Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛО́Н, Феб,
у грэчаскай міфалогіі бог сонца, святла, мудрасці, апякун мастацтваў. Сын Зеўса і Леты, брат-блізня Артэміды. У выяўл. мастацтве Апалон паказваўся прыгожым юнаком з лукам і стрэламі ці з кіфарай у руках. Валодаў дарам прадбачання і надзяляў ім людзей. У гонар перамогі Апалону над драконам-пачварай Піфонам каля Дэльфаў пабудаваны Дэльфійскі храм, дзе адбываліся святкаванні ў гонар Апалона (Піфійскія гульні). Былі шматлікія свяцілішчы Апалона, найб. вядомыя ў Дэльфах і на в-ве Дэлас. Міф аб Апалоне натхняў ант. скульптараў, жывапісцаў А.Мантэнья, Рафаэля, Джарджоне, кампазітараў І.С.Баха, В.А.Моцарта, І.Стравінскага і інш.
Да арт. Апалон. Апалон Бельведэрскі. Скульпт. Леахар. 350 — 330 да н.э. Рымская копія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПАЛО́Н»,
амерыканская праграма падрыхтоўкі і ажыццяўлення пілатуемых палётаў на Месяц, а таксама серыя касм. караблёў для яе выканання. Асн. прызначэнне — дастаўка касманаўтаў на Месяц; здзейснены таксама беспілотныя палёты і палёты касманаўтаў вакол Зямлі. У 1968—75 запушчана 15 «Апалонаў» з экіпажамі, усяго 38 касманаўтаў. На «Апалоне-11» здзейснена першая ў свеце пасадка на Месяц (Н.Армстранг, Э.Олдрын, 1969). Па праграме «Апалон» даследавалі Месяц і калямесяцавую прастору, на Зямлю дастаўлены ўзоры месяцавага грунту.
Карабель «Апалон» мае асн. блок (для дастаўкі 3 касманаўтаў на селенацэнтрычную арбіту і вяртання іх на Зямлю) і месяцавую кабіну (для дастаўкі 2 касманаўтаў на паверхню Месяца, забеспячэння іх знаходжання на ім і вяртання на селенацэнтрычную арбіту). Маса «Апалона» да 47 т. Асн. блок уключае адсек экіпажа (спускальны апарат для пасадкі на ваду і на сушу) і рухальны адсек. Месяцавая кабіна мае пасадачную (застаецца на Месяцы) і ўзлётную ступені. «Апалон» забяспечаны стыковачным прыстасаваннем для пераходу касманаўтаў з адсека экіпажа ў месяцавую кабіну. Запуск і вывядзенне «Апалона» на арбіту ШСЗ ажыццяўляліся ракетамі-носьбітамі тыпу «Сатурн». Мадыфікацыі «Апалона» выкарыстоўваліся для дастаўкі экіпажаў на арбітальную станцыю «Скайлэб» і стыкоўкі з караблём «Саюз-19» па праграме ЭПАС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛО́Н,
малая планета. Дыяметр каля 1 км. Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце з перыядам 1,81 г. Адлегласць ад Сонца ў перыгеліі 0,645, у афеліі 2,327 а.а. Найменшая адлегласць ад Зямлі 15 млн.км. Адкрыта К.Рэйнмутам (Германія, 1932).