ВАНА́ДЫЕВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання ванадыю. Гал. мінералы ванадыевых руд: ванадыніт, дэклуазіт, купрадэклуазіт, карнатыт і інш. Радовішчы магматычныя, кантактава-метасаматычныя, гідратэрмальныя, большасць — комплексныя, з іх атрымліваюць таксама жалеза, тытан, уран, свінец, цынк, медзь, алюміній, фосфар. Колькасць V2O5 у рудзе ад 0,1 да 29%. Буйнейшыя радовішчы ў ПАР, ЗША, Фінляндыі, Намібіі, Чылі.
т. 3, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ДАМСТВА,
1) цэнтральная ўстанова або група ўстаноў, якія ўзначальваюць якую-небудзь галіну дзярж. кіравання. Кіраўнікі ведамства ў склад урада не ўваходзяць. У межах сваёй кампетэнцыі ведамствы выдаюць нарматыўныя акты, карыстаюцца правам інспектавання і ведамаснага кантролю. Большасць ведамстваў маюць апрача цэнтральных устаноў мясцовыя органы.
2) Упраўленне ў распараджэнні якога-н. афіц. органа ці асобы.
т. 4, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛОС III А́РМИИ»,
вайсковая газета. Выдавалася ў крас. — снеж. 1917 у Полацку на рус. мове. Змяшчала афіц. ўрадавыя дакументы, загады ваен. камандавання, асвятляла работу армейскага к-та 3-й арміі. Побач з матэрыяламі аб прызнанні Сав. улады друкавала антыбальшавіцкія заклікі. Спыніла выхад паводле пастановы 3-га армейскага з’езда, на якім большасць дэлегатаў падтрымала бальшавікоў.
т. 5, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСМАРФАФАБІ́Я (ад дыс... + марфа... + фобія),
назойлівы неўратычны страх, звязаны з рэальнай або ўяўнай фіз. заганай. У адрозненне ад дысмарфаманіі працякае звычайна без цяжкіх псіх. расстройстваў. Праяўляецца пераважна ў падлеткаў як часовая ўзроставая з’ява; большасць выпадкаў Д. прыпадае на перыяд палавога выспявання (хоць можа развівацца і ў дарослых людзей, зрэдку і ў дзяцей).
т. 6, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗОКСІЦУКРЫ́,
монацукрыды, у малекулах якіх адна або некалькі гідраксільных груп замешчаны атамамі вадароду. Вядома каля 100 Д. Паводле хім. будовы падзяляюцца на дэзоксіальдозы (вельмі пашыраны, напр., дэзоксірыбоза) і дэзоксікетозы (вядома некалькі, надзвычай пашыраны іх вытворныя, напр., нейрамінавая кіслата і сіялавыя кіслоты). Большасць вытворных Д. маюць Д-форму, многія Д- і L-формы атрыманы сінтэтычна.
т. 6, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СТ-ЗАГАРО́ДСКІ,
група стаянак каменнага веку каля в. Пагост-Загародскі Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Датуецца 8—4-м тыс. да н.э. Ёсць стаянкі эпохі мезаліту, большасць належыць да нёманскай культуры. Знойдзены мікралітычныя вырабы, прылады працы з крэменю, у т. л. шліфаваныя сякеры, дробныя кавалкі і фрагменты ляпных гаршкоў. Выяўлены рэшткі жытлаў.
т. 11, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДУЦЭ́НТЫ [ад лац. reducens (reducentis) які вяртае, аднаўляе],
арганізмы, якія ў працэсе жыццядзейнасці ператвараюць арган. рэшткі ў неарган. (мінер.) рэчывы. Большасць — мікраарганізмы, што знаходзяцца ў глебе і вадзе, а таксама грыбы і некат. жывёлы (напр., дажджавыя чэрві). Прадукты жыццядзейнасці Р. выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі. Прымаюць удзел у кругавароце рэчываў у прыродзе, аднаўляюць урадлівасць глебы.
Р.Г.Заяц.
т. 13, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ШАВІНІ́ЗМ,
нацыяналістычная плынь, носьбіты якой выступаюць у падтрымку шавіністычнай (гл. Шавінізм) палітыкі правячых колаў сваіх краін. Актыўна С.-ш. праявіўся ў час 1-й сусв. вайны, калі большасць лідэраў сацыяліст. і с.-д. партый Інтэрнацыянала 2-га адмовілася ад прынцыпаў салідарнасці і падтрымала палітыку ўрадаў сваіх краін, якія ўдзельнічалі ў імперыяліст. вайне.
т. 14, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСВЕСТЫ́ЗМ (ад транс... + лац. vestio апранаць), эанізм,
імкненне да пераапранання ў адзенне процілеглага полу; адна з форм палавой ненармальнасці. У адрозненне ад транссексуалізму прыхільнікі Т. не жадаюць зменьваць свой пол. Праяўляецца пастаянна або перыядычна. Большасць прыхільнікаў Т. — гетэрасексуалы (гл. Гетэрасексуальнасць), таксама гомасексуалы (гл. Гомасексуалізм), бісексуалы (гл. Бісексуальнасць). Т. патрабуе псіхатэрапеўт. карэкцыі.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛАРА́ТЫ,
солі хларнаватай к-ты HClO3.
Крышталічныя, большасць раствараецца ў вадзе і некат. арган. растваральніках. Раскладаюцца пры награванні або ў прысутнасці каталізатараў з выдзяленнем кіслароду. Акісляльнікі; з рэчывамі, якія лёгка акісляюцца, утвараюць выбуховыя сумесі. Найб. вядомы: берталетава соль (гл. Калію злучэнні), Х. натрыю NaClO3 і магнію Mg(ClO3)2. Выкарыстоўваюцца як акісляльнікі, гербіцыды. Таксічныя.
т. 17, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)