскія ун-т (1942) і пед. ін-т (1955). З 1947 выкладчык Літоўскай с.-г. акадэміі, Вільнюскага ун-та, з 1976 Каўнаскага політэхн. ін-та. Даследавала пытанні лексікалогіі, лексікаграфіі, тэорыі перакладу, методыкі выкладання моў. Распрацоўвала праблемы гіст. лексікалогіі бел. мовы: «Лексіка Літоўскай метрыкі (кніг судовых спраў)» (1965), «Абстрактная лексіка на матэрыяле старабеларускіх пісьмовых помнікаў XV—XVII стст.» (1973). Аўтар «Руска-літоўскага размоўніка» (1961), складальнік «Руска-літоўскага фразеалагічнага слоўніка» (з І.​Паўлаўскасам, 1985).

Р.​С.​Гамзовіч.

т. 15, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́КАРАВА Ірына Ігараўна (н. 22.10.1949, г. Харкаў, Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1999). Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1971) і працуе ў ім (цяпер Мінскі дзярж. лінгвістычны ун-т). Даследуе пытанні агульнага мовазнаўства, германістыкі, сацыялінгвістыкі, этналінгвістыкі, міжкультурнай камунікацыі, методыкі выкладання замежных моў. Аўтар манаграфій «Супастаўляльнае вывучэнне маўленчых паводзін: праблемы, прынцыпы, тэорыя» (1996), «Кірункі ў камунікатыўнай лінгвістыцы» (1997), «Этналінгвістыка і этнаграфія зносін» (2001). Сааўтар прац «Тэхніка пісьма» (1996, з А.​Вейзэ), «Мова. Веды. Камунікацыя. Культура: Аўтэнтычныя матэрыялы для самастойнай работы» (2003, з А.​Міхневічам і Г.​Траццяковай).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 18, кн. 1, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.

Існавала ў 1916—19 у Бабруйску. Рыхтавала настаўніц пач. нар. вучылішчаў. Тэрмін навучання 4 гады. У 1916 навучаліся 34 выхаванкі. Выкладаліся прадметы: рус. мова і л-ра, царк.-слав. мова, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, мінералогія, геалогія, хімія, гісторыя і геаграфія, псіхалогія і педагогіка, дзіцячае чытанне, методыка выкладання прадметаў, графічныя мастацтвы (чыстапісанне, маляванне, чарчэнне), спевы, музыка, рукадзелле, Закон Божы і інш. У 1918/19 навуч. г. ўведзена беларусазнаўства, польск. мова, гігіена. Пры семінарыі было ўзорнае пач. вучылішча, дзе выхаванкі праходзілі практыку. З кастр. 1918 — пяцікласная, рыхтавала выкладчыкаў для адзінай прац. школы 1-й ступені. Пераўтворана ў 3-гадовыя пед. курсы.

т. 2, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУ́ЧЫК Сяргей Міронавіч (20.1.1915, г. Брэст — студзень 1984),

бел. мовазнавец-германіст. Д-р філал. н. (1973), праф. (1978). Скончыў Вышэйшае камерцыйнае вучылішча ў Кракаве (1936), дзярж. пед. курсы для выкладчыкаў ням. мовы ў Варшаве (1937) і Мінскі пед. ін-т замежных моў (1963). Настаўнічаў, выкладаў у Гродзенскім (1946—55) і Мінскім (1962—83) пед. ін-тах замежных моў. Даследаваў праблемы тэорыі ням. мовы (пераважна фонастылістыкі), распрацоўваў методыку выкладання замежных моў. Аўтар прац: «Прасадычная сістэма сучаснай нямецкай мовы» (1972), «Тэарэтычная фанетыка нямецкай мовы» (1972). Сааўтар «Практычнай фанетыкі нямецкай мовы» (ч. І, 1984). Пад яго навук. кіраўніцтвам падрыхтавана цэлае пакаленне бел. вучоных-германістаў.

Е.​В.​Зарэцкая.

т. 4, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЧЭ́РТА ГРО́СА (італьян. concerto grosso літар. вялікі канцэрт),

жанравая разнавіднасць інстр. канцэрта, заснаваная на проціпастаўленні ўсяго складу выканаўцаў і групы салістаў (канцэрціна). Склаўся ў 17 ст. ў Паўн. Італіі (А.​Страдэла, Дж. Тарэлі). Цыкл К.г. заснаваны на чаргаванні павольных гамафонных і хуткіх поліфанічных частак. Класічныя ўзоры К.г. ў творчасці А.​Карэлі, А.​Вівальдзі, Г.​Ф.​Гендэля. Прынцыпы інстр. выкладання, уласцівыя К.г., захоўваліся да 19 ст. ў прыкладной і праграмнай музыцы (І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт). У 20 ст. адраджаецца ў творчасці Э.​Кшэнека, Б.​Марціну, Э.​Тамберга, А.​Эшпая, А.​Шнітке і інш. Сярод бел. кампазітараў да жанру К.г. звярталіся П.​Альхімовіч, С.​Бельцюкоў, Л.​Шлег.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НСУ Міхаіл Якаўлевіч (н. 31.7.1924, С.-Пецярбург),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1981), праф. (1982). Засл. работнік культуры Беларусі (1990). Скончыў Шадрынскі пед. ін-т (1950, Курганская вобл., Расія). З 1962 у мінскіх пед. і мед. ін-тах, Бел. ін-це механізацыі сельскай гаспадаркі. З 1974 у Рэсп. ін-це вышэйшай школы БДУ (у 1980—90 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах рэлігіязнаўства (філасофія і сацыялогія рэлігіі), педагогіцы вышэйшай школы і методыцы выкладання сац.-гуманітарных дысцыплін.

