ПІРА́ЦТВА (ад грэч. peiratēs разбойнік, рабаўнік),

затрыманне, рабаванне і інш. гвалтоўныя дзеянні, учыненыя ў адкрытым моры экіпажам прыватнаўласніцкага судна (піратамі), а таксама лятальнага апарата ў адносінах да інш. судна ці лятальнага апарата, супраць асоб і маёмасці, што знаходзіцца на іх борце. Як П. разглядаюцца дзеянні ваен. суднаў і дзярж. лятальных апаратаў, экіпаж якіх учыніў мяцеж. П. адносіцца да злачынстваў міжнар. характару і пытанні барацьбы з ім рэгулююцца Ніокскім пагадненнем (1937), Канвенцыяй ААН аб адкрытым моры (1958), Канвенцыяй ААН па марскім праве (1982).

П. ўзнікла ў антычнасці разам з мараходствам у прыбярэжных раёнах Паўд.Усх. Азіі. Развівалася ў вузлавых пунктах марскіх зносін. У Еўропе вядома з часоў Стараж. Грэцыі, было пашырана ў Міжземным м. (сярэдзіна 1-га тыс. да н.э. — 18 ст. н.э.; тут у старажытнасці П. займаліся грэкі, фінікійцы, егіпцяне, этрускі, карфагеняне, кілікійцы), Паўн. і Балт. морах (з пач. н.э., асабліва ў эпоху вікінгаў), Ла-Маншы. У эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў і калан. захопаў П. перамясцілася ў Карыбскае м., уздоўж узбярэжжа Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Індыйскі ак.; сярод найб. вядомых піратаў 16 ст. Ф.Дрэйк. У 18—пач. 19 ст. П. найб. пашырана ўздоўж Армузскага праліва і Перс. заліва (арабы) і ў Кіт. моры (японцы). П. ў асн. спынілася ў 2-й пал. 19 ст., але яго выпадкі вядомы і ў 20 ст. (у т. л. у раёне «Бермудскага трохвугольніка»). На морах і акіянах побач з піратамі дзейнічалі карсары, каперы (гл. Каперства), флібусцьеры, буканьеры, рэйдэры. Нягледзячы на матэрыяльныя і чалавечыя страты, якія прычыняла П., яно спрыяла развіццю мараплавання.

Літ.:

Пираты и разбойники: Флибустьеры, корсары. каперы и буканьеры... Мн., 1997;

Росс С. Пираты: Пер. с англ. Мн., 1997.

У.​Я.​Калаткоў, Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ЧНЫЯ МА́СЫ, пластмасы, пластыкі,

матэрыялы на аснове палімераў, якія пры фармаванні іх у вырабы знаходзяцца ў вязкацякучым ці высокаэластычным стане, а пры эксплуатацыі — у шклопадобным або аморфна-крышталічным. У састаў П.м. акрамя палімераў уваходзяць напаўняльнікі: цвёрдыя (паводле іх прыроды адрозніваюць арганапласты, азбапластыкі, борапластыкі, вугляродапласты, графітапласты, металапалімеры, шклапластыкі) ці газападобныя (гл. Газанапоўненыя пластыкі), стабілізатары (антыаксіданты, антыпірэны і інш.), пластыфікатары, фарбавальнікі і пігменты. Паводле фіз. і хім. ператварэнняў, што адбываюцца з палімерам пры фармаванні вырабаў падзяляюць на тэрмапласты (найважн. на аснове поліэтылену, полівінілхларыду, полістыролу) і рэактапласты (найб. пашыраны від — фенапласты).

Перапрацоўка рэактапластаў у вырабы адбываецца адначасова з ацвярдзеннем палімераў, пры гэтым пластык страчвае здольнасць пераходзіць у вязкацякучы стан. Пры фармаванні вырабаў з тэрмапластаў матэрыял цвярдзее пры ахаладжэнні расплаву без хім. сшывання макрамалекул і захоўвае здольнасць да шматразовых пераходаў у вязкацякучы стан. П.м. бываюць аднафазнымі (гамагеннымі) і мнагафазнымі (гетэрагеннымі кампазіцыйнымі) матэрыяламі; у гамагенных палімер з’яўляецца асн. кампанентам, які вызначае ўласцівасці матэрыялу, у кампазіцыйных выконвае функцыю дысперсійнага асяроддзя (сувязнага) у адносінах да інш. кампанентаў. Найважн. добрыя якасці П.м.: малая шчыльнасць, нізкі каэф. трэння і малы знос пры эксплуатацыі, высокая хім. ўстойлівасць, выдатныя дыэлектрычныя і аптычныя ўласцівасці, шырокі спектр дэфармацыйна-трываласных уласцівасцей, прывабны знешні выгляд вырабаў. Асн. прамысл. метады перапрацоўкі тэрмапластаў — ліццё пад ціскам, экструзія, вакуум-фармаванне, пнеўмафармаванне; рэактапластаў — прасаванне і ліццё пад ціскам.

