ІКАНАСТА́С (ад ікона + грэч. stasis месца стаяння),
перагародка з абразамі і варотамі паміж асн. і алтарнай часткамі інтэр’ера правасл. храма.
І. склаўся на аснове нізкай алтарнай перагародкі з абразамі над ёй. У класічнай форме (распрацавана ў 15 ст. на Маск. Русі) складаецца з 5 радоў (чыноў) абразоў, якія ў пэўнай паслядоўнасці паказваюць жыццё царквы ад пачатку да Страшнага Суда. Верхні чын («праайцоўскі») з абразом св. Тройцы («Гасціннасць Аўраама») у сярэдзіне сімвалізуе перыяд ад Адама да Майсея. Наступны чын («прарочы») прадстаўляе старазапаветную царкву ад Майсея да Хрыста, у цэнтры — абраз «Маці Божая Знаменне», выказванне прароцтва Ісаі і пераемнасці Новага запавету ад Старога. «Святочны» чын адлюстроўвае падзеі Новага запавету, якія на працягу года асабліва ўрачыста адзначаюцца царквою. Гал. частка І. — «дэісусны» чын, у якім вакол абраза Спаса з Маці Божай і Іаанам да тэмы малення царквы за свет далучаны выявы 12 апосталаў, свяціцеляў, пакутнікаў і інш. У ніжнім («мясцовым») чыне па баках царскіх варот (сімвал уваходу ў Царства Нябеснае) абразы Спаса і Маці Божай з дзіцем і храмавыя, на бакавых дзвярах — архангелаў або дыяканаў.
На Беларусі І. вядомы з 15 ст. Захаваліся І. сярэдзіны 17 ст. (Жыровічы, Магілёў, Супрасль), для якіх характэрна разное аздабленне ў стылі барока. Існавалі ў правасл. і уніяцкіх храмах. Бел. І. вызначаўся пэўнымі асаблівасцямі: колькасць радоў 3—4, «дэісусны» чын ператвораны ў «апостальскі», які разам з абразамі, змешчанымі па вертыкалі над царскімі варотамі, утвараў крыжовы кампазіцыйны стрыжань і нёс асн. сэнсавую і дэкар. нагрузку; «праайцоўскі» чын адсутнічаў або змяшаны з «прароцкім», апошнім часам рабіўся ў выглядзе групы картушаў. У сярэдзіне 18 ст. ва уніяцкіх храмах заменены алтарамі на ўзор касцельных. У правасл. цэрквах як самабытная з’ява існаваў да 1840-х г., пазней І. стваралі па зацверджаных тыпавых праектах і пакідалі ў аздабленні толькі асобныя самабытныя дэкар. элементы.
А.А.Ярашэвіч.
Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. Разьбяры К.Міхайлаў, Д.Залатароў і інш. 1683—86.Іканастас Міхайлаўскай царквы ў в. Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл. 18 ст.Іканастас царквы ў в. Бярозавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 18 — пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВІЦКІ РАЁН.
На У Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 32,7 тыс.чал. (1998), гарадскога 53,2%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Касцюковічы; 143 сельскія нас. пункты, 7 сельсаветаў: Баронькаўскі, Беладубраўскі, Бялынкавіцкі, Дзямідавіцкі, Забычанскі, Пралетарскі, Сялецкі. Зах. і паўд.-зах.ч.раёна пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС уваходзяць у зону радыяцыйнага кантролю, адселены 28 нас. пунктаў.
Раён у межах паўд.-ўсх.ч.Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня хвалістая. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 190,6 м (на Пн ад в. Пралетарская). Карысныя выкапні: торф, цэм. мергель і мел, пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. З ПнУ на ПдЗ працякае р. Беседзь з прытокамі Сураў, Жадунька (з Крупянкай і Крупняй), Дзяражня, Алешня, Чарняўка, Трасцянка, Зубар (з Грэбляй), Машоўка, Свінка. Возера Святое. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (35,2%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (48,5%). Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, дубовыя, займаюць 30,1% тэр.раёна, з іх 26,7% штучныя, у асноўным хваёвыя насаджэнні. Пад балотамі 8,5% тэрыторыі. Зона адпачынку Трасцянка Помнікі прыроды: крыніцы ў в. Сцюдзянец і Тупічын, парк у в. Цеханічы. Заказнікі: гідралагічны «Мохі», біял. «Панькаўскі».
