АЛЕ́НДСКІ (Антон Варфаламеевіч) (каля 1843, Люблінская губ. — 11.4.1864),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. Скончыў 1-ы Маскоўскі кадэцкі корпус (1862), вучыўся ў Міхайлаўскай артыл. акадэміі (Пецярбург). Уваходзіў у афіцэрскую рэв. арг-цыю, зблізіўся з чл. арг-цыі «Зямля і воля». У крас. 1863 выехаў з Пецярбурга ў Магілёўскі пав., дзе пад імем Антоній узначаліў Чарнаруцкі паўстанцкі атрад. Пасля разгрому атрада пад Славенямі (27 крас., цяпер Талачынскі р-н) далучыўся да сенненскіх, а потым барысаўскіх паўстанцаў. 13.5.1863 схоплены, публічна расстраляны ў Мінску.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Антон Іванавіч) (1811?, Віцебскі пав. — пасля 1854),

бел. кампазітар. Пасля 1832 жыў у Пецярбургу. Быў вядомы як піяніст-выканаўца і педагог, склаў школу ігры на фп. Адзін з першых пачаў ствараць нац.-характэрныя творы, у аснове якіх мелодыі бел. нар. песень і танцаў: праграмная 8-часткавая паэма «Беларускае вяселле», п’есы «Беларускія мелодыі», «Зачараваная дуда» для фп., песні «Дзеванька» і «Гарэліца» на словы Я.​Баршчэўскага і інш.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969;

Кісялёў Г. Радок у энцыклапедыю // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУЛЕ́БА (Антон Мікалаевіч) (14.1.1920, в. Дубовы Лог Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 13.12.1983),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі індустр. тарфяны тэхнікум (1937), курсы мал. лейтэнантаў (1941), Вышэйшую бранятанк. школу (1948), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1954). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Бел., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў 1945 у баі на тэр. Польшчы: кав. эскадрон на чале са ст. лейтэнантам Д. фарсіраваў Одру, забяспечыў пераправу ўсяго кав. палка; трапіўшы ў акружэнне, арганізаваў прарыў, выратаваў байцоў і зброю. Да 1969 у Сав. Арміі.

А.М.Дулеба.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЖАНЕ́ЎСКІ (Антон Станіслававіч) (10.11.1910, в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 20.4.1991),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1932), вучыўся ў М.Эндэ, Ф.Фогта. Сярод твораў, якім уласціва насычанасць колеру, выразная мадэліроўка аб’ёмаў, пленэрная непасрэднасць кампазіцыйнага ладу, лірычныя пейзажы «Над Свіслаччу» (1938), «Сафійскі сабор у Полацку» (1955), «Апошняе лісце» (1966), «Горад над Дзвіной» (1973), «Стары Віцебск» (1979), «Тужлівая нотка» (1982), «Восеньскі пейзаж» (1984), «Богаяўленскі сабор у Полацку» (1988); нацюрморты «Півоні, яблыкі, кавуны» (1953), «Ружы» (1962), «Нацюрморт з лямпай» (1977) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

А.Каржанеўскі. Тужлівая нотка. 1982.

т. 8, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКО́ВІЧ (Антон Навумавіч) (25.12.1895, б. хутар Новамацеева Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 16.2.1982),

генерал-лейтэнант інтэнданцкай службы (1946). Скончыў Вышэйшыя стралк.-тактычныя курсы (1931). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У 1931—37 у БВА. У Вял. Айч. вайну нач. тылу 11-й і 65-й армій, інтэндант Паўн.-Зах. фронту. Удзельнік вызвалення Калінкавіч, Мазыра, Бабруйска, Баранавіч, Слоніма, наступальных баёў на тэр. Усх. Прусіі, Памераніі, Берлінскай аперацыі. Пасля вайны да 1956 на адказных пасадах у Сав. Арміі.