Выкарыстоўваюць ва ўсіх галінах прам-сці і сельскай гаспадаркі ў якасці матэрыялаў рознага прызначэння (канстр., ахоўнага, электратэхн., дэкаратыўнага, фрыкцыйнага і інш.). На Беларусі пластмасавыя вырабы выпускае Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, мінскі завод «Тэрмапласт». Гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні.

Літ.:

Кацнельсон М.Ю., Балаев Г.А. Полимерные материалы: Свойства и применение: Справ. Л., 1982.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦІ́Н (Plōtinos каля 205, Лікопаль, Егіпет — 270),

старажытнагрэчаскі філосаф, паслядоўнік філас. ідэй Платона і заснавальнік неаплатанізму. Вучыўся ў Амонія Сака ў Александрыі. З 244 у Рыме, выкладаў філасофію. На падставе выбраных платонаўскіх тэкстаў распрацаваў уласную сістэму філас. поглядаў, у цэнтры якой паняцце аб неспасціжным і невыразным боскім першаадзіным пачатку ўсяго існага; яго ён называў дабром і параўноўваў з сонцам. Прынцыпу дабра супрацьпастаўляў прынцып зла, што ўвасабляецца ў цёмнай і пазбаўленай выгляду матэрыі, якая служыць ніжэйшай мяжой усёй структуры быцця. Структуру быцця падзяляў паводле крытэрыяў «там» і «тут». У такой форме супрацьпастаўляюцца сапраўды існае, розум у якасці адзінага самаст. стваральніка «першавобразаў», з аднаго боку, і «тутэйшы свет», дзе выступаюць толькі падабенствы, — з другога. Адначасова сцвярджаў, што толькі пачуццёвы космас знаходзіцца ў пэўным месцы, а свет, які спасцігаецца розумам, — усюды. У зямной частцы універсуму пастаянна адбываецца ўзнікненне і знікненне; вечны характар маюць усе праявы зла (узаемазнішчэнне жывёл і людзей, войны, злачынствы і г.д.). Але ў аснове зямнога свету ляжыць разумны план, які ідзе ад бога, а чалавечая душа заўсёды захоўвае магчымасць адысці ад усяго «тутэйшага» і вярнуцца да свайго сапраўднага прызначэння, якое П. бачыў у развіцці духоўных сіл і ўзыходжанні да першаадзінага, г.зн. да бога. У поглядах П. ёсць элементы містычнай дыялектыкі. Яго філас. вучэнне — пачатак апошняга этапа ў працэсе развіцця ант. філасофіі. Фрагментарныя запісы П. пасмяротна выдадзены яго вучнем Парфірыем, які падзяліў іх на 6 аддзелаў, а кожны аддзел — на 9 частак (адсюль назва ўсіх 54 трактатаў П. — «Энеады», г.зн. «Дзевяткі»).

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики: Поздний эллинизм. М., 2000;

Яго ж. словарь античной философии: Избр. ст. М., 1995.

В.​І.​Боўш.

Плацін.

