КААРДЫНА́ЦЫЯ (ад лац. co сумесна, разам + ordinatio упарадкаванне) у фізіялогіі. узгадненне дзейнасці розных органаў і сістэм арганізма, абумоўленае спалучэннем працэсаў узбуджэння і тармажэння ў цэнтральнай нервовай сістэме. Напр., пры згінанні канечнасці. ўзбуджэнне нерв. клетак, якія пасылаюць імпульсы да мышцаў-згінальнікаў, выклікае адначасова тармажэнне клетак, звязаных з мышцамі-разгінальнікамі. Расслабленне разгінальнікаў палягчае згінанне канечнасці. Безумоўнарэфлекторная К. ажыццяўляецца на ўзроўні спіннога мозга (простыя рэфлексы — згінальны, чухальны і інш.). Умоўнарэфлекторная К. злучае амаль усе аддзелы галаўнога мозга і сістэмы арганізма (сардэчную, мышачную, крывяносную і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВЫ́ ПРАЦЭ́С.
тэрмадынамічны працэс, у выніку якога рабочае рэчыва (газ, пара ці інш.) вяртаецца ў першапачатковы стан. Пры гэтым усе тэрмадынамічныя параметры і характарыстычныя функцыі сістэмы ў канцы працэсу прымаюць першапачатковыя значэнні, а змены адбываюцца толькі ў навакольным асяроддзі. У прамым К.п. частка цеплаты, нададзеная рабочаму целу, пераўтвараецца ў карысную работу (напр., у цеплавых рухавіках), а ў адваротным — за кошт работы адбываецца перадача цеплаты ад менш нагрэтых цел да больш нагрэтых (напр., у халадзільных машынах). Гл. таксама Карно цыкл, Цыкл тэрмадынамічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦА (Krynica),
бальнеалагічны і кліматычны курорт у Польшчы. На ПдУ ад г. Новы-Сонч, на схілах Бяскідаў (у складзе Карпат), «жамчужына польскіх курортаў». Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Ахаванасць схіламі гор, укрытых хвойным лесам, крыніцы каштоўных мінер. вод (вядомыя з 18 ст.), мясц. тарфяныя гразі выкарыстоўваюцца як асн.лек. фактары пры захворваннях органаў стрававання, дыхання, сасудаў і сэрца, мочапалавой сістэмы, парушэннях абмену рэчываў. База для навук. устаноў Кракаўскай мед. акадэміі. Буйны цэнтр турызму, адпачынку і зімовага спорту. Помнікі драўлянай архітэктуры. Мастацкі музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРА́ЎЦАЎ (Іван Фёдаравіч) (н. 10.3.1922, в. Лезвіна Аленінскага р-на Цвярской вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне электратэхнікі і аўтаматыкі. Д-ртэхн.н. (1968), праф. (1969). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1987). Скончыў Маскоўскі ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1948). З 1957 у Бел.агр.тэхн. ун-це. Распрацаваў бескантактавыя сістэмы кіравання с.-г. электрапрыводам, тэарэт. асновы энергазберажэння ў с.-г. электрапрыводных устаноўках.
Тв.:
Электрооборудование и автоматизация сельскохозяйственных агрегатов и установок. М., 1988 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУРЫ́ЗМ,
бодыбілдынг (англ. body-building целабудаўніцтва), сістэма сілавых практыкаванняў для развіцця мускулатуры. Вядомы з часоў Стараж. Грэцыі і Рыма. Асновы сучаснага К. распрацаваны ў канцы 19 ст., сістэмы трэніровак — у 1960-я г. (у ЗША). Міжнар. конкурсы па К. праводзяцца з 1901, штогадовыя чэмпіянаты свету — з сярэдзіны 20 ст.Міжнар. федэрацыя па К. створана ў 1946, федэрацыя К. Беларусі — у 1985. Сярод бел. культурыстаў: Э.Зайкін, бронз. прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў (1994), чэмпіёны Еўропы М.Шыла (1989) і А.Крыксін (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТАРЭ́З,
машына для расчысткі тэрыторыі ад хмызняку і драбналесся (дрэў дыяметрам да 25 см). Бываюць адвальна-нажавыя, вальцава-нажавыя і нажавыя.