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНА́ЧЫЧ (Антон Пятровіч) (31.12.1880, г. Марыупаль, Украіна — 22.3.1933),

рускі і бел. спявак (барытон, пазней драм. тэнар), педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю па класах вакалу і кампазіцыі (1901). У 1905—21 адзін з вядучых салістаў Вял. т-ра, дзе выканаў шэраг вядучых партый, у т. л. Грышкі Куцярмы («Паданне пра нябачны горад Кіцеж...» М.​Рымскага-Корсакава), Галіцына («Хаваншчына» М.​Мусаргскага). З 1928 у Мінску: арганізатар і кіраўнік спец. вышэйшага опернага класа ў Бел. муз. тэхнікуме, вак. кансультант Бел. студыі оперы і балета (1930—33), заг. вак. кафедры Бел. кансерваторыі (з 1932). Сярод вучняў Л.Александроўская, І.Балоцін, М.Дзянісаў, С.Друкер.

А.П.Баначыч.

т. 2, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́, Дэ Бары (de Bary) Генрых Антон дэ (26.1.1831, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 22.1.1888), нямецкі батанік, адзін з заснавальнікаў мікалогіі і ліхеналогіі. Праф. ун-таў у Фрайбургу(1855), Гале (1867) і Страсбургу (1872). Навук. працы па марфалогіі, біялогіі і гісторыі развіцця грыбоў, лішайнікаў, міксаміцэтаў, водарасцяў, параўнальнай анатоміі вышэйшых раслін. Высветліў гетэратрофны характар жыўлення грыбоў; паказаў, што паразітныя грыбы з’яўляюцца ўзбуджальнікамі хвароб вышэйшых раслін (1853); адкрыў і вывучыў палавы працэс у фікаміцэтаў і сумчатых грыбоў; даследаваў цыкл развіцця ржаўнікаў (1863); правёў шматлікія даследаванні водарасцяў-кан’югатаў. Прапанаваў першую філагенетычную сістэму грыбоў. Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва 1884.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Зігмунт Іосіфавіч) (па сцэне Антон Забель; 25.6.1892, Масква — 20.3.1988),

бел. акцёр. У 1909—10 удзельнік Гродзенскага гуртка бел. моладзі. У 1911 адзін з вядучых акцёраў Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Выконваў камедыйныя і характарныя ролі: Пранцішак («Модны шляхцюк» К.​Каганца), Бондар («У зімовы вечар» паводле Э.​Ажэшкі), Скакунец («Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага) і інш. З 1919 жыў у Польшчы. Аўтар успамінаў пра Буйніцкага і бел. тэатр «Няходжанымі сцежкамі» (1971).

Літ.:

Няфёд У.І. Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі. Мн., 1959. С. 98—101;

Сабалеўскі А.В. [Уступ да артыкула «Няходжанымі сцежкамі»] // Полымя. 1971. № 4.

У.​І.​Няфёд.

З.І.Абрамовіч.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Марыян Станіслаў) (25.3.1871, г. Цвер — 7.1.1925),

удзельнік рэв. руху, дзеяч культуры Польшчы і Беларусі. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це ўзначальваў гурток сацыяліст. кірунку ў маскоўскім польскім коле. У 1892 выдаў у Тыльзіце (Усх. Прусія) бел. агіт. брашуру «Дзядзька Антон», за што арыштаваны, прыгавораны да 3 гадоў турмы і 6 гадоў ссылкі, пасля якой жыў у Пецярбургу, узначальваў рабочую друкарню «Праца». У рэвалюцыю 1905—07 забяспечваў сувязь паміж Польскай сацыяліст. партыяй і рас. рэв. партыямі. З 1908 у Варшаве. З 1918 займаўся архіўнай і бібліятэчнай справай.

Літ.:

Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНО́ВІЧ (Антон Канстанцінавіч) (6.6.1910, в. Казлы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 27.12.1980),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969). Скончыў Віленскі ун-т (1950), выкладаў у ім (1950—71). Даследаваў помнікі татара-мусульманскага пісьменства на бел. мове («Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, і іх графіка-арфаграфічная сістэма», 1968), фанетыку, графіку і арфаграфію судовай (актавай) кнігі Ковенскага земскага суда 1566—67. Выявіў 24 рукапісныя кнігі 17 — пач. 20 ст. на бел. мове араб. пісьмом. Працы Антановича паказваюць суадносіны бел. літ. і жывой гутарковай мовы розных часоў, фанетычныя, граматычныя і лексічныя асаблівасці нар. бел. гаворак.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)