ВАРЫЯЦЫ́ЙНАЯ ФО́РМА, варыяцыі,

музычная форма, якая складаецца з тэмы (зрэдку дзвюх, трох тэм) і яе відазмененых паўтораў (варыяцый). Асн. тэма можа быць арыгінальная ці запазычаная. У варыяцыйнай форме можа быць напісаны самаст. твор, частка цыкла або раздзел буйнога муз. твора (сімфоніі, канцэрта, сюіты, санаты, квартэта), а таксама оперы, балета.

Вытокі варыяцыйнай формы ў нар. песеннай і танц. творчасці. У прафес. музыцы яна выпрацоўвалася ў розных поліфанічных жанрах (І.​С.​Бах, Г.​Ф.​Гендэль, Г.​Ф.​Тэлеман). У 17 ст. ў зах.-еўрап. музыцы ўзнікла варыяцыйная форма на баса астыната. У 2-й пал. 18 ст. склалася строгая (класічная) варыяцыйная форма з захаваннем у варыяцыях памераў, гармоніі, танальнасці, тэмпу, метра, тэмы (І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт, Л.​Бетховен). У 19 ст. ў творчасці кампазітараў-рамантыкаў (Ф.​Шуберт, Р.​Шуман, Ф.​Мендэльсон) з’явілася свабодная варыяцыйная форма, дзе ўсе сродкі выразнасці тэмы могуць вольна вар’іравацца нават да яе жанравых змен. У рус. музыцы 19 ст. найб. пашырана варыяцыйная форма на нязменную мелодыю — сапрана астыната (т.зв. глінкаўскія варыяцыі).

У бел. музыцы ў варыяцыйнай форме напісаны самаст. творы (фп. варыяцыі Л.​Абеліёвіча, Г.​Вагнера, У.​Алоўнікава, Р.​Суруса, Э.​Тырманд, М.​Васючкова; аркестравыя («З беларускага эпасу» Л.​Захлеўнага) і часткі цыклічных твораў (у сімфоніі «Беларусь» В.​Залатарова, сімфаньеце М.​Аладава, фп. трыо А.​Багатырова), эпізоды з балетаў «Альпійская балада» і «Выбранніца» Я.​Глебава і інш.

Літ.:

Протопопов В. Вариационные процессы в музыкальной форме. М., 1967;

Цуккерман В. Анализ музыкальных произведений. Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНО́,

1) вінаграднае, алкагольны напітак, які атрымліваюць поўным ці частковым спіртавым браджэннем вінаграднага соку (сусла) ці мязгі (здробненага вінаграду). Для прыгатавання выкарыстоўваюць вінаград тэхн. спеласці ці правялены да цукрыстасці не больш як 40% (гл. Вінаробства).

Віно мае ў сабе ваду і этылавы спірт, арган. к-ты (у асноўным яблычную і вінную, а таксама лімонную, малочную, воцатную і інш.), цукры (глюкозу і фруктозу), дубільныя і мінер. рэчывы, вітаміны (P, B1, B6, PP, B12 і інш.). Віно вінаграднае вызначаецца высокай каларыйнасцю (1 л сухога віна дае 2,5—3,3 кДж), бактэрыцыднымі ўласцівасцямі.

Віно вінаграднае падзяляюць на сартавое (вырабляюць з вінаграду аднаго сорту) і купажнае (з сумесі розных сартоў), «ціхае» (без лішкаў дыаксіду вугляроду) і насычанае дыаксідам вугляроду: пеністае (напр., шампанскае), шыпучае ці газіраванае. «Ціхія» віны адрозніваюць паводле саставу (гл. табл.). Па якасці віны падзяляюць на ардынарнае (вытрымка да 1 года), марачнае (вытрымка 1,5—2 гады), калекцыйнае (вытрымка на менш як 3 гады). Па колеры адрозніваюць белае, ружовае і чырвонае.

