СМАТРЫ́ЦКІ Мялецій (свецкае імя Максім Герасімавіч; 1577, г.п. Смотрыч Дунаевецкага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 27.12.1633),
бел. і ўкр. пісьменнік-палеміст, грамадска-паліт. і царк. дзеяч. Сын Г.Д.Сматрыцкага. Першапачатковую адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі і вучонага грэка Кірылы Лукарыса, будучага канстанцінопальскага патрыярха. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. З 1601 служыў у кн. Б.Саламярэцкага (мяст. Баркулабава Аршанскага пав.). Разам з сынам князя ўдасканальваў веды ў Лейпцыгскім і Вітэнбергскім ун-тах, пабываў у Нюрнбергу, Вроцлаве, Вюрцбургу. Потым жыў у маёнтках Саламярэцкага каля Мінска. Уступіў у Віленскае правасл. брацтва пры Троіцкім манастыры, дзе зблізіўся з Л.Карповічам. Выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Пісаў на стараж.бел. і ўкр., лац., польскай мовах (многія творы напісаны макаранічнай мовай). У 1608 супраць твораў І.Пацея «Ерасі...» і «Гармонія...» выдаў «Антыграфі...», у 1610 пад псеўданімам Тэафіл Арфалог — «Трэнас», дзе ад імя «маці-царквы», што сімвалізавала прыгнечаную радзіму, заклікаў народы Беларусі і Украіны да аб’яднання супраць каталіцызму. Твор выклікаў шырокую грамадска-паліт. рэакцыю. На яго кнігу палемічнымі творамі адказалі П.Скарга і І.Марахоўскі. У 1617 пастрыгся ў манахі пад імем Мялецій. Працаваў у брацкай школе Віленскага Святадухаўскага манастыра, рэктарам Кіеўскай брацкай школы (1618—20). Вынікам пед. дзейнасці стала «Грамматики словенския правильная синтагма...» (1618—1619, цяпер г. Вевіс, Літва), дзе ўпершыню на высокім навук. узроўні тлумачыліся арфаграфія, этымалогія, сінтаксіс і прасодыя. Больш як 2 стагоддзі яна была адным з самых аўтарытэтных падручнікаў па слав. мовазнаўстве, двойчы перавыдавалася ў Маскве (1648, 1721), вытрымкі з яе І.Капіевіч надрукаваў у Галандыі («Руковедение во грамматику словенороссийскую», 1706). У 18—1-й пал. 19 ст. яна стала ўзорам для сербскай, харвацкай, рум. і балг. граматык. З 1620 архіепіскап полацкі, епіскап віцебскі і мсціслаўскі. Аўтар «Трактата пра паходжанне Святога Духа» і «Палінодыі...» (каля 1615), прадмовы да «Евангелля вучыцельнага патрыярха Каліста» (1616), «Казання... на чэснае пахаванне... Лявонція Карповіча» (1620), «Апраўданне нявіннасці» і «Абароны апраўдання» (1621), «Дадатку да абарон апраўдання» і «Выкрывання з’едлівых твораў» (1622), «Юстыфікацыі...» і «Суплікацыі...» на імя сената і караля (1623). Напалоханы ўзмацненнем нац.-вызв. руху і забойствам уніяцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча, паломнічаў па святых мясцінах Б.Усходу (1624—25). У 1627 тайна, у 1628 адкрыта перайшоў на бок уніятаў. У творах «Апалогія...», «Разважанне пра шэсць розніц паміж Усходняй і Заходняй цэрквамі», «Пратэстацыя» (усе 1628), «Паранэіс...» і «Экзатэіс...» (1629) адрокся ад сваіх антыуніяцкіх твораў, выступаў супраць правасл. пісьменнікаў-палемістаў С.Зізанія, Клірыка Астрожскага, Хрыстафора Філалета. С. — прадстаўнік барока. Стыль і мова яго твораў сталі ўзорам для Л.Карповіча, З.Капысценскага, А.Мужылоўскага і інш.
