КУБІ́ЧНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

алгебраічнае ўраўненне 3-й ступені. Агульны выгляд ax​3 + bx​2 + cx + d = 0, дзе a ≠ 0. Рашаецца ў радыкалах з дапамогай Кардана формулы. Тэрмін «К.ў.» ўведзены Р.Дэкартам (1619) і У.​Оўтрэдам (1631).

Першыя спробы рашыць К.ў. зроблены матэматыкамі старажытнасці, напр., задачу, якая зводзіцца да К.ў., разглядаў Архімед.

т. 8, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗО́ЛЬ,

лакальны балючы ўчастак празмернага патаўшчэння рагавога слоя эпідэрмісу скуры (гіперкератозу) чалавека. Узнікае як ахоўная прыстасавальная рэакцыя скуры на месцы працяглага мех. ўздзеяння, найчасцей на далонях, падэшвах і інш. Мае выгляд шчыльных жаўтаватых, брудна-шэрых ці карычневых патаўшчэнняў. Лячэнне тэрапеўтычнае. М. ёсць таксама ў некат. млекакормячых (вярблюдаў, прыматаў).

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 9, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́РАСЦЬ,

перыяд жыцця чалавека і жывёл, які прыходзіць на змену сталасці; вынік працэсу старэння. Характарызуецца значнымі абменнымі, структурнымі і функцыян. зменамі ў органах і сістэмах, што абмяжоўваюць прыстасавальныя магчымасці арганізма. Мяняецца знешні выгляд, працаздольнасць, цячэнне многіх захворванняў. Перыяд С. ў чалавека 75—90 гадоў, больш за 90 — доўгажыхар.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАСЕ́ТАЧНЫЯ ВО́ЧЫ,

складаныя зроку органы многіх членістаногіх: насякомых, ракападобных, некат. мнаганожак.

Складаюцца з вял. колькасці асобных, ізаляваных праслойкамі пігменту, простых вочак — аматыдыяў, рагавічная лінза якіх мае выгляд выпуклага 6-гранніка — фасеткі (адсюль назва). Ф.в. звычайна 1 пара. У насякомых колькасць аматыдыяў да 30 тыс. Мяркуюць, што Ф.в. насякомых могуць успрымаць колер.

т. 16, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫСТЫЦЭРКО́ІД (ад грэч. kystis пузыр + kerkos хвост + eidos выгляд),

разнавіднасць лічынкі стужачных чарвей — фіны. Цела падзелена на тулава і хвост, галоўка з прысоскамі ўкручана ўнутр тулава. Паразітуюць у поласці цела прамежкавага гаспадара (кольчатых чарвей, ракападобных, насякомых, малюскаў ці пазваночных жывёл). У арганізме канчатковага гаспадара (сабакі, ката) ператвараецца ў дарослага чарвяка.

т. 17, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ ТАБЛІ́ЦА,

схема радаводу ў выглядзе табліцы; адзін з відаў афармлення генеалагічнай інфармацыі. Найб. распаўсюджаны верт. і гарыз. радковыя геналагічныя табліцы, якія паказваюць узыходную або зыходную роднасць. Кальцавыя генеалагічныя табліцы паказваюць узыходную роднасць і маюць выгляд канцэнтрычных кругоў, дзе ў цэнтральным змяшчаюць даныя пра пэўную асобу, у наступным крузе — даныя пра яе бацькоў і г.д.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРАМАРФІ́ЗМ (ад гігра... + грэч. morphē форма, выгляд),

асаблівасці будовы раслін, якія растуць у вільготных мясцінах, з павышанай вільгаццю паветра. Для іх характэрны прыстасаванні, накіраваныя на ўзмацненне транспірацыі (клеткі эпідэрмы танкасценныя, укрытыя тонкай кутыкулай; вялізныя міжклетнікі і танкасценныя валаскі ствараюць вял. выпаральную паверхню), што забяспечвае інтэнсіўнае перамяшчэнне пажыўных раствораў да парасткаў. Гл. таксама Гіграфіты, Ксерамарфізм.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІ́К (грэч. kylix),

старажытнагрэчаская гліняная ці металічная пасудзіна для ўжывання віна: плоская шырокая чаша на высокай ножцы з падножкай і дзвюма гарыз. ручкамі на процілеглых баках краю чашы. Гліняныя К. часта размалёўвалі ўнутры. Найб. вядомы чырвонафігурныя К. 6—4 ст. да н.э.

Кілік «Коннік». Эпіктэт. Каля 520 да н.э.; 1 — агульны выгляд, 2 — унутраная размалёўка.

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКА́Т,

мелкаводны ўчастак рэчышча ракі. Звычайна мае выгляд вала з пакатым схілам, звернутым супраць цячэння, і стромкім — па цячэнні. Утвараецца ў выніку нераўнамернага размыву рэчышча водным патокам і адкладам наносаў, узнікнення верхняй і ніжняй касы. Адрозніваюць П. алювіяльныя і камяністыя (шыверы). П. чаргуюцца з плёсамі, часцей трапляюцца каля вусцяў прытокаў. Перашкаджаюць суднаходству.

т. 12, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭ́Й,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі марскі бог, пастух цюленевых статкаў. Быў стары, меў вял. колькасць дзяцей (пратыдаў), вызначаўся здольнасцю прымаць выгляд розных істот, прароцкім дарам, вял. дасведчанасцю. Лічыўся таксама стараж. царом Егіпта, дзе, паводле некаторых міфаў, у яго ў час Траянскай вайны знаходзілася сапраўдная Алена, у той час як Парыс валодаў толькі яе прывідам.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)