ВОДАТРЫВА́ЛЫ ГАРЫЗО́НТ,

тоўшча воданепранікальных ці адносна воданепранікальных горных парод, якая перакрывае або падсцілае ваданосны гарызонт. Адрозніваюць водатрывалыя гарызонты рэгіянальныя, мясц. і лакальныя. Рэгіянальныя звычайна падзяляюць буйныя ваданосныя комплексы, мясцовыя — ваданосныя гарызонты, лакальныя пашыраны пераважна ў зоне аэрацыі, дзе спрыяюць утварэнню верхаводкі. Гл. таксама Водапранікальнасць.

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА (АБ’ЯДНА́ННЕ),

адно са структурных падраздзяленняў нар.-гасп. комплексу ў Рэспубліцы Беларусь і некат. інш. краінах. З’яўляецца адносна адасобленым прадпрыемствам; сваю дзейнасць ажыццяўляе на аснове поўнага гасп. разліку, самакіравання і самафінансавання; мае статус юрыд. асобы і распараджаецца сваёй мат.-тэхн. базай. Гл. таксама Прадпрыемства.

т. 6, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЛА ІНЕ́РЦЫІ,

вектарная фіз. велічыня, лікава роўная здабытку масы матэрыяльнага пункта (часціцы) на модуль яго паскарэння і накіраваная процілегла паскарэнню.

Пры крывалінейным руху часціцы адрозніваюць датычную С.і. Fτ→ = −ma→τ і нармальную (цэнтрабежную) С.і. F→n = −ma→n , дзе m — маса часціцы, a→τ — тангенцыяльнае паскарэнне, a→n — нармальнае паскарэнне. Ураўненне часціцы адносна неінерцыяльнай сістэмы адліку мае выгляд ma→ад = F→ + F→пер + F→кар , дзе F→ — раўнадзейная ўсіх знешніх сіл, што дзейнічаюць на часціцу; F→пер = −ma→пер — пераносная С.і.; a→ад і a→пер — адноснае і пераноснае паскарэнні (гл. Адносны рух), F→кар — Карыяліса сіла. С.і. прапарцыянальная масе і таму нагадвае гравітацыйную сілу (сілу прыцягнення), што дазваляе параўноўваць рух часціцы адносна неінерцыяльнай сістэмы адліку з яе свабодным рухам у дадатковым («эквівалентным») гравітацыйным полі (гл. Эквівалентнасці прынцып).

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНАЙ СКО́РАСЦІ ПАКАЗА́ЛЬНІК,

прылада для вымярэння скорасці палёту лятальнага апарата адносна паветр. асяроддзя. Мае анероідную (гл. Анероід) і манаметрычную (гл. Манометр) каробкі, спалучаныя трубаправодам з прыёмнікам поўнага ціску і перадатачным механізмам — са стрэлкамі. У паказанні прылады аўтаматычна ўводзяцца папраўкі на змены параметраў паветр. асяроддзя ў залежнасці ад вышыні палёту.

т. 11, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ХВАЛЬ,

парушэнне восевай сіметрыі размеркавання ўзбурэнняў (напр., зрушэнняў і скарасцей у мех. хвалі) у папярочнай хвалі адносна напрамку яе распаўсюджвання. У кожным пункце напрамак ваганняў у палярызаванай хвалі застаецца нязменным або змяняецца паводле пэўнага закону. Найб. важная П.х. у выпадку эл.-магн. хваль аптычнага дыяпазону (гл. Палярызацыя святла).

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВА́РСКІ ЛЕС (Bayrischer Wald),

складкава-глыбавы крышт. хрыбет на ПдУ Германіі. Даўж. каля 90 км, выш. да 1121 м (г. Эйнёдрыгель). Паверхня згладжаная, з асобнымі завостранымі вяршынямі. Паўн.-ўсх. схілы адносна пакатыя, паўд.-заходнія стромка спадаюць да даліны р. Дунай. Да выш. 800 м укрыты ялова-букавымі, вышэй — ялова-піхтавымі лясамі.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛС (галанд. hals),

1) курс судна адносна ветру: левы галс (вецер дзьме з левага боку), правы галс.