2) Віно пладова-ягаднае, алкагольны напітак, які атрымліваюць браджэннем сокаў дзікарослых і культ. пладоў і ягад (журавін, брусніц, малін, яблыкаў, сліў і інш.) з дабаўленнем вады і цукру. У выніку браджэння ў віне ўтвараецца да 6% (аб’ёмных) спірту. Мацунак такіх він павышаюць да 9—20% дабаўленнем спірту-рэктыфікату.

С.​П.​Самуэль.

Састаў «ціхіх» він
Віно Колькасць, %
спірту цукру
Сталовае
 сухое 9—14 Да 0,3
 паўсухое 9—12 0,5—3
 паўсалодкае 9—12 3—8
Мацаванае
 моцнае 17—20 1—14
 дэсертнае
  паўсалодкае 14—16 5—12
  салодкае 15—17 14—20
  лікёрнае 12—17 21—35
Араматызаванае 16—18 6—16

т. 4, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ БАІ́ 1812,

баі за Віцебск у ходзе вайны 1812 пры адступленні ў ліпені і наступленні ў лістападзе рус. войск. 23 ліп. ў Віцебск увайшла 1-я рус. армія, якая адступала. Яе камандуючы М.Б.Барклай дэ Толі вырашыў даць тут генеральную бітву, бо разлічваў на хуткі падыход 2-й арміі П.​І.​Баграціёна. Аднак 26—27 ліп. Барклаю стала вядома, што французы захапілі Магілёў, а Баграціён адступае на Смаленск, таму ён адмовіўся ад генеральнай бітвы і таксама вырашыў адступаць на Смаленск. Для прыкрыцця адступлення 1-й арміі быў пакінуты ар’ергард ген.-маёра П.​П.​Палена з 8 пях. батальёнаў і 4 кав. палкоў. 27 ліп. ў ходзе бою пры ўпадзенні р. Лучоса ў Зах. Дзвіну рус. войскі стрымлівалі націск франц. дывізій, нанеслі ім страты каля 3 тыс. чал. і самі страцілі столькі ж. У ноч на 28 ліп. 1-я армія скрытна адступіла, увёўшы ў зман Напалеона, які спадзяваўся даць тут генеральную бітву. 2-і бой адбыўся пры вызваленні Віцебшчыны 1-м корпусам П.Х.Вітгенштэйна. Для авалодання Віцебскам з г. Бешанковічы быў адпраўлены атрад ген.-маёра В.​І.​Гарпе з 4 пях. батальёнаў, 5 кав. эскадронаў і інш. падраздзяленняў, які 6 ліст. прыбыў у в. Старое Сяло (на З ад Віцебска), па левым беразе Зах. Дзвіны рушылі 2 эскадроны драгунаў на чале з падпалк. Д.​А.​Сталыпіным. 7 ліст. атрад Гарпе ўварваўся ў Віцебск, перайшоў праз палаючы мост на левы бераг і пасля вулічных баёў выбіў французаў з горада. Былі захоплены запасы харчу і фуражу, сотні палонных, у т. л. франц. віцебскі губернатар ген. Пужэ.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 4, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗА,

горад на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора, на тэрыторыі гіст. вобласці Палесціна. З навакольнай прыбярэжнай тэрыторыяй (сектар Газа, паласа Газа) даўж. 50 км, шыр. ад 5—7 да 12 км і пл. 362 км² мае асобны паліт. статус. Насельніцтва горада Газа каля 270 тыс. чал., усяго сектара Газа разам з насельніцтвам лагераў палесцінскіх бежанцаў каля 800 тыс. чал. (1994), больш за 99% з іх арабы-палесцінцы. У сектары Газа ёсць 10 с.-г. яўр. паселішчаў (кібуцаў). Развіта мясцовая і саматужная прам-сць (выраб дываноў, пашыў адзення, ганчарства, рамонт трансп. сродкаў). Здабыча буд. матэрыялаў і будаўніцтва. Рыбная лоўля. Вырошчванне цытрусавых. Частка насельніцтва працуе на прадпрыемствах Ізраіля. 40% насельніцтва — беспрацоўныя.

