1) старадаўняя гасп. пабудова на Беларусі для захоўвання неабмалочанай збажыны, сена, саломы, с.-г. інвентару. Уваходзіла ў гасп. комплекс сядзібы. Прамавугольны ў плане зрубны, каркасны («замётам у шулы» і з плятня) будынак, накрыты 2-схільнай ці вальмавай страхой на сохах, «дзядках», кроквах. У маёнтках 16—19 ст. будавалі вял. доўгія адрыны, перагароджаныя ўнутры на некалькі адсекаў, кожны з якіх меў самастойны ўваход. Найб. пашырана ў зах. і цэнтр. Беларусі, ва ўсх. раёнах часцей наз. сянніца, пуня.
2) Да 17 ст. спальня ў жылым памяшканні або халодны будынак, у якім жылі летам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ЦЕНСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік рэнесансава-раннебарочнай архітэктуры. Пабудавана ў 1654 у в. Быцень (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) пры базыльянскім кляштары. З 1845 — Успенская царква. Прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты вальмавым дахам з драўляным васьмігранным купальным барабанам у цэнтры (надбудаваны ў 2-й пал. 19 ст.). Плоскасныя фасады лаканічна крапаваны шырокімі лапаткамі, прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. Сіметрычна-восевая пабудова гал. фасада падкрэслена прамавугольным уваходным праёмам і вял. арачным акном над ім. Па перыметры будынак апяразаны ўступам нізкага цокаля і прафіляваным карнізам у завяршэнні. Унутраная зала З парамі слупоў падзелена на 3 нефы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР.
Існаваў у Віцебску ў 17 ст. Пабудаваны з дрэва на тэр. Узгорскага замка ў комплексе з 89 крамамі і складамі, якія ўтваралі прамавугольную ў плане гандлёвую плошчу, забудаваную з чатырох бакоў і злучаную з Верхнім замкам мостам цераз р. Віцьба. Гал. квадратны ў плане будынак быў завершаны высокім вальмавым дахам з бельведэрам і балюстрадай вакол яго. Бельведэр быў накрыты купалам, завершаным галоўкай на васьмерыку, увянчаны шпілем з гарадскім гербам. Каля будынка размяшчалася важніца, дзе захоўваліся гарадскія вагі, 7 камор для тавараў, стайня. Двор адлюстраваны на «Чарцяжы» Віцебска 1664. Будынак апісаны ў інвентары Віцебска сярэдзіны 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАРК (Clark) Джон, архітэктар і будаўнік 1-й пал. 19 ст., прадстаўнік архітэктуры класіцызму. Англічанін. У 1800—26 жыў і працаваў у Гомелі. Сярод работ сядзібны комплекс на беразе р. Сож (1802, не захаваўся), бакавыя флігелі Гомельскага палаца (перабудаваны пры рэканструкцыі 1837—48), царква (1805), Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Гомельскага духоўнага вучылішча будынак, гандл. рады з вежай (1818, згарэлі ў 1865), Гомельскай ланкастэрскай школы будынак, бальніца (1819, перабудавана ў 20 ст.), касцёл (1822, не захаваўся), карчма (1822, 2-і паверх перабудаваны ў 1950-я г.), царква ў в. Гадзілавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. (1822, не захавалася).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л,
помнік архітэктуры позняга класіцызму ў Магілёве. Пабудаваны ў 1902. Фарміруе Прывакзальную пл. з партэрам у цэнтры яе. Пасля Вял.Айч. вайны будынак рэканструяваны. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 невял. прыбудовамі па тарцах. Гал. фасад вылучаны 3 рызалітамі (цэнтр. з гал. уваходам і 2 бакавыя), завершанымі атыкамі; ён прарэзаны вял. арачнымі аконнымі праёмамі (у прыбудовах — прамавугольныя), прасценкі паміж якімі дэкарыраваны руставанымі пілястрамі. Сцены завершаны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. У цэнтры гал. фасада 8-гранны светлавы барабан з невысокай 4-граннай вежай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕВА́НДХАЎЗ (ням. Gewandhaus літар. дом адзення),
назва канцэртнага т-ва, залы і сімф. аркестра ў Лейпцыгу. Гісторыя канцэртаў Гевандхаўза пачалася ў 1743 з зараджэннем традыцыі т.зв. «Вялікіх канцэртаў», якія праводзіў аматарскі аркестр. З 1781 ён выступаў у Гевандхаўзе — б. будынку для продажу сукнаў. Першым канцэртам кіраваў І.А.Гілер. У 1884 на месцы старога пастаўлены новы будынак канцэртнай залы (т.зв. Новы Гевандхаўз; разбураны ў 2-ю сусв. вайну 1939—45). Сучасны будынак Гевандхаўза мае 2 залы — для аркестравай і камернай музыкі. У зале Гевандхаўза ў 1789 даў канцэрт В.А.Моцарт. Аркестр Гевандхаўза суправаджаў спектаклі лейпцыгскай і інш. оперных труп. Дасягнуў росквіту пры Ф.Мендэльсоне (1835—47). З ім выступалі І.Брамс, Р.Вагнер, Э.Грыг, Р.Штраус, П.Чайкоўскі, Клара Шуман. Сусв. прызнанне атрымаў пад кіраўніцтвам А.Нікіша (1895—1922), які павялічыў склад аркестра (больш за 100 чал.) і ўзбагаціў яго рэпертуар. Аркестрам кіравалі таксама В.Фуртвенглер (1922—28), Б.Вальтэр (1929—33), Г.Абендрот (1934—45), Ф.Канвічны (1949—62), К.Мазур (з 1970) і інш. У канцэртах Гевандхаўза ўдзельнічаюць хары Гевандхаўза і Томаскірхе.
