хімічныя элементы, ізатопам якіх уласцівы радыеактыўны распад (гл.Радыеактыўнасць). Да Р.э. адносяць тэхнецый, праметый, палоній і ўсе размешчаныя за ім элементы перыяд. сістэмы.
Р.э. з ат. н. 90—103 — актыноіды, з ат. н. 93—103 (размешчаны ў перыяд. сістэме за уранам) — трансуранавыя элементы. Р.э. з ат. н. 84—92 трапляюцца ў прыродзе (прыродныя). З прыродных Р.э. толькі торый і уран маюць ізатопы, перыяды паўраспаду якіх параўнальныя з часам існавання Зямлі (-109 гадоў); іх наз. першаснымі. Астатнія прыродныя Р.э. — прадукты распаду урану і торыю (гл.Радыеактыўныя рады), наз. другаснымі. Трансуранавыя элементы, а таксама тэхнецый і праметый наз. штучнымі Р.э. (атрыманы пры розных ядз. рэакцыях).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРА́НДА (англ. veranda ад інд.),
адкрытая або закрытая прыбудова да дома з боку ўваходных дзвярэй. Гістарычна развілася з ганка. З’яўляецца дадатковым гасп. памяшканнем. Часта выкарыстоўваецца як летняя кухня, часам у верандзе адгароджваецца кладоўка. На Беларусі пашырана з 19 ст. ў гарадах і мястэчках; сустракалася ў вясковым буд-ве ў заможных сялян. Найб. пашырэнне атрымала з 1920-х г. Цяпер веранды бытуюць па ўсёй Беларусі, найб. на ПдУ. Тыповыя веранды зашклёныя (памерам 10—15 м²). Некаторыя хаты маюць 2 веранды — на вуліцу і панадворак. Ніжняя частка каркаса веранды ашалёўваецца дошкамі, фарбуецца; верхняя звычайна зашклёная. Многія веранды аздоблены разьбой, вітражамі, з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва.
У.С.Гуркоў.
Веранда ў в. Галошава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВО́КА (Troglodytes troglodytes),
птушка сям. валавокавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Каля 40 падвідаў. На Беларусі трапляецца ўсюды, на Пд — часам зімой, пералётная. Жыве ў мяшаных і лісцевых захламленых ламаччам, зарослых крапівой лясах з густым падлескам. Нар. назвы валовае вока, блыха, блышка.
Адна з самых дробных птушак у фауне Беларусі. Даўж. каля 9,5 см, маса 8—11 г. Апярэнне спіны рыжавата- або карычнявата-бурае з чорнымі і бурымі папярочнымі палосамі, брушка больш светлае. Хвост кароткі, тарчма. Дзюба прамая, тонкая. Крылы кароткія, круглаватыя. Гнёзды шарападобныя (5—8) з бакавой уваходнай адтулінай. Двойчы за сезон нясе 5—7 яец. Корміцца насякомымі, павукамі, насеннем раслін, ягадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕ́ЦІ ((Onetti) Хуан Карлас) (н. 1.7.1909, г. Мантэвідэо, Уругвай),
уругвайскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў новай лац.-амер. прозы. На пачатку творчасці зазнаў уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Аўтар зб-каў апавяданняў «Самае жахлівае пекла» (1962), «Сумная, як яна» (1963), аповесцяў «Калодзеж» (1939), «Для адной безыменнай магілы» (1959), раманаў «Нічыйная зямля» (1941), «Кароткае жыццё» (1950), «Верф» (1961), «Хунтакадаверэс» (1964), «Дадзім слова ветру» (1978), «У тыя часы» (1987) і інш. Паўфантастычныя сюжэтныя сітуацыі ў творах Анеці часам набываюць сімвалічнае гучанне; з глыбокім псіхалагізмам даследуе пачуццё бяссілля, прыгнечанасці, працэс разрыву герояў з рэчаіснасцю варожага свету. Прэмія М.Сервантэса (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБЕ́СКІ,
складаны, насычаны арнамент, заснаваны на мудрагелістым перапляценні геам. і стылізаваных раслінных матываў; часам уключае і надпісы. Развіўся ў пластычных мастацтвах арабскіх краін. У эпоху Адраджэння ў Еўропе арабескі наз. любы арнамент, які складаўся з пераплеценых ліній, стужак ці галінак. У бел. мастацтве арабескі захаваліся ў аздобе драўляных царскіх варот Благавешчанскай царквы Супрасльскага манастыра (16 ст.), у гравіраваным дэкоры шклянога посуду мануфактур Урэчча і Налібакаў (18 ст.), каваных алтарных перагародак (Троіцкі касцёл у Ружанах Пружанскага р-на, 18 ст.), каваных дзвярах бернардзінскага касцёла ў Гродне (17 ст.) і інш. Арабескі былі ўпрыгожаны шпалеры, што аздаблялі сцены гар. палаца Радзівілаў у Нясвіжы ў 18 ст., дываны Гродзенскай ткацкай мануфактуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАХО́ЎСКІ (Мікола) (Мікалай Аляксандравіч; н. 3.7.1950, в. Сялец Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім маст. вучылішчы (1966—68), Бел.тэатр.-маст. ін-це (1974—76). З 1977 паралізаваны. Друкуецца з 1979. Дэбютаваў п’есамі для лялечнага тэатра, адна з іх («Калі дракон прачнуўся», 1982) прысвечана праблемам экалогіі. У драме «Машэка» (1988) праз самабытнае раскрыццё характараў і псіхалогіі ўладара, раба і незалежнага чалавека паставіў актуальную праблему пра згубны ўплыў улады на асобу. Дзеянне твора афарбавана з’яўленнем фантаст. прывідаў, часам пераходзіць у сферу ірэальнага. У драме абсурду «Ку-ку» (1992, 1-я прэмія на Рэсп. конкурсе драматургіі 1992) пераплецена рэальнае і ўяўнае, звычайнае і свет фантазій. Аўтар апавяданняў, казак, артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГУМЕ́НТ (лац. argumentum),
1) суджэнне (або іх сукупнасць), што прыводзіцца ў пацвярджэнне праўдзівасці інш. суджэння, канцэпцыі, тэорыі.
