БАХАНЬКО́Ў (Арцём Яфімавіч) (н. 29.1.1924, в. Саламір’е Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1986), праф. (1995). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1955). У 1960—92 працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1992 заг. кафедры бел. мовы пры прэзідыуме АН Беларусі. Навук. працы ў галіне лексікі, дыялекталогіі, гісторыі бел. мовы. Аўтар манаграфіі «Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд: Сацыялінгвістычны нарыс» (1982). Сааўтар даследаванняў «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (1994); «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Беларуска-рускі слоўнік» (т. 1—2, 1988—89), тлумачальных слоўнікаў бел. і рус. моў для сярэдняй школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІЧЭ́НКА (Уладзімір Васілевіч) (н. 20.7.1924, в. Янаўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1952). У 1955—70 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1970 у Гомельскім ун-це (у 1970—91 заг. кафедры). Даследуе пытанні бел. і слав. мовазнаўства. Аўтар манаграфіі «Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі» (1969), «Гістарычнай лексікалогіі беларускай мовы» (1970; у сааўт.), вучэбных дапаможнікаў для ВНУ па марфалогіі, гіст. лексікалогіі і фанетыцы ўсх.-слав. моў, «Слоўніка мовы Скарыны» (т. 1—3, 1977—94), кніг «Беларускі казачны эпас» (1976) і «Голас з невычэрпнай і жыватворнай крыніцы» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЭ́ЦА (Ляіля Ахцямаўна) (н. 13.1.1951, г. Харкаў, Украіна),
бел. мастак. Скончыла Харкаўскі маст.ін-т (1974). Працуе ў тэхніцы каляровай літаграфіі, кніжнай графікі, акварэлі. Асн. работы: графічныя серыі «Украінскія матывы» (1977), «Зямля ў квецені» (1979), «Чарнобыльскі след» і «Праява» (1989), «Гістарычныя асобы Беларусі» (1993—96, разам з В.Варэцам) і інш.; іл. да кніг «Мая рэспубліка», «Намеснік бабулі» П.Кавалёва (абедзве 1988), «Буду настаўнікам» Э.Агняцвет (1990), «Беларуска-італьянская кухня» (1995), «Паміж Масквой і Варшавай» В.Іпатавай (1996, у сааўт.) і інш. Стварыла серыі паштовых марак «Мастакі Беларусі», «Гістарычныя асобы Беларусі», «Беларускія спартсмены да алімпіяды ў Атланце».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Мікалай) (1903, г. Пружаны Брэсцкай вобл. — 2.9.1934),
бел. гісторык, географ, педагог. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1923), Пражскі ун-т (1928). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1928 на тэму «Беларусь як антрапагеаграфічная адзінка». Рэдагаваў час. «Маладое жыццё» ў Вільні. Адзін з заснавальнікаў і старшыня Бел.культ.т-ва імя Ф.Скарыны ў Празе. Змяшчаў артыкулы па гісторыі Беларусі ў энцыклапедычных выданнях Чэхаславакіі. Аўтар працы «Культурна-геаграфічны характар Беларусі» (1928), інфарм. нарыса «Беларусь і беларусы» (1930), «Кароткага нарыса псіхалогіі» (1932). З 1929 выкладаў у Віленскіх бел. гімназіі і правасл. духоўнай семінарыі. У 1930—31 рэдагаваў час. «Саха».
Тв.:
Расейская палітыка на землях былога Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панавання Кацярыны II і Паўла I (1772—1801). Вільня, 1933.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦАК»,
беларуска-амерыканскі культурна-асветны цэнтр у ЗША. Размешчаны ў ваколіцы Стронгсвіл каля г. Кліўленд (штат Агайо). Засн. ў 1968 па ініцыятыве і пры падтрымцы бел. грамадскіх дзеячаў у эміграцыі С.Карніловіча і К.Калошы. З’яўляецца месцам сходаў і вечарын грамадскасці, сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі, сямейных святкаванняў, маст. выставак, спарт. спаборніцтваў. Збірае і адпраўляе ў Беларусь гуманіт. дапамогу (у т. л. лекі) пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), прымае на лячэнне і аздараўленне бел. дзяцей з забруджанай зоны. На тэр. цэнтра дзейнічае правасл. царква Жыровіцкай Божай Маці, будуецца новая царква. На ахвяраваныя цэнтрам сродкі набыта выдавецкае абсталяванне і ў 1991—97 выдаваўся час.«Полацак». Кіруючы орган — управа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБЮР ВЯДОМОСЬЦІ ДО АНТРОПОЛЁГІІ КРАЁВЭЙ»
(«Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej», «Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі»),
ілюстраваны штогоднік, першае польскае навук.этнагр. выданне. Орган Антрапалаг. камісіі Польскай акадэміі ведаў. Выдаваўся ў 1877—95 у г. Кракаў на польскай мове.
