ЛЫЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 8.2.1929, в. Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1989), праф. (1993). Брат Г.​М.​Лыча. Скончыў Башкірскі пед. ін-т (1957). З 1958 працаваў настаўнікам, з 1962 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, з 1989 вядучы навук. супрацоўнік. Даследуе пытанні сацыяльна-класавых адносін у сав. час, гісторыю бел. культуры, моўную палітыку на Беларусі ў 19—20 ст., міжнац. адносіны на Беларусі ў 20 ст. Старшыня Тапанімічнай камісіі пры Прэзідыуме Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1992—96.

Тв.:

Аднаўленне і развіццё чыгуначнага транспарту Беларускай ССР (верасень 1943—1970 гг.). Мн., 1976;

Аграрный отряд рабочего класса Белоруссии. Мн., 1984;

Ликвидация экономического и социально-культурного неравенства союзных республик: На примере БССР (1917—1941 гг.). Мн., 1987;

Беларуская нацыя і мова. Мн., 1994;

Назвы зямлі беларускай. Мн., 1994;

Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997 (разам з У.​І.​Навіцкім).

Г.М.Лыч.

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАЎ (Васіль Антонавіч) (23.4.1889, г. Варонеж, Расія — 4.9.1972),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі; адзін з заснавальнікаў бел. школы педыятраў. Акад. АН Беларусі (1941, чл.-кар. 1940), д-р мед. н. (1921), праф. (1924). Засл. дз. нав. Беларусі (1939). Скончыў Пецярб. ваенна-мед. акадэмію (1914). З 1924 заг. кафедры, з 1933 дэкан і нам. дырэктара Мінскага мед. ін-та. У 1940—47 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. З 1941 заг. кафедраў Горкаўскага, Новасібірскага і Мінскага мед. ін-таў, адначасова з 1959 заг. Сектара геранталогіі АН Беларусі. Навук. працы па ўмоўных астаткавых рэфлексах у дзяцей, пранікальнасці сасудаў галаўнога мозга, узбагачэнні мікраэлементамі прадуктаў харчавання, эпідэмічным і туберкулёзным менінгіце ў дзяцей.

Тв.:

Материалы к изучению условных следовых рефлексов у детей. Мн., 1926;

Минеральный спектр крови в динамике лейкозов у детей (разам з А.​К.​Усціновічам) // Докл. АН БССР. 1966. Т. 10, № 3;

Цинк в организме человека и животных. Мн., 1971 (разам з Т.​Л.​Дубінай).

В.А.Лявонаў.

т. 9, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ШКО́ЛА КПЗБ, Падпольная школа КПЗБ у Мінску,

навучальная ўстанова, у якой у 1925—37 праходзілі падрыхтоўку падпольшчыкі Зах. Беларусі. Створана паводле пастановы ЦК КПЗБ ад 17.7.1924. Пачала дзейнічаць у пач. 1925 у в. Лошыца (цяпер у межах Мінска); пазней размяшчалася ў б. памешчыцкай сядзібе на вул. Грушаўскай. Штогод у школе навучалася 25—30 падпольшчыкаў парт. і камсам. профілю. Вучоба працягвалася 9—10 месяцаў па спец. праграме. Заняткі праводзілі выкладчыкі з БДУ, інш. ВНУ Мінска, дзеячы рэв. і нац.-вызв. руху Зах. Беларусі; з дакладамі выступалі кіруючыя работнікі КПП і КПЗБ, сакратары ЦК КП(б)Б і старшыні СНК БССР. Усе слухачы і выкладчыкі, звязаныя з падполлем, карысталіся псеўданімамі. Сярод выпускнікоў школы дзеячы рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.Р.Анісаў, А.Р.Бергман, С.В.Прытыцкі і інш. Перастала існаваць у 1937 у сувязі з рэпрэсіямі ў адносінах да ўдзельнікаў рэв.-вызв. руху Зах. Беларусі.

