О́ЛДРЫН ((Aldrin) Эдвін) (н. 20.1.1930, г. Глен-Рыдж, ЗША),
касманаўт ЗША; другі чалавек, які ступіў на паверхню Месяца. Палкоўнік ВПС (з 1972 у адстаўцы). Д-рн. па касманаўтыцы (1963). Скончыў Ваенную акадэмію ЗША (1951), Масачусецкі тэхнал.ін-т (1963). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 11—15.11.1966 з Дж.Ловелам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-12» (як другі пілот), у час якога выходзіў у адкрыты космас, 16—24.7.1969 з Н.Армстрангам і М.Колінзам — першы палёт на Месяц як пілот месяцавай кабіны касм. карабля «Апалон-11». У космасе правёў 12,08 сут, у т. л. на Месяцы 21,6 гадз. Медаль НАСА «За выдатныя заслугі». Імем О. названы кратэр на Месяцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНЧЫ́Н ((Balanchine) Джордж) (сапр.Баланчывадзе Георгій Мелітонавіч; 22.1.1904, С.-Пецярбург — 30.4.1983),
амерыканскі балетмайстар. Сын М.А.Баланчывадзе. Скончыў Тэатр. вучылішча пры Марыінскім т-ры (1921, Петраград). У 1925—29 гал. балетмайстар трупы «Рускі балет С.П.Дзягілева». З 1933 у ЗША. Арганізатар і кіраўнік «Школы амерыканскага балета» (разам з Л.Кірштайнам, 1933) і на яе аснове трупы «Амерыканскі балет» (з 1948 «Нью-Йоркскі гарадскі балет»). Стваральнік амер. балетнага мастацтва і стылю неакласіцызму ў харэаграфіі. Аўтар сімф. балетаў «Канчэрта барока» на муз. І.С.Баха (1941), «Чатыры тэмпераменты» на муз. П.Хіндэміта (1946), «Сімфонія до мажор» на муз. Ж.Бізэ (1947), 27 кампазіцый і балетаў на музыку І.Стравінскага, у т. л. «Апалон Мусагет» (1928), «Арфей» (1948), «Агон» (1957) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМО́ВІЧ (Уладзімір Пятровіч) (н. 30.9.1948, Мінск),
бел. акцёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1979). З 1967 працуе ў Дзярж. т-ры лялек Беларусі. Яго персанажы-лялькі арганічныя, выразныя, каларытныя. У спектаклях для дзяцей сыграў ролі: Дзед («Дзед і Жораў» В.Вольскага), кот Максім («Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага), Першы прыдворны («Салавей» паводле Х.К.Андэрсена), Іван («Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова). Жак («Кот у ботах» Г.Уладычынай). Найб. поўна раскрылася індывідуальнасць акцёра ў рэпертуары для дарослых: Адам («Боская камедыя» І.Штока), Іван («Да трэціх пеўняў» В.Шукшына), Іван Бяздомны («Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава), Апалон («Цудоўная Галатэя» С.Дарваша і Б.Гадар), Гаспадар таверны («Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» паводле П.Нэруды) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́Р’ЕЎ (Апалон Аляксандравіч) (каля 1.8.1822, Масква — 7.10.1864),
рускі літаратурны крытык і паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1842). У 1850—56 вядучы крытык час. «Москвитянин». Напачатку яго артыкулам характэрна рамантызацыя патрыярхальнага ўкладу (асабліва прыхільна ставіўся да твораў А.М.Астроўскага), пазней — гістарызм крытычнага метаду («Погляд на рускую літаратуру пасля смерці Пушкіна», 1859; «Пасля «Навальніцы» Астроўскага», 1860; «Аб развіцці ідэі народнасці ў нашай літаратуры» 1861—62; «Вершы М.Някрасава», 1862). Лірычны герой паэт. твораў Грыгор’ева — рамант. асоба лермантаўскага тыпу з высокімі і стыхійнымі страсцямі (драма «Два эгаізмы» і паэма «Алімпій Радзін», абедзве 1845; зб. «Вершы», 1846; цыкл «Барацьба», 1857). Аўтар апавяданняў, аўтабіягр. аповесцей.
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1990.