Літ.:
Осинский А.С. Мелетий Смотрицкий, архиепископ Полоцкий. Киев. 1912;
Загайко П.К. Українські письменники-полемісти кінця XVI — початку XVII ст. в боротьбі проти Ватікану і унії. Київ, 1957;
Прокошина Е.С. Мелетий Смотрицкий. Мн., 1966;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНІСЛА́Ў А́ЎГУСТ ПАНЯТО́ЎСКІ (да каранацыі Станіслаў Антоні; 17.1.1732, в. Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 12.2.1798),
апошні вял. князь ВКЛ і кароль Польшчы [1764—95]. Паходзіў з магнацкага роду Панятоўскіх. Скончыў калегіум тэатынаў у Варшаве. У 1755—64 стольнік ВКЛ. У 1755—56 і 1757—58 сакратар англійскага пасольства і пасол Саксоніі і Рэчы Паспалітай у Пецярбургу. Пасля смерці караля польскага і вял.кн.ВКЛ Аўгуста III (1763) Чартарыйскія і Кацярына II вылучылі кандыдатуру Панятоўскага на трон Рэчы Паспалітай. У Рэч Паспалітую былі ўведзены рас. войскі, і на элекцыйным сойме 6.9.1764 Панятоўскі абраны каралём. Напачатку ён спрабаваў вызваліцца ад поўнай залежнасці ад Расіі, шукаў шляхі саюзу з Аўстрыяй і Францыяй; ва ўнутр. палітыцы выступаў за пагадненне з апазіцыйнай групоўкай Патоцкіх («рэспубліканцамі»), каб адстаяць незалежнасць дзяржавы, але «рэспубліканцы» засталіся непрыхільнымі да караля. Тым не менш праводзіліся рэформы 1764—66 па ўзмацненні дзярж. улады, але былі прыпынены новай інтэрвенцыяй Расіі. Скарыстаўшы Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767, Кацярына II навязала ў лют. 1768 сойму і каралю «вечны трактат», якім Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў. Улада караля апынулася пад кантролем Расіі. Шырокія колы патрыятычна настроенай шляхты выступалі за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай, супраць караля-«узурпатара» і стварылі Барскую канфедэрацыю. На тэр. Рэчы Паспалітай зноў былі ўведзены рас. войскі, і канфедэраты пацярпелі паражэнне. Вынікам гэтага стаў першы падзел Рэчы Паспалітай (1772). Кароль спрабаваў пратэставаць, звяртаўся да еўрап. двароў, але ніводная дзяржава не прыйшла яму на дапамогу. Пасля 1-га падзелу ў барацьбе паміж рознымі магнацкімі групоўкамі ён паступова ўзмацніў сваю ўладу. У 1775 створана Пастаянная Рада, прыняты рашэнні, накіраваныя на развіццё прам-сці і гандлю, паляпшэнне прававога становішча мяшчан, у 1776 абмежавана ўлада гетманаў і каралю падпарадкавана войска. Але правядзенне далейшых рэформ Расія не дазваляла. Давялося пайсці на кампраміс з Кацярынай II і прызнаць над сабой кантроль рас. пасла О.М. фон Штакельберга. Кацярыну II падтрымлівала магнацкая апазіцыя. С.А.П. адкрыў у Варшаве Рыцарскую школу (кадэцкі корпус), садзейнічаў Адукацыйнай камісіі, падтрымліваў асветніцтва і адукацыю. Адносная раўнавага ў паліт. жыцці Рэчы Паспалітай была пахіснута дзеяннямі новай апазіцыі, якая на Чатырохгадовым сойме 1788—92 правяла шматлікія і грунтоўныя рэформы. Кароль пайшоў на пагадненне з рэфарматарамі. У адказ кансерватыўная групоўка магнатаў — Таргавіцкая канфедэрацыя — садзейнічала ў 1792 акупацыі краіны рас. войскамі. Рэформы скасаваны, кароль далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі, і на яго лягла адказнасць як на капітулянта. У час Гродзенскага сейма 1793 С.А.П. дзейнічаў цалкам пад кантролем рас. пасла Я.Я.Сіверса і пагадзіўся на другі падзел Рэчы Паспалітай. У час паўстання 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі С.А.П. адхілены ад улады, хоць фармальна захаваў трон Пасля паражэння С.А.П. жыў у Гродне. Тут ён даведаўся пра трэці падзел Рэчы Паспалітай і 25.11.1795 падпісаў акт адрачэння ад кароны на карысць Кацярыны II. Гэтым актам афіцыйна спынена існаванне Рэчы Паспалітай і яе часткі — ВКЛ. Пасля смерці Кацярыны II (ліст. 1796) Павел I выклікаў С.А.П. ў Пецярбург, дзе ён памёр. Пахаваны ў касцёле св. Кацярыны, у 1938 яго астанкі перапахаваны на радзіме — у Троіцкім касцёле мяст. Воўчын, у 1987 перавезены ў Польшчу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЮРРЭАЛІ́ЗМ (франц. surréalisme літар. — звышрэалізм),