т. 12, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС,

сярэдняя ваенна-навуч. ўстанова закрытага тыпу ў г. Полацк у 1835—1918. Засн. для падрыхтоўкі да вайск. службы дваранскіх дзяцей з Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай і Смаленскай губ. Размяшчаўся ў будынку, дзе раней знаходзіліся Полацкая езуіцкая акадэмія і Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. Быў разлічаны на 400 навучэнцаў, прымаліся хлопчыкі ва ўзросце 9—11 гадоў. Складаўся з 4 рот (грэнадзёрская, неранжырная, 2 мушкецёрскія), якія ўтваралі батальён. Меў 2 падрыхтоўчыя і 4 агульныя класы, у 1857 уведзены 5-ы агульнаадук. клас і 2-гадовыя спец. класы, пасля заканчэння якіх кадэты атрымлівалі чын афіцэра. Выкладаліся: рус., франц. і ням. мовы, арыфметыка, алгебра, геаграфія, гісторыя, чыстапісанне, маляванне, чарчэнне, закон Божы; у спец. класах дадаткова — тактыка, артылерыя, ваен. гісторыя і фартыфікацыя. У 1859—63 спец. класы падрыхтавалі 172 афіцэры. У 1865 корпус рэарганізаваны ў ваен. гімназію, якая ў 1882 зноў пераўтворана ў кадэцкі корпус з 7-гадовым курсам навучання. У пач. 1-й сусв. вайны эвакуіраваны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 рэарганізаваны ў гімназію ваен. ведамства. У 1919—20 на базе П.к.к. і інш. эвакуіраваных кадэцкіх карпусоў былі створаны Крымскі (у Арэандзе) і Феадасійскі кадэцкія карпусы. За час існавання П.к.к. падрыхтаваў больш за 3 тыс. афіцэраў. Сярод іх Д.Д.Бохан, браты Кірпічовы і Манцэвічы, Р.І.Кандраценка, Н.Н. і М.Н. Кайгародавы і інш.

Літ.:

Долгов И.И. Полоцкий кадетский корпус. Витебск, 1899;

Викентьев В.П. Полоцкий кадетский корпус: Ист. очерк. Полоцк, 1910;

Дьяков В.А. Деятели русского и польского освободительного движения в царской армии 1856—1865 гг.: (Биобиблиогр. словарь). М., 1965;

Лукашэвіч А.М. Арганізацыя вучэбнага працэсу ў кадэцкіх карпусах на тэрыторыі Беларусі ў 30-х — пачатку 50-х гг. XIX ст. // Весн. БДУ. Сер. 4. 1998. № 3.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 12, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛАЦКІ СШЫ́ТАК»,

рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.; яркі ўзор бел. свецкай кантавай культуры. Выклеены з вокладкі уніяцкага служэбніка, набытага ў 1956 б-кай Ягелонскага ун-та ў Кракаве (Польшча). Папера зборніка выраблена паміж 1633—50 (паводле вадзяных знакаў), пераплецены служэбнік да 1680. Напачатку кніга належала уніяцкай царкве ў в. Астрамечава (Брэсцкі р-н). Апісаў зборнік польскі даследчык Е.​Голас. «П.с.» уключае больш за 60 вак. і інстр. муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока. Сярод іх шматгалосыя канты і псальмы, фрагменты царк. музыкі з лічбаваным басам (для выканання на аргане). Мясцовыя напаўфалькл. традыцыі спалучаюцца ў музыцы з італьян. і франц. ўплывамі. Інтанацыйны строй мелодый грунтуецца на слав. нар.-песенным меласе і тыповых кантавых, часам стэрэатыпізаваных, папеўках і кадэнцыйных зваротах. Сустракаюцца формульныя напевы, якія выконваліся на розныя паэт. тэксты. Стылістыка песенных і танц. твораў блізкая да стылістыкі кантаў і псальмоў. Тэксты рукапісу напісаны на лац., стараслав., старабел. мовах. Для запісу музыкі выкарыстаны 2 натацыі — круглая заходнееўрап. (т.зв. італьянская) для літургічных твораў, круглая італьян. і квадратная «кіеўская» для свецкіх. На аснове зборніка ў Польшчы выдадзена грампласцінка «Песні, танцы і паваны», на супервокладцы якой падкрэслена бел. паходжанне муз. твораў. Некат. творы «П.с.» ўключыў у свой рэпертуар ансамбль старадаўняй музыкі Бел. дзярж. філармоніі «Кантабіле» (які і даў зборніку назву), некалькі кантаў з рэстаўрыраваным бел. тэкстам выконвае маск. камерны хор «Віват». Музыка «П.с.» неаднаразова выконвалася па Бел. тэлебачанні і радыё.

Літ.:

Герасимова-Персидская Н.А. Партесный концерт в истории музыкальной культуры. М., 1983. С.35;

Gołos J. // Nowe spojrzenie na rękopis 10002 BJ. // Muzyka. 1973. № 3;

Касьцюкавец Л. «Полацкі сшытак» // Полацак. 1991. № 8.

Л.​П.​Касцюкавец, А.​І.​Мальдзіс.

т. 12, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў Полацку ў 1788—1918.