Старажытны горад ханаанеяў у паўд. Палесціне. У канцы 15 ст. да н.э. занята егіпцянамі. З 12 ст. да н.э. прадмет спрэчак паміж ізраільскай дзяржавай і філістымлянамі. З канца 8 ст. да н.э. пад уладай Асірыі, Вавілона, Персіі. У 332 да н.э. захоплена Аляксандрам Македонскім. Росквіт Газы прыпадае на часы рымскага і візант. панавання. З 635 н.э. Газа ў складзе халіфата, з 1517 у Асманскай імперыі. У 1917 горад заняты брыт. войскамі, у 1920—47 — адм. ц. Палесціны, падмандатнай Вялікабрытаніі. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН у 1947 Газа і прылеглыя тэр. (сектар Газа) увайшлі ў склад араб. дзяржавы. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 сектар Газа пад кіраваннем Егіпта. Акупіраваны ізраільскімі войскамі ў 1967. У 1993 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя аб прынцыпах стварэння часовага палесцінскага самакіравання ў сектары Газа на працягу 5-гадовага пераходнага перыяду. Гл. таксама Блізкаўсходні канфлікт.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́ЦЫЯ, Галіччына,

1) гістарычная назва зах.-ўкр. і польскіх зямель у складзе імперыі Габсбургаў у канцы 18 — пач. 20 ст. Ахоплівала тэр. сучасных Івана-Франкоўскай, Львоўскай і Цярнопальскай абласцей Украіны, Жэшаўскага і б.ч. Кракаўскага ваяводстваў Польшчы. Складалася з Зах. Галіцыі, населенай пераважна палякамі, і Усходняй, населенай украінцамі. Усх. Галіцыя з 6 ст. н.э. заселена славянамі (белыя харваты, дулебы), у 9—11 ст. у складзе Кіеўскай Русі, з 1141 у Галіцкім княстве, з 1199 у Галіцка-Валынскім княстве. У 1349—1772 пад уладай Польшчы. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) з яе Бэлзскага і значных частак Кракаўскага, Сандамірскага і Рускага ваяводстваў утворана правінцыя «Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі» ў складзе Аўстр. імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыя). У 1786—1849 у правінцыю ўваходзіла таксама Букавіна, у 1795—1809 — тэр. паміж рэкамі Піліца і Зах. Буг (т.зв. Новая, ці Зах. Галіцыя). У 1809—15 ад Галіцыі аддзелена Цярнопальская акр., у 1846 — Кракаў з наваколлем. У 1848 у Галіцыі скасавана прыгоннае права. У 1-ю сусв. вайну Усх. Галіцыя была арэнай ваен. дзеянняў (гл. Галіцыйская бітва 1914). Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (кастр. 1918) у ліст. 1918 у Львове абвешчана Зах.-ўкр. нар. рэспубліка (ЗУНР; праіснавала да ліп. 1919). У выніку польска-сав. Вайны 1919—20 Усх. Галіцыя трапіла пад уладу Польшчы (юрыдычна прызнана за ёй у 1923), у 1939 далучана да Укр. ССР (з 1991 незалежная Укр. дзяржава).

2) Назва тэр. Кракаўскага, Львоўскага, Станіслаўскага і Тарнопальскага ваяводстваў Польшчы ў 1919—39 і акругі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі, Польшчы (т.зв. ген.-губернатарства) у 1941—45.

С.​Б.​Каўн.

т. 4, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРААЭРАМЕХА́НІКА (ад гідра... + аэрамеханіка),

раздзел механікі, які вывучае законы руху і раўнавагі вадкасцей і газаў, а таксама іх узаемадзеянне паміж сабой і з межавымі паверхнямі цвёрдых цел. Вадкасці і газы разглядаюцца як суцэльнае асяроддзе (без уліку малекулярнай будовы). Падзяляецца на тэарэт. і эксперыментальную; уключае гідрамеханіку, аэрамеханіку, газавую дынаміку, пытанні абгрунтавання эксперыментаў і выкарыстання іх вынікаў разглядаюцца ў падобнасці тэорыі і ў мадэліраванні. Вынікі даследаванняў па гідрааэрамеханіцы выкарыстоўваюцца ў ракетна-касм., авіяц. і інш. тэхніцы, пры буд-ве суднаў, турбін, гідратэхн. збудаванняў і інш.