кірунак у літаратуры і мастацтве 1-й пал. 20 ст. Узнік у Францыі, паступова ў той ці інш. форме пашырыўся ў інш. краінах Еўропы, Лац. Амерыкі і ЗША. Тэрмін «С.» уведзены ў 1918 Г.Апалінэрам, яго заснавальнік і гал. тэарэтык — А.Брэтон, аўтар першага «Маніфеста сюррэалізму» (1924). Фарміраванне С. звязана з дзейнасцю парыжскай асацыяцыі пісьменнікаў і мастакоў і яечас. «Littérature» («Літаратура», 1919—24) і «Révolution surréaliste» («Сюррэалістычная рэвалюцыя», 1924—29), у якіх распрацоўвалася праграма кірунку, што грунтавалася на дасягненнях сімвалізму, дадаізму, метафізічнага жывапісу, філас. вучэнні З.Фрэйда. Гал. мэта С. — пошук «сапраўднай рэальнасці», якая выяўляецца праз асабіста-пачуццёвую сферу суб’ектыўнасці, некантралюемую творчасць. У літаратуры (пераважна ў паэзіі) для С. характэрна «аўтаматычнае пісьмо» (запіс слоў, вобразаў і фрагментаў маўлення, што ўзнікалі ў выніку спантанных асацыяцый), адмова ад рыфмы, метрыкі, члянення на строфы, завершанасці, граматыка-сінтакс. і жанрава-кампазіцыйнай арганізацыі (Л.Арагон, Р.Вітрак, Р.Дэснос, Ж.Както, Р.Кено, П.Рэвердзі, Сен-Жон Перс, Ф.Супо, Т.Тцара, Р.Шар, П.Элюар і інш.). Паўплываў на авангардысцкія кірункі ў л-ры 2-й пал. 20 ст. (тэатр абсурду, «новы раман», канкрэтная паэзія і інш.). Асобныя элементы С. актуалізуюцца і ў сучаснай бел. л-ры: творчасць удзельнікаў суполкі «Бум-Бам-Літ» А.Бахарэвіча, З.Вішнёва, В.Жыбуля, С.Мінскевіча, А.Туровіча і інш.У выяўленчым мастацтве для дасягнення глыбіні падсвядомасці мастакі распрацоўвалі спец. прыёмы «псіхічнага аўтаматызму», спантаннага формаўтварэння (выпадковыя лініі, зробленыя алоўкам на паперы, дэкалькаманія, калаж, фюмаж, фратаж). С. у выяўл. мастацтве развіваўся ў 2 асн. кірунках: А.Масон, Х.Міро, М.Эрнст уводзілі пазасвядомы пачатак у творчы працэс, аперыравалі свабоднымі вобразамі і адвольнымі формамі, якія часта пераходзілі ў абстракцыю; С.Далі, П.Дэльво, Р.Магрыт, І.Тангі імкнуліся выявіць ірэальны вобраз з ілюзорнай дакладнасцю праз манеру пісьма, блізкую да акад. жывапісу; сродкамі фігуратыўнага мастацтва яны стваралі вобраз, немагчымы ў рэальнасці (расцяканне цвёрдых прадметаў, празрыстасць шчыльных аб’ектаў, расслаенне фігуры на некалькі выяў і інш.). Для абодвух кірункаў характэрны алагізм, парадаксальныя спалучэнне форм, зрокавая няўстойлівасць, зменлівасць вобразаў, частае выкарыстанне эратычных матываў. На Беларусі ў сюррэалістычнай манеры працавалі і працуюць мастакі В.Альшэўскі, М.Селяшчук, Г.Скрыпнічэнка, У.Тоўсцік і інш.У кінематографе сюррэалістычныя фільмы вызначаюцца туманнай сімвалічнасцю, алагічнасцю вобразаў, прыгнечаным эратызмам, адчуваннем суму, адзіноты, смерці (С.Брэкхейдж, Л.Буньюэль, Далі, М.Дэрэн, К.Харынгтан, К.Энгер і інш.).
Літ.:
Куликова И.С. Сюрреализм в искусстве. М., 1970;
Андреев Л.Г. Сюрреализм. М., 1972;
Каптерева Т. Дадаизм и сюрреализм // Модернизм. 3 изд. М., 1980;
Антология французского сюрреализма, 20-е гг.: Пер. с фр.М., 1994;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;
Сюрреализм и авангард. М., 1999;
Вирмо А. и О. Мэтры мирового сюрреализма: Пер. с фр. СПб., 1996;
Passeron R. Encyclopedia surrealizmu: Przekł. z fr. Warszawa, 1993.
Е.А.Лявонава (літаратура), С.У.Пешын.
Да арт.Сюррэалізм. С.Далі. Сон, выкліканы палётам пчалы вакол граната за хвіліну да абуджэння. 1944.Да арт.Сюррэалізм. Х.Міро. Жанчына і птушка ў месячным святле. 1949.Да арт.Сюррэалізм. Р.Магрыт. Помста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́НЕЦ (польск. taniec ад ням. Tanz),
від мастацтва, у якім асн. сродкі стварэння маст. вобраза — гарманічныя рухі і змены пастаў цела танцоўшчыка. Дадатковыя сродкі выразнасці (міміка і пантаміма) канкрэтызуюцца і ўзбагачаюцца касцюмам, аксесуарамі, рэквізітам і разам з асн. складаюць адзіную маст. сістэму. Мастацтва Т. служыць сродкам эмац. ўздзеяння.
Т. — адзін з найб.стараж. відаў нар. творчасці. Узнік пад уплывам эмац. ўражанняў ад навакольнага асяроддзя, разнастайных жэстаў і рухаў, звязаных з прац. працэсамі, імітацыяй пластыкі жывёл. Як істотная частка нар. творчасці напачатку выступаў у сінкрэтычным адзінстве са словам, напевам, музыкай, пазней ператварыўся ў самаст. мастацтва. Адзін з арганізуючых пачаткаў Т. рытм (суправаджаецца ўдарнымі інструментамі, кастаньетамі, воплескамі, выстукваннямі абцасамі і інш.). У кожнага народа склаўся свой нац. стыль Т. са сваімі выканальніцкімі традыцыямі, танц. мовай і кампазіцыйнымі малюнкамі, прыёмамі суадносін з музыкай. На гэтай аснове сталі фарміравацца бытавы танец (нар. і бальны) і сцэнічны Т. (гл.Балет). У прафес. мастацтве склаліся танц. сістэмы ў Еўропе (еўрап. класічны Т), краінах Азіі і Афрыкі. Франц. Акадэмія танца (1661) вызначыла асн. правілы класічнага Т. (дакладныя пазіцыі ног і рук, пералік гал. пастаў і г.д.), што паспрыяла развіццю балета; склалася яго разнавіднасць — характарны Т. У канцы 19 ст. ўзнік кірунак — т.зв. танец мадэрн. У наш час развіваюцца і інш. віды сцэн. Т.: эстрадны (яго характарызуе лаканізм выразных сродкаў і віртуознасць тэхнікі), джазавы, Т. буто і інш.