2) Адрэзак шляху судна (ад павароту да павароту), якое ідзе зігзагападобным курсам пры лавіраванні пад ветразямі, выкананні прамерных работ, траленні і інш. 3) Прылада, якая мацуе да мачты ніжні наветраны вугал ветразя (галсавы вугал).

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЕРЦЫЯ́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА АДЛІ́КУ,

сістэма адліку, у якой выконваецца інерцыі закон Кожная сістэма адліку (СА), якая рухаецца адносна І.с.а. раўнамерна і прамалінейна, таксама з’яўляецца І.с.а. Усе І.с.а. раўнапраўныя, г.зн. ва ўсіх такіх СА законы фізікі аднолькавыя (гл. Адноснасці прынцып). Пры пераходзе ад адной І.с.а. да іншай у класічнай механіцы выконваюцца Галілея пераўтварэнні, а ў рэлятывісцкай механіцы — Лорэнца пераўтварэнні. СА, якія рухаюцца адносна І.с.а. з паскарэннем, з’яўляюцца неінерцыяльнымі сістэмамі адліку.

Усе рэальныя СА могуць разглядацца як І.с.а. толькі з пэўнай ступенню набліжэння, таму што целы адліку, з якімі яны звязваюцца, рухаюцца з тым ці іншым паскарэннем. Напр., геліяцэнтрычную СА, звязаную з цэнтрам мас Сонца і восямі, накіраванымі на аддаленыя зоркі, з вялікай ступенню дакладнасці можна лічыць І.с.а. Такая СА выкарыстоўваецца гл. ч у задачах нябеснай механікі і касманаўтыкі Для рашэння большасці тэхн. задач І.с.а. можна лічыць СА, звязаныя з Зямлёй або яе цэнтрам мас.

А.​І.​Болсун.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́РЭНЦА ПЕРАЎТВАРЭ́ННІ суадносіны паміж каардынатамі і момантамі часу адвольнай падзеі, якая разглядаецца ў 2 інерцыяльных сістэмах адліку (ІСА), што рухаюцца адна адносна другой. Атрыманы Х.А.Лорэнцам (1904) як пераўтварэнні, адносна якіх Максвела ўраўненні захоўваюць свой выгляд. Л.п. ў 1905 вывеў А.​Эйнштэйн з 2 пастулатаў спец. адноснасці тэорыі.

Пры адносным руху 2 ІСА са скорасцю v→ уздоўж восі х і аднолькавым напрамку іх дэкартавых восей Л.п. маюць выгляд: x′ = ( x−vt ) / 1− ( v/c ) 2 , y′=y , z′=z, t′ = ( t−vx / c2 ) / 1− ( v/c ) 2 , дзе x, y, z, t і x′, y′, z′, t′ — адпаведна дэкартавы каардынаты і моманты часу адвольнай падзеі ў гэтых ІСА, c — скорасць святла ў вакууме. Л.п. пры v≪c пераходзяць у Галілея пераўтварэнні. З Л.п. вынікае адноснасць даўжынь і прамежкаў часу, а таксама рэлятывісцкая формула складання скорасцей.

А.​А.​Леановіч.

т. 9, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕГЕТРЫ́Я (ісп. behetría),

вольная сялянская абшчына ў Іспаніі ў сярэднія вякі. Была пашырана гал. чынам у перыяд Рэканкісты ў Кастыліі і Леоне. Мела самакіраванне, права выбіраць (мяняць) сеньёра і інш. Члены бегетрыі неслі вайсковую службу ў сеньёра ці караля ў час войнаў, былі звязаны з сеньёрам адносна невял. павіннасцямі. Пасля Рэканкісты бегетрыя паступова знікла.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)