БАРАВІКО́ЎСКІ (Уладзімір Лукіч) (4.8.1757, г. Міргарад, Украіна — 18.4.1825),
рускі і ўкр. жывапісец-партрэтыст. Акадэмік (з 1795), саветнік (з 1802) Пецярбургскай АМ. Вучыўся ў аўстр. мастака І.Б.Лампі. У партрэтах 1790-х г. яскрава выявіліся ідэі сентыменталізму (партрэт Кацярыны II). Імкнуўся ствараць натуральныя вобразы асоб, здольных на тонкія перажыванні, паэт. мары і элегічныя настроі (партрэты А.А.Менеласа, В.В.Капніста, К.М.Арсеньевай, М.І.Лапухіной, А.Г. І В.Г.Гагарыных). У мужчынскіх партрэтах імкнуўся ўвасобіць ідэал паважаных дзярж. дзеячаў (Д.П.Трашчынскага, Ф.А.Бароўскага, А.Ф.Бястужава і інш.). Пасля 1800 у яго творчасці з’яўляюцца рысы класіцызму (партрэты А.І.Безбародка з дочкамі, А.А. і М.І.Далгарукіх, А.Л.Ж. дэ Сталь і інш.). Баравікоўскаму належаць парадныя партрэты (Муртаза-Кулі-Хана, А.Б.Куракіна і інш.) і рэдкія ў тагачасным мастацтве вобразы сялян («Хрысціння», «Зіма ў вобразе селяніна»). У 1793—94 стварыў абразы для Іосіфаўскага сабора ў Магілёве.
Літ.:
Алексеева Т.В. В.Л. Боровиковский и русская культура на рубеже 18—19 вв. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКО́ЎСКІ (Віктар Іванавіч) (18.1.1900, Мінск — 26.12.1982),
рускі мовазнавец. Акад.АНСССР (1972, чл.-кар. з 1958), д-рфілал.н. (1950), праф. (1930).Замежны чл. Германскай АН у Берліне (1969), чл.-кар. Акадэміі навук і л-ры ў Майнцы (ФРГ, 1969). Скончыў Петраградскі ун-т (1923). У 1930—50 у Магілёўскім, Наўгародскім, Яраслаўскім і інш.пед. ін-тах, Львоўскім ун-це. З 1950 у Ін-це мовазнаўства АНСССР (у 1954—60 дырэктар), з 1960 у Ін-це рус. мовы АНСССР. Даследаваў стараж.-рус. пісьменства, гіст. граматыку, параўнальна-гіст. сінтаксіс і дыялекталогію ўсх.-слав. моў. Аўтар прац аб мове Суздальскага летапісу. За даследаванне і публікацыю наўгародскіх берасцяных грамат Дзярж. прэмія СССР 1970. У 1930-я г. выступаў па пытаннях рэформы бел. правапісу. Аўтар манаграфіі «Сінтаксіс казак: Руска-беларускія паралелі» (1981), навук.-біягр. артыкула пра акад. Я.Ф.Карскага, рэдактар яго твораў «Беларусы» (вып. 1—3, 2-е выд., 1955—56) і «Працы па беларускай і іншых славянскіх мовах» (1962).