2) У логіцы — пасылка доказу (інакш — падстава або довад доказу); часам аргументам называюць увесь доказ цалкам. Лагічныя довады для абгрунтавання якога-н. палажэння называюць аргументацыяй. Азначае таксама працэс лагічнага доказу ісціннасці якога-н. палажэння (суджэння) пры дапамозе аргумента (аксіём, азначэнняў і выказванняў аб фактах). Аргументацыя ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі пабудовы доказаў (правілы катэгарычнага сілагізму, умоўна-раздзяляльнага, умоўнага сілагізму і інш.). У ёй можа быць выкарыстана адвольная, але канечная колькасць аргумента. Спосаб сувязі аргумента паміж сабой ці з тэзісам (палажэннем, якое аргументуецца) наз. дэманстрацыяй, формай доказу або формай аргументацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯВА́Я МАШЫ́НА ПЯХО́ТЫ (БМП),
браніраваная машына мотастралковых войскаў (мотапяхоты) для перамяшчэння асабовага складу і вядзення бою. З’явілася ў 1960-я г. Сучасная БМП — гусенічная (радзей колавая) машына высокай праходнасці, звычайна плаваючая, выкарыстоўваецца для дэсантавання. Аснашчана фільтравентыляцыйнай устаноўкай, прыладамі начнога бачання і інш. Узбраенне: 20—30-ммаўтам. пушка, 1—2 кулямёты, часам процітанк. кіроўныя рэактыўныя снарады. Умяшчае 2—3 чал. экіпажу і 6—9 чал. стралкоў, якія могуць весці агонь праз амбразуры. Скорасць руху: гусенічных 65—75, колавых да 100, па вадзе 6—10 км/гадз. Ёсць на ўзбраенні армій многіх краін: напрыклад, у ФРГ — гусенічная «Мардэр», у ЗША — плаваючая гусенічная М-2 «Брэдлі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДА́Н, курэнь,
часовая жылая пабудова, вартоўня ці склад у садах, на вял. агародах, у лесе, на сенажаці. Вядомы на Беларусі і Украіне са старажытнасці. Найчасцей будан будавалі ў выглядзе 2-схільных канструкцый з тонкіх жэрдак на 2 слупах-сохах, злучаных уверсе перакладзінай, накрывалі карой, галлём, саломай, сенам. У пач. 20 ст. на Палессі зафіксаваны буданы больш складанай пірамідальнай канструкцыі: васьмігранныя ў плане з 4 слупамі ў цэнтры, якія звязваліся перакладзінамі і служылі асновай нахіленых сцен з плашак або драніц, абкладзеных звонку дзёрнам. Часам ніжнюю частку будана рубілі з бярвён, а над агнішчам (у цэнтры) ставілі 2-схільны дах з дымнікам па баках. Выкарыстоўвалі будан і як часовае жыллё ў перыяд розных нягод, асабліва войнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУТАГА́ВА (Руноскэ) (1.3.1892, Токіо — 24.7.1927),
японскі пісьменнік. Скончыў Такійскі ун-т (1916). Выдатны стыліст і майстар навелы. У цэнтры твораў Акутагавы — вострыя праблемы сучаснасці, загадкавасць і непрадказальнасць чалавечай свядомасці (навелы-прытчы «Расёмон», 1915, «У гушчары», 1922, і інш.), трагічныя калізіі дабра ў свеце зла (псіхал. навелы «Восень», 1920, «Холад», 1924, сац.-фантаст. алегорыя «У краіне вадзянікоў», 1927, і інш.), адзінота чалавека, яго бездапаможнасць перад часам, гісторыяй (аповесць-споведзь «Жыццё ідыёта», 1927). Скончыў жыццё самагубствам. У Японіі ўстаноўлена літ. прэмія яго імя (1935). На бел. мову асобныя навелы Акутагавы пераклаў У.Шатон.