«БУРАВЕ́СНІК»

(«Sturmvogel»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і насельніцтва ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл. 10—15.7.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі начальніка аховы тылу 4-й ням. арміі (батальёна ахоўнага палка, паліцыі парадку, асобнага ўсх. батальёна). Напярэдадні аперацыі насельніцтва з вёсак, якому пагражалі гітлераўцы, эвакуіравалася ў глыб партыз. зоны. Каля в. Сасноўка і Антонаўка карнікі былі спынены, потым контратакаваны байцамі 13-й Касцюковіцкай партыз. брыгады. Кіраўніцтва карнай аперацыяй «Буравеснік» у сваёй справаздачы прызнала поўны яе правал.

т. 3, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАГРАЦІЁН»,

кодавая назва стратэгічнай наступальнай аперацыі Чырв. Арміі па вызваленні Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Гл. Беларуская аперацыя 1944.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРУЖЭ́ННЕ (ваен.),

ізаляцыя групоўкі праціўніка ад астатніх яго войскаў з мэтай знішчэння ці ўзяцця ў палон. Паспяховае акружэнне часцей бывае, калі прарыў абароны праціўніка ажыццяўляецца на двух або некалькіх участках фронту з развіццём наступлення па напрамках, якія сыходзяцца; калі створана перавага над праціўнікам у сілах і сродках (пры спрыяльных умовах акружэнне магчыма і пры роўных сілах). Акружаная групоўка адначасова блакіруецца з паветра, а на прыморскіх напрамках і з боку мора.

Класічны прыклад акружэння — бітва пры Канах у 216 да н.э. паміж рым. і карфагенскай арміямі. Шырока практыкавалася ў час Вял. Айч. вайны, калі сав. войскі правялі шэраг значных аперацый па акружэнні войскаў праціўніка (гл. Сталінградская бітва 1942—43, Корсунь-Шаўчэнкаўская аперацыя 1944, Яса-Кішынёўская аперацыя 1944). На тэр. Беларусі ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Бабруйскай аперацыі 1944, Мінскай аперацыі 1944 трапілі ў акружэнне вял. групоўкі ням. войскаў (гл. Віцебскі «кацёл», Бабруйскі «кацёл», Мінскі «кацёл»).

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГА́МБУРГ»

(«Hamburg»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну супраць партызан і мясц. насельніцтва ў трохвугольніку Ліда—Баранавічы—Ваўкавыск. Адбылася 7—17.12.1942. Мэта аперацыі — наступленнем прыціснуць партызан і мясц. жыхароў, што адыходзілі з імі, да загараджальнай лініі каля сутокаў рэк Шчара і Нёман і знішчыць. Аперацыю праводзілі паліцэйскі полк, 5 паліцэйскіх і ахоўных батальёнаў, 2 батальёны вермахта, больш за 15 спец. каманд паліцыі бяспекі і СД, артыл. рот і дывізіёнаў пад камандаваннем брыгадэнфюрэра СС К. фон Готберга. Ім процістаялі 4 партыз. атрады (800 чал.) і Ленінская партыз. брыгада, якая прыняла асн. ўдар праціўніка. Пасля жорсткіх баёў у ноч на 17 снеж. партызаны, пазбегнуўшы акружэння, выйшлі ў раней намечаныя раёны. У выніку аперацыі карнікамі было загублена 6172 чал., з іх 4498 чал. мірнага насельніцтва. Пасля перагрупоўкі сваіх сіл акупанты працягвалі аперацыю пад кодавай назвай «Альтона».

т. 5, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) у Вял. Айч. вайну ў раёне г. Гарадок Віцебскай вобл. 13—31.12.1943. Мэта аперацыі — разграміць гарадоцкую групоўку праціўніка, ліквідаваць т.зв. Гарадоцкі выступ, авалодаць Гарадком і наступаць у напрамку Віцебска. Удзельнічалі 11-я гв. (ген.-лейт. К.М.Галіцкі), часці 4-й ударнай, 43-й, 3-й паветр. армій, 1-ы і 5-ы танк., 3-і гв. кав. карпусы. Ім процістаялі ням.-фаш. войскі 3-й танк. арміі, 5 пях. і 1 танк. дывізіі групы армій «Цэнтр» і паўд. крыла 16-й арміі групы армій «Поўнач», 2 пях. дывізіі, перакінутыя з-пад Ленінграда. У ходзе аперацыі да 20 снеж. вызвалена больш за 500 нас. пунктаў, 24 снеж. вызвалены Гарадок. У выніку Гарадоцкай аперацыі сав. войскі прасунуліся на 60 км, стварылі ўмовы для наступлення ў раёне Віцебска. 12 часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Гарадоцкіх».

