ГРАМЫ́КА (Міхайла) (Міхаіл Аляксандравіч; 12.11.1885, в. Чорнае Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 30.6.1969),
бел. пісьменнік і вучоны. Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). Удзельнік рэв. падзей 1905—07. Настаўнічаў у Адэсе, з 1917 удзельнічаў у рабоце культ.-асв. арг-цыі бел. бежанцаў «Беларускі гай», з 1920 загадваў бел. школай-інтэрнатам. З 1921 у Мінску. Выкладаў геалогію і мінералогію ў Бел. педтэхнікуме і БДУ, працаваў у Інбелкульце і Акадэміі навук. Апрацаваў бел.навук. тэрміналогію ў галіне геаграфіі, геалогіі, грунтоў і хіміі (з М.Азбукіным). Удзельнічаў у пошуках нафты на Палессі. 13.7.1930 беспадстаўна арыштаваны і сасланы. Рэабілітаваны ў 1957. Апошнія гады жыў у г. Хімкі. Спачатку пісаў на рус., з 1914 — на бел. мове. Аўтар драмы «Змітрок з Высокай Буды» (1918) пра рэв. падзеі на Беларусі, п’ес «Скарынін сын з Полацка» (паст. 1926, рукапіс не знойдзены), гіст.-рэв. драмы «Каля тэрасы» (паст. 1927, выд. 1929), камедыі «Віно бушуе» (1929). У героіка-рамант. драме «Над Нёманам» (паст. 1927) адлюстраваў рэв. выступленні працоўных Зах. Беларусі. Аўтар эксперым. паэмы «Гвалт над формай» (1922), зб. вершаў «Плынь» і «Дзве паэмы» (абодва 1927). Аўтар успамінаў пра Я.Купалу, Я.Коласа, А.Грыневіча, пра свой удзел у рэв. падзеях («Нас натхняў подых рэвалюцыі», 1965, апубл. 1987), «Старонак сямейнай хронікі» (1962—69, не законч., апубл. 1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗІ́НСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, якая адлюстроўвае фанемны склад грузінскай мовы. Летапіс Грузіі («Картліс цхаврэба») прыпісвае стварэнне грузінскага пісьма цару Фарнавазу (4—3 ст. да н.э.). Некат. навукоўцы звязваюць грузінскае пісьмо з усх.-арамейскім пісьмом эліністычнага перыяду. У выніку хрысціянізацыі Грузіі адбылася трансфармацыя арамейскай асновы пад уплывам грэч. пісьма: мяняўся напрамак пісьма (ад справа налева да адваротнага), парадак літар у алфавіце, уводзіліся знакі для галосных, якія часткова былі запазычаны з грэч. пісьма. Існуе гіпотэза аб удзеле ў стварэнні грузінскага пісьма Месропа Маштоца (гл. ў арт.Армянскае пісьмо). У стараж.-груз. алфавіце было 37 (пазней 38) літар, якія мелі і лічбавае значэнне, у сучасным — 33 (5 для галосных, 28 для зычных). Вял. літары, як правіла, адсутнічаюць. Першыя пісьмовыя помнікі грузінскага пісьма датуюцца 5 ст.н.э. — надпісы ў груз. манастыры ў Палесціне (каля 433) і інш.