Літ.:
Список печатных трудов В.Н.Борковского // Проблемы истории и диалектологии славянских языков. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХ (Bach),
нямецкі род, з якога паходзяць некалькі пакаленняў музыкантаў 16 — пач. 19 ст., у т. л. І.С.Бах і яго сыны: Вільгельм Фрыдэман (22.11.1710, Веймар — 1.7.1784), кампазітар і арганіст. Сярод твораў опера «Лаузус і Лідзія», «Нямецкая меса» (незак.), 21 кантата, 9 сімфоній, 5 канцэртаў для клавесіна, інстр. творы, харальныя прэлюдыі, фугі, каноны для аргана, творы для клавесіна. Карл Філіп Эмануэль (8.3.1714, Веймар — 14.12.1788), кампазітар і клавесініст. Найб. значныя дасягненні ў музыцы для клавіра (каля 50 канцэртаў). З інш.тв.: араторыі, «Страсці», магніфікат, кантаты, сімфоніі, камерна-інстр. творы. Аўтар значных тэарэт. прац аб прынцыпах выканальніцтва (у т. л.кн. «Вопыт правільнага спосабу ігры на клавіры», 1753—62, факс. выд. 1957). Іаган Крысціян (5.9.1735, Лейпцыг — 1.1.1782), кампазітар, арганіст, клавесініст. Жыў у Мілане, Лондане. Сярод тв.: 12 опер, у т. л. «Фемістокл» (1772), «Амадыс дэ Голь» (1779), каля 10 пастыча, арыі і кантаты, каля 50 сімфоній, 13 уверцюр, 31 сімфонія-канцэрт, 37 канцэртаў для фп. і інш.інстр., духоўныя творы. Іаган Крыстоф Фрыдрых (21.6.1732, Лейпцыг — 26.1.1795), кампазітар, клавесініст. Аўтар араторый, духоўных і свецкіх кантат, квартэтаў, твораў для клавесіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА Ў ПЕТРАГРА́ДЗЕ ПА АКАЗА́ННІ ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,
дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам-беларусам у 1-ю сусв. вайну. Існавала з студз. 1916 да пач. 1918. Заснавальнікі Б.І.Эпімах-Шыпіла, Ч.І.Родзевіч, А.П.Ярэміч, У.Ф.Міткевіч. На чале т-ва быў камітэт (старшыня Л.С.Сеўрук, нам. старшыні Ярэміч і М.І.Мігай, сакратар Э.А.Будзька). Т-ва аказвала дапамогу грашыма і рэчамі, адкрыла інтэрнаты для бел. студэнтаў і вучняў, дзіцячы прытулак, кравецкую майстэрню, выдавала лістоўкі з заклікам ахвяраваць грошы для бежанцаў, наладжвала «Беларускія вечарыны». Падтрымлівала сувязі з Мінскім аддзелам Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску. Імкнулася пашырыць уплыў на ўсю тэр., дзе знаходзіліся бежанцы. У снеж. 1917 перавыбраны камітэт т-ва, у яго ўвайшлі члены Бел.с.-д. рабочай партыі (А.Р.Чарвякоў, А.Х.Усціловіч і інш.). Спыніла дзейнасць са стварэннем Беларускага нацыянальнага камісарыята.
В.У.Скалабан.
Лістоўка, выдадзеная Беларускім таварыствам у Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. 1916.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ССР. КАРО́ТКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ» (КБелСЭ). Выдадзена ў Мінску ў 1978—81 на бел. і ў 1979—82 на рус. мовах у 5 тамах. Першае на Беларусі шматтомнае рэгіянальнае энцыклапедычнае выданне, цалкам прысвечанае бел. тэматыцы.
Уключае 15 700 энцыклапедычных артыкулаў. У 1-м томе даюцца звесткі пра гісторыю, грамадскі і дзярж. лад Беларусі, у т. л. пра яе адм.-тэр. падзел, населеныя пункты, міжнар. сувязі і інш. У 2-м томе — артыкулы пра прыроду і эканоміку Беларусі, гісторыю нар. гаспадаркі, найноўшыя кірункі бел. прам-сці і с.-г. вытв-сці. 3-і том змяшчае матэрыялы пра навуку і навук. ўстановы, тэхніку і тэхналогіі, нар. асвету і культ.-асв. ўстановы рэспублікі, друк, тэлебачанне, радыёвяшчанне, ахову здароўя, фізкультуру і спорт. У 4-м томе інфармацыя пра насельніцтва, яго побыт, мову, літаратуру, мастацтва, архітэктуру. 5-ы том — біягр. даведнік: персаналіі бел.дзярж. і грамадскіх дзеячаў, герояў вайны і працы, вядомых вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, скульптараў, спартсменаў і інш.