Вытокі бел.танц. мастацтва — у культуры ўсх.-слав. плямён. Пад уплывам розных фактараў у нар. Т. беларусаў склаўся асобы стыль выканання з наборам гал. сродкаў выразнасці. Побач з народным танцам і пад яго ўплывам развіваліся (у творчасці скамарохаў) пачатковыя формы прафес.сцэн. Т. Прысутнічалі яны ў паказах школьнага тэатра, народнай драмы. Упершыню бел.нар. Т. выкарыстаны ў оперы «Ідылія» («Сялянка») С.Манюшкі на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча ў 1852. У пач. 20 ст. ў блізкім да этнагр. выглядзе выконваліся Т. трупай І.Буйніцкага. Пазней створаны прафес. калектывы: Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі (1937—41), Бел. ансамбль песні і танца (1940, з 1950 Дзярж. хор Беларусі). На 2002 на Беларусі працуюць: Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, танц. група Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь, Бел. фальклорна-харэагр. ансамбль «Харошкі», Бел.дзярж. ансамбль харэагр. і муз. мініяцюр «Бліскавіца», балетная трупа Бел.муз.т-ра і інш., а таксама шматлікія аматарскія танц. калектывы (гл.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва). Прафес. кадры танцоўшчыкаў рыхтуюць (2002): Бел.дзярж. харэагр. каледж, харэагр. аддз. Віцебскага, Гродзенскага, Мінскага, Пінскага вучылішчаў мастацтваў, Магілёўскае вучылішча культуры, Гомельскі каледж мастацтваў.
Літ.:
Лопухов А.В., Ширяев А.В., Бочаров А.И. Основы характерного танца. Л.;
М., 1939;
Ваганова А.Я. Основы классического танца. 4 изд. Л.;
М., 1963;
Голейзовский К. Образы русской народной хореографии. М., 1964;
Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;
Добровольская Г. Танец. Пантомима. Балет. Л., 1975;
Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978;
Васильева-Рождественская М.В. Историко-бытовой танец. 2 изд. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫЦЦАЦІГАДО́ВАЯ ВАЙНА́ 1618—48,
першая агульнаеўрапейская вайна паміж краінамі габсбургскага блока (ісп. і аўстр.Габсбургі, падтрыманыя каталіцкімі князямі Германіі, папствам і Рэччу Паспалітай — Каталіцкая ліга) і антыгабсбургскай кааліцыяй (Францыя, Швецыя, Данія, Галандыя, а таксама Расія і ў пэўнай меры Вялікабрытанія, якія абапіраліся на герм. пратэстанцкіх князёў і антыгабсбургскі рух у Чэхіі, Трансільваніі і Італіі — Пратэстанцкая унія). Пачалася з-за рэліг. рознагалоссяў паміж католікамі і пратэстантамі Германіі і паступова перарасла ў паліт. барацьбу дынастыі Габсбургаў за гегемонію «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў Еўропе супраць Францыі і пратэстанцкіх дзяржаў. Т.в. складалася з шэрагу асобных войнаў. Бітвы ішлі на тэр. Германіі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Нідэрландаў, Польшчы і ВКЛ.
У 1617—18 аўстр. Габсбургі пачалі наступленне на прывілеі Чэхіі, якая захоўвала некат. незалежнасць у складзе іх імперыі. Гэта выклікала ў Чэхіі паўстанне 1618—20, якое стала першым чэшскім, або чэшска-пфальцскім перыядам вайны (1618—23). У 1620 войскі Каталіцкай лігі разбілі чэш. армію каля Белай Гары і ўстанавілі ў Чэхіі і Маравіі неабмежаваную ўладу Габсбургаў. У 1625 ваен. дзеянні пачала Данія пры падтрымцы Англіі, Галандыі і Францыі; пачаўся другі, або дацкі перыяд вайны (1625—29). Нягледзячы на шырокі сялянскі рух і дапамогу саюзнікаў, войскі імперскія і Каталіцкай лігі выцеснілі датчан з Паўн. Германіі і Данія, паводле міру ў Любеку 1929, адмаўлялася ад умяшання ў герм. справы. Уступленнем у вайну Швецыі, якой пагражала ўмацаванне Германіі на Балтыйскім м., пачаўся трэці — шведскі, або шведска-рускі перыяд вайны (1630—35). Швед. войскі перамаглі немцаў у баях каля Лейпцыга (1631), Лютцэна (1632) і інш. Адной з прычын перамогі Швецыі была вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, якая адцягнула на сябе ч. сіл Каталіцкай лігі. Аднак, пацярпеўшы паражэнне пад Смаленскам, Расія пайшла на перагаворы з Рэччу Паспалітай, і пасля падпісання Палянаўскага міру 1634 становішча шведскай арміі ўскладнілася. Паражэнне Швецыі ў 1634 каля Нёрдлінгена (Паўд. Германія) падштурхнула да ўступлення ў вайну Францыю. У апошні франка-шведскі перыяд вайны (1635—48) да Францыі і Швецыі далучыліся Галандыя, Мантуя, Савоя і Венецыя. Перамогі каля Брэйтэнфельдэ (1642), Ракруа (1643), Янкава (1645) выявілі істотныя перавагі франка-швед. кааліцыі. Імператар Фердынанд III вымушаны быў згадзіцца на цяжкія для «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ўмовы Вестфальскага міру 1648. У выніку Т.в. Швецыя атрымала шэраг герм. тэрыторый, Францыя — землі ў Эльзасе і пацвярджэнне яе правоў на гарады Мец, Туль і Вердэн. Герм. князі замацавалі фактычную незалежнасць ад імператара; Швейцарскі саюз і Галандыя прызнаны самастойнымі дзяржавамі. Т.в. паклала канец спробам аўстра-ісп. Габсбургаў усталяваць сваю гегемонію на еўрап. кантыненце, на доўгі час замацавала паліт. раздробленасць Германіі, садзейнічала ператварэнню Францыі і Расіі ў найб. моцныя краіны Еўропы.
