БА́НТЫНГ ((Banting) Фрэдэрык Грант) (14.11.1891, Алісан, прав. Антарыо, Канада — 22.2.1941),

канадскі фізіёлаг. Праф. (1923). Скончыў Таронта ун-т (1910). З 1921 працаваў у ім жа, з 1930 узначальваў Аддзел мед. даследаванняў. Навук. працы па фізіялогіі стрававання, абмену рэчываў і ўнутр. сакрэцыі. Займаўся пытаннямі патагенезу і лячэння рака, каранарнага трамбозу, сілікозу. Адкрыў і атрымаў у чыстым стане інсулін. Нобелеўская прэмія 1923 (разам з Дж.Маклеадам).

Ф.Г.Бантынг.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВАГРУ́ДЗІ, прасома,

аддзел цела членістаногіх, які ўтвараецца ў выніку зліцця галаўных і грудных сегментаў. Уласцівы вышэйшым ракападобным і хеліцэравым (павукападобныя, мечахвосты і некаторыя вымерлыя). У хеліцэравых у склад галавагрудзей уваходзяць элементы галаўной лопасці і наступных 6 сегментаў з канечнасцямі, якія выконваюць жавальную і рухальную функцыі. Галавагрудзі часта наз. сківіцагрудзі вышэйшых дзесяціногіх ракападобных разам з галавой, якія ўтвараюцца пры зліцці 6 галаўных і 7 грудных сегментаў.

т. 4, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІЛАФІ́ТЫ (Psilophyta),

рыніяфіты, аддзел вымерлых вышэйшых раслін; найб. стараж. сасудзістыя расліны. Былі пашыраны ў палеазоі. На Беларусі рэшткі П. (споры) выяўлены ў адкладах ніжняга сілуру — сярэдняга дэвону. Маюць стратыграфічнае значэнне.

Для П. характэрны шматразова-, двойчыразгалінаваныя сцёблы, адсутнасць каранёў і лісця, размяшчэнне прымітыўных спарангіяў на канцах галін, слабае развіццё праводнай сістэмы, нешматлікія вусцейкі на эпідэрмісе сцёблаў. Паўводныя і сухап. расліны. Далі пачатак многім сучасным вышэйшым раслінам.

т. 13, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК НАРО́ДНОГО КОМИССАРИА́ТА ПРОСВЕЩЕ́НИЯ»,

часопіс, орган Наркамата асветы БССР. Выдаваўся з кастр. 1921 да ліст. 1922 у Мінску на рус. мове, меў асобны аддзел на бел. мове. Пісаў пра ліквідацыю непісьменнасці, правядзенне школьнай рэформы, развіццё асветы, вышэйшай школы. Змяшчаў навук. і крытычныя артыкулы па пытаннях бел. гісторыі, культуры, л-ры, мовы. У часопісе друкаваліся З.​Бядуля, У.​Ігнатоўскі, Я.​Карскі, Я.​Колас, У.​Пічэта і інш. Выйшла 14 нумароў.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЕ́ЖКАВЫ МОЗГ,

аддзел галаўнога мозга пазваночных. Складаецца са шматлікіх узаемазвязаных ядраў. Знізу і ззаду П.м. мяжуе з сярэднім мозгам. Размешчаны непасрэдна пад карой вял. паўшар’яў і функцыянуе пад яе кантролем. У складзе П.м. вылучаюць таламус, гіпаталамус, субталамус, эпіталамус, метаталамус. Удзельнічае ў ажыццяўленні вегетатыўных функцый, сну, памяці, інстынктыўных паводзін, псіхічных рэакцый. Са структурамі П.м. звязана ўспрыманне болю, рэгуляцыя залоз унутр. сакрэцыі, падтрыманне гамеастазу. Іл. гл. да арт. Галаўны мозг.