У працэсе развіцця ўзніклі 3 асн. формы грузінскага пісьма, якія значна адрозніваліся. Мрглавані (круглае) — устаўнае пісьмо з акруглым абрысам і аднолькавым памерам літар — існавала да 9—10 ст. З яго развілася нусхуры (радковае) — з вуглаватым нахіленым напісаннем і рознымі па вышыні літарамі (было пашырана ў 9—11 ст.). У 10 ст. на аснове нусхуры ўзнікла мхедрулі (грамадзянскае, ці свецкае) таксама з рознай вышынёй літар і круглым абрысам. Да 17 ст. мхедрулі набыло сучасны выгляд, пранікла ва ўсе сферы ўжывання, а з увядзеннем ў 1629 кнігадруку канчаткова стабілізавалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЗУНЫ́ (Rodentia),
найбольш шматлікі атрад класа млекакормячых. 33 сям., каля 1600 відаў (паводле інш. звестак да 2000 відаў), што складае 40% ад відаў млекакормячых сусв. фауны. Вядомы з пач. палеацэну. Узніклі, магчыма, ад агульных продкаў з насякомаеднымі. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Найб. разнастайныя і шматлікія ў адкрытых ландшафтах умеранага і субтрапічнага паясоў, асабліва ў арыдных зонах. Найб. пашыраны вавёркавыя (гл.Вавёркі), палятухі, бабры, нутрыевыя (гл.Нутрыя), марскія свінкі, соні, тушканчыкавыя (гл.Тушканчыкі), мышоўкавыя (гл.Мышоўкі), мышыныя (гл.Мышы), слепаковыя (гл.Слепакі) і інш. 15 відаў і 4 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 сям., 24 віды. Насяляюць палі, лясы, сады, поймы рэк, зараснікі па берагах вадаёмаў, трапляюцца каля жылля і ў будынках. 3 віды — соня арэшнікавая (Muscardinus avellanarius), соня садовая (Eliomus quercinus) і палятуха звычайная (Pteromys volans) занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Даўж. цела ад 5 (мышоўкі) да 130 см (вадасвінка), маса ад 6 г да 60 кг. Валасяное покрыва (шчацінне або іголкі) ад густога, мяккага да рэдкага. Разцы развітыя, увесь час растуць і вострацца пры сціранні, карэнныя зубы з шырокай жавальнай паверхняй, аддзеленыя ад разцоў прамежкам — дыястэмай. Пераважна расліннаедныя. Вельмі пладавітыя, у многіх некалькі прыплодаў за год. Грызуны — корм для драпежных птушак і млекакормячых. Многія — захавальнікі і пераносчыкі прыродна-ачаговых хвароб, шкоднікі, аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЧАСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, якая ўзыходзіць да фінікійскага пісьма. Верагодна ўзнікла ў 9—8 ст. да н.э. У грэчаскім пісьме, акрамя літар, якія абазначаюць зычныя, былі ўведзены самаст. літары для перадачы галосных гукаў, што было новым этапам у развіцці пісьменства. Класічны агульнагрэч. алфавіт склаўся ў 5—4 ст. да н.э. Напрамак пісьма — злева направа. Кожная літара мела і лічбавае значэнне. Знакі «стыгма», «копа» і «сампі» выкарыстоўваліся толькі для абазначэння лічбаў і пазней выйшлі з ужытку. Новагрэч. алфавіт мае 24 літары.
Алфавітнае грэчаскае пісьмо падзялялася на 2 галіны: усх.-грэч. і зах.-грэч. пісьмо. Усх.-грэч. развілося ў класічнае стараж.-грэч. і візантыйскае пісьмо, стала асновай копцкага, гоцкага, слав. кірылічнага (гл.Кірыліца), а магчыма, армянскага і часткова груз. пісьма (гл. адпаведныя арт.). Зах.-грэч. пісьмо было зыходным для этрускага, стараж.-герм. рунічнага і лацінскага пісьма. Найб.стараж. помнікі грэчаскага пісьма датуюцца 8—7 ст. да н.э. Грэчаскае пісьмо прадстаўлена некалькімі тыпамі: манум. пісьмо на цвёрдых прадметах — камені, метале, кераміцы (з 8 ст. да н.э.); уніцыяльнае — на папірусе (з 4 ст. да н.э.), на пергаменце (з 2 ст. да н.э.); курсіўнае (з 3 ст. да н.э.). У 13 ст. развіваецца малодшы мінускул (гл.Мінускульнае пісьмо), які паслужыў узорам для першага грэч. друкарскага шрыфту (15 ст.). Сучасныя друкаваныя грэч. літары створаны ў 17 ст.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987;
Guarducci M. Epigrafia greca. Vol. 1—2. Roma, [1967—69].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАЗА́ПІС,
запіс гукавых ваганняў на гуканосьбіце для наступнага ўзнаўлення. Гуказапісвальны элемент (разец, светлавы прамень, магн. поле ці інш.) пакідае след гукавога вагання (гукавую дарожку, ці фанаграму) на рухомым гуканосьбіце. У залежнасці ад колькасці каналаў запісу—узнаўлення адрозніваюць гуказапіс мона- (1 канал), стэрэа- (2 каналы), квадра- (4 каналы) і поліфанічны (больш за 4 каналы). Найб. пашыраны мех., фатагр. (аптычныя) і магн. метады гуказапісу, якія выкарыстоўваюцца ў вытв-сці грампласцінак, гукавым кіно, пры стварэнні радыё- і тэлевізійных праграм і інш.
