ІУ́ДА МАКАВЕ́Й (стараж.-яўр. Молат; ? — 160 да н.э.),
кіраўнік нар. паўстання супраць панавання Селеўкідаў у Іудзеі. У адказ на рэліг. праследаванні іудзеяў селеўкідскім царом Антыёхам IV у 167 І.М. узначаліў паўстанцкі рух. Атрымаў шэраг перамог, у 164 захапіў Іерусалім і нанава асвяціў храм. У 161 заключыў саюз з Рымам. Пасля гібелі І.М. ў бітве пры Элеасе барацьбу за заваяванне поўнай паліт. незалежнасці Іудзеі (142 да н.э.) узначальвалі яго браты. Маст. вобраз І.М. створаны ў трагедыі О.Людвіга, араторыі Г.Ф.Гендэля, оперы А.Рубінштэйна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬМА́ ПРУТКО́Ў,
калектыўны літ. псеўданім і сатыр. вобраз, створаны ў 1850—60-я г. групай рус. пісьменнікаў, у якую ўваходзілі А.К.Талстой і браты Аляксей, Аляксандр і Уладзімір Жамчужнікавы. Камічны партрэт К.П. намалявалі Аляксей Жамчужнікаў, А.Бейдэман і Л.Лагорыо. Сатыр. творы К.П. (вершы, байкі, літ. пародыі, эпіграмы, афарызмы, камедыі) накіраваны супраць коснасці, кансерватызму, абмежаванасці, тупасці чыноўніцтва, літ. эпігонства. Многія яго выслоўі сталі крылатымі. Творы К.П. публікаваліся ў час. «Искра», «Современник» і інш.
Тв.:
Соч.М., 1982.
Літ.: Жуков Д. Козьма Прутков и его друзья. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ДЗІН (Аляксей Максімавіч) (24.10.1861, станіца Усць-Хапёрская Серафімовіцкага р-на Валгаградскай вобл. — 11.2.1918),
расійскі ваен. дзеяч, адзін з кіраўнікоў казацкага антысав. руху на Доне ў 1917—18. Генерал ад кавалерыі (1917). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1882) і Акадэмію Генштаба (1889). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 17(30).6.1917 атаман войска Данскога, са снеж. 1917 і чл. кіраўніцтва «Данскога грамадз. савета». 25.10(7.11).1917 заявіў аб непрызнанні прыходу да ўлады бальшавікоў і на чале данскога казацтва пачаў узбр. барацьбу супраць іх. Пацярпеў паражэнне, скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧУ́М (?, Цэнтр. Азія — не раней 1598),
апошні хан Сібірскага ханства. У 1563 скінуў сібірскіх ханаў Едыгера і Бекбулата — даннікаў рас. цара Івана IV і абвясціў сябе ханам. Ён спыніў выплату даніны і ўзначаліў барацьбу супраць казацкай дружыны Ермака. У 1582 пацярпеў паражэнне ў бітве на Чувашаўскім мысе на р. Іртыш, пакінуў сваю сталіцу Кашлык. У 1585 знішчыў атрад казакаў на чале з Ермаком. Працягваў барацьбу да жн. 1598, калі быў канчаткова разбіты ваяводам А.Ваейкавым на р. Бердзь, уцёк у Нагайскую Арду, дзе і загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВЕЛЕ́ ((Laveleye) Эміль Луі Віктор дэ) (5.4.1822—2.1.1892),
бельгійскі эканаміст і сацыёлаг. Вучыўся ў Лёвенскім і Генцкім ун-тах. З 1864 праф. палітэканоміі ў Льежскім ун-це. Падзяляў погляды аўстрыйскай школы і лічыў, што вартасць тавараў вызначаецца каштоўнасцю і рэдкасцю, а цана — попытам і прапанаваннем; цэнтр. месца адводзіў паліт. ладу, выступаў за ўмяшанне дзяржавы ў паліт. жыццё, але супрацьсацыяліст. ідэі ўсебаковага рэгулявання гаспадаркі. Ідэалам грамадскага жыцця лічыў саюз «свабодных» «самакіравальных абшчын», дэцэнтралізацыю. У сваёй асн. працы «Уласнасць і яе першабытныя формы» (1874) даў гіст.-этналагічны аналіз прыватнай уласнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎСКІ БОЙ 1942,