Праваслаўная духоўная гімназія засн. ў 1788 пры пач. партыкулярнай школе ў Богаяўленскім манастыры (пераведзена сюды духоўная 2-класная гімназія з Невеля). Вучэбны курс быў пашыраны і тэрмін навучання павялічаны да 3 гадоў. Выкладаліся: рус., лац. і польск. мовы, арыфметыка, чыстапісанне, катэхізіс, нотныя спевы. Гімназія была філіялам Магілёўскай правасл. семінарыі (падрыхтоўчым аддзяленнем). Выкладчыкамі былі яе выхаванцы. Вучыліся дзеці мясц. святароў ва ўзросце 6—8 гадоў. З-за невял. колькасці выхаванцаў (штогод 20—30 юнакоў) у 1792 кіраўніцтва Пскоўскай епархіі вярнула яе ў Невель. Ваенная гімназія ўтворана ў 1865 на базе Полацкага кадэцкага корпуса ў выніку рэарганізацыі сістэмы ваен. асветы ў Рас. імперыі. Тэрмін навучання 6, з 1873—7 гадоў. Мела агульнаадук. праграму, але захавала традыцыйны для кадэцкага корпуса паўвайсковы ўклад і вайск. форму. Выкладаліся: Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, матэматыка, геаметрыя, чарчэнне, фізіка, гісторыя, геаграфія, касмаграфія, ваенная падрыхтоўка, чыстапісанне і маляванне. У 1865 былі 333 выхаванцы. У 1872—74 існаваў праект адкрыць на базе гімназіі ун-т, а гімназію перавесці ў Вільню або Юр’еў. У 1882 рэарганізавана ў кадэцкі корпус. У гімназіі вучыўся генерал Р.​І.​Кандраценка. Жаночая дзяржаўная гімназія засн. 1.1.1903. Мела 2-класнае падрыхтоўчае аддзяленне, 7 асн. класаў і 8-ы педагагічны. У 1911 у штаце былі кіраўнік, 8 наглядчыц, 5 законанастаўнікаў, 15 выкладчыкаў. Займалася 360 вучаніц. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, педагогіка, матэматыка, геаграфія, фізіка, методыка выкладання. маляванне, чыстапісанне, рукадзелле, спевы. Скасавана ў 1918.

Літ.:

Викеньтев В.​П.​Полоцкий кадетский корпус: Ист. очерк. Полоцк, 1910;

Знаменский П.В. Духовные школы в России до реформы 1808 г. Казань, 1881;

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1911/1912 учеб. г. Вильна, 1912.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІТАНА́ЛЬНАСЦЬ (ад полі... + танальнасць),

адначасовае выкладанне розных гукавышынных пластоў, кожны з якіх належыць да розных канкрэтных танальнасцей (або арыентуецца на розныя танальнасці) адзінай танальна-гарманічнай сістэмы. П. — складаны сінтэз некалькіх танальнасцей, спец. драматургічны эфект у сістэме выразных сродкаў музыкі 20 ст. Гіст. перадумовы і аснова для ўзнікнення П. — храматызаваная ладатанальная структура з шматгучнай дысананснай акордыкай, якая пры ўспрыняцці падзяляецца на больш простыя акорды (субакорды) часта тэрцавай будовы. Існуюць П. акордавыя (аб’яднанне рознатанальных акордаў), меладычная (аб’яднанне рознатанальных меладычных ліній), мяшаная (рознатанальнае аб’яднанне акордаў і меладычных ліній).

Мяркуюць, што ўпершыню П. выкарыстаў амер. кампазітар Ч.​Айвз у сімф. мініяцюры «Пытанне, якое засталося без адказу». Пазней П. выкарыстоўвалі Б.​Бартак (п’еса для фп. «Стаката» з цыкла «Мікракосмас»), І.​Стравінскі (тэма Пятрушкі з аднайм. балета), С.​Пракоф’еў (у цыкле для фп. «Мімалётнасці»), Рысы П. сустракаюцца ў музыцы В.​А.​Моцарта («Музычны жарт»), М.​Мусаргскага («Два яўрэі» з «Карцінак з выстаўкі»), у нар. музыцы (літоўскі сутарцінес).

У бел. музыцы П. шырока прадстаўлена ў выглядзе цэласных ладавых фармацый і прыёмаў ва ўсіх разнавіднасцях: П. акордавая — у музыцы А.​Мдывані («Ванька-ўстанька»), В.​Помазава («Батлейка»), меладычная — у творчасці Я.​Глебава (1-я сюіта з балета «Выбранніца»), мяшаная — у В.​Войціка (канцэрт для цымбалаў), Н.​Усцінавай (канцэрты для скрыпкі з арк.), С.​Картэса (канцэрт для фп. «Капрычас»). Маст. функцыі П. разнастайныя. Так, у «Капрычас» Картэса — дынамічны фактар, у араторыі «Ванька-ўстанька» — сродак стварэння вобразнай 2-планавасці, у канцэрце для скрыпкі з арк. Г.​Гарэлавай — сродак вытанчанай экспрэсіі і інш.

