ЛЕСІРО́ЎКА (ням. Lasierung літар. пакрыццё палівай),

прыём тэхнікі жывапісу. На высахлыя шчыльныя слаі фарбы наносяць тонкія слаі празрыстых або паўпразрыстых фарбаў. Л. дазваляе змяніць, узмацніць або аслабіць колеравыя тоны, дасягнуць іх лёгкасці і гучнасці, узбагаціць каларыт, надаць яму большае адзінства і гармонію. Вядома са старажытнасці. Пашырана ў практыцы жывапісцаў 16—19 ст. як завяршальны этап стварэння карціны. У 20 ст. выкарыстоўваецца ў кірунках жывапісу, арыентаваных на класічную традыцыю.

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬЕ́НДЭ ГО́СЕНС (Allende Gossens) Сальвадор (26.7.1908, г. Вальпараіса, Чылі — 11.9.1973),

дзярж. і паліт. дзеяч Чылі. Скончыў Чылійскі ун-т (1932). Па адукацыі ўрач. Адзін з заснавальнікаў (1933) і кіраўнікоў Сацыяліст. партыі Чылі. У 1937—41 дэп. Нац. кангрэса. У 1939—42 міністр аховы здароўя ва ўрадзе Нар. фронту. У 1945—70 сенатар (у 1966—69 старшыня сената). У 1970 выбраны ад блока Нар. адзінства прэзідэнтам краіны. Загінуў у час ваен. перавароту.

С.Альендэ Госенс.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУРТАВА́ННЕ ў біялогіі,

сукупнасць арганізмаў розных відаў, якія сумесна жывуць і ўяўляюць сабой вызначанае экалагічнае адзінства (напр., фітапланктон якога-н. возера, глебавыя жывёлы ўчастка лесу). Часам вызначаецца як сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл і мікраарганізмаў), якія насяляюць участак сушы або вадаёма, і трактуецца як сінонім тэрміна біяцэноз. Вылучаюць таксама З. раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). З. — сістэма вызначанага ўзроўню арганізацыі жывой матэрыі. Элементы З. — папуляцыі розных відаў, а само З. з’яўляецца элементам экасістэмы (біягеацэнозу).

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗГО́ Уладзімір Мінавіч (н. 5.3.1959, г.п. Зэльва Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1985). Працаваў у прэсе, на Бел. тэлебачанні, з 1984 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1972. Адчуванне гісторыі і супярэчлівай сучаснасці, каханне, тэма адзінства чалавека і прыроды, добрае веданне роднага слова, яркасць метафар, напеўнасць — асн. ў яго творчасці: зб-кі «Пад спеў крыніц» (1982), «Вершаліна» (1987), «Марафон» (1992). Аўтар зб-каў для дзяцей «Калі спрачаюцца маланкі» (1989), «Суседзі па сусвеце» (1994).

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІРАХІ́ТА (дэвіз праўлення Сёва; 29.4.1901, Токіо — 7.1.1989),

імператар Японіі ў 1926—89. З 1921 у сувязі з хваробай бацькі (імператара Іасіхіта) з’яўляўся прынцам-рэгентам; у 1926 заняў трон (каранаваны ў 1928). Пасля паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне застаўся на троне, але паводле канстытуцыі 1947 яго ўлада абмежавана парламентам і кабінетам міністраў; афіцыйна Х. прыняў тытул — «сімвал дзяржавы і адзінства народа».

Літ.:

Бикс Г. Хирохито и создание современной Японии: Пер. с англ. М., 2002.

т. 17, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРА́ДЫ ПРАДСТАЎНІКО́Ў КАМУНІСТЫ́ЧНЫХ І РАБО́ЧЫХ ПА́РТЫЙ,

форма ідэйна-паліт. сувязей паміж камуніст. і рабочымі партыямі і каардынацыі іх дзейнасці. Праводзяцца міжнар. нарады і сустрэчы, рэгіянальныя сустрэчы, двухбаковыя перагаворы, навук. канферэнцыі і сімпозіумы. Пашырыліся пасля роспуску Камуністычнага інтэрнацыянала, пераважна з 1950-х г. Найб. значэнне ў гісторыі міжнароднага камуністычнага руху мелі маскоўскія нарады: 14—16.11.1957, прадстаўлены 12 партый сацыяліст. краін, прынята Дэкларацыя; 16—19.11.1957, прадстаўлены 64 партыі, прыняты Маніфест міру; 10.11—1.12.1960, прадстаўлена 81 партыя, прыняты Заява камуніст. і рабочых партый (у абарону адзінства камуніст. руху) і Зварот да народаў свету; 15—17.6.1969, прадстаўлены 75 партый, прыняты выніковы дакумент «Задачы барацьбы супраць імперыялізму на сучасным этапе і адзінства дзеянняў камуністычных і рабочых партый, усіх антыімперыялістычных сіл», зварот «Аб 100-годдзі з дня нараджэння У.​І.​Леніна» і інш. Найважнейшыя рэгіянальныя нарады адбыліся ў Берліне (1976), Парыжы (1980), Буэнас-Айрэсе, Дамаску (абедзве 1984) і інш. На Міжнар. сустрэчы ў Афінах (чэрв. 1999) прадстаўлены 55 камуніст. і рабочых партый з 50 краін. У снеж. 1999 у г. Лімасол на Кіпры адбылася 2-я міжнар. сустрэча камуніст., левых і прагрэс. партый краін Еўропы, Б.​Усходу і Міжземнамор’я, дзе былі прадстаўлены 49 арг-цый з 28 краін, у т. л. кампартыі Расіі, Украіны і Арменіі.