Літ.:

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 10, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Віталь Фядосавіч) (н. 26.9.1928, в. Вугольшчына Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1984). Д-р эканам. н. (1981), праф. (1982). Скончыў БДУ (1952). З 1955 у Ін-це эканомікі АН Беларусі, з 1961 у Дзяржплане Беларусі. З 1967 дырэктар НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання. З 1973 дырэктар БелНДІ навук.-тэхн. інфармацыі і тэхніка-эканам. дасягненняў. З 1994 старшы саветнік ін-та «Белінфармпрагноз» пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Навук. працы па праблемах метадалогіі развіцця рэгіянальных эканам, сістэм, пабудове сістэмы інфарм. забеспячэння навукі, тэхнікі і вытв-сці. Распрацоўваў сукупнасць навук, абгрунтаванняў фарміравання і развіцця нар.-гасп. комплексу Рэспублікі Беларусь.

Тв.:

Моделирование в системе планирования и управления. Мн., 1976 (разам з Л.​М.​Крюкавым);

Системы моделей в планировании Мн., 1977 (з ім жа);

Совершенствование регионального планирования. Мн., 1979;

Республика Беларусь: окружающая среда и экономика. Нью-Йорк;

Женева, 1994;

Содержание, цели и перспективы инновационной политики Республики Беларусь. Нью-Йорк;

Женева, 1996.

т. 11, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁМАНСКІ (Янка) (сапр. Пятровіч Іван Андрэевіч; 12.4.1890, в. Шчорсы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 30.10.1937),

бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад. АН Беларусі (1928). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1909), вучыўся ў Петраградскім ун-це (1915—16, 1918). З 1918 у Белнацкоме пры Наркамаце па справах нацыянальнасцей РСФСР. З Ц.​Гартным рэдагаваў газ. «Дзянніца». У 1919—21 у Чырв. арміі. З 1922 у Мінску. Працаваў у планава-эканам. органах Беларусі, вучоным сакратаром Ін-та эканомікі АН Беларусі, нам. старшыні Дзяржплана БССР. У 1929—30 першы неадменны сакратар Прэзідыума АН БССР 26.4.1937 арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1918. Першае апавяданне «Над Кроманню» (1922). У зб. апавяданняў «На зломе» (1925), аповесці «Партызан» (1927), рамане «Драпежнікі» (1928—30, няскончаны) адлюстраваў жыццё розных класаў грамадства, рэв. рух напярэдадні 1-й сусв. вайны, грамадз. вайну, барацьбу бел. народа супраць польск. акупантаў. Выступаў у друку па пытаннях гісторыі, эканомікі і культуры Беларусі. Чл. ЦВК БССР у 1927—36.

Тв.:

Творы. Мн., 1984.

Л.​С.​Савік.

Я.Нёманскі.

т. 11, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУЯ́Н (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 3.1.1928, в. Некрашэвічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1980), праф. (1993). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951). З канца 1944 працаваў у Магілёўскім пед. ін-це, з 1956 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе сац.-эканам. адносіны, рэв. і нац.-вызв. рух у Зах. Беларусі, гісторыю сялянства, агр. пераўтварэнняў і сац. адносін у БССР у 1921—41. Удзельнічаў у напісанні 2-томнай (т. 2, 2-е выд. 1961) і 5-томнай (т. 3—4, 1973—75) «Гісторыі Беларускай ССР», 12-томнай «Гісторыі СССР са старажытных часоў да нашых дзён» (т. 9, 1971), прац «Перамога калгаснага ладу ў Беларускай ССР» (1981), «Інстытут беларускай культуры» (1993), «Нарысы ваеннай гісторыі Беларусі» (ч. 3, 1995), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995) і інш.

Тв.:

Беларуская сялянска-рабочая грамада. Мн., 1967;

Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978.

С.Е.Палуян.

т. 12, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛЮЧЭ́НКА (Міхаіл Міхайлавіч) (17.3.1909, в. Глухавічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 24.3.1975),

бел. фізікахімік. Акад. АН Беларусі (1959, чл.-кар. 1956), д-р хім. н., праф. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1933). У 1934—68 у БДУ (у 1938—58 заг. кафедры), адначасова з 1937 у АН Беларусі: у Ін-це хіміі (з 1957 заг. лабараторыі), з 1959 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі (у 1959—66 дырэктар, з 1966 заг. лабараторыі). Навук. працы па тэорыі топахім. рэакцый, кінетыцы гетэрагенных хім. рэакцый з удзелам цвёрдай фазы, радыяхіміі, малекулярным і эмісійным спектральным аналізе. Прапанаваў шэраг новых флатарэагентаў для абагачэння калійных руд. Прымаў удзел у распрацоўцы тэхніка-эканам. абгрунтавання развіцця прамысл. вытв-сці мінер. угнаенняў у Беларусі.