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 55,8 тыс.га, з іх асушаных 12,4 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 15 калгасаў, 12 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства; пашыраны пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч., лёгкай, буд. матэрыялаў (цэмент), метала- і дрэваапр. прам-сці. Праходзіць чыг. Орша—Унеча, аўтадарогі на Клімавічы, Краснаполле, Хоцімск, Чэрыкаў, Сураж. Адгалінаванне нафтаправода «Дружба» Унеча—Полацк. У раёне 19 сярэдніх, 5 базавых, 4 пачатковыя, дзіцяча-юнацкая спарт., маст. школы, 23 дашкольныя ўстановы, 28 клубаў, 29 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 5 амбулаторый, 18 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: царква Свята-Пакроўская (1863) у в. Гаўрыленка; царква (19—20 ст.) у в. Забычанне; царква (2-я пал. 19 ст.), касцёл (19—20 ст.) і бровар (1914) у в. Канічы, Свята-Троіцкая царква (1842) у в. Саматэвічы. Выдаецца газ. «Голас Касцюкоўшчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ДЗЕЛЬ,
горад у Гродзенскім р-не на р. Скідзелька. За 30 км ад Гродна. Чыг. станцыя на лініі Гродна—Масты; вузел аўтадарог на Гродна, Ліду, Масты, Азёры, Астрыну. 11,3 тыс.ж. (2001).
Вядомы з пач. 16 ст. як велікакняжацкі двор з воласцю ў Гродзенскім пав.ВКЛ. З 1588 С. — каралеўскі двор Гродзенскага староства Трокскага ваяв., адм.-гасп. цэнтр воласці. Паводле прывілея 1644 караля Уладзіслава IV у С. праводзіліся 2 кірмашы на год, таргі 2 разы на тыдзень. З 1783 мястэчка Гродзенскай эканоміі, цэнтр ключа. З 1795 у Рас. імперыі, у Гродзенскім пав. У 1885 — цэнтр воласці Гродзенскага пав., 1531 ж., гарбарная прамысловасць, бровар, нар. вучылішча (з 1860), 2 царквы, 4 крамы, аптэка, таргі. У 1897—2790 ж., 482 будынкі, бальніца. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 — гар. пасёлак. цэнтр Скідзельскага раёна і сельсавета (з 12.10.1940) Беластоцкай, з 20.9.1944 — Гродзенскай абл. 27.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў С. лагер смерці і загубілі там 2330 чал. На тэр.раёна дзейнічалі Скідзельская раённая антыфашысцкая арганізацыя і Скідзельскае камсамольска-маладзёжнае падполле. 14.7.1944 С. вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 25.12.1962 у Гродзенскім р-не. У 1967 у межы С. ўключаны нас. пункт Саўгас Скідзельскі і пас. Цукровы Завод. У 1973—8,6 тыс.ж. З 30.1.1974 горад.
