КУПА́ВАЦКІ БОЙ 1942,
бой паміж партызанамі брыгады К.Заслонава і фаш. карнай экспедыцыяй у в. Купаваць Сенненскага р-на Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Раніцай 14 ліст. буйныя сілы ням. карнікаў пачалі наступаць у раён в. Смаляны Аршанскага р-на і в. Купаваць, дзе размяшчаўся штаб партыз. брыгады і частка партыз. падраздзяленняў Яны скрытна падышлі да вёскі і раптоўна атакавалі. У час жорсткіх баёў загінулі камандзір брыгады Заслонаў і яшчэ 4 партызаны; партызаны з боем адступілі ў лес. Карнікі падпалілі вёску. Партызан, што загінулі ў баі, пахавалі каля вёскі. У 1947 астанкі Заслонава і яго ад’ютанта Я.Коржаня перапахавалі на чыг. ст. Орша.
т. 9, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЫНСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада Д.Ф.Райцава і А.П.Дзіка супраць ням.-фаш. захопнікаў у раёне вёсак Курына, Платы і р.п. Ноўка Суражскага р-на Віцебскай вобл. 28 сак. ў Вял. Айч. вайну. Пасля разгрому 27 сак. партызанамі М.Ф.Сільніцкім і М.І.Купчанкам групы гітлераўцаў, якія рабавалі насельніцтва ў в. Вусава, атрад карнікаў (каля 350 чал.) на наступны дзень з гарматамі і мінамётамі накіраваўся супраць партызан. У час бою партызаны прычынілі ворагу значныя страты, але да фашыстаў падаспела падмацаванне (200 чал.), і партызаны былі вымушаны адысці. У в. Курына на магілах загінуўшых партызан І.С.Лапікава і Сільніцкага помнікі.
т. 9, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГА́НІНСКІ БОЙ 1943,
бой партызан Шклоўскай ваенна-аператыўнай групы па разгроме ням. гарнізона ў в. Прыгані Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. 3.10.1943 у Вял. Айч. вайну. Гарнізон (каля 90 чал.), узброены мінамётам, кулямётамі, аўтаматамі, вінтоўкамі, меў 4 дзоты, падыходы да якіх былі перакрыты загародамі з калючага дроту. Група партызан (80 чал.) на чале з Р.М.Севасцьянавым, пераапранутых у ням. форму, з абозам увайшла ў вёску і захапіла 3 дзоты, 4-ы быў узяты пасля жорсткай схваткі. У выніку гарнізон быў поўнасцю разгромлены, захоплена ўсё ўзбраенне, склады з боепрыпасамі і харчаваннем, статак кароў, нарабаваных акупантамі ў навакольных вёсках. Партызаны страцілі 4 чал.
У.С.Пасэ.
т. 13, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял. Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.Ф.Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.
т. 9, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́ГАЛЬСКІ БОЙ 1943,
бой паміж 2-м батальёнам Смаленскага партыз. палка і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Латыгаль Сенненскага р-на Віцебскай вобл. 25 крас. ў Вял. Айч. вайну. Партыз. полк пасля жорсткіх баёў з намнога большымі сіламі карнікаў перамяшчаўся на новую базу; на шляху перадыслакацыі, у в. Латыгаль, знаходзіўся варожы гарнізон, знішчыць які было даручана 2-му батальёну. Партызаны ноччу асн. сіламі атакавалі гарнізон, гранатамі падавілі яго дзоты, і пасля 3-гадзіннага бою разграмілі ворага. Падмацаванне ворагу з г. Сянно было спынена партыз. засадай. У выніку бою ў сістэме ням.-фаш. гарнізонаў утварыўся разрыў, што дало магчымасць партыз. дыверсійным групам больш кароткім шляхам выходзіць да чыг. Орша—Віцебск.
т. 9, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКІ БОЙ 1942,
бой партыз. атрадаў імя Дзімітрава (камандзір І.П.Мірашнічэнка), імя Шчорса (П.В.Пранягін) і імя Варашылава (І.С.Зайкоў) супраць ням.-фаш. гарнізона (60 салдат і 50 паліцэйскіх) у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Разведаўшы сілы праціўніка, сістэму аховы і размяшчэнне яго агнявых пунктаў, у ноч на З жн. партызаны з дапамогай падпольшчыкаў нанеслі раптоўны ўдар і пасля 2-гадзіннага бою разграмілі гарнізон (разбурылі вузел сувязі, спалілі камендатуру і інш. адм. будынкі, смалакурны з-д, масты), захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, харч. прадуктаў. Пасля бою на працягу месяца Косава было пад кантролем партызан. У гонар дзейнасці партызан і антыфаш. арганізацыі ў Косаве помнік.