В.К.Шчэрбін.
«Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя».Т. 1-5. 1978—81.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ПЕ́РШЫў Вялікую Айчынную вайну.
Створаны 17.2.1944 у выніку перайменавання Беларускага фронту, дзейнічаў на Бабруйскім і Брэсцка-Люблінскім напрамках. Камандуючыя Маршалы Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі, з
ліст. 1944 Г.К.Жукаў; чл.ваен. савета: ген.-лейт. К.Ф.Цялегін, у маі—ліст. 1944 ген.-палк. М.А.Булганін, нач. штаба ген.-палк. М.С.Малінін. У розны час уваходзілі арміі: 3, 10, 28, 33, 47, 48, 50, 61, 65, 70, 3-я і 5-я ўдарныя, 6-я і 16-я паветр., 8-я гвардз., 1-я і 2-я гвардз.танк., 1-я і 2-я Войска Польскага, Дняпроўская ваенная флатылія. Франтавая газ. «Красная Армия». Войскі фронту сваімі сіламі і разам з інш. франтамі ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 правялі Рагачоўска-Жлобінскую, Бабруйскую, Мінскую, Люблін-Брэсцкую, у 1945 — Вісла-Одэрскую, Варшаўска-Пазнанскую, Усх.-Памеранскую, Берлінскую аперацыі (гл. адпаведныя арт.). 10.6.1945 фронт расфарміраваны, яго палявое ўпраўленне рэарганізавана ў Палявое ўпраўленне Групы сав. войскаў у Германіі.
М.І.Камінскі.
Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў Беларускага фронту першага і партызанаў у в. Сычкава Бабруйскага раёна Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
дзяржаўнае кніжнае выдавецтва ў Мінску. Засн. ў студз. 1921 як Дзярж.выд-ваБССР на базе створанага ў 1920 Бел. аддзялення Дзярж.выд-ва РСФСР, якому акрамя падрыхтоўкі ўласных выданняў было даручана рэгуляванне ўсёй выдавецкай дзейнасці на Беларусі, улік і размеркаванне паперы, распаўсюджванне друкаваных твораў. З 1922 у складзе Дзярж. трэста выдавецкай справы і паліграф. прам-сці Беларусі (Белтрэстдрук). У 1924 на базе Белтрэстдруку і кааператыўнага выд-ва «Савецкая Беларусь» створана Бел.дзярж.выд-ваБССР (ДВБ). У Вял.Айч. вайну з 1942 працавала ў Маскве [да 1943 як выд-ваЦККП(б)Б «Савецкая Беларусь»], з 1944 у Мінску. Назва «Беларусь» з 1963. Выпускае грамадска-паліт., мастацка-публіцыстычную, краязнаўчую, вытворча-тэхн., мед., мастацтвазнаўчую і муз. л-ру, маст. альбомы, плакаты, паштоўкі, адрыўныя календары. У першыя гады існавання выпускала таксама перыяд. выданні, да 1951 навукова-пед., да 1961 с.-г., да 1972 маст. і дзіцячую л-ру, крытычныя і літ.-знаўчыя творы. З яго вылучыліся выд-вы: у 1951 «Народная асвета», у 1961 «Ураджай», у 1972 «Мастацкая літаратура».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РГМАНА ПРА́ВІЛА,
