ВІРАЛЕ́ (франц. virelai ад virer кружыцца),

шасцірадковая страфа, інтанацыйна падзеленая на 2 трохрадкоўі. Першыя 2 радкі трохрадкоўя звязаны парнай рыфмай, 3-і кароткі радок рыфмуецца з 6-м, таксама ўкарочаным.

Узнікла ў старафранц. паэзіі. У бел. паэзіі дакладна вытрымана страфічная будова вірале ў вершы Я.​Купалы «З летніх малюнкаў». Вірале называюць таксама 9-радковы верш з рыфмоўкай аБааБааБа.

т. 4, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУНЬ ВЕСНАХО́ДУ»,

літаратурны альманах. Выдадзены ў 1928 у Вільні на бел. мове арг-цыяй маладых пісьменнікаў і мастакоў Зах. Беларусі «Веснаход». Ідэйна-маст. кірунак апубл. вершаў і апавяданняў супярэчлівы. Побач з эстэцкімі творамі (Я.​Бартуль і інш.) змешчаны верш П.​Пестрака (псеўд. Звястун) «Над намі віхры выюць», які палемізуе з містыцызмам рамант. паэзіі і натуралістычным бытаапісальніцтвам.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХІ́КАЛАН (ад брахі... + грэч. kōlon радок),

верш або частка верша, напісаная кароткімі радкамі з 1-складовага слова або слоў, у якіх колькасць складоў не выходзіць за межы адной стапы. У бел. паэзіі вельмі рэдкі від верша. Упершыню да яго звярнуўся Я.​Купала («Устань», 1907):

Устань!

Усе, глянь,

Пайшлі...

І вот —

Свабод!

Зямлі!

А ты —

Святы —

Закіс, —

Звёў хлеб,

Аслеп,

Азыс.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́Н (Kallinos),

старажытнагрэчаскі паэт 1-й пал. 7 ст. да н.э.; заснавальнік элегіі. Нарадзіўся ў г. Эфес (тэр. сучаснай Турцыі). У час уварвання ў М. Азію кімерыйцаў звярнуўся да жыхароў Эфеса з элегіямі, у якіх заклікаў устаць на абарону горада. Зберагліся 4 фрагменты «Ваяўнічай элегіі» (самы вялікі — 21 верш). Аўтар гімна Зеўсу, вершаў на сюжэты нар. паданняў траянскага міфалагічнага цыкла.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАРСЕЛЬЕ́ЗА»

(«Marseillaise»),

французская рэв. песня, дзярж. гімн Францыі. Словы і музыка напісаны ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99 у крас. 1792 у г. Страсбур капітанам рэв. арміі К.​Ж.​Ружэ дэ Лілем. Першапачаткова называлася «Ваеннай песняй Рэйнскай арміі». У хуткім часе пашырылася ва ўсёй рэв. арміі, трапіла ў г. Марсель, адкуль прыйшла ў Парыж пад назвай «Марш марсельцаў» або «М.». З 1795 дзярж. гімн Францыі. Забаронена ў гады Рэстаўрацыі (1814—30) і Другой імперыі (1852—70). Пры Трэцяй рэспубліцы (1870—1940) «М.» зноў стала дзярж. гімнам Францыі: муз. тэкст афіцыйна ўстаноўлены ў 1887, з 14.7.1975 выконваецца ў новай муз. рэдакцыі. Як рэв. гімн «М.» з канца 18 — пач. 19 ст. набыла шырокую папулярнасць у многіх краінах свету. У Расіі з 1880—90-х г. у асяроддзі рэв. рабочых і інтэлігенцыі гучала песня «Рабочая марсельеза» на змененую мелодыю «М.» і верш П.Л.Лаўрова. Назва «М.» пашырылася і на інш. рэв. гімны. «Беларускай марсельезай» называлі папулярную песню на верш А.​А.​Мікульчыка «Ад веку мы спалі і нас разбудзілі...» (1905).

т. 10, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЫМЕ́ (ад франц. bouts rimés рыфмаваныя канцы),

верш, напісаны на загадзя вядомыя рыфмы. Узнік у Францыі ў 1-й пал. 17 ст. як форма салоннай «лёгкай паэзіі», чыста літаратурная забава. З 20 ст. становіцца пераважна эстрадным жанрам. Прынцып бурыме пакладзены ў аснову некаторых бел. нар. песень: назвы ўсіх дзён тыдня прадвызначылі рыфмы, а разам з тым і арганізавалі вершаваныя радкі жартоўнай песні «Ад панядзелка да панядзелка».

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЫ́ДА (араб.),

паэтычны жанр у л-рах Б. і Сярэдняга Усходу, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі; пераважна панегірычны верш у гонар нейкай выдатнай падзеі або асобы. Паводле формы нагадвае газель, аднак колькасць бейтаў у ёй дасягае 50—70 і больш. Узнікла ў араб. л-ры яшчэ ў даісламскі перыяд, росквіту дасягнула ў 11—12 ст. Найб. вядомыя майстры К. — Рудакі, Унсуры, Хагані Шырвані і інш.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛАС (грэч. melos),

1) у Стараж. Грэцыі — напеў, мелодыя. У муз.-тэарэт. трактатах М. разумелі як уласна муз. бок песні (у адрозненне ад вершаў і танц. руху). Складаецца з гукаў, інтэрвалаў і працягласцей. М. называлі таксама лірычны верш, прызначаны для спеваў.

2) Абагульненае паняцце меладычнага, песеннага пачатку ў музыцы. Першакрыніцы М. — цякучасць, працягласць, энергія і сіла меладычнай плыні. У рас. музыказнаўстве канцэпцыю М. абгрунтаваў Б.Асаф’еў.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАНА́КТ (Hippōnax; каля 540 да н.э., г. Эфес, Грэцыя — ?),

старажытнагрэчаскі паэт. Выгнаны тыранамі з Эфеса, пасяліўся ў Клазаменах. Жыў у галечы. Яго вершы (захаваліся фрагменты) адлюстроўвалі жыццё гар. нізоў, беднаты. Мова вершаў блізкая да жывой народнай. Уся творчасць Гіпанакта прасякнута іроніяй і самаіроніяй; іранічна гучыць і сам верш, які нібыта «прыпадае» на апошнюю стапу: гэты вершаваны памер атрымаў назву халіямб (кульгавы ямб). Гіпанакт лічыцца яго вынаходцам.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ХТЫ М. ДРУКА́РНЯ,

прыватная бел. друкарня ў Вільні ў 1906—17, заснаваная друкаром і выдаўцом М.​М.​Кухтам. Мела права выдаваць кнігі, газеты і часопісы на еўрапейскіх мовах. 23.11.1906 у ёй надрукаваны 1-ы нумар бел. газ. «Наша ніва». Друкавала творы Ф.​Багушэвіча, М.​Багдановіча, Я.​Коласа, К.​Буйло, Цёткі, у т. л. верш «Скрыпка беларуская», забаронены царскай цэнзурай. Выдавала бел. календары, зборнікі, спеўнікі з нотамі і інш.

т. 9, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)