судовыя органы, якія ў межах сваёй кампетэнцыі вырашаюць спрэчкі, што ўзнікаюць пры заключэнні і выкананні гаспадарчых дагавораў паміж прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі незалежна ад формаў уласнасці і падпарадкавання. Утвораны ў 1991. Арганізацыя і парадак дзейнасці вызначаюцца законам аб гасп. судзе ад 5.6.1991 і Гаспадарчым працэсуальным кодэксам. Сістэма гаспадарчых судоў складаецца з Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь і гаспадарчыя суды абласцей. Гаспадарчыя суды абласцей вырашаюць усе гасп. спрэчкі, акрамя спрэчак, якія разглядае Вышэйшы гасп.суд. Спрэчкі разглядаюцца суддзёй аднаасобна, па складаных справах старшыня суда мае права ўвесці ў склад суда яшчэ двух суддзяў. Рашэнне гаспадарчага суда па спрэчцы набывае законную сілу адразу ж пасля яго вынясення. Выкананне рашэння гаспадарчага суда праводзіцца на падставе загаду, які выдаецца гаспадарчым судом і з’яўляецца выканаўчым дакументам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКЗА́МЕТР (ад гекса... + ...метр),
вершаваны памер у антычным вершаскладанні; 6-стопны дактыль з усечанай на адзін склад 6-й стапой. Ва ўсіх стопах, акрамя 5-й, дактылі маглі заменьвацца спандэямі. Цэзура, якая рассякае звычайна 3-ю стапу, падзяляе вершарад на дзве часткі (-◡◡-◡◡-//◡◡-◡◡-◡◡-).
Найб. пашыраны памер антычнай л-ры («Іліяда» і «Адысея» Гамера, паэмы і вершы Феакрыта, Вергілія, Авідзія, Гарацыя і інш.). Выкарыстоўваўся ў паэмах, гімнах, пасланнях, нярэдка спалучаўся з пентаметрам, утвараючы элегічны двуверш.
Памерам гекзаметра шырока карысталіся сярэдневяковыя бел. паэты-лаціністы («Песня пра зубра» М.Гусоўскага). У сілаба-танічным вершаскладанні гекзаметр звычайна перадаецца спалучэннем дактыляў з харэямі і выкарыстоўваецца ў перакладах антычнай паэзіі. У бел. паэзіі імітацыя гекзаметра ёсць у вершы М.Багдановіча «Непагодаю маёвай», у перакладах «Іліяды» Ю.Дрэйзіным, Б.Тарашкевічам, у стылізацыях антычных тэм і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАНІ́ЗМ (ад лац. germanus германскі),
слова або выраз, запазычаны з германскіх моў, пераважна з нямецкай. Трапляюцца ў бел. граматах 13—14 ст., якія адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі з ням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага (напр., «кунторъ» — чын у тэўтонскім ордэне). Вял. колькасць слоў ням. паходжання пранікла ў бел. мову праз польск. і яўр. мовы, у меншай меры на працягу 15—17 ст. непасрэдна з нямецкай («дах», «ліхтар», «труна», «цыбуля», «вандраваць», «віншаваць», «дзякаваць», «маляваць», «ратаваць» і інш.). Такія германізмы асіміляваны бел. мовай у фанет., семантычных і граматычных адносінах, увайшлі ў яе слоўнікавы склад і не адрозніваюцца ад спрадвечна бел. слоў, іх іншамоўнае паходжанне ўстанаўліваецца спец. этымалагічнымі даследаваннямі. У апошнія часы атрымліваюць пашырэнне германізмы англа-амер. паходжання тыпу «бітнік», «дансінг», «хіпі» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАПО́НІКА (ад гідра... + грэч. ponos праца),
вырошчванне раслін (агароднінных, кветкавых, ягадных і інш.) на штучных пажыўных асяроддзях без глебы.
