НЕСЦЯРУ́К (Юрый Міхайлавіч) (н. 12.10.1957, г. Стоўбцы Мінскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1981). У 1981—95 працаваў на Магілёўскім камбінаце «Мастацтва», адначасова ў 1988—93 выкладаў у Магілёўскім вучылішчы культуры. З 1995 старшыня Магілёўскай абл. арганізацыі Бел. саюза мастакоў. Працуе ў жывапісе і манум. мастацтве. Аўтар жывапісных твораў «Партрэт Паўліны Мядзёлкі» (1982), «Крыж у Давыд-Гарадку» (1988), «Сон Палешука» (1990), «Мост на Гарыні» (1995), «Фотаздымак з вёскі Вепрын» (1996), «Беларускія могілкі» (1997), вітражоў «Музыка» (1984), «Беларускія асветнікі» ў Ін-це ўдасканалення настаўнікаў у Магілёве (1986), серыі вітражоў «Майстры» (1988), аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі ў Палацы шлюбу (1987), мазаічнага пано на фасадзе шпіталя №1 (1994; абодва ў Магілёве). Творам характэрны стрыманая каляровая гама, пошукі пластычнай выразнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПЕ́СЕННАЯ КАМІ́СІЯ.
Існавала ў 1923—24 пры Дзярж. ін-це муз. навукі ў Маскве. Створана з мэтай гарманізацыі бел.нар. песень, перададзеных Наркаматам асветы БССР (запісы А.Грыневіча, У.Тэраўскага, М.Янчука і інш.). У камісію ўваходзілі кампазітары М.Іпалітаў-Іванаў (старшыня), М.Аладаў, А.Аленін, А.Грачанінаў, А.Нікольскі, Я.Прохараў. Апрацавана больш як 250 мелодый для хору і салістаў, частка іх апублікавана ў зб. «Беларускія народныя песні. Сольныя і харавыя з акампанементам фп.» (вып. 1, 1928) і ў серыі «Беларускія народныя песні» (1929—30). Найб. каштоўныя апрацоўкі Грачанінава (для хору «Ішла каляда», «Перад Пятром», «Чаму селязень», «Перапёлка», «Ішоў раёк», для голасу з фп. «Зазвінела пчолачка», «Калыханка»), Аладава (харавыя «Ой, загуду», «Мужык жыту прадае», «На гары жораў круціўся»), Прохарава (харавыя «Ой, рана на Йвана», «Ах ты, зорка мая»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТКА» ў Петраградзе,
беларускі культ.-асв. клуб у 1918 — пач. 1919. Створана Петраградскім аддзяленнем Бел.нац. камісарыята і Петраградскай бел. секцыяй РКП(б) [гл. ў арт.Беларускія секцыі РКП(б)]. Асн. ўвага аддавалася падрыхтоўцы кадраў для працы на Беларусі. У снеж. 1918 клуб аб’ядноўваў 207 чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ШПАЛЕ́РНАЯ ФА́БРЫКА.