Тв.:

Калийные соли Белоруссии, их переработка и использование. Мн., 1966 (разам з Х.​М.​Александровічам);

Закономерности топохимических реакций. Мн., 1976 (разам з Я.​А.​Проданам, С.​А.​Продан).

М.М.Паўлючэнка.

т. 12, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ЗІКАЎ (Віктар Мітрафанавіч) (н. 7.9.1928, в. Балотнікі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. філосаф і культуролаг. Канд. філас. н. (1958), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1975). Скончыў БДУ (1953). З 1957 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі (у 1960—72 і ў 1987—96 заг. кафедры, у 1968—79 прарэктар). У 1979—87 рэктар Мінскага ін-та культуры. З 1987 у Бел. эканам. ун-це (у 1987—96 заг. кафедры). Навук. працы па гісторыі філасофіі і сацыялогіі, асветы і культуры Беларусі.

Тв.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973 (у сааўт.);

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985 (у сааўт.);

Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1993 (разам з У.​У.​Качаноўскім);

Кароткі філасофскі слоўнік. Мн., 1994 (у сааўт.);

Философия: Курс лекций. Мн., 1995 (у сааўт.);

Методологические и методические аспекты философской подготовки магистров. Мн., 1998.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНЧУ́К (Барыс Міхайлавіч) (н. 15.5.1918, г. Анапа Краснадарскага краю, Расія),

бел. дырыжор, педагог. Нар. арт. Беларусі (1970). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1942). З 1944 дырыжор аркестраў вайск. часцей, штаба Ленінградскай ваен. акругі, нач. ваенна-арк. службы Паўд. групы войск. Адзін з дырыжораў зводнага аркестра ў час Парада Перамогі 1945 на Краснай плошчы. У 1962—79 нач. ваенна-арк. службы і гал. дырыжор аркестраў БВА, з 1965 адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі (з 1986 праф.). Выканальніцкі почырк П. вылучаецца глыбокім разуменнем стылю муз. твора і маст. ініцыятыўнасцю. Аўтар марша «Партызаны Беларусі», «Беларускага марша» на тэмы песень У.​Алоўнікава, «Беларускага камсамольскага марша» на тэмы песень І.​Лучанка, «Страявога марша» на тэмы песень Ю.​Семянякі, інструментоўкі Дзярж. гімна Беларусі, шматлікіх апрацовак, інструментовак і пералажэнняў твораў бел. кампазітараў Р.​Пукста, А.​Багатырова, Я.​Глебава, Л.​Захлеўнага, Н.​Сакалоўскага і інш. Выдаў дапаможнік «Дырыжору духавога аркестра» (1975). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.

Дз.​М.​Жураўлёў.

Б.М.Пянчук.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКІ́ЦКІ (Пётр Фаміч) (15.8.1903, в. Кустаўніца Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 21.10.1977),

бел. вучоны ў галіне генетыкі. Акад. АН Беларусі (1967), д-р біял. н., праф. (1940). Засл. дз. нав. Беларусі (1973). Скончыў Маскоўскі ун-т (1927). З 1930 ва Усесаюзным ін-це жывёлагадоўлі, адначасова ў 1932—38 у Маскоўскім ун-це. З 1938 у Маскоўскім пушна-футравым ін-це (заг. кафедры, дэкан, нам. дырэктара), з 1949 у Комі філіяле АН СССР, з 1957 ва Усесаюзным ін-це навук. і тэхн. інфармацыі. У 1960—69 у БДУ (заг. кафедры), адначасова з 1965 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях генетыкі колькасных прыкмет і генет. асноў селекцыі жывёл, радыяцыйнай генетыцы, выкарыстанні матэм. метадаў у біялогіі, філасофіі і гісторыі біялогіі. Сфармуляваў і эксперыментальна абгрунтаваў паняцце аб полі дзеяння гена. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.

Тв.:

Генетика. 4 изд. М., 1937;

Биологическая статистика. 3 изд. Мн., 1973;

Введение в статистическую генетику. 2 изд. Мн., 1978.

П.Ф.Ракіцкі.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)