Працуюць прадпрыемствы: адкрытыя акц. т-вы «Скідзельскі цукровы камбінат» і «Гроднахлебапрадукт», Скідзельскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў, племптушкарэпрадуктар «Юбілейны», камбінат быт. абслугоўвання і інш.; цэнтр саўгаса «Скідзельскі». У горадзе 3 сярэднія, муз. і спарт. школы, З б-кі, 2 дамы культуры, музей бел. паэта Міхася Васілька. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы камсамольцаў-падпольшчыкаў, магіла ахвяр фашызму, помнік камсамольцам-падпольшчыкам. Помнікі архітэктуры: царква Міхаіла Архангела (1851), касцёл Успення Маці Божай (1870-я г.), Скідзельскі парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РАВА-МАЗЫ́РСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Усх. Палессі. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Жыткавіцкім, Ельскім, Лельчыцкім, Мазырскім, Петрыкаўскім і Столінскім р-нах. Яму ўласцівы разнастайнасць форм адзення, паліхромнасць і маляўнічасць вышыўкі гладдзю. Жаночы гарнітур меў 2 варыянты: кашуля, 2 фартухі, гарсэт (кабат), намітка, кашуля, андарак або спадніца, фартух, хустка. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі або з гесткай са стаячым ці адкладным каўняром. Буйнарапортны арнамент вышыўкі крыжыкам у чорна-чырвоным каларыце кампанаваўся ў выглядзе папярочнай паласы ў верхняй частцы рукава (радзей на грудзях), асобнымі рапортамі размяшчаўся ў шахматным парадку пасярэдзіне рукава. У кашулях з гесткай арнамент часцей вышывалі гладдзю і кампанавалі ўздоўж лініі крою. Пераважалі раслінныя матывы — кветкі і лісце руж, ягады і лісце каліны, кветкі вяргіні, шыпшыны; сустракаліся стылізаваныя выявы птушак, геаметрычныя ўзоры. Фартухі-крыскі шылі з адной полкі андарачнай суконнай тканіны з гарызантальнымі вохрыста-чырвона-чорнымі паскамі (на падоле ўзорысты шляк ткалі ў закладной тэхніцы). Белыя фартухі шылі з 1—2 полак палатна ці паркалю, аздаблялі вышыўкай гладдзю, карункамі, фальбонкамі. Андаракі найчасцей чырвона-малінавыя, затканыя чырвонымі падоўжнымі бела-вохрыстымі палоскамі, або клятчастыя ці гладкафарбаваныя чырвоныя, зялёныя, блакітныя. Спадніцы шылі з цёмна-сіняга, блакітнага, чорнага саціну, саржы, шоўку, шарсцянкі, каля падола аздаблялі 2—3 шлякамі нашывак пярэстых тасёмак, белых карункаў; прасавалі ў складкі. Гарсэты кроілі накшталт кароткага ліфа з серабрыстай або залацістай парчы, набіванага саціну, паркалю, шоўку, шарсцянкі (спераду паміж гарсэтам і поясам фартуха ўтваралася фальбона — напуск кашулі). На грудзях гарсэт аздаблялі нашыўкамі паскаў разнаколерных тканін, карункавых тасёмак. Галаўныя ўборы жанчын — намітка, чапец, хустка — белая даматканая льняная ці паркалёвая, багата аздобленая гладдзю паліхромнага расліннага ўзору, махрамі, і фабрычная чырвоная, сіняя, чорная. Мужчынская кашуля была тунікападобнага крою з багата вышытай манішкай (арнамент геаметрычны, раслінны), падпяразвалі поясам. Нагавіцы шылі з палатна, сукна. Вопратку — казачыну, світку, кажух — аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі з сукна ці саціну, фалдаваннем, вышыўкай, штапам.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Турава-мазырскі строй. Касцюм дзяўчынкі. Вёска Тонеж Лельчыцкага раёна.Да арт.Турава-мазырскі строй. Дзяўчаты ў святочным адзенні. Вёска Ленін Жыткавіцкага раёна. Сярэдзіна 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́СКА-КІШЫНЁЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