т. 11, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАШ СОВРЕМЕ́ННИК»,

літаратурна-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца з 1964 у Маскве на рус. мове штомесячна. Узнік як працяг альманаха «Год...», засн. М.​Горкім у 1933, і альманаха «Наш современник» (1956—63). Мае раздзелы: «Паэзія», «Проза», «Памяць», «Нарыс і публіцыстыка», «Крытыка», «Кніжны развал», «Слова чытача», «Дзённік сучасніка» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. і культ. жыцця краіны. Выступае за адзінства ўсх.-слав. народаў. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, артыкулы па праблемах жывапісу, мемуарыстыкі, кінематографа і інш. Знаёміць з новымі кнігамі. У часопісе надрукаваны творы Ф.​Абрамава, Ю.​Бондарава, В.​Бялова, С.​Вікулава, К.​Ваншэнкіна, Г.​Гарбоўскага, Г.​Гусева, Ю.​Кузняцова, У.​Лічуціна, І.​Ляпіна, Ю.​Нагібіна, В.​Пікуля, П.​Праскурына, А.​Праханава, А.​Прыстаўкіна, В.​Распуціна, М.​Рубцова, У.​Салаухіна, В.​Сарокіна, М.​Трапкіна, У.​Цендракова, М.​Шатрова, В.​Шукшына, А.​Яшына і інш. Друкуе творы бел. пісьменнікаў (У.​Глушакова, В.​Лукшы, І.​Навуменкі, Г.​Пашкова, А.​Савіцкага, Э.​Скобелева, І.​Шамякіна і інш.). Апублікаваў водгук А.​Пушкіна на выдадзены ў 1835 «Збор твораў Георгія Каніскага, Архіепіскапа Беларускага» з прадмовай В.​Кожынава «Паэт і праблема адзінства беларусаў, рускіх і ўкраінцаў». Беларусі прысвечаны спец. выпуск (1997, №1). Гал. рэдактары: В.​Палтарацкі (з 1956), Б.​Зубавін (з 1958), Вікулаў (з 1968), С.​Куняеў (з 1989).

А.​В.​Спрынчан.

т. 11, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДАРАХМА́Н III ан-Насір

(Перамаганосны; 7.1.891—961),

эмір (з 912), халіф (з 929) Кардоўскага эмірата. У выніку 30-гадовай барацьбы з мясц. феадаламі і плямёнамі аднавіў адзінства эмірата, які распаўся пры яго папярэдніках. Падначаліў Сеуту (Марока), Таледа (Іспанія); яму плацілі даніну Леон і Навара. Устанавіў дыпламат. адносіны з Візантыяй і Атонам I у Германіі. Стварыў мацнейшы на Міжземным моры флот. Сфарміраваў гвардыю з еўрап. (пераважна славянскіх) рабоў. Спрыяў развіццю навук і мастацтва. Яго праўленне — вяршыня магутнасці кардоўскіх Амеядаў.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́НАВА Эльвіра Міхайлаўна (н. 17.2.1923, г. Звянігародка Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1970). Скончыла Адэскі ун-т (1947), у 1949—60 працавала ў ім. У 1961—79 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Даследуе праблемы сучаснага літ. працэсу, літ. ўзаемасувязей, маст. перакладу. Адзін з аўтараў кн. «Садружнасць літаратур» (1968), «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), «Адзінства і ўзаемаўзбагачэнне» (1980).

Тв.:

Беларуска-ўкраінскі паэтычны ўзаемапераклад. Мн., 1973;

Мастацкая дэталь у літаратурным творы. Мн., 1977.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

штотыднёвая паліт. і літ. газета афіцыёзнага вялікадзярж., шавіністычнага кірунку; неафіц. частка «Минских губернских ведомостей». Выдавалася з 11(24).7 да 25.12.1911(7.1.1912) у Мінску на рус. мове. Падтрымлівала палітыку П.​А.​Сталыпіна, выступала супраць рэв. руху, прапагандавала адзінства царызму і народа, аднак імкнулася стрымліваць чарнасоценны экстрэмізм газ. «Минское слово». Друкавала творы Д.​Бохана (вершы, гіст. аповесць «У мінскім трыбунале», краязнаўчыя нарысы), вершы, эцюды, допісы мясц. аўтараў. Пераўтворана ў газ. «Минские ежедневные ведомости».

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)