ЗО́РНЫЯ КА́РТЫ,
адлюстраванні зорнага неба ці яго часткі на плоскасці пры дапамозе пэўнай картаграфічнай праекцыі, градуснай сеткі ў адпаведным маштабе.
Самыя старажытныя З.к. былі вядомыя ў Вавілоне і Егіпце. У Еўропе выкарыстоўваюцца з 13 ст. Адрозніваюць рысаваныя і фатаграфічныя З.к. На рысаваных зоркі вычэрчваюць па каардынатах, узятых з зорных каталогаў, абазначаюць кружочкамі розных дыяметраў у залежнасці ад бляску зоркі; падвойныя і пераменныя зоркі, зорныя скопішчы, туманнасці адзначаюць спец. знакамі (гл. карту да арт. Зорнае неба). Фатаграфічныя З.к. (больш падрабязныя і распаўсюджаныя) — адбіткі з астрафатаграфій з нанясеннем на іх градуснай сеткі. Камплект З.к. сумежных участкаў неба, якія пакрываюць усё неба ці некат. яго частку, наз. зорным атласам. Першы атлас зорак, бачных простым вокам, апублікаваў у 1603 ням. астраном А.Баер («Уранаметрыя»). Першую на рус. мове зорную карту выдаў у Амстэрдаме І.Ф.Капіевіч (1699). Найб. распаўсюджанне атрымалі «Атлас паўночнага зорнага неба» на аснове «Бонскага агляду» і атлас паўд. неба на аснове «Кордаўскага агляду». З.к. і атласамі карыстаюцца пры астр. назіраннях. Т.зв. рухомыя карты зорнага неба даюць магчымасць хутка вызначаць, якія сузор’і відаць над гарызонтам для любой шыраты ў любы момант часу.
Літ.:
Михайлов А.А. Звездный атлас. 4 изд. М.; Л., 1965.
А.А.Шымбалёў.
т. 7, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА ПРАГРАМАВА́ННЯ,
фармальная мова сувязі чалавека з ЭВМ, прызначаная для апісання інфармацыі (напр., даных) і алгарытмаў яе апрацоўкі. Задаецца наборам сімвалаў (алфавіт), правіламі пабудовы тэксту (сінтаксіс), пералікам дзеянняў і аб’ектаў, што апісваюцца сінтаксічна дапушчальнымі тэкстамі праграм (семантыка). Праграмы, напісаныя на М.п., пераводзяцца ў машынныя коды з дапамогай транслятара.
Адрозніваюць М.п. машынна-арыентаваныя, працэдурна-арыентаваныя і аб’ектна-арыентаваныя. Да машынна-арыентаваных адносяць мовы, што ўлічваюць асаблівасці канкрэтнай ЭВМ (структуру каманд, памяць, знешнія прылады і інш.) і дазваляюць ствараць праграмы, такія ж па эфектыўнасці, як праграмы. напісаныя ў кодах машыны (гл. Асемблер, Машынная мова). У працэдурна-арыентаваных М.п. (напр., Паскаль, Фартран, Алгол, Модула, ПЛ/1) вылучаюць 2 часткі: для апісання структуры аб’ектаў і для працэдуры іх апрацоўкі. На іх эфектыўна апісваюцца і рэалізуюцца алгарытмы апрацоўкі інфармацыі складанай іерархічнай структуры. Самастойнае падмноства такіх моў складаюць мовы мадэліравання. Аб’ектна-арыентаваныя М.п. (напр., Ада, Сі++) грунтуюцца на 4 гал. прынцыпах: магчымасць праграмісту апісваць уласныя аб’екты, вызначаць уласныя аперацыі над аб’ектамі, будаваць іерархіі аб’ектаў і дзеянняў над імі, перавызначаць аб’екты і аперацыі над імі. У выніку з’явіліся магчымасці развіваць і назапашваць праграмы з канкрэтнай прадметнай вобласці, павялічылася іх надзейнасць і скараціўся час іх распрацоўкі і наладкі.