вызначае заканамернасць змянення памераў чалавека і цеплакроўных жывёл у залежнасці ад пануючых тэмператур навакольнага асяроддзя. Устанавіў ням. вучоны К.Бергман (1847). Паводле Бергмана правіла, у чалавека і жывёл аднаго віду або групы блізкіх відаў памеры цела большыя ў паўн. шыротах і меншыя на Пд. Напр., у жыхароў Скандынавіі сярэдні рост 170—175 см, у Іспаніі і Паўд. Італіі — менш за 160 см, такая ж залежнасць і па масе цела; у ваўка на Таймыры даўж. цела да 137 см, маса да 49 кг, у Манголіі адпаведна да 120 см і да 40 кг; у сярэдняй паласе даўж. цела ліса да 90 см, маса да 10 кг, у Туркменіі да 57 см і да 3,2 кг. Бергмана правіла адлюстроўвае адаптацыю чалавека і жывёл да падтрымання пастаяннай т-ры цела ў розных кліматычных умовах: у чалавека і буйных жывёл адносіны паверхні цела да яго аб’ёму меншыя, чым у дробных, таму меншы расход энергіі для падтрымання ўласнай т-ры цела, што важна пры нізкіх т-рах навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКЛІ ((Berkeley) Джордж) (12.3.1685, г. Кілкені, Ірландыя — 14.1.1753),
англійскі тэолаг і філосаф. Атрымаў адукацыю ў Дублінскім ун-це. З 1734 епіскап англіканскай царквы ў Клойне (Ірландыя). Паводле яго вучэння, усе прадметы аб’ектыўнай рэальнасці існуюць толькі таму, што ўспрымаюцца суб’ектам; наогул няма нічога, што рэальна існуе, акрамя субстанцыі духу, душы і «майго Я». Выступаў з крытыкай атэізму, уяўлення аб матэрыі як прадметнай аснове (субстанцыі) целаў і іх якасцяў, а таксама вучэння Дж.Лока і Ньютана аб матэрыі і прасторы. Лічыў немагчымым утварыць агульныя ідэі прасторы і матэрыі, абстрагаваўшыся ад уласцівасцяў асобных рэчаў, паколькі ў чалавека няма пачуццёвага ўспрымання матэрыі. Зыходзячы з канцэпцыі суб’ектыўнага ідэалізму сцвярджаў, што нават калі б усе суб’екты ўспрымання зніклі, рэч працягвала б існаваць як сума «ідэй» у розуме Бога — суб’екта, які не можа знікнуць, і таму не можа знікнуць і створаны ім свет зорак, планет і Зямля з усім, што існуе на ёй. Асн. працы: «Спроба новай тэорыі погляду» (1709), «Трактат пра пачаткі чалавечых ведаў» (1710), «Тры размовы паміж Гіласам і Філонусам» (1713), «Алсіфрон, ці Дробны філосаф» (т. 1—2, 1732) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́БЛ (акадскае Губл, стараж.-яўр.Гебал),
старажытны горад і порт у Фінікіі (цяпер г. Джубейль, Ліван). З 6-га тыс. да н.э. невял. гандлёва-рамесны цэнтр, праз які Егіпет вывозіў з Фінікіі лес. У 4—2-м тыс. да н.э.гандл. (ліванскі кедр, медзь) і рэліг. (месца культу Адоніса) цэнтр; апрацоўка папірусу — адсюль назва (грэч. byblos кніга). У 16—13 ст. да н.э. быў залежны ад Егіпта, але меў сваіх цароў. У канцы 2-га тыс. да н.э. страціў сваё значэнне, пазней яго неаднаразова падпарадкоўвалі Асірыя і Вавілонія. У 11—9 ст. да н.э. вёў барацьбу з Цірам і Сідонам за панаванне ў Фінікіі. Пры Ахеменідах і ў эліністычна-рымскі перыяд перажываў уздым, чаканіў манету, меў самакіраванне. З 7 ст.н.э.араб. горад.
Раскопкамі выяўлены надпісы на каменных і бронзавых прадметах (гл.Біблскае пісьмо), рэшткі храма багіні Баалат Гебал (2-е тыс. да н.э.), саркафаг цара Ахірама з раннеалфавітным надпісам 13 ст. да н.э., каля 1800 пахаванняў, дамы багатых гараджан, шмат вырабаў з медзі, серабра, золата.