Станаўленне гідрааэрамеханікі як навукі звязана з працамі Л.Эйлера (атрымаў ураўненні руху ідэальнай вадкасці і неразрыўнасці ўраўненне) і Д.Бернулі (устанавіў суадносіны паміж ціскам вадкасці і яе кінетычнай энергіяй; гл. Бернулі ўраўненне). У работах Ж.Лагранжа, А.Кашы, Т.Кірхгофа, Т.Гельмгольца, Дж.Стокса, М.Я.Жукоўскага, С.А.Чаплыгіна і інш. распрацаваны аналітычныя метады даследаванняў безвіхравых і віхравых цячэнняў ідэальнай вадкасці, руху цел у вадкасцях і газах і інш. Асн. дасягненне гідрааэрамеханікі 19 ст. — пераход да даследаванняў руху рэальнай (вязкай) вадкасці, які падпарадкоўваецца ўраўненням Наўе—Стокса; ням. вучоны Л.​Прандтль распрацаваў тэорыю пагранічнага слоя (1904). Тэарэт. метады гідрааэрамеханікі грунтуюцца на дакладных (ці набліжаных) ураўненнях, што апісваюць цячэнне вадкасці (газу); выкарыстанне ЭВМ дазваляе рашаць складаныя сістэмы ўраўненняў з улікам многіх фактараў.

На Беларусі праблемы гідрааэрамеханікі распрацоўваюць у Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це фізікі АН Беларусі, БДУ, Бел. політэхн. акадэміі.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 6. Гидродинамика. 4 изд. М., 1988;

Прандтль Л. Гидроаэромеханика: Пер. с нем. М., 1949;

Седов Л.И. Механика сплошной среды. Т. 1—2. 4 изд. М., 1983—84.

Б.​А.​Калавандзін, В.​А.​Сасіновіч.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БА,

паверхневы слой зямной кары, які развіўся ў выніку сумеснага ўздзеяння на горную (мацярынскую) пароду паветра, атм. ападкаў, сонечнага цяпла, жывых і адмерлых арганізмаў і мае прыродную ўрадлівасць; асн. сродак с.-г. вытв-сці.

Складаецца з генетычна звязаных глебавых гарызонтаў, якія адрозніваюцца саставам, будовай, структурай, колерам і інш. ўласцівасцямі; іх сукупнасць утварае глебавы профіль. Найб. значэнне мае верхні перагнойны або гумусавы гарызонт, на ворных землях ён дасягае 25—30 см. У глебе вылучаюць цвёрдую (гумус, першасныя і другасныя мінералы), вадкую (глебавы раствор), газападобную (глебавае паветра) часткі і жывыя арганізмы (глебавую фауну і флору). Глебы бываюць розных генетычных тыпаў, падтыпаў, родаў, відаў, разнавіднасцей. Паводле грануламетрычнага складу адрозніваюць пясчаныя глебы, супясчаныя глебы, сугліністыя глебы і гліністыя глебы, паводле колькасці вільгаці — нармальна ўвільготненыя (аўтаморфныя), часова і пастаянна пераўвільготненыя (паўгідраморфныя і гідраморфныя), якія патрабуюць асушэння. У залежнасці ад прыродных якасцей выбіраюць найб. эфектыўныя прыёмы іх паляпшэння. Глеба бесперапынна развіваецца і зменьваецца, у т. л. пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека.