бой паміж партызанамі брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. і карнай экспедыцыяй ням.-фаш. захопнікаў каля Лаўскага лесу ў Капыльскім р-не 3 снеж. ў Вял.Айч. вайну. Гітлераўцы кінулі супраць партызан 7 тыс. карнікаў з танкамі, бронемашынамі, артылерыяй. Засада з 18 партызан (камандзір В.І.Драздовіч; усе загінулі) каля в. Клецішча за 4 гадз адбіла 8 атак, знішчыла шмат жывой сілы ворага. За гэты час брыгада эвакуіравала шпіталь і арганізавана ўступіла ў бой, які працягваўся ўвесь дзень; уначы партызаны выйшлі з акружэння. На магіле загінуўшых партызан каля Клецішча пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРА (Іван Паўлавіч) (27.12.1897, в. Малыя Жухавічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 21.1.1952),
генерал-палкоўнік артылерыі (1943). Скончыў Вышэйшую артыл. школу (1921), артыл. камандна-тактычныя курсы (1936). У Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну ўдзельнік баёў супраць войск Калчака і сав.-польскай вайны 1920: камісар дывізіёна, палка. Пазней нач. артылерыі дывізіі, корпуса Забайкальскай і Паўн.-Каўказскай ваен. акруг. У Вял.Айч. вайну на Зах. фронце: нач. артылерыі арміі, нам. камандуючага войскамі, нач. артылерыі фронту. Удзельнік абароны Масквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́НЬЯ ((Cunha) Эўклідыс да) (20.1.1866, г. Кантагалу, Бразілія — 15.8.1909),
бразільскі пісьменнік. Чл.Браз. акадэміі л-ры (з 1903). Па адукацыі ваен. інжынер. Удзельнічаў у выступленнях рэспубліканцаў супраць манархіі. Кн. «Сертаны» (1902) — спалучэнне навук. даследавання, публіцыстыкі з дакумент. апавяданнем пра задушэнне сял. паўстання 1896—97 у Канудусе. Аўтар кнігі аб збіральніках каўчуку «Страчаны рай» (1904, не завершана), зб-каў артыкулаў і нарысаў «Кантрасты і супастаўленні» (1907), «На палях гісторыі» (1909). Паўплываў на развіццё рэгіяналізму і крытычнага рэалізму ў браз. і лацінаамер. л-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНЕСАРЫ́ КАСЫ́МАЎ (1802—1847),
дзеяч казахскага нац.-вызв. руху. Унук хана Аблая. Султан, з 1841 хан Сярэдняга жуза (плем. аб’яднанне на ПнУ сучаснага Казахстана, у 1740 пры хане Аблаю далучаны да Расіі). Выступаў за аддзяленне Казахстана ад Рас. імперыі і супраць палітыкі рас. улад, якія абмяжоўвалі правы каз. знаці. У 1837—47 кіраваў антырас. ўзбр. паўстаннем казахаў; аснову яго войска складалі дружыны сваякоў. Меў падтрымку з боку сярэднеазіяцкіх ханстваў. У 1846 выцеснены рас. войскамі на Пд у межы Старэйшага жуза. Загінуў у час набегу на кіргізаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1068—69,
выступленне жыхароў Кіева супрацьвял. кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча. Пачалося ў вер. 1068 у выніку адмовы Ізяслава ўзброіць воінаў гар. дружыны (рамеснікаў і гандляроў) пасля разгрому полаўцамі на р. Альта аб’яднанага войска князёў Яраславічаў. Паўстанцы вызвалілі палоннага полацкага князя Усяслава Брачыславіча і абвясцілі яго вял. кіеўскім князем. Ізяслаў Яраславіч уцёк у Польшчу, яго браты чарнігаўскі і пераяслаўскі князі Святаслаў і Усевалад прызналі ўладу Усяслава Брачыславіча. Паўстанне задушана вясной 1069 Ізяславам з дапамогаю войска яго сваяка польск. караля Баляслава II Смелага; Усяслаў Брачыславіч уцёк у Полацк.