У.Л.Каткоў.
т. 10, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВА́РНАЯ БІ́РЖА,
рынак аптовага гандлю таварамі масавай вытв-сці, якія адпавядаюць вызначаным узорам (стандартам) і цэны на якія фарміруюцца пад уздзеяннем попыту і прапановы. Ствараецца шляхам добраахвотнага аб’яднання заснавальнікаў біржы: вытворцаў, уладальнікаў і спажыўцоў тавараў, пасрэдніцкіх арг-цый, замежных фірм і інш. Адрозніваюць Т.б. рэальнага тавару і ф’ючэрсныя, на якіх заключаюцца беставарныя пагадненні на пэўны тэрмін; закрытыя, дзе ўдзельнічаюць біржавыя пасрэднікі (брокеры), і адкрытыя — акрамя брокераў удзел у гандлі прымаюць і наведвальнікі. Для Т.б. характэрны: рэгулярнасць кірмашоў у пэўным месцы, уніфікацыя асн. патрабаванняў да якасці тавараў, умоў і тэрмінаў пастаўкі, свабодная купля і продаж — пакупнік вольны выбіраць прадаўца, вызначаць сваю цану і інш.
Узніклі ў Зах. Еўропе ў 16—17 ст. з сярэдневяковых кірмашоў. У 18—19 ст. сталі гал. формай унутр. і міжнар. аптовага гандлю. У Расіі ў пач. 20 ст. было больш за 150 Т.б. На Беларусі ў 1908 узнікла Мінская (лясная), напярэдадні 1-й сусв. вайны — Віцебская Т.б. У перыяд нэпа (да 1930) Т.б. існавалі ў СССР.
Найбуйнейшымі Т.б. з’яўляюцца Лонданская (каляровыя металы, збожжа, цукар і інш.), Нью-Йоркская (каўчук, бавоўна. кава і інш.), Міланская, Гамбургская, Амстэрдамская і інш.
т. 15, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
метад даследавання фіз.-хім. і хім. працэсаў, што адбываюцца ў рэчыве ва ўмовах праграмаванага змянення т-ры; адзін з метадаў фізіка-хімічнага аналізу. Дазваляе вызначаць т-ры фазавых пераходаў, будаваць дыяграмы стану, атрымліваць інш. даныя аб саставе і структуры рэчываў.
Устаноўка для Т.а. ўключае печ, трымальнік узораў, датчык для вызначэння т-ры печы і ўзору (тэрмапара з самапісцам). Пры награванні (ахалоджванні) узору даследуемага рэчыва з дапамогай фотарэгіструючых пірометраў і аўтам. патэнцыяметраў у каардынатах т-ра — час запісваюць тэрмаграмы — крывыя награвання (ахалоджвання); зломы або гарыз. ўчасткі на іх адпавядаюць ператварэнням у рэчыве, што адбываюцца з цеплавым эфектам. Больш адчувальны дыферэнцыяльны тэрмічны аналіз (ДТА), калі ў часе рэгіструюць змяненне рознасці т-р узору і эталону — рэчыва, якое ў дадзеным інтэрвале т-р не мае ніякіх ператварэнняў (звычайна гэта аксід алюмінію Al2O3). ДТА часта выкарыстоўваюць у спалучэнні з адным або некалькімі фіз. ці фіз.-хім. метадамі (напр., тэрмагравіметрыяй — метадам рэгістрацыі змянення масы ўзору пры праграмаваным змяненні т-ры, мас-спектраметрыяй, дылатаметрыяй).
Літ.:
Берг Л.Г. Введение в термографию. 2 изд. М., 1969;
Уэндланд У. Термические методы анализа: Пер. с англ. М., 1978.
