тыпы глеб, якія ўтвараюцца ў поймах на рачных адкладах ва ўмовах перыяд. затаплення. Вызначаюцца высокай біягеннасцю (населенасцю жывымі істотамі), інтэнсіўнымі глебаўтваральнымі працэсамі, слаістым марфал. профілем. Паводле воднага і цеплавога рэжымаў, мех. складу, ступені агляення, колькасці гумусу П.г. падзяляюцца на поймавыя дзярновыя, поймавыя дзярновыя забалочаныя і поймавыя тарфяна-балотныя глебы. Найб.пашыраны на Палессі. Большасць П.г. вызначаецца высокай урадлівасцю, але патрабуе рэгулявання воднага рэжыму (арашэнне, асушэнне). Выкарыстоўваюць пад сенажаці і пашы, радзей пад вырошчванне агародніны.
хвароба лёну, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду аўрэабазідый. Пашкоджвае сцёблы, лісце, насенныя каробачкі, насенне. Пашыраны на Беларусі ў раёнах ільнасеяння (найб. у гады з вільготным халодным летам). Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу, разносіцца ветрам, вадой, насякомымі-шкоднікамі (напр., ільнянымі блошкамі). На раслінах утвараюцца бурыя плямы, сцёблы робяцца кволымі, крохкімі, лёгка ламаюцца. Хворыя пасевы палягаюць, зніжаецца ўраджайнасць, пагаршаецца якасць валакна — яно траціць трываласць, дрэнна адстае ад кастрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛЕ́СКА (Scilla),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі, Міжземнамор’і і Паўд. Афрыцы. Растуць ў лясах і на субальпійскіх лугах, большасць эфемероіды. На Беларусі ў культуры П. двухлістая (S. bifolia) і сібірская (S. sibirica). Часта П. называюць пералеску.
Шматгадовыя травяністыя цыбульныя расліны выш 10—30 см. Сцябло бязлістае. Лісце шырокалінейнае, прыкаранёвае. Кветкі ў рыхлай гронцы або адзіночныя, сінія, белыя, блакітныя, ружовыя, пурпуровыя. Плод — каробачка. Дэкар., ранневеснавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНІКІ ГУ́КУ,
акустычныя прылады для ўспрымання гукавых сігналаў і пераўтварэння іх з мэтай вымярэння, перадачы, узнаўлення, запісу ці аналізу.
Найб. пашыраны П.г., што пераўтвараюць акустычны сігнал у эл. (гл.Электраакустычныя пераўтваральнікі). Да іх адносяцца мікрафоны, якія выкарыстоўваюцца ў паветры, гідрафоны (у вадзе), геафоны (у грунце). Асноўныя характарыстыкі П.г.: адчувальнасць, частотная характарыстыка, уласнае эл. супраціўленне, накіраванасць. У якасці П.г. можна разглядаць і органы слыху жывёл і чалавека, якія пераўтвараюць акустычныя сігналы ў нервовыя імпульсы, што перадаюцца ў цэнтры галаўнога мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТЭРЫГІНА́НДРУМ (Pterigynandrum),
род брыевых імхоў сям. энтадонтавых. 3 віды. Пашыраны ў лясной паласе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдкі рэліктавы від П. ніткападобны (P. filiforme), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў разрэджаных хваёвых і мяшаных лясах на валунах, пнях, зрэдку на лугах.
Двухдомныя лістасцябловыя расліны. Дзярнінкі шчыльныя або рыхлыя, зялёныя, жоўта-зялёныя, бураватыя, бліскучыя. Сцёблы паўзучыя ці ўзыходныя, вілавата- або кусціста-разгалінаваныя. Лісце чарапічнае, каротказавостранае. Каробачка на ножцы, прамастойная, цыліндрычная, жаўтавата-карычневая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГА́Ч РЫ́БНЫ, сава рыбная (Ketupa blakistoni, або К. zeylonensis),
птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашыраны ў Паўд.-Зах. і Усх. Азіі. Жыве ўздоўж рэк. Усюды рэдкі аселы від. Гнёзды ў дуплах, нішах скал, старых гнёздах.
Даўж. каля 70 см, размах крылаў да 2 м, маса да 4,1 кг. Апярэнне вохрыста-бурае з цёмнымі стракацінамі. Цэўка часткова апераная, пальцы голыя, з шыпікамі знізу і з бакоў. Корміцца пераважна рыбай (адсюль назва), земнаводнымі. Адкладвае 2—3 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗАНКІ́ (Alosa, або Caspialosa),
рыбы сям. селядцовых. 3 віды, 7 падвідаў. Чарнаморска-каспійскі П. (A. caspia) пашыраны ў Азоўскім, Чорным (3 падвіды) і Каспійскім (4 падвіды) морах, велікавокі (A. saposhnikovi) і круглагаловы (A. sphaerocephala) — толькі ў Каспійскім моры. Пелагічныя прахадныя і паўпрахадныя рыбы.
Даўж. да 36 см, маса да 200 г. Галава вял., цела высокае, сціснутае з бакоў, хваставы аддзел укарочаны. Па баках 1—8 цёмных плям. Кормяцца планктонам, П. велікавокі часам корміцца рыбай. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРПУРО́ВЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
група фотасінтэзуючых бактэрый. З сям., больш за 50 відаў. Адрозніваюць пурпуровыя серныя і пурпуровыя нясерныя бактэрыі. Пашыраны ў прэсных і салёных вадаёмах.
Клеткі сферычныя, палачкападобныя і звілістыя, нерухомыя і рухомыя (маюць жгуцікі). Анаэробныя арганізмы (ёсць факультатыўныя анаэробы), грамадмоўныя. Размнажаюцца дзяленнем ці пачкаваннем. Маюць бактэрыяхларафіл, караціноіды. Фотасінтэз адбываецца без выдзялення кіслароду. Многія віды фіксуюць азот і выдзяляюць вадарод. Прымаюць удзел у біягеахім. цыклах серы, азоту і вугляроду. Выкарыстоўваюцца для вывучэння механізмаў фотасінтэзу. Гл. таксама Серабактэрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЛІ́СНІК (Ceratophyllum),
род кветкавых раслін сям. рагаліснікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды Р.; апушчаны (C. demersum) і паўапушчаны, нар. назва вадзяная крапіва (C. submersum). Растуць у азёрах, сажалках, старыцах, канавах, утвараюць зараснікі.
Шматгадовыя водныя травяністыя бескаранёвыя расліны. Сцёблы тонкія, галінастыя, даўж. да 1,5 м. Лісце ў кальчаках, шматразова рассечана на лінейныя або ніткападобныя храсткаватыя долі. Кветкі дробныя, непрыкметныя, аднаполыя (апыленне падводнае). Плод — арэшак. Кармавыя расліны для рыб і вадаплаўных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГУ́ЛЬКІ (Delphinium),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 250 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў гарах трапічнай Афрыкі. На Беларусі 1 від — Р. высокія (D. elatum), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў рэдкалессі, сярод хмызнякоў, па лугах. У культуры вырошчваюць гібрыдныя формы, аб’яднаныя ў групу буйнакветных (D. grandiflorum).
Лісце чаргаванае, шматрассечанае. Кветкі няправільныя, буйныя, сінія, блакітныя, фіялетавыя, сабраныя ў гронку ці мяцёлчатае суквецце. Плод — лістоўка. Лек., інсектыцыдныя, дэкар. расліны.