род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 90 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі — Л. балотная (C. palustris, нар. назвы лота, латацень, жоўты кураслеп, мядзведжая лапка). Трапляецца на забалочаных лугах, у алешніках, вадзе.
Шматгадовыя травы з тоўстым, уверсе галінастым сцяблом. Лісце цэласнае, сэрца або ныркападобнае. Кветкі жоўтыя ці белыя з простым калякветнікам. Плод — шматлістоўка. Некат. віды ядавітыя. Лек., фітанцыдныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’Е́ЛЬНІК (Monotropa),
род кветкавых раслін сям. вертляніцавых. 1 від — П. звычайны (M. hipopitys). Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі — па ўсёй тэрыторыі. Трапляецца ў хваёвых, радзей у яловых лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з гнёздападобным, моцна разгалінаваным карэнішчам з мікарызай. Сцёблы выш. да 30 см, сакаўныя, белаватыя або жоўта-карычневыя. Лісце лускападобнае, чаргаванае. Кветкі ў паніклай гронцы, правільныя, белыя ці жаўтаватыя. Плод — каробачка. Меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЕС,
першы летапісны цар 1-й дынастыі ў Стараж. Егіпце. Яму прыпісваецца аб’яднанне Верхняга і Ніжняга Егіпта (паводле сведчання Герадота і Манефона), вынаходства іерагліфічнай пісьменнасці (паводле сведчання Плінія Старэйшага), ён стварыў асновы новай самабытнай егіп. культуры. На мяжы Верхняга і Ніжняга Егіпта заснаваў горад Белыя Сцены (пазней — Мемфіс) — рэліг. і паліт. цэнтр Стараж. Егіпта.
Літ.:
Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр.М., 1992. С. 41—49.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЯЛУ́ШКА (Bombycilla garrulus),
птушка атрада вераб’інападобных. Пашырана ў хвойных лясах Паўн. Еўразіі і Амерыкі. На Беларусі трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (ліст.) пралётах, асобныя зрэдку зімуюць. Трымаецца чародкамі да 200 асобін.
Даўж. да 21 см, маса да 73 г. Апярэнне густое, мяккае, ружова-шэрае. На крылах і хвасце невял. жоўтыя, белыя і чырвоныя плямкі. Высокі чуб на галаве. Гняздуецца на дрэвах. Нясе 5 яец. Корміцца ягадамі рабіны, шыпшыны, крушыны, ядлоўцу і пупышкамі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́НЕВЫ ГРЫБ, плютэй аленевы (Pluteus cervinus),
шапкавы базідыяльны грыб з роду плютэй сям. мухаморавых. Пашыраны па ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды, у тундры — ласунак аленяў (адсюль назва). На Беларусі трапляецца ўсюды; расце на пнях і ламаччы розных дрэвавых парод.
Шапка дыям. 3—10 см, у маладых грыбоў званочкавая, потым распасцёртая. Мякаць белая, мяккая, з непрыемным пахам рэдзькі. Пласцінкі шырокія, частыя, белыя, потым ружаватыя ад спораў. Ядомы ў свежым, марынаваным, салёным выглядзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.
Створана ў 1987 у Гродне на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Белдзяржфілармоніі. У яе складзе (1997): ансамбль песні, музыкі і танца «Белыя росы» (маст. кіраўнік Я.Штоп), ансамбль сучаснай харэаграфіі «ТАД», танц. дуэт Ю. і Л.Зябкіных; сярод салістаў І.Брускін (фп.), У.Захараў (гітара), засл. арт. Расіі Ю.Трашкееў (чытальнік). У 1987—89 у філармоніі працавалі канцэртна-лекцыйная брыгада, рок-гурт «Рада». Удзельнічае ў арганізацыі і правядзенні муз. фестываляў і конкурсаў, свят горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЙПФРУ́Т (Citrus paradisi),
шматгадовая вечназялёная пладовая расліна роду цытрус, сям. рутавых. Дзікарослы невядомы. Культывуюць у ЗША, Паўн. Афрыцы, у Закаўказзі. На Беларусі вырошчваюць у пакоях, аранжарэях.
Выш. 2—4 м. Лісце буйное, авальнае, бліскучае, скурыстае. Кветкі вял., белыя, двухполыя, адзіночныя або ў гронках у пазухах лісця. Плады масай 100—600 г, круглыя, з тоўстай аранжава-жоўтай скуркай, пахучыя, сакаўныя, гаркавата-салодкія, маюць танізоўныя ўласцівасці, паляпшаюць страваванне; спажываюць свежымі і перапрацаванымі (сокі, варэнне, кансервы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЗДЗІКО́ВАЕ ДРЭ́ВА (Syzygium aromaticum),
вечназялёнае дрэва сям. міртавых. Пашырана на Малукскіх а-вах, культывуецца ў многіх трапічных краінах. На Беларусі вырошчваюць ў аранжарэі Цэнтр.бат. сада АН.
Дрэва сярэдняй выш., са скурыстым супраціўным лісцем. Кветкі дробныя, белыя або ружовыя, сабраныя ў кустападобныя суквецці. Плод ягадападобны, аднанасенны. Усе часткі расліны маюць у сабе гваздзіковы алей, які выкарыстоўваюць у парфумерыі, медыцыне, мікраскапічнай тэхніцы, таксама з’яўляецца крыніцай для атрымання ваніліну. Высушаныя бутоны гваздзіковага дрэва (гваздзіка) выкарыстоўваюць як прыправу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬДЭ́ЗІЯ (Caldęsia),
род кветкавых раслін сям. шальнікавых. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі — К. відомцалістая (C. parnassifolia). Рэдкі водна-балотны від (Лоеўскі р-н).
Шматгадовая травяністая расліна выш. 10—100 см з кароткім тонкім карэнішчам, на якім утвараюцца зімавальныя пупышкі (імі расліна расплоджваецца). Лісце акруглае, у разетцы, у наземных форм невялікае, на кароткіх чаранках; у водных — буйное, доўгачаранковае, плавае, падводнае стужкападобнае. Кветкі двухполыя, няправільныя, дробныя, белыя. Плод — шматарэшак. Выміраючыя расліны.