т. 16, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАО́ПТЫКА (ад гідра... + оптыка),
раздзел оптыкі, які вывучае распаўсюджванне святла ў водным асяроддзі і звязаныя з імі з’явы. Значнае развіццё гідраоптыка як навука набыла з 1960-х г. пры выкарыстанні дасягненняў і метадаў оптыкі рассейвальных асяроддзяў. Матэматычныя даследаванні заснаваны на тэорыі пераносу выпрамянення і тэорыі рассеяння на асобных часцінках; доследныя — на эксперыментальных даных, атрыманых пры дапамозе касм. спектральных апаратаў, гідрафатометраў, лідараў у натурных умовах, лабараторных эксперыментаў (метады мадэлявання і падабенства).
На падставе тэарэт. і эксперым. даследаванняў складзена дакладная характарыстыка структуры светлавога і цеплавога палёў у акіяне, прапанаваны разнастайныя аптычныя метады кантролю саставу вады і працэсаў, што адбываюцца ў морах, азёрах, вадасховішчах. Даследаванне празрыстасці вады, яе здольнасці да паглынання і рассеяння ў розных раёнах Сусветнага ак. дае магчымасць вызначаць паходжанне цячэнняў, вывучаць жыццядзейнасць планктону, састаў вады і інш. пытанні фізікі, хіміі, геалогіі, біялогіі мора. Веданне заканамернасцей пераносу выпрамянення прыродных і штучных крыніц у акіяне дапамагае вырашаць пытанні кліматалогіі, экалогіі; ацэньваць фітаактыўны пласт, рыбалоўныя раёны, далёкасць дзеяння аптычных сістэм бачання, лакацыі, сувязі пад вадой.
На Беларусі даследаванні па гідраоптыцы вядуцца з 1960-х г. у Ін-це фізікі АН Беларусі.
Літ.:
Иванов А.П. Физические основы гидрооптики. Мн., 1975;
Иванов А.А. Введение в океанографию: Пер. с фр. М., 1978;
Шифрин К.С. Введение в оптику океана. Л., 1983.
А.М.Іваноў.
т. 5, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
дзяржаўнае прадпрыемства, перададзенае ў арэнду на аснове арэнднага дагавору паміж дзяржаўнымі органамі і арганізацыяй арандатараў, якая фарміруецца паводле рашэння працоўнага калектыву. Арганізацыя арандатараў з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходу, што збліжае работніка са сродкамі вытворчасці, павышае зацікаўленасць у росце эфектыўнасці прадпрыемства. Важным стымулам з’яўляецца таксама стварэнне на арэндным прадпрыемстве ўласнасці, якая належыць работнікам прадпрыемства на долевай аснове. Арэнда прадпрыемства выгадная і дзяржаве: павялічваюцца яе даходы ў выглядзе арэнднай платы, пашыраецца выпуск прадукцыі, умацоўваецца эканоміка. Арэнднае прадпрыемства з’яўляецца правапераемнікам маёмасных правоў і абавязкаў дзяржаўнага прадпрыемства: пэўны час яно павінна захоўваць вытворчы профіль, выконваць дзяржаўны заказ, заказы на рэалізацыю прадукцыі і інш. У астатнім арэнднаму прадпрыемству даецца самастойнасць: у адпаведнасці са сваім статутам самому выбіраць спосаб кіравання, размяркоўваць (пасля выплаты абавязковых плацяжоў) прыбытак, вызначаць формы і сістэмы аплаты працы, распарадак рабочага дня, парадак прадастаўлення выхадных дзён і адпачынкаў. На пачатку 1995 у розных галінах эканомікі Беларусі каля 3 тысяч арэндных прадпрыемстваў, на якіх працавала 378 тысяч чалавек. У аўтамабільным і рачным транспарце арэндныя прадпрыемствы давалі амаль палавіну, у будаўніцтве і бытавым абслугоўванні — каля 40% прадукцыі. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд арэндныя прадпрыемствы ствараюць умовы для прыватызацыі пераўтварэннем іх у прадпрыемствы калектыўнай ці прыватнай уласнасці.