т. 8, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАФ’Я́НАЎСКІ БОЙ 1943,
бой партызан брыгады «Жалязняк» па разгроме ням.-фаш. гарнізона на чыг. ст. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. на лініі Маладзечна — Полацк 18 лют. ў Вял. Айч. вайну. На станцыі да пач. лютага акупанты сабралі вял. колькасць сена, збожжа, лесаматэрыялаў. Памяшканні гарнізона (каля 130 гітлераўцаў маршавых падраздзяленняў вермахта) былі агароджаны дротам, подступы ахоўвалі 3 агнявыя кропкі. У ноч на 18 лют. партыз. атрады, каб адцягнуць увагу ворага, абстралялі казармы і ўмацаванні суседняга гарнізона ў г. Докшыцы, потым нанеслі ўдары па станцыі. У выніку бою партызаны разбурылі будынак вакзала, станцыйную гаспадарку, спалілі 3 склады са збожжам і сенам, лесапільны з-д, пашкодзілі вадакачку і 5 км тэлефонна-тэлегр. сувязі.
У.С.Пасэ.
т. 12, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ БОЙ 1651,
бой паміж казацка-сялянскім войскам і войскам ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У чэрв. 1651 4 тыс. ўкр. казакоў на чале з палк. І.Шохавым зрабілі рэйд праз тэр. Расіі ва ўсх. паветы ВКЛ. 6 чэрв. яны захапілі Рослаўль, частка казакоў і сялян, якія далучыліся да іх, пасланы Шохавым да Крычава. На дапамогу гарнізону горада Я.Радзівіл накіраваў атрад Вейса ў 300 коннікаў і 600 пехацінцаў, які злучыўся з атрадам мсціслаўскай, аршанскай і віцебскай шляхты на чале з мсціслаўскім падсудкам Валовічам. 28.6.1651 недалёка ад Крычава ўрадавыя войскі былі разбіты казацка-сялянскім войскам. У баі загінулі Валовіч, мсціслаўскі пісар Сухадольскі і інш. знатныя шляхціцы. Вейс узяты ў палон і забіты. Крычаў узяты штурмам.
т. 8, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦАВАСЛАБО́ДСКІ БОЙ 1944,
бой партызанскіх 277-га палка і 278-га атрада па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у вёсках Пацава Слабада і Малінаўка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. ў ноч на 23.3.1944 у Вял. Айч. вайну. Партыз. разведка ўстанавіла, што ў гарнізон Пацава Слабада прыбыў на адпачынак ням. зенітны батальён 4-й танк. арміі, таму па ініцыятыве камандзіра Клічаўскай ВАГ І.З.Ізоха і нач. штаба М.А.Баранава быў падрыхтаваны план бою. Арганізаваўшы засаду на выпадак падыходу варожых падмацаванняў, партызаны амаль адначасова атакавалі фаш. гарнізоны ў абедзвюх вёсках, у ходзе бою спалілі 35 аўтамашын, мотарамонтную майстэрню, шмат тэхнікі і жывой сілы праціўніка, захапілі 40 вінтовак, 3 кулямёты, вял. колькасць боепрыпасаў, харчавання, медыкаменты. Партызаны страцілі 4 чал.
М.Ф.Шумейка.
т. 12, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПАТКЕ́ВІЦКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада «Чырвоны кастрычнік» А.І.Далідовіча супраць ням.-фаш. захопнікаў у г.п. Капаткевічы 17.1.1942 у Вял. Айч. вайну. Кіраваў боем камісар атрада С.В.Маханько. Раніцай у гэты дзень партызаны акружылі Капаткевічы, дзе размяшчаўся варожы гарнізон (каля 100 гітлераўцаў), бясшумна знялі вартавых і адрэзалі шлях да адступлення. Невял. групамі па 3—5 чал. партызаны знянацку напалі і закідалі гранатамі хаты, у якіх размяшчаліся гітлераўцы. Праціўнік спрабаваў прабіцца на паўд. ўскраіну пасёлка да чыгункі Жыткавічы—Калінкавічы, але трапіў пад агонь партызан. За 4 гадз бою загінула больш за 60 гітлераўцаў, партызаны захапілі 18 вінтовак, станковы кулямёт, 1 тыс. т збожжа, якое прызначалася да адпраўкі ў Германію. Большую частку яго партызаны раздалі насельніцтву. Капаткевічы былі першым раённым цэнтрам, які вызвалілі бел. партызаны ў 1942.
т. 8, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)