удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Маршал бранятанк. войскаў (1945), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу (1923), курсы ўдасканалення пры Ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі (1936). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У Вял.Айч. вайну камандзір танк. дывізіі, нам. камандуючага арміяй па танк. войсках, камандзір танк. і механізаванага карпусоў, камандуючы танк. арміяй. Удзельнік бітвы пад Масквой, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Беларускай, Вісла-Одэрскай, Усх.-Памеранскай і Берлінскай аперацый. З 1947 на кіруючых пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДЗЯ́К (Cirsium),
род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя бадзяк агародны (Cirsium oleraceum), балотны (Cirsium palustre), звычайны (Cirsium vulgare), палявы (Cirsium arvense), рачны (Cirsium rivulare). Бадзяком таксама называюць віды раслін з роду асот.
Шмат- або двухгадовыя травяністыя, пераважна калючыя расліны з чаргаваным глыбакаперыста-раздзельным або суцэльным лісцем без прыдаткаў. Кветкі трубчастыя, кветкавыя кошыкі шматкветныя, паніклыя ці прамастойныя. Лісцікі абгорткі лінейныя і лінейна-ланцэтныя, на канцы з шылаватай калючкай. Кветаложа ўсаджана доўгімі шчацінкамі. Кветкі двух-, радзей аднаполыя, трубчастыя, рознага колеру. Плод — голая сціснутая сямянка з чубком. Меданосныя, лек., кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЕЎ (Браніслаў Віктаравіч) (н. 1.2.1936, г. Варонеж, Расія),
бел. акцёр. Засл. арт.Беларусі (1991). Скончыў Саранскае муз. вучылішча (1963). З 1963 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск). Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Сырадоеў («Трыбунал» А.Макаёнка), Анатоль Іванавіч («І змоўклі птушкі...» І.Шамякіна), Пятро Бусел («Спявае «Жаваранак» Ю.Семянякі, Рэдактар («Лесвіца ў неба» паводле М.Слуцкіса), Васкоў («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева), Сямён Каўроў («Ярасць» Я.Яноўскага), Эгей («Медэя» Л.Разумоўскай), Залешын («Свеціць, ды не грэе» А.Астроўскага), Пішта («Прачніся і спявай» М.Дзьярфаша), Кэбат («Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІЛІ́К (Ocimum),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 60 (паводле інш. звестак да 150) відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў. Каля 10 відаў культывуюць як эфіраносныя і вострапрыпраўныя расліны. Найб. вядомыя базілік эўгенольны (Ocimum gratissimum), камфорны (Ocimum basilicum), свяшчэнны (Ocimum sancta). На Беларусі як вострапрыпраўную расліну зрэдку вырошчваюць базілік камфорны.
Травы, паўкусты і невысокія кусты. Лісце пераважна суцэльнае, апушанае. Кветкі па 6—10 у несапраўдных кальчаках сабраны ў канцавыя гронкападобныя суквецці; чашачка званочкавая, у зеве валасістая; венчык двухгубы, верхняя губа 4-лопасцевая. Плод — арэшак. Лек., харч., тэхн. (эфіраалейныя) і дэкар. расліны. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне, парфумернай і харч. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКЛАЖА́Н (Solanum melongena),
шматгадовая агароднінная расліна сям. паслёнавых. Дзікарослы вядомы ў Індыі, дзе ўведзены ў культуру да нашай эры У Еўропе разводзілі пераважна як лек. расліну, з 18 ст. спажываюць у ежу. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках; на Беларусі найбольш у паўд. раёнах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Выш. да 1 м. Лісце простае, авальнае, зялёнае з фіялетавым адценнем. Кветкі фіялетавыя, пазушныя, адзіночныя або ў гронках. Плады — ягады, грушападобныя, круглыя або цыліндрычныя, фіялетавыя, жоўтыя з карычневымі палосамі, зялёныя, белыя; маюць цукры, бялкі, дубільныя рэчывы, вітаміны C, B1, PP. Цепла- і вільгацелюбівая расліна. У культуры аднагадовая, вырошчваецца расадай. У адкрыты грунт высаджваюць у канцы мая — пач. чэрвеня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
прэпараты з каштоўнымі для с.-г. раслін глебавымі мікраарганізмамі. Да іх належаць нітрагін, азотабактэрын, фосфарабактэрын і прэпараты сілікатных бактэрый. Павышаюць фіксацыю атм. азоту раслінамі, актывізуюць біяхім. працэсы ў глебе, паляпшаюць каранёвае жыўленне раслін.