А.П.Дубіна.
т. 2, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ О́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, які вывучае статыстычныя ўласцівасці светлавых палёў і квантавыя праяўленні гэтых уласцівасцей у працэсах узаемадзеяння святла з рэчывам. Звязана з квантавай механікай, квантавай электрадынамікай, стат. фізікай і нелінейнай оптыкай. Метады К.о. даюць магчымасць вызначаць механізмы міжмалекулярных узаемадзеянняў па зменах статыстыкі фотаадлікаў (рэгістрацыі параметраў светлавых патокаў фотапрыёмнікамі) пры рассейванні святла ў асяроддзі.
Развіццё К.о. ў 1960-я г. звязана са з’яўленнем лазераў, што дало магчымасць фарміравання светлавых палёў з рознымі стат. ўласцівасцямі. Вывучаліся станы поля, якія мелі класічны аналаг і апісваліся на аснове класічных метадаў. Новы этап развіцця пачаўся ў канцы 1970 — пач. 1980-х г. Тэарэт. даследаванні стат. уласцівасцей аптычных палёў, атрыманых у працэсах узаемадзеяння з рэчывам і стварэнне крыніц святла з рознымі стат. ўласцівасцямі прывялі да пераасэнсавання неазначальнасці прынцыпу і развіцця канцэпцыі «сціснутых» станаў поля. Асн. даследаванні праводзяцца ў галіне квантавай інфармацыі, у т. л. квантавых вылічэнняў, квантавых камп’ютэраў, квантавай крыптаграфіі, рэканструкцыі (тамаграфіі) квантавых станаў поля, спектраскапіі адзінкавых малекул і іонаў, лакалізаваных у высокадыхтоўных рэзанатарах ці цвердацелых матрыцах і інш.
На Беларусі даследаванні па К.о. праводзяцца ў Ін-це фізікі і Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ.
Літ.:
Клаудер Дж.Р., Сударшан Э.К.Г. Основы квантовой оптики: Пер. с англ. М., 1970;
Килин С.Я. Квантовая оптика: Поля и их детектирование. Мн., 1990.
С.Я.Кілін.
т. 8, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРОНАГРА́ФІЯ (ад нейтрон + ...графія),
сукупнасць метадаў даследавання рэчыва з дапамогай рассеяння нейтронаў нізкіх энергій (E < 1 эВ). Падзяляецца на структурную і магнітную. Выкарыстоўваецца ў фізіцы вадкасцей і цвёрдага цела, біял. макрамалекул.
Структурная Н. заснавана на тым, што даўжыня хвалі дэ Бройля павольных электронаў (~0,1 нм) сувымерная з міжатамнымі адлегласцямі ў кандэнсаваных асяроддзях і гэта дазваляе вывучаць узаемнае размяшчэнне атамаў. Метад яе грунтуецца на з’яве дыфракцыі нейтронаў (гл. Дыфракцыя часціц) і аналізе залежнасці інтэнсіўнасці рассеянага пучка нейтронаў ад даўжыні хвалі або вугла рассеяння (падобна метаду рэнтгенаструктурнага аналізу, адрозненне гэтых метадаў у тым, што нейтроны рассейваюцца ядрамі атамаў, а рэнтгенаўскія прамяні — атамнымі электронамі). Сячэнне рассеяння нейтронаў на ядрах атамаў, што ўваходзяць у крышталічную структуру, нерэгулярна залежыць ад ат. н. ядра-рассейвальніка, што дазваляе даследаваць структуру, у склад якой адначасова ўваходзяць лёгкія і цяжкія атамы (вадародзмяшчальныя злучэнні, вокіслы цяжкіх элементаў), а таксама вызначаць каардынаты атамаў у злучэннях, утвораных элементамі з блізкімі атамнымі нумарамі (напр., FeCo, Al-Mg — сплавы). Магнітная Н. даследуе лікавае значэнне, узаемную арыентацыю і размяшчэнне магн. момантаў атамаў, што выкарыстоўваецца для вызначэння магн. структуры магнітаўпарадкаваных рэчываў.
