род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў палярным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я і высакагорных субтрапічных і трапічных раёнах Азіі. На Беларусі 1 від — П. альпійскі (B. alpinum). Трапляецца па берагах зарослых азёр, на сфагнавых балотах.
Шматгадовыя травяністыя расліны, часта ўтвараюць шчыльныя дзярніны. Сцёблы шматлікія, шурпатыя, тонкія. Лісцевыя пласцінкі кароткія. шчацінападобныя. Кветкі двухполыя ў верхавінкавых малакветкавых каласках. Плод — арэшкападобны. Ранневеснавы і падснежны корм для аленяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗАСФЕ́РА (ад грэч. rhiza корань + sphaira шар),
слой глебы (2—3 мм), які прымыкае непасрэдна да кораня расліны і мае павышаную колькасць мікраарганізмаў. Склад мікрафлоры залежыць пераважна ад тыпу глебы, віду і ўзросту раслін. Уздзеянне мікраарганізмаў Р. разнастайнае: ператвараюць складаныя нерастваральныя злучэнні ў формы, засваяльныя раслінамі, узбагачаюць глебу азотам, сінтэзуюць біялагічна актыўныя рэчывы, выдзяляюць таксіны, удзельнічаюць у дэнітрыфікацыі, уступаюць у сімбіёз з раслінамі (гл.Клубеньчыкавыя бактэрыі, Мікарыза), некат. паразітуюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ (ад аўта... + грэч. morphē форма),
глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах «аўтаномнага» балансу вільгаці (толькі атм. ўвільгатненне) і рэчыва (адсутнасць прыносу). Такімі глебамі з’яўляюцца чарназёмы, шэразёмы, падзолістыя. Марфалагічны профіль аўтаморфных глебаў не мае каляровых прыкметаў агляення, часам у ім трапляюцца жалезістыя канкрэцыі і пунктацыі марганцу, што сведчыць аб кароткатэрміновым лішкавым увільгатненні. С.-г.расліны на такіх глебах не пашкоджваюцца вымаканнем. На Беларусі да аўтаморфных глебаў належаць дзярнова-карбанатныя глебы, бурыя лясныя глебы, падзолістыя глебы і дзярнова-падзолістыя глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАМІ́ТКІ, тагетэс (Tagetes),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. астравых. Каля 35 відаў, пашыраных у субтропіках Амерыкі. На Беларусі інтрадукаваны аксаміткі прамастойныя (T. erectus), аксаміткі адхіленыя (T. patula) і аксаміткі танкалістыя, або пасечаныя (T. tenuifolia); выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве.
Выш. да 1,5 м. Сцябло прамастойнае, галінастае. Лісце перыста-рассечанае. Кветкі жоўтыя, жоўта-аранжавыя або карычнева-чорныя, у кошыках, з моцным пахам. Плод — сямянка. Размнажаюцца насеннем. Святла- і цеплалюбныя. Дэкар. і лек.расліны (мачагонны, патагонны і проціглісны сродак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,
тып высакагорнай расліннасці, пашыранай у альпійскім поясе. Расліны пераважна нізкарослыя, прысадзістыя, з яркімі кветкамі. Развіваюцца пры нізкіх т-рах, кароткім вегетац. перыядзе, хуткіх зменах цяпла і холаду, дастатковым увільгатненні. Тыповыя фітацэнозы — альпійскія лугі з перавагай злакаў (мятліц і інш.), прымул, гарычак, дубровак, увярэднікаў, астрагалаў, эдэльвейсаў, канюшыны і інш.; на камяністых участках — каменяломнік, крупкі і інш., зараснікі рададэндрану. Альпійская расліннасць характэрна для Альпаў, Карпат, Каўказа, Алтая, паўн., цэнтр. і ўсх. Цянь-Шаня, Гімалаяў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІНА́РЫЙ, камяністы сад,