Для мех. гуказапісу выкарыстоўваюць эл.-акустычны (найб. пашыраны) ці акустычны спосаб. Пры акустычным спосабе гукавыя ваганні непасрэдна ўздзейнічаюць на гуказапісвальны элемент (напр., іголку фанографа), які стварае гукавую канаўку, пры эл.-акустычным — гукавыя ваганні пераўтвараюцца мікрафонам у эл. і пасля ўзмацнення ўздзейнічаюць на запісвальны элемент. Пры фатагр. гуказапісе гукавыя ваганні пераўтвараюцца ў светлавыя і фіксуюцца на святлоадчувальнай плёнцы (гл.Гукавое кіно), кампакт-дыску і інш., пры магн. гуказапісе зменьваецца намагнічанасць дарожкі запісу на магнітных дроце, стужцы, дыску і інш.Гл. таксама Дыктафон, Магнітафон, Магнітарадыёла, Магнітола.
У муз. мастацтве гуказапіс адкрыў новыя магчымасці і зрабіў вял. ўплыў на ўсе сферы музыкі 20 ст. Ён ператварыў музыку ў прадмет масавай вытворчасці, вылучыў гукарэжысуру як новую разнавіднасць муз. творчай працы і прывёў да істотных змен у кампазіцыі, выканальніцтве (гл.Электронная музыка) і ўспрыманні музыкі.
Літ.:
Синклер Я. Введение в цифровую звукотехнику: Пер. с англ.М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЭКАФО́НІЯ (ад грэч. dōdeka дванаццаць + phōnē гук),
адзін з відаў кампазітарскай тэхнікі 20 ст.; метад стварэння музыкі, пры якім уся тканіна твора выводзіцца з серыі — своеасабліва арганізаваных 12 (часам і менш) гукаў храматычнай гамы. Узнікла на аснове т. зв. свабоднай атанальнасці. Эстэтычны сэнс выкарыстання Д. — дасягненне канструкцыйнага адзінства і лагічнай звязнасці пры адсутнасці класічных танальных адносін (гл.Мажорамінор). Метад серыйнай Д. распрацаваны К.Шонбергам (1921), удасканалены А.Вебернам і А.Бергам. Серыя мае 4 формы: першапачатковую, або прыму, ракаход (тоны ідуць у адваротным парадку), інверсію (інтэрвалы серыі дадзены ў абярненні), ракаходную інверсію. Кожная форма можа быць пачата з любога з 12 тонаў тэмпераванай сістэмы, у выніку атрымліваецца 48 раўназначных серыйных радоў. Серыя можа выкладацца гарызантальна, утвараючы меладычную лінію, вертыкальна, утвараючы акордыку, або ў розных камбінацыях рухаў. Вядомы разнавіднасці дадэкафоннай тэхнікі І.М.Гаўэра, А.Габы, Э.Кшэнека. Да Д. звяртаюцца многія сучасныя кампазітары, часта фрагментарна ў рамках танальна арганізаванай музыкі, у т. л.бел. В.Войцік, Г.Гарэлава, А.Гураў, У.Дарохін, У.Кандрусевіч, В.Капыцько, С.Картэс, В.Кузняцоў, А.Літвіноўскі, Дз.Смольскі, А.Сонін, Р.Сурус і інш.
