КРЫТЫ́ЧНЫ ТОК у звышправадніках,
максімальнае значэнне пастаяннага незатухальнага эл. току, які можа працякаць праз звышправаднік без супраціўлення. Пры перавышэнні К.т. звышправаднік пераходзіць у нармальны (незвышправодны) стан. Гл. Звышправоднасць.
т. 8, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСПО́ЛАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
размнажэнне жывёл і раслін без апладнення. Ажыццяўляецца без удзелу палавых клетак, часта з дапамогай вегетатыўных органаў. Уласціва бактэрыям (дзяленне), аднаклетачным (дзяленне, фрагментацыя, пачкаванне і спораўтварэнне) і шматклетачным арганізмам (вегетатыўнае размнажэнне, спораўтварэнне, поліэмбрыянія). Ёсць у вышэйшых раслін, адсутнічае ў малюскаў, членістаногіх, пазваночных.
Адрозніваюць уласна бясполае размнажэнне — утварэнне спец. клетак — спораў, якія пры прарастанні даюць пачатак новаму арганізму, і вегетатыўнае размнажэнне. Патомства, якое атрымліваецца ў выніку бясполага размнажэння, генетычна аднароднае, што часта выкарыстоўваецца ў раслінаводстве для замацавання карысных якасцей гібрыдаў. Шэрагу арганізмаў уласціва чаргаванне бясполага размнажэння з палавым размнажэннем.
Р.Г.Заяц.
т. 3, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАШТУ́РМАН,
аўтаномная аэранавігацыйная прылада, якая аўтаматычна рэгіструе каардынаты і шлях лятальнага апарата (ЛА) на карце ці на экране. Падзяляюцца на вымяральнікі каардынат і праграмныя аўтаматы, што накіроўваюць палёт ЛА па зададзенай трасе ці да зададзенага пункта. Складаюцца з датчыкаў курсу і паветр. скорасці, каардынатных механізмаў і размнажальных прыстасаванняў. Адрозніваюць аўташтурманы простай інстр. навігацыі (каардынаты ЛА вызначаюцца без уліку дзеяння ветру), аўташтурманы з частковай аўтаматызацыяй (вымераныя паказчыкі скорасці і напрамку ветру ўводзяць уручную) і аўтаматызаваныя (на базе ЭВМ). Пры падключэнні аўтапілота ЛА можна накіроўваць без удзелу лётчыка. Выкарыстоўваецца ў комплексе з інш. аэранавігацыйнымі прыладамі (астранамічнымі, радыётэхнічнымі і інш.).
т. 2, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫ́У-ДЖЫ́ЦУ (ад яп. дзю мяккасць + дзюцу мастацтва, умельства),
японская сістэма самаабароны і нападзення без зброі. Асн. прыёмы: удары ў найб. слабыя часткі чалавечага цела (сонечнае спляценне, сонная артэрыя, печань і інш.), выкручванні і перагінанні суставаў рук і ног у спалучэнні з рознымі кідкамі і задушлівымі захватамі.
Вытокі Дж.-дж. ў нар. прыёмах самаабароны без зброі, вядомых у Японіі са старажытнасці. Сфарміравалася да 13—14 ст., у 14—19 ст. вельмі пашырылася ў Японіі як сістэма фіз. і баявой падрыхтоўкі самураяў. У канцы 19 ст. шляхам адбору і мадэрнізацыі элементаў Дж.-дж. створана барацьба дзюдо.
т. 6, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1661 Падпісаны паміж Расіяй і Швецыяй 1 ліп. ў мяст. Кардыс
(цяпер Кярдэ каля г. Тарту, Эстонія). Канчаткова завяршыў рас.-швед. вайну 1656—58. Апынуўшыся ў неспрыяльных умовах (шэраг паражэнняў ад войск Польшчы і ВКЛ, заключэнне Аліўскага міру 1660 паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй),
Расія ў абмен на згоду Швецыі не дапамагаць Рэчы Паспалітай у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 саступала Швецыі гарады, якія раней утрымлівала паводле Валіесарскага дагавора 1658 і пагаджалася на аднаўленне рас.-швед. мяжы, устаноўленай Сталбоўскім мірам 1617 (без выхаду да Балтыйскага м.). У 1683 дагавор пацверджаны без змен.
т. 8, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫЯ ХВА́ЛІ, уласныя хвалі,
бягучыя гарманічныя хвалі ў лінейнай дынамічнай сістэме з пастаяннымі параметрамі, калі можна не ўлічваць паглынанне энергіі; абагульненне паняцця нармальных ваганняў на адкрытыя вобласці прасторы і незамкнутыя хваляводныя сістэмы.
Сукупнасць Н.х. дадзенай сістэмы мае ўласцівасці: кожная Н.х. з’яўляецца свабодным (без знешняга ўздзеяння) рухам сістэмы і можа ўзбуджацца незалежна ад інш. Н.х.; адвольны хвалевы працэс у сістэме без крыніц можна адназначна выявіць у выглядзе суперпазіцыі Н.Х.: спектр частот Н.х. з’яўляецца суцэльным, а рэальныя працэсы можна вызначыць праз інтэгральныя сумы Н.х.; у выпадку монахраматычных працэсаў сярэдні за перыяд паток энергіі роўны суме патокаў энергіі асобных Н.х.
т. 11, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК-КА́ЛЕРС ((McCullers) Карсан) (19.2.1917, г. Калумбус, штат Джорджыя, 31ÍIA — 29.9.1967),
амерыканская пісьменніца. Першы раман «Сэрца — адзінокі паляўнічы» (1940, экранізацыя 1968). У рамане «Госць на вяселлі» (1946), аповесцях «Адлюстраванні ў залатым воку» (1941, экранізацыя 1967), «Балада пра сумнае кафэ» (1951), «Гадзіннік без стрэлак» (1961) тэма адзіноты асобы ў бездухоўным грамадстве, сац. і антырасісцкія матывы. Аўтар эсэ, апавяданняў, п’ес. На бел. мову яе аповесці пераклаў У.Шчасны.
Тв.:
Бел. пер. — Балада пра сумнае кафэ. Мн., 1988;
Рус. пер. — Часы без стрелок. М., 1966;
Сердце — одинокий охотник. М., 1969.
Літ.:
Хмельницкая Т. Пересечение судеб // Новый мир. 1970. № 5.
т. 9, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТЫНГ (англ. petting),
дасягненне партнёрамі палавога задавальнення шляхам узаемных ласкаў, але без палавых зносін. Акрамя захавання нявіннасці, П. карыстаюцца, каб засцерагчыся ад цяжарнасці, з мэтай прафілактыкі венерычных захворванняў і інш.
т. 12, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОГ,
даліна значнай працягласці, з роўным днішчам і спадзістымі схіламі, зарослымі вільгацелюбівай расліннасцю; адмоўная форма эразійнага рэльефу. Часта атаясамліваецца з лагчынай. На Беларусі Л. часта называюць неглыбокія паніжэнні без пастаяннага вадасцёку.
т. 9, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА... (ад грэч. para каля, пры, па-за, без), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае знаходжанне побач, а таксама перамяшчэнне, адхіленне ад чаго-н. змену чаго-н., напр., парабіёз, парамагнетызм.
т. 12, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)