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛПРАЕКТСТАЛЬКАНСТРУ́КЦЫЯ, Беларускі інстытут па праектаванні будаўнічых металічных канструкцый Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1963 як Мінскі аддзел Маскоўскага ін-та «Праектстальканструкцыя». З крас. 1990 арэнднае прадпрыемства «Белпраектстальканструкцыя». Асн. кірункі работы: распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі металаканструкцый будынкаў вытворчага, с.-г. і грамадз. прызначэння, розных інж. збудаванняў (галерэй, градзірняў, мачтаў, вежаў, бункерных эстакад, рэзервуараў і інш.); дакументацыі металаканструкцый на рэканструкцыю дзеючых вытворчасцяў; абследаванне металаканструкцый будынкаў і збудаванняў для далейшай іх эксплуатацыі і інш.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТА́ТА,

няпарны залозіста-мышачны орган мужчын і самцоў жывёл.

Размешчана ў малым тазе, паміж дном мачавога пузыра і ампулай прамой кішкі; шчыльна ахоплівае шыйку пузыра і задні аддзел мочаспускальнага канала. Утворана асобнымі залозкамі розных памераў. Вывадныя пратокі П. адкрываюцца ў прастатычным аддзеле мочаспускальнага канала. Функцыі П. рэгулюе нерв. і эндакрынная сістэма. Сакрэт П. адыгрывае важную ролю ў забеспячэнні жыццядзейнасці сперматазоідаў у семявай вадкасці. Найб. частыя хваробы П. — прастатыт, пухліны (напр., адэнома прастаты).

т. 13, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЕ́Ц,

пачатковы аддзел 4-камернага страўніка жвачных жывёл. Размешчаны ў левай палавіне брушной поласці. Аб’ём Р. — да 80% ад аб’ёму страўніка. Сценкі складаюцца з 3 абалонак: серознай (вонкавай), мышачнай (сярэдняй) і слізістай (унутранай). Слізістая абалонка падзелена на кішэні, у якіх затрымліваецца харч. маса. У Р. расл. кармы перамешваюцца, расшчапляюцца пад уздзеяннем бактэрый і прасцейшых, усмоктваюцца лятучыя кіслоты. Пасля апрацоўкі ў Р. харч. маса зноў адрыгваецца ў ротавую поласць ці трапляе. ў сетку.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАВА́ННЯ ІНСТЫТУ́Т,

недзяржаўная вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1991 у Мінску. Рыхтуе эканамістаў, бухгалтараў, юрыстаў. У 1997/98 навуч. г. ф-ты: эканомікі, улікова-фінансавы, правазнаўства. Навучанне дзённае і завочнае; платнае. Аспірантура з 1996. Мае н.-д. лабараторыю, навуч. цэнтр перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў (з 1995), лінгафонныя класы (абсталяваны спадарожнікавым тэлебачаннем) і камп’ютэрныя (аб’яднаны ў навуч. лакальную выліч. сетку), рэдакцыйна-выдавецкі аддзел, друкарню, б-ку з камп’ютэрнымі каталогамі. Выдае падручнікі, навуч., навук.-метадычныя і даведачныя дапаможнікі.

т. 8, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗАНКІ́ (Alosa, або Caspialosa),

рыбы сям. селядцовых. 3 віды, 7 падвідаў. Чарнаморска-каспійскі П. (A. caspia) пашыраны ў Азоўскім, Чорным (3 падвіды) і Каспійскім (4 падвіды) морах, велікавокі (A. saposhnikovi) і круглагаловы (A. sphaerocephala) — толькі ў Каспійскім моры. Пелагічныя прахадныя і паўпрахадныя рыбы.

Даўж. да 36 см, маса да 200 г. Галава вял., цела высокае, сціснутае з бакоў, хваставы аддзел укарочаны. Па баках 1—8 цёмных плям. Кормяцца планктонам, П. велікавокі часам корміцца рыбай. Аб’екты промыслу.

Пузанок чарнаморска-каспійскі.

т. 13, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)