т. 5, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПІ́ВІН (Мікалай Піліпавіч) (14.12.1903, г. Клін Маскоўскай вобл. — 19.4.1963),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-палк. авіяцыі (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў ваен. школу лётчыкаў (1929), курсы ўдасканалення начсаставу пры Ваенна-паветр. акадэміі імя Жукоўскага (1933), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну камандуючы 3-й паветр. арміяй, якая ўдзельнічала ў Гарадоцкай аперацыі 1943, Полацкай аперацыі 1944, выконвала задачы па забеспячэнні баявых дзеянняў партызан. Да 1961 на камандных пасадах у ВПС СССР.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬНЮСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 3-га Бел. фронту (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі) 5—20 ліпеня; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 5-я, 11-я гв., 31, 33, 39, 5-я гв. танк., 1-я паветр. арміі, у складзе апошняй франц. знішчальны авіяполк «Нармандыя», 3-і гв. механіз., 3-і гв. кав. карпусы. Задача аперацыі — без аператыўнай паўзы наступаць у агульным напрамку на Вільнюс, Каўнас, вызваліць Вільнюс і Ліду, фарсіраваць Нёман і захапіць плацдармы на яго беразе. У ходзе аперацыі пры ўзаемадзеянні з бел. і літ. партызанамі вызвалены Валожын, Маладзечна (5 ліп.), Івянец (6 ліп.), Гальшаны, Ашмяны, Юрацішкі (7 ліп.), Іўе (8 ліп.), Ліда (9 ліп.), Вільнюс (13 ліп.), правабярэжная частка Гродна (16 ліп.), створаны спрыяльныя ўмовы для выхаду войск 3-га Бел. фронту да граніц з Усх. Прусіяй. 20 часцям і злучэнням фронту нададзена ганаровае найменне «Віленскіх», 13 — «Маладзечанскіх», 4 — «Лідскіх».

т. 4, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКА-АРША́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 1-га Прыбалт. (ген. арміі І.​Х.​Баграмян) і 3-га Бел. (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі) франтоў 23—28 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 5-я, 6-я і 11-я гв., 31, 39, 43, 5-я гв. танк., 1-я і 3-я паветр. арміі, 1-ы танк. корпус. Каардынаваў дзеянні франтоў Маршал Сав. Саюза А.​М.​Васілеўскі. Задача аперацыі — разграміць віцебска-лепельскую, віцебскую, аршанскую групоўкі ням. абарончага рубяжа «Пантэра», выйсці да р. Бярэзіна. У ходзе аперацыі з удзелам партыз. брыгад вызвалены Шуміліна (23 чэрв.), Багушэўск, Бешанковічы, Сянно (25 чэрв.), Віцебск (гл. Віцебскі «кацёл»), Дуброўна, Талачын (26 чэрв.), Орша, Чашнікі (27 чэрв.), Лепель (28 чэрв.), сав. войскі выйшлі на р. Бярэзіна і стварылі ўмовы для наступлення на Мінск і тэр. Прыбалтыкі. 62 злучэнням і часцям Сав. Арміі нададзены ганаровыя найменні «Віцебскіх», 11 — «Аршанскіх».

т. 4, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КЛЕ́ТКА МА́ЛПЫ»

(«Affenkäfid»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць 4-й Бел. партыз. брыгады і цывільнага насельніцтва ў Гарадоцкім і Мехаўскім р-нах Віцебскай вобл. і часткова Невельскім р-не Расіі ў Вял. Айч. вайну ў ліст. 1942. Праводзілася сіламі 12-й танк. дывізіі, батальёна з ахоўнай дывізіі і паліцэйскімі з мясц. гарнізонаў. Партызаны, манеўруючы ў лясіста-балоцістай мясцовасці, пазбягалі адкрытых сутыкненняў з ворагам і замацаваліся ў цяжкадаступным для праціўніка лясным масіве. Не дасягнуўшы намечанай мэты, гітлераўцы расстралялі больш за 1200 чал., пераважна старых, жанчын з малалетнімі дзецьмі, разрабавалі і знішчылі 58 вёсак, з якіх пасля вайны не аднавіліся Ахрамеева, Вусце, Гумнічына, Казлы, Падранда, Петрачыха, Рудзіха, Сямёнава, Янава Гарадоцкага р-на. У справаздачы ворага аб пазнейшай карнай аперацыі «Зімовы лес» адзначана, што знайсці жывёлу і прадукты харчавання 286-я ахоўная дывізія не змагла з-за амаль поўнасцю разбураных вёсак у Гарадоцкім р-не ў выніку праведзенай аперацыі «К.м.».

т. 8, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКА-РЭ́ЧЫЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

наступальная аперацыя войск Беларускага фронту (ген. арміі К.​К.​Ракасоўскі) 10—30.11.1943 у Вял. Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць гомельска-рэчыцкую групоўку праціўніка, вызваліць міжрэчча Сажа і Дняпра, заняць зручныя пазіцыі на зах. беразе Дняпра. Удзельнічалі 3, 11, 48, 50, 61, 63, 65 і 16-я паветр. арміі. Ім процістаялі 2-я, частка сіл 9-й і 4-й ням. армій групы армій «Цэнтр», пазней 7 пях. дывізій і брыгада СС. У ходзе аперацыі сав. войскі ва ўзаемадзеянні з партызанамі Палескай, Гомельскай і Магілёўскай абл. вызвалілі Рэчыцу (18 ліст.), фарсіравалі Бярэзіну, вызвалілі Прапойск, Карму, Журавічы (25—26 ліст.), Гомель (26 ліст.). У выніку аперацыі злучэнні Бел. фронту прарвалі абарону праціўніка ў паласе шырынёю 100 км, прасунуліся на 130 км, стварылі пагрозу паўд. флангу групы армій «Цэнтр» і не далі магчымасці нанесці контрудар па злучэннях 1-га Укр. фронту. 23 часцям і злучэнням нададзена ганаровае найменне «Гомельскіх», 22 — «Рэчыцкіх».

У.​І.​Лемяшонак.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)