Літ.:
Поршнев Б.Ф. Тридцатилетняя война и вступление в нее Швеции и Московского государства. М., 1976;
Яго ж. Франция, английская революция и европейская политика в середине XVII в. М., 1970;
История войн. Ростов н/Д;
М., 1997. Т. 2. С. 16—41.
Ю.В.Бажэнаў, В.А.Юшкевіч.
Рабаванне германскай вёскі салдатамі ў час Трыццацігадовай вайны. Карціна Б.Баўшке. 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУТУРАЛО́ГІЯ (ад лац. futurum будучыня + ...логія),
у шырокім сэнсе — агульная канцэпцыя будучыні Зямлі і чалавецтва; у вузкім сэнсе — галіна навук. ведаў, якая вывучае перспектывы сац. працэсаў, сінонім прагназіравання і прагностыкі. Тэрмін «Ф.» для абазначэння філасофіі будучыні прапанаваў у 1943 ням. сацыёлаг О.Флехтхейм. Асновы Ф. закладзены ў творах вучоных і пісьменнікаў аб розных аспектах будучыні чалавецтва (Ш.Рышэ, Э.Говард, Дз.І.Мендзялееў, К.Э.Цыялкоўскі, Г.Уэлс і інш.). Радыкальныя сац. змены і крызісы 20 ст., бурнае развіццё эканомікі, навукі і тэхнікі, глабалізацыя сусв. тэндэнцый і новыя геапаліт. зрухі выклікалі патрэбнасць у тлумачэнні ходу і перспектыў гіст. працэсу, прагназіраванні яго вынікаў. У 1960—70-я г. распрацаваны асн. канцэпцыі будучыні: індустрыяльнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства, «тэхнатроннай эры», «квітнеючага», «арганізаванага», «асветнага» і інш. грамадстваў. Футуралагічная арыентацыя грамадазнаўства прывяла да стварэння канцэпцый сац. змен у сацыялогіі (Т.Парсанс, Р.Мертан, А.Турэн, П.Штомпке і інш.), тэорый росту (эканам., сац., культ. і інш.), сац. развіцця і фарміравання новых сусв. сістэм (тэорыі новага сусв. парадку). З канца 1980-х г. на Захадзе тэрмін «Ф.» выцясняецца паняццем «даследаванне будучыні», але адначасова захоўвае сэнс сіноніма прагназіравання і прагностыкі, састаўной часткі сац., паліт., эканам. кіравання на аснове сучасных метадаў збору і апрацоўкі інфармацыі і прыняцця на іх аснове навукова апраўданых рашэнняў. У працах М.М.Майсеева, В.А.Коўды, М.У.Цімафеева-Расоўскага, М.М.Багалюбава і інш. паказваецца бесперспектыўнасць выкарыстання ядзернай зброі, несумяшчальнасць НТР з яесац.-эканам. вынікамі. На першы план вылучаюцца праблемы экалогіі, гарманізацыі паліўна-энергет., матэрыяльна-сыравіннай, харч., дэмаграфічнай і інш. сфер (Д.Медаўс, Дж.Форэстэр і інш.). У 1970—80-я г. ў Ф. актыўна распрацоўваліся праблемы «новай цывілізацыі», вяліся пошукі новай парадыгмы сусв. тэорыі адаптацыі да сац. змен, шляхоў вырашэння сучасных глабальных праблем (А.Тофлер, Э.Шумахер і інш.). З канца 20 ст. вылучаюць 2 асн. кірункі футуралагічных даследаванняў: аптымістычны і песімістычны (тэорыі крызісаў і катастроф), якія падзяляюцца на шэраг школ і тэндэнцый: Ф. «паваротнай будучыні» (Т.Джонс, Б.Фулер, Г.Кан і інш.); Ф. гуманістычна арыентаваных прыродазнаўцаў (Д.Габар, К.Ф. фон Вайцзэкер), праектаванне мадэлей сусв. развіцця (С.С.Мендэловац, Дж.Бхагваці, А.Мазруі, Р.Катары, Р.Фальк); гуманіст. група — Рымскі клуб (Б. дэ Жувенель і інш.); амер. аптымістычны кірунак (Фулер, Дж.Макчэйл); сцыентычны прагнастычны кірунак (Кан, О.Хелмер, Г.Гордан), Камісія-2000 (пад кіраўніцтвам Д.Бела) і інш.
Літ.:
Бестужев-Лада И.В. Прогнозное обоснование социальных нововведений. М., 1993;
Яго ж Нормативное социальное прогнозирование: возможные пути реализации целей общества: Опыт систематизации. М., 1987;
Белл Д. Грядущее постиндустриальное общество: Пер. с англ.М., 1999;
Антонович И.И. После современности: Очерк цивилизации модернизма и постмодернизма. Мн., 1997;
Тоффлер Э. Футурошок: Пер. с англ. СПб., 1997;
Яго ж. Третья волна: Пер. с англ.М., 2002;
Новая постиндустриальная волна на Западе: Антология. М., 1999;
Валлерстайн И. Анализ мировых систем и ситуация в современном мире: Пер. с англ. СПб., 2001;
Данилов А.Н. Социология власти: Теория и практика глобализма. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЧЭ́РСК,
горад, цэнтр Чачэрскага р-на Гомельскай вобл., прыстань на р. Сож пры ўпадзенні ў яер. Чачора; аўтадарогамі злучаны з г. Карма, Ветка; каля аўтадарогі Гомель—Магілёў. За 65 км ад Гомеля, 37 км ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская на лініі Гомель—Жлобін. 7,7 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы харч. і мясц. прам-сці. Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква, Чачэрская ратуша. Помнік археалогіі — гарадзішча Замкавая Гара.