Пры гідрапоніцы каранёвая сістэма расліны развіваецца ў цвёрдых субстратах (жвір, пясок, мох, торф, друз, гранулы палімераў і інш.), якія перыядычна ўвільгатняюць водным растворам пажыўных элементаў, у вадзе (водная культура) або паветры (аэрапоніка). Для гідрапонных раствораў (pH=5,5—6,5) звычайна выкарыстоўваюць добра растваральныя солі; у іх павінны быць усе неабходныя макра- і мікраэлементы, склад якіх дыферэнцыруюць у залежнасці ад фазы развіцця раслін. Пры вырошчванні раслін метадам гідрапонікі паскараецца іх рост і развіццё, павялічваецца ўраджайнасць і якасць прадукцыі, палягчаецца барацьба з хваробамі і шкоднікамі раслін. Гідрапоніку шырока выкарыстоўваюць у н.-д. працы (у лабараторных і касм. даследаваннях), у прамысл. агародніцтве і кветкаводстве, пры вырошчванні ягадных культур і інш.
гідраўлічная перадача, дзеянне якой заснавана на выкарыстанні гідрастатычнага напору вадкасці. Бывае зваротна-паступальнага, зваротна-паваротнага і вярчальнага руху. Забяспечвае бесступеньчатае рэгуляванне скарасцей вядзёных механізмаў з малой інерцыйнасцю і аўтам. засцераганнем ад перагрузак. Уваходзіць у склад аб’ёмнага гідрапрывода машын.
Гідрастатычная перадача складаецца з аб’ёмнай помпы (вядучае звяно), аб’ёмнага гідраўлічнага рухавіка, рэзервуара для рабочай вадкасці і трубаправодаў (часам замест помпы выкарыстоўваюць гідраакумулятар). Рабочая вадкасць засмоктваецца помпай у яе рабочыя камеры, а затым напампоўваецца ў рабочыя камеры гідрарухавіка (гідраматора, гідрацыліндра). З гідрарухавіка вадкасць зліваецца ў рэзервуар, адкуль зноў засмоктваецца помпай. Рэгуляванне скорасці гідрарухавіка ажыццяўляецца зменай аб’ёмаў рабочых камер. Прамысл. выкарыстанне гідрастатычнай перадачы адносяць да 1795, калі быў вынайдзены гідраўлічны прэс, з 1920—30-х г. пачала выкарыстоўвацца ў металарэзных станках і інш. машынах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭУ́ЛІНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1618.
Заключана 1 снеж. ў в. Дэуліна (цяпер г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.) тэрмінам на 14,5 года; спыніла вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Прадугледжвала перадачу Расіяй (з рас. боку дэлегацыю ўзначальваў баярын Ф.І.Шарамецеў, ВКЛ і Польшчу прадстаўлялі А.Навадворскі, Л.Сапега, Я.Гансеўскі) у складВКЛ смаленскіх зямель (акрамя Вязьмы), а ноўгарад-северскіх і чарнігаўскіх зямель з 29 гарадамі Польскаму каралеўству, абмен палоннымі (у ходзе абмену ў Маскву вярнуўся з палону і бацька цара М.Ф.Раманава патрыярх Філарэт) і інш. Нявырашаным засталося пытанне аб захаванні польск. каралевічам Уладзіславам тытула «цара маскоўскага і ўсяе Расіі». Умовы і вынікі Д.п. ліквідаваны пасля войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і 1654—67 (гл.Андросаўскае перамір’е 1667, «Вечны мір» 1686).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НАў музыцы,
колькасная характарыстыка ступеневых якасцей музычных гукаў. Вызначае адносіны паміж элементамі муз. гуку як фіз. з’явы (частата, інтэнсіўнасць, склад гуку, працягласць) і яго муз. якасцямі (вышыня, гучнасць, тэмбр, працягласць) як адбіткамі ў свядомасці чалавека гэтых фіз. уласцівасцей гуку. Ступеневая якасць, напр., гуку а1 не пераходзіць у суседнія якасці ў дастаткова шырокай зоне — прыкладна ад 430 да 450 герц; З. абсалютнага слыху прыблізна 80 цэнтаў; інтэрвальнага, адноснага слыху — каля 60—70 цэнтаў. Унутры З. музыканты адрозніваюць вял. колькасць інтанацыйных адценняў. Паняцце З. пашыраецца і на ўспрыняцце тэмпу і рытму, дынамічны і тэмбравы слых. Вучэнне пра З. (распрацавана муз. акустыкам М.Гарбузавым) адкрыла новыя магчымасці для вывучэння маст. інтэрпрэтацыі муз. твораў.