На тэр. Беларусі шмат тыпаў глебы, што розняцца паміж сабой будовай профілю, уласцівасцю і ўрадлівасцю, якую магчыма павялічыць пры дапамозе ўгнаенняў, апрацоўкі, рэгулявання воднага рэжыму і інш. Самыя пашыраныя тыпы: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (абодва найб. выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытв-сці), таксама дзярновыя забалочаныя глебы, поймавыя глебы, тарфяна-балотныя глебы. Менш пашыраны бурыя лясныя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы і падзолістыя глебы.

Н.​М.​Івахненка.

Да арт. Глеба. Глебы: 1 — дзярнова-карбанатная; 2 — дзярнова-падзолістая; 3 — дзярнова-падзолістая (глеяватая); 4 — дзярновая забалочаная (глеяватая); 5 — поймавая; 6 — тарфяна-балотная.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЮК ((Gluck) Крыстаф Вілібальд) (2.7.1714, Эрасбах, цяпер у межах г. Берхінг, Германія — 15.11.1787),

нямецкі кампазітар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў муз. класіцызму, рэфарматар оперы 18 ст. Найб. важныя перыяды творчасці звязаны з Венай і Парыжам. Разумеючы неабходнасць рэфармаваць абцяжараную ўмоўнасцямі, далёкую ад рэальнасці традыц. італьян. оперу, ён пачаў гэтую працу ў оперы «Арфей і Эўрыдыка» (1762). Найб. паслядоўна рэфарматарскія прынцыпы ўвасоблены ў «Альцэсце» (1767) і «Парысе і Алене» (1770). У вядомых гісторыка-легендарных сюжэтах акцэнтаваў этычны пачатак. Імкнучыся да прастаты і натуральнай выразнасці ў оперы, да больш цеснага зліцця музыкі з драмай і паэт. словам, гал. элементам муз.-драм. дзеяння ён зрабіў рэчытатыў, узмацніў функцыі аркестра, аднавіў значэнне хору і балетных нумароў, стварыў оперу з яснай структурай. Найважнейшыя палажэнні рэформы сфармуляваў у прадмове да партытуры «Альцэсты». У Парыжы ён напісаў свае лепшыя творы: «Іфігенія ў Аўлідзе» (1774), «Арміда» (1777), «Іфігенія ў Таўрыдзе» (1779), новыя рэд. «Арфея і Эўрыдыкі» (1774) і «Альцэсты» (1776), пастаноўка якіх завяршыла яго оперную рэформу. Напісаў таксама 5 балетаў, у т. л. «Дон Жуан» (1761), «Аляксандр» і «Семіраміда» (абодва 1765), оды і песні на словы Ф.​Г.​Клопштака. На творчасць Глюка, прадстаўніка асветніцкага класіцызму, паўплывала ідэалогія «трэцяга саслоўя». Яго рэформа зрабіла вял. ўплыў на муз. т-р 19—20 ст. (Л.​Бетховен, Г.​Берліёз, Р.​Вагнер, Л.​Керубіні, Э.​Мегюль і інш.).

Літ.:

Рыцарев С.А. Кристоф Виллибальд Глюк. М., 1987;

Роллан Р. Глюк: По поводу «Альцесты» // Роллан Р. Музыкально-историческое наследие: Пер. с фр. М., 1988. Вып. 3;

Querelle des Gluckistes et de Piccinnistes. Genève, 1984.