Найб. пашыраныя адвальна-нажавыя К. складаюцца са штурхальнай рамы, навешанай на гусенічны трактар, клінападобнага адвала з гарыз. нажамі, канатна-блочнай ці гідраўл.сістэмы кіравання. Выкарыстоўваюцца пры асваенні новых зямель (пры выкананні культуртэхнічных работ), буд-ве і эксплуатацыі дарог, пракладцы газаправодаў, каналаў, прасек і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМБРЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ (Cambrian Mountains),
горы ў Вялікабрытаніі на п-ве Уэльс. Даўж. каля 150 км. Выш. да 1085 м (г. Сноўдан). Шэраг пласкагор’яў, над якімі ўзвышаюцца асобныя кражы з горналедавіковым рэльефам. Складзены з вулканічных парод, сланцаў, вапнякоў, пясчанікаў. Радовішчы каменнага вугалю. Густая сетка рэк, шматлікія невял. азёры. Да выш. 400—600 м шыракалістыя лясы (дуб, бук, ясень), вышэй верасоўнікі, тарфяныя пусткі. У далінах сады. Рэзерваты: І-Уітва-Сноўдан, Кум-Ідуал, Мур-Хаўс, Рынаг і інш. У К.г. упершыню апісаны адклады кембрыйскай сістэмы (перыяду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МЕРЫ,
прыморскі і бальнеагразевы курорт у Латвіі. У складзе г. Юрмала, за 44 км на З ад Рыгі, у лесапаркавай зоне на беразе Балтыйскага м.Засн. ў 1840-я г. на месцы прыродных выхадаў серных вод на тэр. сядзібы лесніка А.Кемеры (адсюль назва). Асн. прыродныя лек. фактары — крыніцы мінер. вод рознага саставу, мясц. тарфяныя і сапрапелевыя гразі, прыморскі клімат. Лечаць хваробы страўніка, кішэчніка, нерв.сістэмы, кровазвароту, гінекалагічныя. На тэр. курорта найбуйнейшы ў Латвіі санаторны комплекс, дзіцячыя санаторыі, зоны адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНГС-КАНЬЁН (Kings Canyon),
нацыянальны парк у ЗША, у штаце Каліфорнія, на зах. схілах цэнтр.ч. горнай сістэмы Сьера-Невада. Засн. ў 1940. Пл. 186,2 тыс.га. Горныя хрыбты (выш. 1500—2500 м), хрыбет Сьера-Невада (выш. 4116 м), самы глыбокі ў Паўн. Амерыцы аднайм. каньён (2400 м, цясніна р. Кінгс), азёры, вадаспады, горныя лугі, хвойныя лясы (хвоя, піхта, секвоядэндран гіганцкі). Водзяцца чорны мядзведзь, горны баран і інш. Агаленні меза- і кайназойскіх адкладаў. Біясферны рэзерват. Аб’ект турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НІЯ (ад лац. linea льняная нітка, шнурок),
старажытная мера (адзінка) даўжыні, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. У розныя часы ў розных краінах мела рознае лікавае значэнне. На Беларусі і ў Расіі ў 18 — пач. 20 ст. 1 Л. = 0,1 цалі = 2,54 мм. У Л. вымяралі калібр стралковай зброі (адсюль «трохлінейная вінтоўка»), памер шкла для газавых лямпаў. У сістэме англ. мер 1 Л. = 1/12 цалі = 2,117 мм. У гадзіннікавай прамысловасці многіх краін да нашага часу выкарыстоўваецца швейц.Л., роўная 2,0833 мм.