Літ.:
Н.А.Гарбузов — музыкант, исследователь, педагог. М., 1980. С. 11—48, 80—270.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЎРО́ТКІ (Rotatoria),
клас чарвей падтыпу першаснаполасцевых. 3 атр., каля 2000 відаў. Пашыраны па ўсім свеце ў вадзе. На Беларусі каля 100 відаў. Уваходзяць у склад бентасу і планктону.
Адзіночныя, каланіяльныя, рухомыя і прымацаваныя формы.
Даўж. 0,01—2,5 мм. Бясколерныя і каляровыя, двухбаковасіметрычныя. Цела выцягнутае ці шарападобнае, звычайна падзелена на галаву, тулава і нагу, укрыта кутыкулай або панцырам. На галаве калаўротны апарат — сістэма раснічак, з дапамогай якіх К. перамяшчаюцца і кормяцца. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Размнажэнне аднаполае (партэнагенез) або спалучаецца з двухполым (гетэраганія). Пры неспрыяльных умовах К. ўпадаюць у анабіёз. Паліфагі, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі, дэтрытам; ёсць драпежнікі і паразіты беспазваночных і раслін. Удзельнічаюць у ачышчэнні вадаёмаў; корм для планктонаедных малявак рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІЯ ПА СПРА́ВАХ НЕПАЎНАЛЕ́ТНІХ,
у Рэспубліцы Беларусь орган, які каардынуе дзейнасць дзярж. органаў і грамадскіх аб’яднанняў па папярэджанні безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, уладкаванні дзяцей і падлеткаў, ахове іх правоў. Разглядае справы аб правапарушэннях дзяцей і падлеткаў, кантралюе правядзенне выхаваўчай і прафілактычнай работы з непаўналетнімі ў навуч. установах (у т. л. ў спец. установах закрытага тыпу), у прыёмніках-размеркавальніках для непаўналетніх і выхаваўча-працоўных калоніях. Камісіі ўтвараюцца пры гар., раённых, абл. выканкомах, а Камісія па справах непаўналетніх пры СМ Рэспублікі Беларусь — СМ Рэспублікі Беларусь. Склад камісій, іх правы і парадак дзейнасці рэгламентуюцца заканадаўствам. Пастановы, прынятыя камісіямі, абавязковыя для выканання прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі незалежна ад форм уласнасці, службовымі асобамі і грамадзянамі. Дзейнасць камісій ажыццяўляецца пры шырокім удзеле грамадскасці і ва ўзаемадзеянні з пастаяннымі камісіямі Саветаў дэпутатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫБО́ВІЧ (Кабыш) Сымон Сымонавіч
(1891, в. Старыца Салігорскага р-на — ?),
бел.дзярж. дзеяч, гісторык. Меў вышэйшую адукацыю, працаваў настаўнікам. У 1932—37 кіраўнік справамі і ўпаўнаважаны к-та нарыхтовак СНКБССР. У 1940 арыштаваны. У Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.фаш. акупац. ўладамі, уваходзіў у складБел.цэнтр. рады, са студз. 1944 кіраўнік яе фін. аддзела, удзельнік 2-га Усебел. кангрэса (чэрв. 1944, Мінск). З лета 1944 у Германіі. Прымаў удзел у працы Бел.нац.к-та. З 1954 у Мюнхене: супрацоўнік Ін-та па вывучэнні СССР, у бел. аддзеле радыёстанцыі «Свабода». Аўтар артыкулаў у навук. часопісе бел. эміграцыі «Запісы», выданнях Ін-та па вывучэнні СССР па бел.нац. пытанні, у якіх рабіў высновы, што нац. развіццю бел. народа не спрыяюць ні Польшча, ні Сав. Расія.