Літ.:
Носов С.Н. Аполлон Григорьев: Судьба и творчество. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НРАД ((Conrad) Чарлз) (н. 2.4.1930, г. Філадэльфія, ЗША),
касманаўт ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1953), Ваен-марскую школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1961). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 21—29.8.1965. з Г.Куперам здзейсніў палёт па касм. караблі «Джэміні-5» (як 2-і пілот); 12—15.9.1966 з Р.Горданам — палёт на касм. караблі «Джэміні-11» (як камандзір); 14—24.11.1969 з Горданам і А.Бінам — палёт на касм. караблі «Апалон-12» (як камандзір) на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Бінам) на яго паверхню; 25.5—22.6.1973 з П.Вейцам і Дж. Кервінам — палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як камандзір 1-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас. Агульная працягласць палётаў 49,15 сут. Залаты медаль імя Ю.А.Гагарына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ВЕЛ ((Lovell) Джэймс Артур) (н. 25.3. 1928, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),
касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС ЗША у адстаўцы. Скончыў Вісконсінскі ун-т і Ваенна-марскую акадэмію ў Анапалісе (1952). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 4—18.12.1965 з Ф.Борманам здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Джэміні-7», 11—15.11.1966 з Э.Олдрынам — на КК «Джэміні-12» (як камандзір), 21—27.12.1968 з Борманам і У.Андэрсам — першы ў свеце палёт да Месяца на КК «Алалон-8» з выхадам на селенацэнтрычную арбіту (як пілот асн. блока), 11—17.4.1970 з Дж.Суіджэртам і Ф.Хейсам — палёт да Месяца на КК «Апалон-13» (як камандзір). Правёў у космасе 29,8 сут. Імем Л. названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШЭ́ТНІКАЎ (Фёдар Паўлавіч) (28.7.1906. с. Сурска-Літоўскае Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 13.12.1988),
расійскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1974). Правадз.чл.АМСССР (1953). Вучыўся ў Ін-це выяўл. мастацтваў у Маскве (1929—34). У 1937—38 супрацоўнічаў з час. «Крокодил». Выкладаў у маскоўскіх маст. (1953—57) і пед. (1956—62) ін-тах. У 1974—87 віцэ-прэзідэнт АМСССР. Аўтар жанравых карцін «Прыбыў на канікулы» (1948), «Зноў двойка» (1952), твораў на гіст., батальныя, публіцыстычныя тэмы «За мір!» (1950), «В’етнамская маці» (1968), «Апалон—Саюз» (1982), партрэтаў «Першыя героі Савецкага Саюза» (1976), «А.В.Ляпідзеўскі» (1979), трыпціха «Таямніцы абстракцыянізму» (1960), ілюстрацый да кніг. Майстар востравыразных графічных і скульпт. шаржаў. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМО́НІ ((Solomoni) Джузепе) (Іосіф),
італьянскі артыст балета, балетмайстар, педагог канца 18 — пач. 19 ст. У 1770-х г. працаваў у Вене. З 1782 у Маскве, танцоўшчык, з 1784 — пастаноўшчык балетаў у Пятроўскім т-ры М.Медокса, з 1800 — вядучы балетмайстар. Адначасова настаўнік танцаў і балетмайстар прыгонных т-раў у 1786 графа М.Шарамецева, у 1810—22 князя М.Юсупава. З 1810 выкладаў танцы ў Маск. шляхетным пансіёне, у 1822 — у Маск. ун-це. Паставіў больш за 30 балетаў. Сярод іх на рус. сцэне: «Апалон і Дафна» Ф.Філідора (1799), «Жывы мярцвяк», «Туалет Венеры» і «Гарацыі і Курыяцыі» І.Старцэра (1801—02), «Апелес і Кампаспа, ці Перамога Аляксандра над самім сабой» і «Помста за смерць Агамемнана» Ф.Аспельмайра (1803—05).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙЗЭ (Апалон Анатолевіч) (н. 23.8.1923, г. Аса Пермскай вобл., Расія),
бел. мовазнавец, педагог і перакладчык. Д-рпед.н. (1994), праф. (1993). Скончыў Свярдлоўскі пед.ін-т (1946). Працаваў у ВНУ Расіі, з 1968 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Даследуе тэорыю тэксту: распрацоўвае праблемы лінгвістыкі (граматыкі) тэксту. Аўтар прац «Сэнсавая кампрэсія тэксту ў навучальных мэтах» (на англ. мове, 1982), «Праблемы тэкстуальнай лінгвістыкі» (у сааўт., 1983), «Чытанне, рэферыраванне і анатаванне замежнага тэксту» (1985) і інш., падручнікаў англ. мовы для сярэдняй школы і адаптаваных кніг для чытання на англ. мове. Пераклаў на англ. мову кн. У.Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» і А.Вольскага «Сцяпан — вялікі пан» (1982), апавяданні В.Быкава, П.Пестрака, А.Кулакоўскага, Караткевіча, бел.нар. казкі, з англ. на рус. мову — раман В.Скота «Чорны карлік» (1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛЬСКІЯ ЗБО́РНІКІ,
рукапісныя зборнікі, складзеныя ў 1787—91 на бел., польскай і лац. мовах выкладчыкамі Забельскай дамініканскай калегіі (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.) для мясцовага школьнага тэатра. Уключаюць камедыі і трагедыі «Свабода ў няволі» і «Камедыя» К.Марашэўскага, «Доктар па прымусе», «Сапар», «Фемістокл», «Камедыя» і «Шлюб, пастаўлены дагары нагамі штучкамі арлекіна» М.Цяцерскага, «Пышнагольскі» і «Крэз» І.Юрэвіча, аперэту «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» (тэкст М.Цяцерскага, музыка Р.Вардоцкага) і сцэн. дыялогі «Сяброўская парука», «Пчолы», «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя канты, віншаванні і падзякі А.Козела, Г.Скораня, А.Зубрыцкага, М.Косава, Г.Паўловіча. Большасць твораў асветніцкія па ідэі і класіцысцкія паводле стылю. Зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.