Літ.:

Паисов Ю.И. Политональность в творчестве советских и зарубежных композиторов XX в. М., 1977;

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭСТАНТЫ́ЗМ [ад лац. protestans (protestantis) які публічна даказвае],

адзін з асн. кірункаў (разам з каталіцызмам і праваслаўем) у хрысціянстве. Узнік у Еўропе ў перыяд Рэфармацыі.

Першапачаткова звязваўся з вучэннем М.​Лютэра, пазней Ж.​Кальвіна, У.​Цвінглі і інш. рэфармацыйных плыней. Да сярэдзіны 16 ст. распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе, у 17 ст. пашырыўся за яе межы. У выніку ўзніклі і арганізацыйна аформіліся пратэстанцкія цэрквы: лютэранская, кальвінісцкая, англіканская, ад якіх утварыўся шэраг рэліг. груповак і аб’яднанняў. Для П. характэрна адсутнасць супрацьпастаўлення духавенства міранам, адмова ад складанай царк. іерархіі, спрошчаны культ, адсутнасць манаства і бясшлюбнасці духавенства. У П. няма культу Багародзіцы, святых, анёлаў, абразоў, таінствы зведзены да хрышчэння і прычашчэння. Пратэстанты адмаўляюць аўтарытэт папскіх дэкрэтаў і пасланняў, рашэнні сабораў, прызнаюць толькі Біблію, для разумення якой непатрэбны пасрэднікі і традыцыі, а патрэбна толькі вера ва ўсё тое, што ў ёй напісана. Адказнасць чалавека за сваё выратаванне залежыць ад яго асабістай веры, ніякая арг-цыя (царква як сац. ін-т) не здольная ўзяць Яе на сябе. Існуюць разнавіднасці арганізац. форм П.: баптысты, метадысты, адвентысты, пяцідзесятнікі, сведкі Іеговы (больш за 400 млн. у свеце).

На Беларусі пратэстанцкія погляды пачалі распаўсюджвацца з сярэдзіны 16 ст., што спрыяла эвалюцыі грамадскага ладу, фарміраванню шляхецкай дэмакратыі, развіццю рэнесансна-гуманіст. і рацыяналістычных тэндэнцый у духоўным жыцці, станаўленню новых форм культуры, пашырэнню міжнар. культ. сувязей. Рэфармацыю падтрымлівалі Радзівілы, Тышкевічы, Сапегі, Кішкі, адукаваная частка грамадства і інш. П. пашырыўся ў выглядзе кальвінізму, лютэранства, арыянства і інш., у 19—20 ст. з’явіліся баптысты, евангельскія хрысціяне, пяцідзесятнікі, сведкі Іеговы і інш.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.

С.​М.​Зень.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ННАЯ ІНТЭЛІГЕ́НЦЫЯ,

тэрмін рас. і сав. гіст. л-ры для абазначэння творчай праслойкі грамадства, якая вылучылася з асяроддзя прыгонных сялян (гл. Прыгоннае права) пераважна ў 18—1-й пал. 19 ст. Асн. прычына яе з’яўлення — імкненне многіх дваран-прыгоннікаў мець цалкам залежных ад сябе тэхн. спецыялістаў для патрэб гаспадаркі і людзей мастацтва для арг-цыі культ. забаў, дзеля чаго яны давалі магчымасць або прымушалі сваіх таленавітых прыгонных атрымліваць адукацыю і інш. спец. падрыхтоўку. Найб. шматлікая група П.і. была звязана з тэатрам, музыкай і выяўл. мастацтвам. У канцы 18 — пач. 19 ст. у Расіі працавала больш за 170 прыгонных тэатраў, у т. л. Шарамецевых у Маскве, С.​С.​Каменскага ў Арле, П.​І.​Есіпава ў Казані. Выдатнымі артыстамі прыгонных тэатраў былі П.А.Жамчугова, Л.​П.​Нікуліна-Касіцкая, І.В.Самарын, С.​А.​Дзегцяроў, М.С.Шчэпкін, С.​Ф.​Мачалаў (бацька П.С.Мачалава). У ліку П.і. былі архітэктары (А.Н.Вараніхін, І.​С.​Сямёнаў, І.​І.​Свіязеў), мастакі (Ф.С.Рокатаў, М.​Шыбанаў, І.П. і М.І.Аргуновы, В.А.Трапінін, А.А.Кіпрэнскі, Т.Р.Шаўчэнка і інш.), кампазітары (М.​А.​Мацінскі, С.​А.​Дзегцяроў, А.Л.Гурылёў і інш.), пісьменнікі (Шаўчэнка, Ф.​Н.​Сляпушкін, Я.​І.​Аліпанаў, М.​Дз.​Суханаў, І.​І.​Варакін і інш.), вынаходнікі рас. паравозаў і чыгункі Я.А. і М.Я.Чарапанавы, горны інж. П.​С.​Шорын, хімік С.​П.​Уласаў і інш. На Беларусі з прадстаўнікоў П.і. выйшлі таленавітыя акцёры, музыканты і танцоўшчыкі Мацей з Карэліч, Я.​Ценціловіч, Р.Бекер, А.Дарэўская, П. і К.Л.Азарэвічы, мастакі С.Заранка, Ф.Тулаў і інш. Гл. таксама Прыгонны тэатр і Прыгонныя аркестры і капэлы.