стратэгічная наступальная аперацыя сав. войск 2-га Укр. (камандуючы ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) і 3-га Укр. (камандуючы ген. арміі Ф.Х.Талбухін) франтоў ва ўзаемадзеянні з караблямі Чарнаморскага флоту, Дунайскай ваен. флатыліі ў Вял.Айч. вайну 20—29.8.1944. Мэта аперацыі — акружыць і ліквідаваць у р-не Ясы, Кішынёў, Бендэры ням.-фаш. і рум. войскі групы армій «Паўд. Украіна» (камандуючы ген.палк. Г.Фрыснер). Для правядзення аперацыі з сав. боку прыцягвалася 1,25 млн.чал., 16 тыс. гармат і мінамётаў, 1870 танкаў і самаходных артыл. установак, 2200 баявых самалётаў (з улікам авіяцыі флоту). Ім процістаялі 900 тыс.чал., 7,6 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 400 танкаў і штурмавых гармат пры падтрымцы 810 ням. і рум. самалётаў. У складзе сав. войск знаходзілася 1-я рум. добраахвотніцкая пях. дывізія імя Т.Уладзімірэску. Дзеянні франтоў каардынаваў Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка. 20 жн. войскі 2-га Укр. фронту з раёна на ПнЗ ад Ясаў, а войскі 3-га Укр. фронту з раёна Ціраспаля пачалі наступленне. Да 23 жн. завершана аператыўнае акружэнне кішынёўскай групоўкі войск праціўніка (18 ням. дывізій) і 3-й рум. арміі, якая на наступны дзень спыніла супраціўленне. 23 жн. пачалося Народнае ўзброенае паўстанне ў Румыніі 1944. Румынія выйшла з вайны на баку фаш. блока і 24 жн. абвясціла вайну Германіі. Працягваючы наступленне, сав. войскі да 29 жн. разграмілі 22 ням. дывізіі. У выніку Я.-К.а. вызвалена ўся Малдавія, Румынія выступіла на баку саюзнікаў па антыгітлераўскім блоку; настаў крах ням. абароны на паўд. крыле сав.-герм. фронту, карэнным чынам змянілася ваен.-паліт. становішча на Балканах на карысць саюзнікаў. За гераізм у час аперацыі ў ліку іншых ураджэнцам Беларусі А.В.Петрушэўскаму прысвоена званне Героя Сав. Саюза, а С.Ф.Шутаў стаў Героем Сав. Саюза ў другі раз.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. М., 1978. Т. 9. С. 97—100;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛЬБА́О (Bilbao),
горад на Пн Іспаніі. Адм. ц.аўт. вобласці Краіна Баскаў і прав. Біская. 369,8 тыс.ж. (1991). Трансп. вузел. Порт на Біскайскім зал. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл.цэнтр. Чорная металургія (на базе блізкіх радовішчаў жал. руды і каменнага вугалю); маш.-буд. (суднабудаванне, вытв-сцьпрамысл. і чыг. абсталявання, эл.-тэхн.), хім., нафтаперапр., тэкст., шкларобчая, харч., папяровая, дрэваапр.прам-сць. Ун-т. Музей прыгожых мастацтваў. Арх. помнікі: Стары горад (засн. ў 14 ст.), гатычныя і рэнесансавыя цэрквы.
Засн. ў 1300. Да 16 ст. і з 2-й пал. 18 ст. значны порт, цэнтр гандлю і суднабудавання. У час карлісцкіх войнаў вытрымаў 3 асады. З канца 19 ст. цэнтр баскскага нац. руху. У 1936—37 сталіца аўт.раёна баскаў. У чэрв. 1937 захоплены франкістамі. З 1978 адм. ц.Баскаў Краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Ц,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Ржаўка. На аўтадарозе Рагачоў—Буда-Кашалёў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдЗ ад г. Рагачоў, 85 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Жлобін. 1145 ж., 471 двор (1996).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 18 ст. У 1880 мястэчка, цэнтр воласці Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ.; 820 ж., 130 двароў, царква, нар. вучылішча, яўр. малітоўная школа, 3 крамы, 2 кірмашы ў год. Належаў Драбышэўскім, Дашкевічам, Судзілоўскім. З 1924 цэнтр Гарадзецкага раёна і сельсавета, з 1927 у Рагачоўскім р-не. Перад Вял.Айч. вайной 1319 ж., 240 двароў. У снеж. 1943 ням.-фаш. акупанты часткова спалілі вёску і загубілі 181 жыхара. У 1970 — 1046 ж., 331 двор.
