электраакустычны пераўтваральнік гукавых і ультрагукавых ваганняў, што распаўсюджваюцца ў вадзе. Найб. пашыраны эл.-дынамічныя, п’езаэл. і магнітастрыкцыйныя гідрафоны. Выкарыстоўваюцца ў гідраакустычных прыладах (гідралакатарах, шумапеленгатарах, узрывальніках акустычных мін і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІСТРО́Н [ад грэч. klyzō б’ю + (элек)трон],
электронная прылада для ўзмацнення і генерацыі ваганняўЗВЧ. Бывае адбівальны (мае 1 аб’ёмны рэзанатар) і пралётны (2 ці больш), звышмініяцюрныя К. наз. мінітронамі.
Прынцып работы К. заснаваны на пераўтварэнні патоку электронаў у пераменны па шчыльнасці паток з дапамогай мадуляцыі скарасцей электронаў эл. полем аб’ёмнага рэзанатара. У адбівальных К. электронны паток праходзіць праз зазор рэзанатара, дзе мадулюецца эл. полем ЗВЧ, далей адкідваецца назад полем адбівальніка і пры другасным праходжанні праз зазор у адваротным напрамку аддае частку кінетычнай энергіі эл. полю ЗВЧ. У пралётных К. электроны паслядоўна пралятаюць праз зазор уваходнага рэзанатара, дзе адбываецца мадуляцыя па скарасцях, і выхаднога, дзе пры тармажэнні частка іх энергіі пераўтвараецца ў энергію ваганняўЗВЧ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,
сістэма, працэсы ў якой задавальняюць суперпазіцыі прынцыпу і апісваюцца лінейнымі ўраўненнямі. Л.с. — ідэалізаваная мадэль рэальнай сістэмы. Спрашчэнні, якія прыводзяць дадзеную сістэму да Л.с., наз.лінеарызацыяй.
Да Л.с. адносяць усе віды суцэльных асяроддзяў (газ, вадкасць, цвёрдае цела, плазму) пры распаўсюджванні ў іх хваль малой амплітуды, вагальныя сістэмы з ваганнямі паблізу стану раўнавагі. напр., маятнікі пры малых амплітудах ваганняў, спружыны пры дэфармацыях у межах Рука закона, эл.вагальныя контуры і ланцугі, параметры якіх не залежаць ад прыкладзенага напружання.
Розныя па прыродзе Л.с. часта падпарадкоўваюцца аднолькавым дыферэнцыяльным ўраўненням, што дае магчымасць вывучаць іх агульныя ўласцівасці, напр., развіваць агульную тэорыю ваганняў і хваль у Л.с. і праводзіць іх мадэліраванне, у т. л. на ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАВАГА́ННІ (ад аўта... + ваганні),
незатухальныя ваганні ў нелінейнай вагальнай сістэме пры адсутнасці пераменнага вонкавага ўздзеяння. Форма і ўласцівасці аўтаваганняў вызначаюцца самой сістэмай і не залежаць ад пачатковых умоў (напр., пач. энергіі), што адрознівае іх ад вымушаных ваганняў.
Сістэма, дзе адбываюцца аўтаваганні, наз. аўтавагальнай (або аўтагенератарам) і ў найб. простых выпадках мае вагальную сістэму, крыніцу сілкавання і прыстасаванне, якое рэгулюе паступленне энергіі ад крыніцы сілкавання, напрыклад анкер у мех. гадзінніку. У аўтавагальных сістэмах з 1 ступенню свабоды магчымы толькі простыя перыядычныя аўтаваганні, у больш складаных — складаныя перыядычныя, выпадковыя, імавернасныя (стахастычныя). Пры малых стратах энергіі форма і перыяд аўтаваганняў блізкія да формы і перыяду свабодных ваганняў. Аўтаваганні пераўтвараюцца ў рэлаксацыйныя ваганні, калі за перыяд страчваецца ўся назапашаная энергія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКАШО́Н (Arcachon),
кліматычны курорт на беразе Біскайскага заліва ў Францыі. На ПдЗ ад г. Бардо. Узнік у 19 ст. Мяккі марскі клімат без рэзкіх ваганняў т-ры, пляж даўж. каля 6 км, дзюны, хвойнікі. Шматлікія санаторыі і гасцініцы. Буйнейшы ў Еўропе цэнтр па здабычы вустрыц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЛІТРО́Н [ад лац. amplifico узмацняю + (элек)трон],
магутная электравакуумная прылада магнетроннага тыпу для ўзмацнення ЗВЧваганняў; плацінатрон, які працуе ў рэжыме ўзмацнення. Выхадная магутнасць да 10 МВт у імпульсе, ккдз да 80%, каэфіцыент узмацнення да 15 дБ. Выкарыстоўваецца ў выхадных каскадах радыёапаратаў (пераважна імпульсных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРКАВЕ́ННЕ,
працэс адкладання тлушчападобнага рэчыва суберыну ў абалонках клетак шматгадовых раслін. Характэрна для клетак покрыўных тканак — экзадэрмы і корку, якія ахоўваюць унутр. тканкі кораня і сцябла ад страты вільгаці і ваганняў т-ры. Корак не дае раслінам высыхаць і ахоўвае жывыя клеткі, спрыяе загойванню ран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕР НА СВАБО́ДНЫХ ЭЛЕКТРО́НАХ (ЛСЭ),
генератар эл.-магн.ваганняў, што выпрамяняюцца электронамі, якія вагаюцца пад уздзеяннем эл. або магн. поля і рухаюцца з рэлятывісцкімі скарасцямі ў напрамку распаўсюджвання хвалі. Прынцып работы ЛСЭ прапанавалі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. В.Л.Гінзбург і амер. фізік Г.Моц; такі лазер у інфрачырвоным дыяпазоне створаны ў 1976—77 у ЗША.