Літ.:
Денисов Э. Додекафония и проблемы современной композиторской техники // Музыка и современность. М., 1969. Вып. 6;
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976;
Холопов Ю. Кто изобрел 12-тоновую технику? // Проблемы истории австро-немецкой музыки. М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯ́ТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕТАЎрабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 8—15.5.1929 у Мінску. Прысутнічала 559 дэлегатаў з рашаючым і 168 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР (М.М.Галадзед); пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР (М.М.Карклін, С.Б.Карп, П.М.Рачыцкі, А.В.Баліцкі); аб становішчы Чырв. Арміі (А.І.Ягораў); выбары ЦВКБССР; выбары ад БССР членаў Савета нацыянальнасцей ЦВКСССР. З’езд адзначыў дасягненні БССР у індустрыялізацыі і прамысл. буд-ве, павелічэнне ўдзельнай вагі прамысл. прадукцыі ўсёй гаспадаркі, павышэнне культ. ўзроўню насельніцтва, ухваліў захады па рацыяналізацыі і скарачэнні дзярж. апарату. Выконваючы ўказанні урада СССР, з’езд паставіў задачу сацыяліст. рэканструкцыі і калектывізацыісял. гаспадарак, вытв. іх кааперавання, узмацнення і пашырэння саўгасаў пры ўсямерным стымуляванні ўздыму бядняцка-серадняцкага сектара. З’езд адобрыў распрацаваны Дзяржпланам і зацверджаны Саўнаркомам БССР план развіцця нар. гаспадаркі і культ. будаўніцтва рэспублікі на 1928—32, адзначыў неабходнасць рашучага сацыяліст. наступу на капіталіст. элементы горада і вёскі. Пэўная ўвага была звернута на працяг палітыкі беларусізацыі больш хуткімі тэмпамі. Выбраў ЦВКБССР з 254 чл. і 88 кандыдатаў. У Савет Нацыянальнасцей ЦВКСССР ад рэспублікі было абрана 5 чл. і 2 кандыдаты. Старшынёй ЦВКБССР перавыбраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНКБССР — Галадзед.
Літ.:
Дзевята Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Стэнагр. справаздача. Мн., 1929;
Пастановы IX Усебеларускага з’езду Саветаў і I сесіі ЦВКБССР IX склікання. Мн., 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕМІДО́ВІЧ (Павел Пятровіч) (10.7.1871, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 7.3.1931),
бел. этнограф, фалькларыст, краязнавец і педагог. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1890), Віленскі настаўніцкі ін-т (1897). З 1890 настаўнічаў на Міншчыне і Навагрудчыне, з 1915 у Віцебску. З 1908 чл.-супрацоўнік аддз. этнаграфіі Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. З 1919 у Мінску, арганізатар і заг. 13-й бел. школы (з вер. 1919 рэарганізавана ў Мінскую бел. гімназію). У 1920—21 інструктар і заг. школьнага аддзела Наркамасветы БССР. З 1921 выкладчык і заг. аддзялення Мінскага ін-та нар. адукацыі, выкладчык у школах Мінска. З 1925 чл.этнагр. секцыі Інбелкульта. Вывучаў сямейны побыт, вераванні, абрады і звычаі беларусаў. Збіраў бел.нар. паданні, легенды і гутаркі (апубл. «Гутарку Паўлюка» ў газ. «Виленский вестник» 1898, № 173). У нарысе «З галіны вераванняў і паданняў беларусаў» (1896) апісаў нар. вераванні пра нячыстую сілу, ведзьмаў, ваўкалакаў, заклятыя мясціны, знахароў, прывёў замовы з Навагрудскага і Мінскага пав. Супрацоўнічаў з М.А.Янчуком і М.