Стараж. гарадзішча Замкавая Гара размешчана на паўн.-ўсх. ускраіне горада, на мысе правага берага р. Чачора. Складаецца з дзядзінца авальнай формы (пл. каля 1 га) і вакольнага горада (пл. больш за 2 га). Выяўленыя пры раскопках рэчы эпохі Кіеўскай Русі сведчаць пра ўзнікненне стараж. горада ў 10 ст. Вакольны горад існаваў у 11 ст. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 як горад радзімічаў Чичерск, які кіеўскі кн. Ізяслаў Давыдавіч вярнуў чарнігаўскаму кн. Святаславу Ольгавічу. У 12—13 ст. уваходзіў у Чарнігаўскае княства. З сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ, цэнтр воласці, з 1509 мястэчка Віленскага ваяв. З 1501 належаў Алене Іванаўне, жонцы вял.кн. Аляксандра, з 1621 — Сапегам. У 14 ст. на месцы дзядзінца летапіснага горада пабудаваны Чачэрскі замак. З 1510 цэнтр Чачэрскага староства, меў правы гар. самакіравання. З 1566 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. З 1629 меў прывілей на штотыднёвы гандаль і на 2 двухтыднёвыя кірмашы на год. У антыфеадальную вайну 1648—51 у наваколлі Ч. адбыліся сял. паўстанні. У 1654 горад займалі казацкія войскі І.Н.Залатарэнкі. Да 1659 тэр. Ч. ў складзе гетманскіх казацкіх уладанняў на Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Ч. у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета ў Рагачоўскай правінцыі Магілёўскай губ., потым мястэчка, у 1778—96 цэнтр воласці Рагачоўскага пав. Магілёўскага намесніцтва, у 1796—1802 у Беларускай, з 1802 зноў у Магілёўскай губ. У 1774 Ч. падараваны Кацярынай II бел. ген.-губернатару графу З.Р.Чарнышову, які стварыў тут прыгонныя тэатр і аркестр. У 2-й пал. 18 ст. пабудаваны Чачэрская ратуша, вакол якой размяшчаліся 4 храмы-ратонды, Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква, працавалі прыстань «Крэмень», 2 бальніцы, створаны Чачэрскі парк. У 1780—1879 дзейнічаў Чачэрскі шклозавод, у сярэдзіне 19 ст. — шкіпінарны і паташны з-ды. У 1880 у Ч. 1667 ж., 266 дамоў, 76 крам, 2 нар. вучылішчы, 4 кірмашы на год. У 1902 адкрыта 3-класнае гар. вучылішча. У 1903 у Ч. 2468 ж. У 1903—07 дзейнічала Чачэрская арг-цыяРСДРП. З 1919 у Гомельскай губ. РСФСР. З 1926 у складзе БССР, цэнтр Чачэрскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—5,1 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 16.8.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ч. і раёне 1137 чал., у т. л. ў Ч. каля 500 чал. Вызвалены 27.11.1943 войскамі 61-й арміі Бел. фронту ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. У 1959 у Ч. 2,7 тыс.ж. З 25.12.1962 да 6.1.1965 у Буда-Кашалёўскім р-не. У 1970—5,8 тыс.ж. З 3.11.1971 горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РВЕНЬСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПдУ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 37,1 тыс.чал. (2003), гарадскога 43%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Чэрвень. Раён уключае г.п.Смілавічы, 197 сельскіх нас. пунктаў, Смілавіцкі пасялковы Савет, 10 сельсаветаў: Вайнілаўскі, Валевачоўскі, Грабянецкі, Калодзежскі, Кліноцкі, Лядскі, Раваніцкі, Руднянскі, Смілавіцкі, Хутарскі.
Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая, каля 70% яе на выш. 180—200 м і 30% — 160—180 м. Найвыш. пункт 209 м (на Пн ад в. Валевачы). Агульны нахіл з ПнЗ на ПдУ. Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, цагельныя суглінкі і гліны, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб.р. Волма з прытокам Гаць, Уса з Гануткай і Дабрыцай, Уша. Азёры: Пясочнае, Дзікае, Лукава. Вадасх. Волма. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (33,3%), дзярнова-падзолістыя глеяватыя (16,6%), тарфяна-балотныя (11%) і інш. Пад лесам 38,6% плошчы. Пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, асінавыя, дубовыя лясы. Штучныя насаджэнні (каля 25%) пераважна хваёвыя. Пад балотамі 1% плошчы (найб. Краснае, Рудзянец). На тэр. раёна біял. заказнік мясц. значэння Чэрвеньскі; ахоўныя тарфянікі: Падастрэўе, Краснае, Дуброва, Плінтаўка, Дубкі, Рудзянец, Валмянка, Падор, Уса, у пойме р. Волма, Крысін Дуб, Вялікае, Кажамячышча, Чэрвеньскае, Салажкі. Помнікі прыроды: рэсп. значэння, парк «Раванічы», хвоі чорныя ў г.п. Смілавічы; мясц. значэння — паркі «Смілавічы», «Убель» і «Калодзежы».