Засн. ў 1910 у Мінску. У Вял.Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1946. У 1965 рэканструявана і расшырана. З 1968 у складзе вытв. аб’яднання «Белпаперапрам», з 1989 яго галаўное прадпрыемства. З 1994 адкрытае акц.т-ва «Беларускія шпалеры». Асн. прадукцыя (1999): шпалеры (ціснёныя, столевыя, воданепранікальныя, дэкаратыўныя, глыбокага спосабу друку, дуплексныя, пенашпалеры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БДА),
палітычная партыя беларусаў у Польшчы. Створана ў 1990 на базе Бел. клуба (дзейнічаў з 1989). Устаноўчы кангрэс БДА (10.2.1990, Беласток, каля 100 дэлегатаў) прыняў праграму і статут, адозвы да бел. эміграцыі і Бел.нар. фронту «Адраджэньнне». Асн. мэта — выказванне патрабаванняў бел. насельніцтва Польшчы і абарона яго інтарэсаў. Кіруючы орган — гал. рада. Выдае бюлетэнь «Беларускія навіны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАШКЕ́ВІЧ ((Kuraszkiewicz) Уладзіслаў) (н. 22.2.1905, г. Уладава, Польшча),
польскі мовазнавец. Акад. Польскай АН у Кракаве (1948), Польскай АН (1967). Скончыў Львоўскі ун-т (1929). З 1936 праф. Люблінскага, з 1950 — Пазнанскага ун-таў. Навук. працы ў галіне славістыкі, польск. і ўсх.-слав. дыялекталогіі і гісторыі мовы. Даследаваў асаблівасці пераходных укр.-бел. і ўкр.-рус. гаворак: «З даследаванняў паўночна-ўкраінскіх гаворак» (1931), «Да пытання канчатка 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку цяперашняга часу -ті ў беларускіх і паўночна-рускіх гаворках» (1935), «Найважнейшыя моўныя з’явы ў гаворках паміж Бугам і Нарвай» (1939), «Усходнеславянскія мовы» (1954), «Нарыс усходнеславянскай дыялекталогіі» (2-е выд. 1963), «Беларускія і ўкраінскія тэндэнцыі ў гаворках наваколля Белавежскай пушчы» (1964), «Украінскія і беларускія дыфтонгі і іх рэдукцыя ў гаворках ад Сана да Нарвы» (1978), «Ненаціскныя галосныя о—е ў адносінах да дыфтонгаў і іх рэдукцыі ў беларускіх і ўкраінскіх дыялектах ад Нарвы да Сана» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЦКІ (Станіслаў Паўлавіч) (7.11.1814, в. Ленкія, Беластоцкая вобл. — 6.9.1890),
бел. мовазнавец і фалькларыст. Д-рфілал.н. (1878). Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). Працаваў на кафедры параўнальнага мовазнаўства Варшаўскага ун-та (1873—88). З 1853 па даручэнні Пецярбургскай АН збіраў на Беларусі і ў Літве бел. гаворкі. З сабраных матэрыялаў у 1855 склаў слоўнік на 2010 слоў, якія растлумачыў і праілюстраваў прыкладамі з бел.нар. песень, прыказкамі і прымаўкамі. Частка зборніка (310 слоў) надрукавана ў «Известиях имп. Академии наук по Отделению русского языка и словесности» (т. 3, 1854), тут жа былі змешчаны яго філал. назіранні — параўнанне каранёў і слоў санскрыту і слав. моў. Збіраў таксама бел. фальклор, апублікаваў «Беларускія песні і загадкі, запісаныя ў Віцебскай губерні, у маёнтку Зябкі Дрысенскага павета» (1853), у які ўвайшлі жніўныя, хрэсьбінныя, вясельныя і салдацкія песні, прыпеўкі. Аўтар прац «Абласныя словы беларускіх старцаў» (1853), «Беларускія словы» (1854).
Літ.:
Гуліцкі М. Беларускі слоўнік Станіслава Мікуцкага // Полымя. 1971. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯДО́ВІЧ (Аляксандра Ануфрыеўна) (23.4.1918, Мінск — 23.4.1988),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Вучылася ў Віцебскім маст. вучылішчы (1938—41), скончыла Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна (1950). У 1964—66 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працавала ў розных тэхніках станковай графікі. Творы вызначаюцца арган. спалучэннем манум. эпічнасці вобразаў з паэтычнасцю, тонкім лірызмам, сувяззю з фальклорам, яркім нац. каларытам: серыі «Закарпацце», «Па родным краі» (абедзве 1961), «Па Італіі», «Па Балгарыі», «На Палессі», «Працоўныя Палесся» (усе 1965), «Па матывах беларускіх народных песень», «Вайна народная» (абедзве 1967), «Беларускія народныя святы» (1969), «Жанчыны Палесся» (1971—72), «Народныя майстры» (1973), «Беларускія песні» (1974) і інш. Аўтар шэрагу партрэтаў (П.Панчанкі, 1963; А.Пашкевіч, 1976), нацюрмортаў («Званочкі», 1977; «Нацюрморт з маленькім саламяным конікам», 1980), афармлення кніг («Рыбакова хата» Я.Коласа, 1962; «Кацярына» Т.Шаўчэнкі, 1964) і інш.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Алеся Паслядовіч. Мн., 1975;
Воронова О. Александра Последович: Графика. М., 1984.