К.В.Глюк. Мастак І.​С.​Дзюплесі.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1866—1918. Падпарадкоўваліся Віленскай навучальнай акрузе. Гомельская мужчынская гімназія засн. ў 1866 на базе 3-класнага вучылішча як 4-класная прагімназія, з 1877 — 6-класная. У 1897 пераўтворана ў поўную 8-класную гімназію з падрыхтоўчым класам (1—4-ы класы паралельныя). Утрымлівалася за кошт дзярж. сродкаў і платы за навучанне. Вучыліся пераважна дзеці мяшчан, дваран, чыноўнікаў і заможных сялян. У 1909 — каля 30 выкладчыкаў, 471 навучэнец. Гомельская жаночая гімназія, засн. 1.7.1882 на базе жан. пансіёна як 4-класная прагімназія, у 1897—99 адчынены 5—7-ы класы, у 1909 — 8-ы пед. (з вер. 1917 агульнаадук. клас). Мела падрыхтоўчы і паралельныя класы. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне, сродкаў дзярж., гар. бюджэту, т-ва дапамогі бедным навучэнкам, заможных асоб. На 1.1.1917 было 19 класаў, каля 30 выкладчыкаў, 885 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія В.​А.​Копіш, адкрыта ў 1907 як 4-класная прагімназія, з 2.8.4.1908 — 7-класная гімназія. У 1911 — 23 выкладчыкі, 349 вучаніц. Прыватная яўрэйская мужчынская гімназія А.​Е.​Ратнера, адкрыта ў 1907 у складзе 8 класаў. У 1911 — 27 выкладчыкаў, 255 навучэнцаў. Прыватная жаночая навучальная ўстанова Л.​С.​Абалонскай (з правамі гімназіі), засн. ў 1915 як 7-класная, потым адкрыты 8-ы клас. Прыватная жаночая прагімназія М.​А.​Табалевіч-Федароўскай, засн. Ў 1908 як жаночае вучылішча, у 1911 пераўтворана ў 7-класную прагімназію. Выкладаліся тэорыя і практыка замежных моў, гімнастыка і танцы. Гімназія мела дзіцячы сад. Працавалі таксама жаночыя яўр. прагімназіі М.​А.​Эльяшава і А.​Я.​Сыркінай.

Г.​Сянькевіч.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРНАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна горназдабыўной прамысловасці, якая займаецца здабычай, першаснай перапрацоўкай і абагачэннем сыравіны (фасфатных, серных, борных, мыш’яковых, барыевых і барытавых руд, прыродных сульфату натрыю, калійных солей, соды і кухоннай солі), а таксама атрыманнем брому, ёду і інш. рэчываў. Засн. на комплексным выкарыстанні сыравіны з мэтай павышэння эфектыўнасці вытв-сці, прадухілення забруджвання навакольнага асяроддзя адходамі і недапушчэння агульнага адмоўнага ўплыву сваіх працэсаў. Прадпрыемствы горнахімічнай прамысловасці пераважна з’яўляюцца часткай адпаведных спецыялізаваных аб’яднанняў, што ўключаюць аб’екты здабычы, перапрацоўкі зыходнай сыравіны, атрымання спадарожных рэчываў і разнастайных матэрыялаў. У месцах развіцця горнахімічнай прамысловасці паявіліся цэлыя прамысл. комплексы, з гарадамі, якія іх абслугоўваюць.

Узнікненне горнахімічнай прамысловасці як самаст. галіны вытв-сці звязана з неабходнасцю забеспячэння сельскай гаспадаркі мінер. ўгнаеннямі. У 1913 прамыслова развітыя краіны здабывалі каля 10 млн. т горнахім. сыравіны, з якой на самародную серу, флюарыты, бараты, бром, ёд і хромавую руду прыпадала каля 1,15 млн. т, астатняе — фасфатная сыравіна і калійныя солі. У 1980 у краінах з рыначнай эканомікай здабывалася 165 млн. т горнахім. сыравіны. Буйнейшыя здабытчыкі і краіны-экспарцёры — ЗША і Марока, буйнейшыя імпарцёры — дзяржавы Зах. Еўропы, Японія і Канада. У б. СССР здабыча фасфарытных (Ягор’еўскае і Вяцка-Камскае радовішчы) і апатыта-нефелінавых (на Кольскім п-ве) руд і іх перапрацоўка пачалася ў 1928—30-я г.; у 1980 здабыта 155 млн. т горнахім. сыравіны.

У Беларусі развіццё горнахімічнай прамысловасці пачалося з адкрыцця ў 1949 Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей (буйнейшае ў свеце). На базе іх здабычы і перапрацоўкі ўзнік г. Салігорск з ВА «Беларуськалій».

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)