Тв.:

Основы атеистического воспитания. Мн., 1976;

Методология и методика атеистического воспитания. Мн., 1985;

Студенчество и религия: Пробл. мировоззренческого выбора. Мн., 1999 (разам з К.​С.​Пракошынай, В.​Р.​Языковічам).

т. 9, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

сярэдняя спец. навучальная ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Існавала ў 1864—1920. Засн. ў Маладзечне на базе Маладзечанскай прагімназіі. Тэрмін навучання 2, з 1870—3, з 1907—4 гады. Выкладаліся: Закон Божы, гісторыя правасл. царквы, заалогія, батаніка, арыфметыка, геаметрыя, царк.-слав. і рус. мовы і л-ра, гісторыя і геаграфія Расіі, методыка выкладання, асновы педагогікі і інш. Пры семінарыі існавала ўзорнае вучылішча, дзе семінарысты праходзілі практыку; была абсталявана метэаралагічная пляцоўка. У ёй выкладалі бел. этнографы-фалькларысты М.Я.Нікіфароўскі, Ю.Ф.Крачкоўскі. У 1915 пераведзена ў Смаленск. За 50 гадоў семінарыю скончылі 2 тыс. чал. Сярод навучэнцаў І.А.Біч, Ф.І.Валынец, А.Р.Капуцкі, П.В.Мятла, С.А.Рак-Міхайлоўскі, М.Чарот і інш.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯШКО́ЎСКІ Аляксандр Мацвеевіч (23.8.1878, г. Томск, Расія — 27.3.1933),

рускі мовазнавец; прадстаўнік рус. фармальна-граматычнай школы. Скончыў Маскоўскі ун-т (1906). З 1918 праф. Екацярынаслаўскага, 1-га і 2-га маскоўскіх ун-таў і інш. ВНУ. Спецыяліст у галіне тэорыі граматыкі (пераважна сінтаксісу) і методыкі яе выкладання. Асн. працы: «Рускі сінтаксіс у навуковым асвятленні» (1914), «Інтанацыя і граматыка» (1928), зб-кі «Методыка роднай мовы, лінгвістыка, стылістыка, паэтыка» (1925), «Пытанні методыкі роднай мовы, лінгвістыкі і стылістыкі» (1930). Працы «Школьная і навуковая граматыка» (1914), «Сінтаксіс у школе» (1915), «Наша мова» (вып. 1—3, 1922—27) скіраваны на скарачэнне разрыву школьнай граматыкі з грамат. тэорыяй.

Тв.:

Избр. труды. М., 1959.

т. 13, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДКЕ́ВІЧ Анатоль Іванавіч (13.11.1898, г. Віцебск — 8.5.1977),

бел. вучоны ў галіне энтамалогіі. Дац. (1961). Скончыў Віцебскі ін-т нар. адукацыі (1923). У 1930—33 у Віцебскім вет. ін-це (заг. кафедры), у 1935—71 у Віцебскім пед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па тэарэт. і практ. асновах шаўкаводства на Беларусі, па вывучэнні фауны стракоз, цвердакрылых і лускакрылых, селекцыі і міжпародным скрыжаванні трусоў, методыцы выкладання біялогіі.

Тв.:

Опыт промышленной выкормки дубового шелкопряда в колхозах Полесья Белорусской ССР // Уч. зап. Витебского гос. пед. ин-та. 1956. Вып. 5;

Материалы к изучению энтомофауны БССР: Стрекозы северо-восточной части Белорусской ССР (Odonata) // Там жа. 1957. Вып. 6.

т. 13, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРЖЭ́ЎСКІ Аляксандр Міхайлавіч (27.8.1930, г. Арзамас Ніжагародскай вобл., Расія — 21.3.1983),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1973), праф. (1974). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1953). З 1953 у Ін-це фізікі АН Беларусі. З 1967 у БДУ (заг. кафедры). Навук. працы па люмінесцэнцыі, квантавай электроніцы і нелінейнай спектраскапіі, праблемах выкладання фізікі ў ВНУ. Устанавіў асн. заканамернасці ўзаемадзеяння лазернага выпрамянення са складанымі арган. малекуламі.

Тв.:

Анизотропия поглощения и испускания света молекулами. Мн., 1971 (разам з А.​Н.​Сеўчанкам);

Наглядность в демонстрационном эксперименте по физике: (Эргон. подход). Мн., 1983 (разам з В.​М.​Навумчыкам);

Оптика. Т. 1. Мн., 1984.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 14, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)