А.Паслядовіч. Гаспадыня. З серыі «Жанчыны Палесся». 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ КРАЙ,
афіцыйная назва ў 19 — пач. 20 ст.тэр. Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай (з 1842), Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. Да 1840 гэтыя губерні падзяляліся на 2 групы — зах., ці беларускія (Віцебская, Магілёўская, Мінская), і паўн.-зах., ці літоўскія (Віленская, Гродзенская, Ковенская). 18.7.1840 Мікалай I выдаў указ, каб літоўскія і беларускіягуб. «называлі ў далейшым кожную асобна». Аднак у справаводстве гэтыя 6 губерняў часта наз. П.-З.к. (у адрозненне ад Паўд.-Зах. краю — Кіеўскага ген.-губернатарства). У публіцыстыцы тэрмін «П.-З.к.» пачаў шырока ўжывацца пасля паўстання 1863—64. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 П.-З.к. называўся Паўн.-Зах. вобласцю. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 назва «П.-З.к.» перастала ўжывацца. На яго тэр. ўтвораны БССР, Літ. Рэспубліка, зах. частка краю (Заходняя Беларусь) адышла да Польшчы.
Літ.:
Рубинштейн С.Ф. Хронологический указатель указов и правительственных распоряжений по губерниям Западной России, Белоруссии и Малороссии за 240 лет с 1652 по 1892 г. Вильна, 1894;
Weeks T. Nation and State in late imperial Russia. Illinoys, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЮД»
(«Lud», «Народ»),
польскі этнагр. часопіс; орган Польскага нарадазнаўчага т-ва. Засн. ў 1895 мовазнаўцам і этнографам А.Калінай. Выдаецца як штогоднік (у 1907—38 штоквартальнік), спачатку ў Львове, пазней у Вроцлаве і Познані. Асвятляе актуальныя пытанні тэорыі і метадалогіі культуры, гісторыі этнаграфіі, стану і праблематыкі этнагр. даследаванняў і інш. Этнаграфіі Беларусі прысвечаны публікацыі: пад ініцыяламі B. J. K. «Ужыванне цымбалаў у музыцы і беларускіх песенек на польскіх дварах у 1710 г.» (1905, т. 11), В.Брухнальскага «З «Помніка» М.Маркса, віцябчаніна» (1922, т. 21), С.Малевіча «Батлейка на Белай Русі» (1924, т. 22), Ю.Галомбака «Беларускія дзяды» (1925, т. 24), Ч.Пяткевіча «Гігіена ў жыцці палешукоў» (1931, т. 30), В.Бандарчыка «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў XIX ст.» (1967, т. 51, ч. 1), «Этнаграфія Беларусі пасляваеннага перыяду» (1973, т. 57), Ф.Сяліцкага «Беларускія народныя бяседна-радзінныя песні з вёскі Мікуліна гм. Даўгінава былога Вілейскага павета» (1979, т. 63), «Беларускія жніўныя і палявыя песні з ваколіц вёскі Мікуліна былой гміны Даўгінава Вілейскага павета» (1982, т. 66), «Легенды, прытчы і апавяданні аб з’явах на Вілейшчыне ў міжваенны перыяд» (1983, т. 67), «Вясеннія і летнія гадавыя звычаі ў былым Вілейскім павеце» (1985, т. 69). Апублікаваў рэцэнзіі на працы А.Багдановіча, М.Доўнар-Запольскага, М.Федароўскага, Ч.Пяткевіча, К.Машынскага, Я.Карскага, М.Чурак, М.Раманюка, А.Лакоткі, на тамы серыі «Беларуская народная творчасць», кнігі «Беларускае народнае мастацтва» (1956, т. 42, ч. 2), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1987, т. 71) і інш., энцыклапедыю «Этнаграфія Беларусі» (1992, т. 75). Выйшла 80 тамоў (1996).