Літ.:
Изюмов Ю.А., Озеров Р.П. Магнитная нейтронография. М., 1966;
Александров Ю.А., Шарапов Э.И., Чер Л. Дифракционные методы в нейтронной физике. М., 1981.
Г.І.Макавецкі.
т. 11, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕЦЫЯЛІЗАВА́НЫЯ ЎСТАНО́ВЫ ААН,
міжурадавыя арганізацыі па эканам., сац., культ. і інш. гуманітарных галінах, створаныя на аснове міжнар. дагавора і звязаныя з ААН міжнар. пагадненнямі. Іх сувязь з ААН разглядаецца як фактар, закліканы вызначаць такі кірунак дзейнасці дадзенай установы, які адпавядае асноватворным мэтам і прынцыпам ААН. Тым не менш С.ў. ААН — самаст. міжнар. арг-цыі. Структура, кампетэнцыя і інш. пытанні арганізацыі С.у. ААН вызначаны ў міжнар.-прававым парадку дагаворамі, пагадненнямі або ўстаноўчымі актамі, рэгламентамі дзейнасці іх органаў. Істотнае значэнне для дзейнасці С.у. ААН мае Канвенцыя аб прывілеях і імунітэтах С.у. ААН, зацверджаная Ген. Асамблеяй ААН 21.5.1947. Да С.у. ААН поўнасцю прыдатны палажэнні Статута ААН аб суверэннай роўнасці дзяржаў-членаў, аб іх найгалоўнейшых абавязках «развіваць сяброўскія адносіны паміж нацыямі на аснове павагі прынцыпу раўнапраўя і самавызначэння народаў...».
На 1.1.2001 існуе 15 С.у. ААН: Сусветны паштовы саюз, Міжнародны саюз электрасувязі, Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), Сусветная арганізацыя аховы здароўя, Сусветная метэаралагічная арганізацыя, Міжнародная марская арганізацыя, Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці, Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН, Сусветны банк (уключае Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця і Міжнародную фінансавую карпарацыю), Міжнародную асацыяцыю развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны фонд сельскагаспадарчага развіцця, Міжнародную арганізацыю працы, Арганізацыю Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці.
т. 15, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАВЫЗНА́ННЕ,
1) прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэліг. вучэння якой-н. царквы. У краінах, дзе ажыццёўлена свабода сумлення, усім грамадзянам дадзена права свабодна выбіраць любое з веравызнанняў, арганізоўвацца ў рэліг. суполкі, выяўляць у набажэнствах і пропаведзях свае рэліг. перакананні. Рэліг. свабода, упершыню абвешчаная ў час Франц. рэвалюцыі 1789—99, з цягам часу пашырылася на інш. краіны. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны грамадзянін мае «права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў».
2) Рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізац. структуру. Падрабязна распрацаванае з дагматычнымі ўстанаўленнямі, выкладзенае ў спец. палажэннях веравучэнне наз. канфесіяй. У сучасным разуменні веравызнанне — прыналежнасць да пэўнай царквы ў веравучэнні і абраднасці. Звычайна тэрмін «веравызнанне» ўжываецца ў дачыненні да рэліг. кірункаў, якія маюць развітую багаслоўскую школу — хрысціянства, іудаізм, іслам, будызм. На Беларусі дзейнічаюць арг-цыі і абшчыны, вернікі якіх належаць да праваслаўнай, рымска-каталіцкай, грэка-каталіцкай, стараверскай, новаапостальскай цэркваў, евангельскіх хрысціян-баптыстаў, адвентыстаў сёмага дня, сведкаў Іеговы, іудзейскай, мусульманскай рэлігій і інш. Веравызнанні і іх дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (1992).
Ю.В.Бажэнаў, Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)