Сярэдняя і дапаможная школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкія магілы сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧА́КАЎ,
горад на Украіне, цэнтр раёна ў Мікалаеўскай вобл., на беразе Дняпроўскага лімана Чорнага м. 19 тыс.ж. (1992). Марскі порт. Харч.прам-сць. Кліматычны курорт. 4 музеі. Паблізу Ачакава — рэшткі антычнага горада-дзяржавы Ольвія.
У 7—6 ст. да нашай эры ў раёне сучаснага Ачакава існавалі грэч. калоніі з г. Алектар. У канцы 14 — пач. 15 ст.вял. князь ВКЛ Вітаўт заснаваў тут форт Дашаў, а крымскі хан Менглі-Гірэй у 1492 пабудаваў крэпасць Кара-Кермен, якая адышла Турцыі і названа Ачы-Кале (адсюль назва Ачакаў). У рус.-тур. вайну 1787—91 крэпасць 6.12.1788 штурмам узята рус. войскамі на чале з Р.А.Пацёмкіным і паводле Яскага мірнага дагавору 1791 далучана да Расіі. У 1792 на месцы крэпасці закладзены горад. У Ачакаве ў 1906 адбыўся суд над удзельнікамі паўстання на крэйсеры «Ачакаў» на чале з П.П.Шмітам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АБ’ЯДНА́НЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1946 у г. Барысаў, адкрыты ў 1950, да 1988 краязнаўчы музей. Мае 6 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 170 м²), больш як 31 тыс. экспанатаў (1995). Матэрыялы знаёмяць з гісторыяй узнікнення і развіцця Барысава (археал. знаходкі, дакументы часоў ВКЛ, зброя перыяду вайны 1812, этнагр. экспанаты, нумізматычная калекцыя і інш.), падзеямі рэв. руху, грамадз. вайны, рэпрэсіямі ў 1930-я г., партыз. рухам і дзейнасцю Барысаўскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну, аднаўленнем і развіццём гаспадаркі горада і раёна. Экспануюцца матэрыялы пра знакамітых землякоў: удзельнікаў рэв. руху, дзярж. дзеячаў, Герояў Сав. Саюза, вучоных, дзеячаў мастацтва і л-ры (А.Трусава, Я.А.Адамовіча, М.І.Марозава, Г.П.Гурыновіча, У.В.Кавалёнка, А.А.Анікейчыка, М.Клімковіча, І.Харыка і інш.), творы скульптараў і мастакоў. Мае навукова-даведачную б-ку; філіялы: Іканскі музей народнай славы, Дом-музей А.Ф.Купрыянавай у Жодзіне.
Будынак Барысаўскага дзяржаўнага аб’яднанага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ У́СЦЮГ,
горад у Расіі, цэнтр раёна ў Валагодскай вобл., на р. Сухана. Вядомы з 1212. 47,5 тыс.ж. (1994). Чыг. станцыя. Рачны порт. Аэрапорт. Суднабудаванне і суднарамонт (грузавыя цеплаходы, баржы, краны, буксірныя лябёдкі і інш.), металаапр., лёгкая (шчацінна-шчотачная, швейная, гарбарна-галантарэйная і інш.), дрэваапр. (вытв-сць фанеры, мэблі, буд. матэрыялаў), харч.прам-сць. Краязнаўчы музей.
Шматлікія помнікі архітэктуры надаюць гораду маляўнічасць і непаўторнасць (цэрквы Ушэсця і Спаса-Праабражэнская, саборы Міхаіла-Архангельскага і Троіца-Гледзенскага манастыроў, усе 17 ст., царква Дзмітрыя Салунскага, 1700—08, і інш., будынкі ў стылі барока і класіцызму). З 17 ст. Вялікі Усцюг — цэнтр маст. рамёстваў: прасечанае жалеза, рознакаляровая эмаль, сярэбраная філігрань, акоўка бляхай з малюнкам («мароз на блясе»), чаканка. З 18 ст. развіваецца велікаусцюжскае чарненне па серабры.
Да арт.Вялікі Усцюг. Царква Ушэсця. 1648.Да арт.Вялікі Усцюг. Спаса-Праабражэнская царква. 1689—96.