РЭ́ЛЕЙ, Рэйлі (Rayleigh) Джон Уільям (12.11.1842, каля г. Малдан, Вялікабрытанія — 30.6.1919), англійскі фізік, адзін са стваральнікаў тэорыі ваганняў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1873). Прозвішча да атрымання тытула лорда Рэлея (1873) — Стрэт (Strutt). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1865), дзе і працаваў да 1871. У 1879—84 дырэктар Кавендышскай лабараторыі. У 1905—08 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па акустыцы, оптыцы, гідрадынаміцы, электрамагнетызме і інш. Даследаваў дыфракцыю, рассеянне і паглынанне мех. хваль, устанавіў сувязь паміж фазавай і групавой скорасцю хваль. Заклаў асновы малекулярнага рассеяння святла (гл.Рэлея закон), вывеў адзін з законаў выпрамянення (гл.Рэлея—Джынса закон выпрамянення), устанавіў закон намагнічвання цел (гл.Рэлея закон намагнічвання). Стварыў тэорыю раздзяляльнай здольнасці аптычных прылад. Адкрыў (з У.Рамзаем) хім. элемент — аргон. Сканструяваў і вынайшаў шэраг фіз. прылад (дыск Р., манометр Р., рэфрактометр Р. і інш.). Нобелеўская прэмія 1904.