Пучок рэлятывісцкіх электронаў ствараецца з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц і накіроўваецца ў прасторава-перыядычнае статычнае эл. ці магн., поле або магутнае поле нізкачастотнай хвалі; таксама ЛСЭ могуць быць заснаваны на розных варыянтах Чаранкова—Вавілава выпрамянення. З-за Доплера эфекту частата выпрамянення ў шмат разоў перавышае частату ваганняў электронаў. Пры зменах кінетычнай энергіі электронаў адбываюцца адпаведныя змены частаты выпрамянення ў дыяпазонах ад ЗВЧ да ультрафіялетавага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕТРО́Н [ад грэч. magnētis магніт + (элек)трон],
электравакуумная прылада для генерыравання звышвысокачастотных ваганняў, у якой электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях.
Найб. пашыраны шматрэзанансныя М., з дапамогай якіх атрымліваюць вял. магутнасці ЗВЧваганняў. Яны маюць высокі ккдз і даволі простую канструкцыю. Магутнасць М. ў бесперапынным рэжыме складае дзесяткі кілават у дэцыметровым і дзесяткі ват у міліметровым дыяпазонах; у імпульсным рэжыме магутнасць М. дасягае 5 МВт у дзесяцісантыметровым дыяпазоне. Ккдз М. найб. высокі сярод ЗВЧ прылад і дасягае 83% у дэцыметровым дыяпазоне. Шырока выкарыстоўваецца ў радыётэхн. і прамысл. устаноўках (напр., у перадатчыках радыёлакацыйных станцый, генератарах ЗВЧ награвання). Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.
А.А.Кураеў.
Многарэзанатарны магнетрон: 1 — анодны блок з рэзанатарамі 2 тыпу «шчыліна—адтуліна»; 3 — вывады падагравальніка катода 4; 5 — прыстасаванне вываду ЗВЧ-энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫ ДЫЁД,
двухэлектродная паўправадніковая прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на ўласцівасцях p-n-пераходу (найб. пашырана), кантакту метал—паўправаднік (гл.Шоткі дыёд) або аб’ёмных эфектаў у аднародным паўправадніку (гл.Гана дыёд).
Вырабляюцца на аснове германію, крэмнію, арсеніду галію і інш. Паводле канструкцыйных асаблівасцей адрозніваюць кропкавыя П.д. (да паўправадніковага крышталя прыціскаецца спружынная метал. іголка) і плоскасныя П.д. (атрымліваюць метадамі дыфузіі і ўплаўлення дамешкаў, іоннай імплантацыі, эпітаксіяльнага нарошчвання, вакуумнага напылення і інш.). Вызначаюцца малымі габарытнымі памерамі, масай і спажывальнай магутнасцю, вял. тэрмінам службы і інш. Выкарыстоўваецца ў радыётэхніцы ў шырокім дыяпазоне частот для выпрамлення пераменнага току (сілавы, ці выпрамны П.д.), генерыравання і ўзмацнення эл.ваганняў (напр., лавінна-пралётны, тунэльны і параметрычны дыёды), пераўтварэння частаты (змяшальны і памнажальны ЗВЧ-дыёды), дэтэктыравання мадуляваных ваганняў, стабілізацыі напружання (стабілітрон) і інш.