В.Доўнар-Запольскім. Апошняму перадаў частку свайго збору фальклорна-этнагр. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 3—10.1.1927 у Мінску. Прысутнічала 278 дэлегатаў з рашаючым і 226 з дарадчым голасам ад 30 995 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б — паліт. і арганізац. (А.І.Крыніцкі, М.М.Галадзед), ЦКККП(б)Б (В.А.Радус-Зяньковіч); даклады ЦККВКП(б) (Я.Х.Петэрс), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.А.Чарнушэвіч); вынікі гасп. будаўніцтва ў БССР і далейшыя задачы (Я.А.Адамовіч); выбары ЦК, ЦКК і Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі работы КП(б)Б за 1926. ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦККП(б)Б. Прапанаваў ураду БССР умацаваць мат.-тэхн. базу саўгасаў, стварыць фонд для крэдытавання калектыўных гаспадарак. Аналізуючы ход культ. будаўніцтва, з’езд патрабаваў у правядзенні нац. палітыкі ажыццяўляць беларусізацыю, павялічыць асігнаванні на нар. асвету, згуртаваць вакол партыі інтэлігенцыю, умацоўваць і павышаць парт. кіраўніцтва друкам. Даручыў ЦК рашуча змагацца з ідэйнымі ўхіламі, паслядоўна ажыццяўляць курс на індустрыялізацыю, прапанаваў умацаваць кіруючую ролю партыі ва ўсіх галінах сацыяліст. будаўніцтва. Выбраў ЦККП(б)Б з 62 чл. і 43 канд. у чл., ЦКККП(б)Б з 37 чл. і 11 канд. у чл., Цэнтр.рэвіз. камісію КП(б)Б з 7 чл.
Літ.:
X съезд Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии: Стеногр. отчет. Мн., 1927;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ГІЛЕЎ (Сяргей Паўлавіч) (31.3.1872, б. маёнтак Грузіна, Наўгародская вобл., Расія — 19.8.1929),
рускі тэатральны і мастацкі дзеяч. У 1896 скончыў юрыд.ф-т Пецярбургскага ун-та, адначасова вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў М.Рымскага-Корсакава. Вывучаў жывапіс, т-р, гісторыю маст. стыляў. Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Свет мастацтва» і рэдактар (разам з А.Бенуа) аднайм. часопіса (1899—1904). У 1906—07 арганізоўваў у Парыжы, Берліне, Монтэ-Карла, Венецыі выстаўкі рус. мастакоў, з 1907 — штогадовыя выступленні за мяжой рус. артыстаў, т.зв. «Рускія сезоны», у 1907 — сімф. канцэрты (наз. «Гістарычныя рус. канцэрты»), у 1908 — сезоны рус. оперы. Стваральнік трупы «Рускі балет Дзягілева» (1911—29). У балеце як правадніку новых ідэй мастацтва бачыў сінтэз сучаснай музыкі, жывапісу, харэаграфіі; садзейнічаў стварэнню яркіх балетных спектакляў (у т. л. балеты «Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна свяшчэнная», «Вяселейка», «Апалон Мусагет» І.Стравінскага, «Стальны скок», «Блудны сын» С.Пракоф’ева, а таксама К.Дэбюсі, М.Равеля, кампазітараў «Шасцёркі» і інш.). Для афармлення спектакляў запрашаў найб. вядомых рас. мастакоў. Балеты ставілі М.Фокін, В.Ніжынскі, Л.Мясін, Б.Ніжынская, Дж.Баланчын і інш.; сярод танцоўшчыкаў Т.Карсавіна, М.Кшасінская.
М.Мордкін, Г.Паўлава і інш. Тэатральныя антрэпрызы Дз. зрабілі вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі.
Літ.:
Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 1. Хореографы. Л., 1971;
Сергей Дягилев и русское искусство: Ст., открытые письма. интервью. Переписка. Современники о Дягилеве. (Т.] 1—2. М., 1982;