Меў раздзелы: археалагічна-антрапалагічны, антрапалагічны, этналагічны. Публікаваў навук. працы і матэрыялы па духоўнай і матэрыяльнай культуры польскага, бел., літ., укр., лат. і інш. народаў, этнічных і этнагр. груп, змяшчаў бібліяграфію па гэтых дысцыплінах. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы З.Глогера «Забабоны і ўяўленні люду Панароўя пра птушак, паўзуноў і насякомых, сабраныя ў 1865—1875 гг.» і «Вясельныя назвы, выказванні і прадметы, якія ўжываліся на вясельных абрадах люду на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай» (1877, т. 1), П.Быкоўскага «Абрадавыя песні рускага насельніцтва з ваколіц Пінска» (1878, т. 2), У.Дыбоўскага «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (1881, т. 5) і «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (1886, т. 10), Я.Карловіча «Народныя паданні і казкі, сабраныя на Літве» (1887—88, т. 11—12), Т.Саподзькі «Археалагічныя пошукі ў Ігуменскім павеце Мінскай губ., учыненыя ў 1875 і 1883 г.», О.Кольберга «Вясельныя звычаі і абрады з Палесся» і «Казкі з Палесся», У.Вярыгі «Беларускія думкі з вёскі Глыбокае, запісаныя ў 1885 у Лідскім павеце Віленскай губерні» (усе 1889, т. 13), І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ «Беларуска-польскія песні з Сакольскага пав. Гродзенскай губ.» (1892, т. 16) і «Дадатак да беларуска-польскіх песень з Сакольскага павета Гродзенскай губерні» (1895, т. 18), А.Гурыновіча «Зборнік беларускіх твораў...» (1893, т. 17), А.Чэрнага «Беларускія песні з Дзісенскага павета Віленскай губерні» (1895, т. 18). Выйшла 18 тамоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ПАДО́ЛЛЕ»,
помнік бел.-літ. летапісання 1-й пал. 15 ст. Узнікла каля 1432—35, найб. верагодна, у Вільні ў асяроддзі пануючых колаў ВКЛ. Змешчана ў Беларуска-літоўскім летапісе 1446 у канцы «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх»; у 16 ст. ўключана ў «Хроніку Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хроніку Быхаўца. Асн. змест — гісторыя Падольскай зямлі 2-й пал. 14 — 1-й трэці 15 ст. і яе далучэння да ВКЛ. Створана як паліт. дакумент з мэтаю абгрунтаваць гіст. правы ВКЛ на Падолле і асудзіць палітыку польск. феадалаў, якія пасля смерці Вітаўта захапілі Зах. Падолле. Падзеі і факты, выкладзеныя ў творы, у асноўным адпавядаюць гіст. сапраўднасці. Напісана на старабел. мове дзелавым стылем без пазначэння дат, вылучаецца публіцыстычнасцю, свецкім характарам зместу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МДЫВА́НІ (Таццяна Герасімаўна) (н. 20.9.1947, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. музыказнавец, педагог. Канд. мастацтвазнаўства (1983). Скончыла Бел. кансерваторыю (1972, клас Г.Куляшовай). З 1967 выкладала ў Маладзечанскім муз. вучылішчы, з 1972 — у Бел. кансерваторыі. З 1989 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе праблемы сучаснай бел. і зах.-еўрап. музыкі. Выступае як муз. крытык. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
К. Пендерецкий. «Заутреня»: Вопр. композиции // Laudamus. М., 1992;
Музычны тэатр Беларусі. [Кн. 2—3]. Мн., 1993—96 (у сааўт.);
Э.Денисов. «Пять историй господина Кейнера по Бертольду Брехту»: Вопр. композиции // Теоретические проблемы современной музыки. Мн., 1992;
Кампазітары Беларусі. Мн., 1997 (разам з Р.І.Сергіенка);
Музычны слоўнік беларуска-рускі = Музыкальный словарь русско-белорусский. Мн., 1999 (у сааўт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ГА-АРЛО́ЎСКАЯ ЧЫГУ́НКА,
назва ў 1868—1920 сеткі чыг. ліній, якія звязвалі Беларусь з цэнтр.-чарназёмным раёнам Расіі і Прыбалтыкай. Пабудавана прыватнымі т-вамі, да 1894 выкуплена дзяржавай. Агульная даўж. 1557,5 км (1910), на тэр. Беларусі больш за 533 км. Падзялялася на ўчасткі: Рыга — Дынабург (217,6 км, рух адкрыты ў 1861), Дынабург — Полацк (161 км, у 1866), Полацк — Віцебск (101,1 км, у 1866), Віцебск — Арол (516,8 км, у 1868), Віцебск — Жлобін (280,5 км, у 1902). Мела 26,7 тыс.чал. персаналу (1913), 555 паравозаў, 819 пасажырскіх і 13 864 таварныя вагоны (1912). У 1920 частка ліній Р.-А. ч. адышла да Латвіі. Сав. частка чыгункі з 1920 наз. Арлоўска-Віцебскай чыг., у 1922 уключана ў Маскоўска-Беларуска-Балтыйскую чыгунку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКЧЫ́Н (Сямён Уладзіміравіч) (н. 18.8.1941, г.п. Валаконаўка Белгародскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік, публіцыст. Канд.філал.н. (1972). Скончыў БДУ (1967). З 1985 у Ін-це л-ры АН Беларусі. У 1992—95 рэд.газ. «Европейское время». Выступае як крытык, літ.-знавец. Піша на рус. мове. Даследуе гісторыю рус. л-ры 19 — пач. 20 ст. (манаграфія «Лёс фельетаніста: Жыццё і творчасць Уласа Дарашэвіча», 1975; «Пісьменнікі чэхаўскай пары», т. 1—2, 1982), руска-бел. літ. сувязі (кн. «...Народ спрадвеку родны нам», 1984; «Песня пра Беларусь», 1988). Аўтар мастацка-дакумент. аповесцяў «Да мячоў ірвануліся нашы рукі» (1978, 2-е выд. 1985), «Апошні год Дзяніса Фанвізіна» (1981), артыкулаў па праблемах журналістыкі. Адзін з аўтараў «Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 1—4, 1993—95).