На Беларусі наладжана вытв-сць гама-рызатарфіну (разнавіднасць нітрагіну) — прэпарату клубеньчыкавых бактэрый, вырашчаных на спецыяльна прыгатаваным тарфяным субстраце. Для лепшай азотфіксацыі ў яго дадаюць мікраэлементы — бор, кобальт, малібдэн. Для кожнага віду бабовых (лубін, гарох, віка, канюшына, люцэрна і інш.) прэпарат рыхтуюць са спецыфічных відаў бактэрый, здольных у сімбіёзе толькі з гэтым відам раслін фіксаваць атм. азот. Асабліва эфектыўны прэпарат на глебах, дзе бабовыя высяваюцца ўпершыню (прыбаўкі ўраджаю больш за 100%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКШЭ́ЕЎ (Васіль Мікалаевіч) (24.12.1862, Масква — 28.9.1958),
рускі мастак. Нар. мастак СССР (1956), акад.АМСССР (1947). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1878—88) у У.Макоўскага, А.Саўрасава, В.Паленава; выкладаў там жа (1894—1918). Перасоўнік. У традыцыях рус.рэаліст. жывапісу стварыў шэраг жанравых карцін («Дзяўчына корміць галубоў», 1887; «Проза жыцця», 1892—93, і інш.) і лірычных пейзажаў («Блакітная вясна», 1930; «Вясна прыйшла», 1943). Дзярж. прэмія СССР 1943. У Нац.маст. музеі Беларусі карціны: «На параду», 1892; «Вечар ранняй вясны», 1918; «Сцежка», 1938, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛДУ́К,
возера ў Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас.р. Страча, за 33 км на ПнЗ ад г.п. Мядзел. Уваходзіць у Балдуцкую групу азёраў, на тэр. ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,78 км², даўж. 2,05 км, найб.шыр. 700 м, найб.глыб. 39,7 м. Пл. вадазбору 1,6 км².
Схілы катлавіны выш. 25—30 м. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і ПдУ нізкія, забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае. 2 упадзіны глыб. 38,1 м і 39,7 м, раздзеленыя 7-метровым падняццем. Расліннасць утварае паласу шыр. да 200 м і дасягае глыб. 6—8 м, займае да 30% пл. возера. Ручаямі злучана з воз. Балдучыца і р. Страча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛДУ́ЦКАЯ ГРУ́ПА АЗЁРАЎ,
у Беларусі, на мяжы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., Мядзельскага р-на Мінскай вобласці і Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., на ЗБел. Паазер’я, у бас.р. Страча, на тэр. ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Уключае невял. азёры Балдук, Глубелька, Ячмянец, Мёртвае, Імшарац, Глубля. Агульная пл. 1,5 км².
Утварылася ў час паазерскага зледзянення, размешчана сярод комплексу водна-ледавіковых формаў рэльефу (адносныя выш. 25—30 м), парослага хваёвым і хваёва-яловым лесам. Азёры адметныя чыстай вадой і адсутнасцю антрапагенных экалагічных парушэнняў, у іх растуць рэдкія ахоўныя водныя расліны (хваснік звычайны і меч-трава звычайная). Па азёрах праходзіць турысцкі маршрут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ,
біялагічны заказнік у Беларусі, у Баранавіцкім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобласці. Засн. ў 1978. Пл. 32,8 тыс.га (1995). Уключае тэр. Бярозаўскага, Ляснянскага і Мілавідскага лясніцтваў. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту дзікарослых лек. раслін (ядлоўцу, ландышу майскага, талакнянкі, чабару, святаянніку прадзіраўленага, брусніц, чарніц і інш.), таксама рэдкіх і тых, што знікаюць, раслін, якія ўключаны ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь (купальніку горнага, сону лугавога, неатыянты клабучковай, лінеі паўночнай, астры стэпавай, чыны горнай, касачу сібірскага, жаўтазелю германскага, канюшыны лубінавай). Займае буйны лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі. На ПнЗ трапляюцца бярэзнікі, на Пд — бярэзнікі і чорнаалешнікі, на У — ельнікі.