участак у бат. садзе, скверы або парку, створаны для вырошчвання горных (альпійскіх) раслін ва ўмовах, набліжаных да натуральных; дэкар. альпінарый наз. таксама ракарыем. У бат. садах альпінарый ствараюць у навук. мэтах на штучных узгорках, дзе экспануюцца расліны пэўных горных раёнаў. Найбольшы ў рэспубліцы альпінарый у Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі. Альпінарый — адна з формаў дэкар. афармлення паркаў і сквераў. З бел. флоры ў альпінарыі выкарыстоўваюць дуброўкі, кураслепы, чубаткі, мінушкі, бурачок скальны, аўсяніцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАТЫ́ЎНЫЯ О́РГАНЫ,
часткі расліны, якія служаць для жыўлення і росту, для падтрымання жыцця арганізма, таксама для вегетатыўнага размнажэння. Да іх належаць у вышэйшых раслін корань, сцябло, ліст і іх відазмяненні — карэнішчы, цыбуліны, клубні, вусікі, калючкі і інш., у ніжэйшых раслін — усё іх цела, якое наз. таломам або слаявінай (грыбніца, ці міцэлій грыба, ніжэйшыя водарасці). Марфал. і анат. будова вегетатыўных органаў залежыць ад навакольнага асяроддзя і функцый, якія яны выконваюць. Пры змене функцый адбываюцца і адпаведныя відазмяненні (Гл.Метамарфоз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗАБЯСПЕ́ЧАНАСЦЬ РАСЛІ́Н,
адносіны запасу прадукцыйнай глебавай вільгаці да яе запасу пры найменшай вільгацяёмістасці глебы або да яе запасу, аптымальнага для дадзенай фазы развіцця с.-г. культуры. Прадукцыйная глебавая вільгаць — частка глебавай вільгаці, пры ўсмоктванні якой расліны захоўваюць жыццядзейнасць і сінтэзуюць арган. рэчывы; яе ніжняя мяжа — вільготнасць устойлівага завядання раслін (гл. ў арт.Вільготнасць глебы). Падтрыманне аптымальнай велічыні водазабяспечанасці раслін — задача меліярацыйных мерапрыемстваў. Пры адносінах менш за адзінку патрабуецца штучнае ўвільгатненне глебы, працяглае вял. перавышэнне яго можа суправаджацца вымаканнем раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНО́ЧАКкветкі,
унутраная, звычайна ярка афарбаваная частка двайнога калякветніка кветкавых раслін. Складаецца з відазмененых лісцікаў (пялёсткаў). Адрозніваюць вяночак раздзельнапялёсткавы, у якім пялёсткі свабодныя (напр., у свірэпы, суніц, зоркаўкі), і зрослапялёсткавы (напр., у шчамяліцы, шалфею, тытуню). Афарбоўка вяночка звычайна залежыць ад асобных пігментаў (антацыянаў і флавонаў), раствораных у клетачным соку пялёсткаў. Вяночак — важная таксанамічная прыкмета, вяночак робіць кветку больш прыкметнай для насякомых і птушак, якія апыляюць расліны, ахоўвае тычынкі і слупкі ад пашкоджанняў, іншы раз выдзяляе нектар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎТУ́ХА РАСЛІ́Н,
хваробы, якія выклікаюцца пераважна мікаплазмападобнымі арганізмамі і вірусамі. Пашкоджвае бульбу, канюшыну, цыбулю, моркву, дэкар. культуры і інш. Пашырана ўсюды. Хворыя расліны характарызуюцца карлікавасцю, хларозам і пажаўценнем лісця, шматлікімі бакавымі парасткамі, якія прыціснуты да гал. сцябла; у кветках падоўжаныя чашалісцікі з пазелянелымі дэфармаванымі венчыкамі, завязь прарастае ў лісцікі. Рэзерватары віруса — пустазелле (дзьмухавец, асот палявы, шчаўе, рамонкі, трыпутнік і інш.). Узбуджальнік перадаецца насякомымі-пераносчыкамі (пераважна цыкадамі і тлямі). Пра меры барацьбы гл. ў арт.Вірусныя хваробы раслін.