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 81 тыс.га, з іх асушаных 26 тыс.га. На 1.9.2003 у раёне 6 калгасаў, 4 раённыя унітарныя с.-г. прадпрыемствы, рэсп. унітарнае с.-г. прадпрыемства, «Эксперым. база «Натальеўск», 9 с.-г.вытв. кааператываў, 37 фермерскіх гаспадарак, аграрна-прамысл. прадпрыемства «Чэрвеньскае». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, рапсу, лёну, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: дрэваапр. (мэбля, піламатэрыялы), нафтаперапр. (нафтабітум), харч. (цэльнамалочныя прадукты, сушаная агародніна, віно, безалкагольныя напіткі), каап. (хлебабулачныя і каўбасныя вырабы), лёгкай (валены абутак, скураны тавар); рыбгас «Волма», лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Мінск—Чэрвень—Магілёў, Чэрвень—Мар’іна Горка, Чэрвень—Смалявічы і інш. У раёне 17 сярэдніх, 10 базавых, 3 пач., 1 вячэрняя школа, гімназія, дом-прытулак, с.-г.прафес. ліцэй, дзярж.агр. каледж, ПТВ, 30 дашкольных устаноў, 24 клубы, 32 б-кі, 6 бальніц, 2 амбулаторыі, 23 фельч.-ак. пункты, 1 санаторый. Чэрвеньскі краязнаўчы музей, музей кампазітара С.Манюшкі ў пас. Азёрны. Помнікі архітэктуры: касцёл Антонія (канец 18 — пач. 19 ст.) і палацава-паркавы комплекс (2-я пал. 19 ст.) у в. Раванічы. Гіст. помнікі: мемарыяльны комплекс «Разгром» (1982—84) за 3,5 км на ПнЗ ад в. Раваніцкая Слабада на месцы базіравання ў 1942—44 міжраённага падп. камітэта КП(б)Б Мінскай зоны, Чэрвеньскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, штаба партыз. брыгады «Разгром». Выдаецца газ. «Раённы веснік».
Літ.:
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Мінская вобл.Кн. 2. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЦЮ́Д (франц. étude літар. — вывучэнне),
1) у выяўленчым мастацтве — твор (часта невял. памераў), выкананы з натуры з мэтай яе вывучэння і найб. поўнага ўзнаўлення маляўнічага багацця свету. Спрыяе ўдасканаленню прафес. майстэрства мастака. Э. (жывапісны, скульпт., графічны) з’яўляецца часткай творчай лабараторыі, служыць дапаможным матэрыялам пры рабоце над буйным маст. творам.
Высокамаст. Э. стваралі зах.-еўрап. і рус. мастакі А.Вато, П.П.Рубенс, Ж.А.Д.Энгр, В.Барысаў-Мусатаў, М.Дабужынскі. А.Іваноў.
К.Каровін. І.Левітан, І.Рэпін, В.Сурыкаў, М.Урубель і інш. Значнае месца займаў Э. у творчай практыцы мастакоў 19 — пач. 20 ст. К.Альхімовіча, С.Богуш-Сестранцэвіча. А.Гараўскага. А.Каменскага. Ф.Рушчыца і інш., творчасць якіх звязана з Беларуссю. У Нац.маст. музеі Беларусі зберагаюцца Э. мастакоў Л.Альпяровіча («Жанчына каля мора». «Пейзаж». «Пралля»). С.Жукоўскага («Уладзімірка», «Пейзаж з рэчкай») і інш. Вядомы Э. бел. мастакоў-пейзажыстаў А.Астаповіча, А.Бархаткова. В.Бялыніцкага-Бірулі. М.Дучыца, І.Карасёва, У.Кудрэвіча, І.Рэя, М.Тарасікава. В.Цвіркі і інш., скульптараў А.Анікейчыка, А.Глебава. А.Заспіцкага. Г.Мурамцава і інш. Пейзажныя Э. і Э.-нацюрморт нярэдка з’яўляюцца самаст. творамі.
2) У музыцы — жанр інструментальнай, радзей вак. музыкі. прызначаны ўдасканальваць майстэрства выканаўцы, канцэнтраваць яго ўвагу на авалодванні пэўнымі тэхн. прыёмамі.
Творы эцюднага характару вядомы з 15 ст. У 19 ст. пачаў распрацоўвацца як самаст. жанр. Развіваўся ў 2 кірунках: вучэбна-пед. (зборнікі М.Клеменці, І.Крамера, Р.Крэйцэра. Д.Попера, П.Радэ, К.Чэрні) і канцэртна-віртуозным (І.Брамс, Ф.Мендэльсон-Бартольдзі, Ф.Ліст, Н.Паганіні, Ф.Шапэн, Р.Шуман). На мяжы 19—20 ст. паявіліся Э. рус. кампазітараў А.Арэнскага. А.Лядава. С.Ляпунова. С.Рахманінава, А.Скрабіна. У 20 ст. вызначыліся новыя шляхі яго развіцця. абумоўленыя трактоўкай выразных і тэхн. магчымасцей фп. (К.Дэбюсі, А.Месіян. С.Пракоф’еў, І.Стравінскі, К.Шыманоўскі). Створаны новыя разнавіднасці Э.: для сольнага інструмента з аркестрам (Д.Міё), розных паводле складу інстр. ансамбляў (Б.Чайкоўскі). аркестра (Стравінскі).