Літ.:

Познанский В.В. Таланты в неволе. М., 1962;

Курмачева М.Д. Крепостная интеллигенция России. Вторая половина XVIII — начало XIX в. М., 1983.

К.​І.​Афоніна, І.​В.​Аржахоўскі.

т. 13, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ПЯЦКІ ПРАГІ́Н, Прыпяцкая ўпадзіна,

адмоўная тэктанічная структура Усходне-Еўрапейскай платформы. Размешчаны на ПдУ Беларусі, ва ўсх. ч. Беларускага Палесся, паміж Беларускай антэклізай і Жлобінскай седлавінай на Пн і Украінскім шчытом на Пд. Аддзяляецца седлавінамі на З Палескай ад Падляска-Брэсцкай упадзіны, на У Брагінска-Лоеўскай ад Дняпроўска-Данецкай упадзіны. Працягваецца ў зах.-паўн.-зах. напрамку на 280 км, шыр. да 150 км. Уключае Прыпяцкі грабен (палеарыфт) і Паўн.-Прыпяцкае плячо. Прыпяцкі грабен на Пн і Пд абмежаваны Паўн.-Прыпяцкім і Паўд.-Прыпяцкім глыбіннымі мантыйнымі лістрычнымі разломамі, якія складзены з шэрагу скідаў, размешчаных кулісападобна, з агульнай амплітудай зруху да 4 км. Паўн.-Прыпяцкае плячо адмежавана ад Жлобінскай седлавіны Жлобінскім і Малінаўска-Глазаўскім разломамі. Прагін сфарміраваўся ў герцынскі этап тэктагенезу, пераважна ў познім дэвоне. Ён запоўнены магутнай (да 6 км) тоўшчай, пераважна асадкавых парод рыфею, венду, дэвону, карбону, пярмі, трыясу, юры, мелу, палеагену, неагену і антрапагену, з якіх асн. ч. разрэзу складаюць верхнедэвонскія адклады. Магутныя дэвонскія саляносныя тоўшчы (верхняфранская і фаменская) падзяляюць асадкавы чахол прагіну на комплексы: падсалявы, ніжнесаляносны, міжсалявы, верхнесаляносны і надсалявы. Ніжнія 3 комплексы мантыйнымі і коравымі скідамі субшыротнага распасцірання разбіты на ступені з паўн. нахілам адкладаў на Пн і з паўд. — на Пд і восевую прыўзнятую Петрыкаўска-Хобненскую зону паглыбленых выступаў. Яе зах. працягам з’яўляецца Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ. Разломы затухаюць уверх па разрэзе. У верхнесаляносным і надсалявым комплексах вылучаюцца валы і сінклінальныя зоны. У П.п. выяўлены і эксплуатуюцца радовішчы нафты, калійных і каменнай солей, буд. матэрыялаў, паклады каменнага і бурага вуглёў, гаручых сланцаў, багатыя рэсурсы прэсных, мінералізаваных і тэрмальных вод і інш. Гл. таксама Прыпяцкі саляносны басейн.

Літ.:

Тектоника Белоруссии. Мн., 1976;

Тектоника Припятского прогиба. Мн., 1979.

В.​С.​Конішчаў.

т. 13, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)