Гевандхаўз. Канцэртная зала (стары будынак). Сярэдзіна 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ГАЛЕРЭ́Яў Лондане,
адзін з лепшых у свеце збораў зах.-еўрап. жывапісу. Засн. ў 1824 на аснове калекцыі Дж.Дж.Ангерстайна. Захоўвае калекцыі еўрап. школ жывапісу розных часоў, у т. л. шэдэўры Дж.Беліні, Д.Веласкеса, Г.Гольбейна Малодшага, Т.Гейнсбара, В. ван Гога, Ф.Гоі, Дуча ды Буанінсеньі, Дж.Констэбла, Леанарда да Вінчы, П’ера дэла Франчэскі, П.Сезана, Тыцыяна, Рэмбранта, П.Учэла, У.Хогарта, Я. ван Эйка і інш.Будынак галерэі пабудаваны ў 1830-я г. ў стылі класіцызму (арх. У.Уілкінс).
Літ.:
Кузнецова И.А. Национальная галерея в Лондоне. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ РЭЛІ́ГІІ.
Засн. ў 1978 у Гродне як Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі. З 1989 сучасная назва. Адкрыты для наведвальнікаў 15.1.1985. Размяшчаўся ў будынках б. Гродзенскага базыльянскага жаночага манастыра (у 1978—85 зроблена рэстаўрацыя і арх. комплекс прыстасаваны пад музей). Меў 15 экспазіц. і 3 выставачныя залы (агульная пл. 2200 м²). Экспазіцыя асвятляла гісторыю развіцця духоўнай культуры на Беларусі ад узнікнення рэліг. вераванняў да нашых дзён. У сувязі з паступовай перадачай з 1992 будынкаў музея дзеючаму манастыру Раства Багародзіцы экспазіцыя ў 1994 закрыта. Музею перададзены будынак 18—19 ст. па вул. Замкавай — б. палац Храптовіча, Тызенгаўза, Ляхніцкага. У снеж. 1994 у адрэстаўрыраванай частцы палаца адкрыты экспазіцыя «Эпоха, час, будынак», выставачная і канцэртная залы (пл. 300 м²). У фондах музея захоўваюцца творы выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (12—20 ст.), кнігі (16—20 ст.), археал. знаходкі і этнагр. экспанаты (на 1.1.1995 агульны фонд 57 тыс. прадметаў). Пры музеі створана навук.б-ка (больш за 13 тыс. тамоў). З 1983 працуе рэстаўрацыйная майстэрня.
Л.А.Карнілава.
БудынакБеларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі.Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Выстаўка «Барока на Беларусі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКЗА́Л (ад англ. Vauxhall — назва забаўляльнай установы каля Лондана ў 17 ст.),
будынак ці комплекс будынкаў, збудаванняў і прыстасаванняў для абслугоўвання пасажыраў, кіравання рухам транспарту і размяшчэння службовага персаналу. Адрозніваюць чыгуначныя, рачныя, марскія, аўта- і аэравакзалы, а таксама аб’яднаныя, ці комплексныя (напр., чыгуначна-аўтобусны). Першыя вакзалы з’явіліся з пачаткам пасажырскіх перавозак па чыгунцы (напр., вакзалы на лініі Стоктан—Дарлінгтан у Англіі, 1822—25).
На Беларусі чыгуначныя вакзалы будавалі адначасова з пракладкай чыгунак. Будынак вакзала (Віленскага) у Мінску адкрыты ў 1874 (перабудаваны ў 1939, пасля Айч. вайны адноўлены ў 1949, з 1980-х г. узводзяцца новыя будынкі), у 1866 пабудаваны Віцебскі чыгуначны вакзал, да 1867 — чыг. вакзал у Гродне (у 1948 рэканструяваны, у 1986 пабудаваны новы), у 1886 — Брэсцкі чыгуначны вакзал (у 1956 рэканструяваны), у 1-й пал. 20 ст. пабудаваны Магілёўскі чыгуначны вакзал, Слонімскага вакзала будынак. Адноўлены разбураныя ў Айч. вайну і рэканструяваны вакзал ў Баранавічах (1947), Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953). Пабудаваны аэравакзалы: у Мінску (гл.Мінскія аэрапорты), Брэсцкі аэравакзал, у Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Гомелі (1976), Магілёве (1971). У ліку буйных аўтавакзалаў Беларусі Мінскі аўтавакзал «Усходні». На суднаходных рэках будуюцца рачныя вакзалы (Мазырскі рачны вакзал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 16—18 ст. Пабудаваны ў в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Будынак касцёла ўзведзены ў пач. 16 ст., перабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. пад кальвінскі збор. У 1618 на сродкі П.Сапегі касцёл перабудаваны ў стылі барока, узведзены жылы корпус кляштара. У пач. 1770-х г.будынак касцёла часткова разабраны, яго фундамент і сцены выкарыстаны для пабудовы новага, які захаваўся да нашага часу. Будынак прамавугольны ў плане, яго гал. фасад і апсіда маюць рысы барока: фігурны франтон, распрацоўка пілястрамі, валюты. Эмацыянальны акцэнт інтэр’ера касцёла — жывапіс на сцяне 3-яруснага гал. алтара (выкананы ў 1790-я г.). У адной з капліц (3-ярусная кампазіцыя ў стылі рэнесансу) знаходзілася надмагілле Сапегі і яго жонак (цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі). Да касцёла з паўд.-зах. боку прымыкае П-падобны ў плане 2-павярховы жылы корпус (часткова разбураны ў 1832). У 1810-я г. перад касцёлам пастаўлена мураваная брама-званіца ў стылі класіцызму.
В.Р.Кукуня.
Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў.Да арт.Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў. Надмагілле Сапегаў. Фрагмент. 1-я пал. 17 ст.