Бел. кампазітары пісалі Э. для фп. (Л.Абеліёвіч, С.Аксакаў. У.Алоўнікаў, А.Багатыроў, Р.Бутвілоўскі, П.Падкавыраў, Э.Тырманд, У.Чараднічэнка), для скрыпкі (Абеліёвіч), фагота (Багатыроў), цымбалаў (І.Жыновіч, В.Войцік).
3) У літаратуры — невялікі празаічны або вершаваны твор, у якім у самым агульным. эскізным выглядзе адлюстраваны нейкі адзін жыццёвы момант. У дачыненні да празаічных твораў у бел. л-ры ў гэтым значэнні часцей выкарыстоўваецца тэрмін абразок. У бел. паэзіі Э. сустракаецца ў творчасці М.Танка («Эцюд»), Г.Бураўкіна («Эцюд рэўнасці»), А.Грачанікава (цыкл з чатырох вершаў «Эцюды») і інш. Часам гэтым тэрмінам вызначаюць жанравыя асаблівасці літ.-знаўчых даследаванняў («Эцюды аб прозе» Ф.Куляшова).
4) У тэатры — імправізаванае ці раней распрацаванае практыкаванне, якое складаецца з некалькіх сцэн. дзеянняў і мае на мэце развіваць і ўдасканальваць акцёрскую тэхніку. Адзін з метадаў работы над вобразам.
Л.Ф.Салавей (у выяўл. мастацтве), І.Дз.Назіна (у музыцы), В.П.Рагойша (у літаратуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю прававых актаў у дзяржаве. Ствараецца для забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе непасрэднага дзеяння на тэр. краіны, сцвярджэння законнасці ў праватворчасці і правапрымяненні, вырашэння інш. задач, прадугледжаных заканадаўствам. Прававую аснову яго арганізацыі і дзейнасці складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь», прыняты Парламентам 30.3.1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў 1995 і 1997), Рэгламент Канстытуцыйнага суда (прыняты 18.9.1997 з дапаўненнямі ад 11.6.2001). Канстытуцыйны суд фарміруецца на парытэтнай аснове: 6 суддзяў назначаюцца Прэзідэнтам, 6 выбіраюцца Саветам Рэспублікі з высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне права, якія маюць, як правіла, вучоную ступень, валодаюць высокімі маральнымі якасцямі. З 12 суддзяў Канстытуцыйнага суда Беларусі 5 кандыдатаў, 3 дактары юрыд. навук, прафесары, з іх адзін чл.-кар.Нац.АН Беларусі, 3 жанчыны. Старшыню Канстытуцыйнага суда з суддзяў назначае Прэзідэнт са згоды Савета Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў членаў суда — 11 гадоў, гранічны ўзрост — 70 гадоў; дапускаецца іх прызначэнне або выбранне на новы тэрмін. Суддзі Канстытуцыйнага суда не могуць быць членамі Савета Рэспублікі, дэпутатамі, а таксама членамі паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца дасягнення паліт. мэт; несумяшчальнымі з пасадай суддзі з’яўляюцца прадпрымальніцкая дзейнасць і інш. работа, якая аплачваецца (акрамя выкладчыцкай і навук.-даследчай).
Канстытуцыйны суд разглядае справы і дае заключэнні: аб адпаведнасці законаў, дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта, міжнар. дагавораў Канстытуцыі і міжнар.-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь; аб адпаведнасці Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам, законам і дэкрэтам пастаноў Савета Міністраў, актаў Вярх. суда, Вышэйшага гасп. суда, Генеральнага пракурора, нарматыўных актаў міністэрстваў, ведамстваў, мясц. Саветаў, выканаўчых і распарадчых органаў. Пытанні аб канстытуцыйнасці такіх актаў суд разглядае як у цэлым, так і асобныя іх часткі. У выпадку прызнання такіх актаў не адпаведнымі Канстытуцыі або актам больш высокай юрыд. сілы яны лічацца страціўшымі сілу з моманту, вызначанага судом. У неабходных выпадках па прапанове Прэзідэнта Канстытуцыйны суд дае заключэнні аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі палатамі Парламента. Суддзі, не згодныя з прынятым рашэннем, маюць права выкласці сваё асобае меркаванне ў пісьмовай форме. Выніковае рашэнне павінна быць абвешчана не пазней як праз 15 дзён з моманту заканчэння разгляду справы. Паводле заканадаўства рашэнні Канстытуцыйнага суда з’яўляюцца канчатковымі і не падлягаюць абскарджанню і апратэставанню; яны абавязковыя для выканання ўсімі дзярж. органамі, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі. Невыкананне, неналежнае выкананне або перашкоды выкананню рашэння суда цягнуць адказнасць, устаноўленую законам. Канстытуцыйны суд рыхтуе штогадова пасланні Прэзідэнту і палатам Парламента пра стан канстытуцыйнай законнасці ў краіне. Суд не валодае правам заканадаўчай ініцыятывы, паколькі сам кантралюе канстытуцыйнасць нарматыўных актаў. Аднак у адпаведнасці з законам ён мае права рабіць Прэзідэнту, Нац. сходу, Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншым дзярж. органам прапановы пра неабходнасць унясення ў акты дзеючага заканадаўства змен ці дапаўненняў або прыняцця новых нарматыўных актаў. Афіц. выданнем суда з’яўляецца «Веснік Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь». Дзейнасць суда фінансуецца з дзярж. бюджэту, расходы ў сувязі з выкананнем яго абавязковых рашэнняў нясуць дзярж. органы, прадпрыемствы, установы і арганізацыі, на якія было ўскладзена выкананне гэтых рашэнняў.