вёска ў Беларусі, у Луцкім с/с Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Сэрвач. За 15 км на Пд ад Карэлічаў, 210 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Гарадзея. 206 ж., 108 двароў (1995). Пач. школа, клуб, б-ка.
Упершыню згадваецца ў 1428 у складзе Навагрудскага княства ВКЛ. У 15—19 ст. належала Ягелонам, Астрожскім, Чартарыйскім, Бакам, Швыкоўскім, Грабоўскім. У 2-й пал. 16 ст. збудаваны Асташынскі кальвінскі збор (не збярогся). У сядзібным доме і зборы захоўваліся радавыя архівы і б-ка. У 1880-я г. ў Асташыне 57 двароў. У час 1-й сусв. вайны акупіравана герм. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы. З вер. 1939 у БССР. У 1940—54 цэнтр сельсавета Валеўскага, потым Карэліцкага р-наў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́ЙКА (канец 13 — 1-я пал. 14 ст.),
легендарны сярэдневяковы рыцар, бел. шляхціц правасл. веры. Паводле сцвярджэнняў гісторыка М.Стрыйкоўскага, пачынальнік роду Хадкевічаў. Першы подзвіг здзейсніў у 1306, калі адолеў воіна-волата з Залатой Арды, якога выставіў ханскі пасол з патрабаваннем выплаціць даніну з зямель ВКЛ пры ўмове, калі ён пераможа. Вял. князь Гедзімін у знак падзякі падараваў Барэйку ў дзяржанне Стакілавічы, Слонім, Збляны, Казылкішкі і Саханава, а яго нашчадкам — Мсцібава. Другі двубой Барэйка выйграў у 1344 у час паходу вял.кн. Альгерда ў Прусію. Пасля 1-й цяжкай бітвы на р. Юрыя ням. рыцар прапанаваў паядынак на ўмове: хто прайграе двубой, таго войска адступае без бітвы і лічыцца пераможаным. Барэйка зноў узяў верх і праславіў рыцарства ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́МКІ ЛЕ́ТАПІС,
летапісны звод, складзены ў апошняй чвэрці 15 ст. ў Пскове або ў Ноўгарадзе на аснове больш стараж.рус. летапісных крыніц. Ахоплівае падзеі да 1469. У ім адлюстравана гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, Ноўгарада, часткова ВКЛ. Найб. каштоўныя і цікавыя матэрыялы за 14—15 ст. У 1495 гэты летапісны звод перапісаны ў Смаленску Аўрамкам. Быў распаўсюджаны на Беларусі. На аснове Аўрамкі летапісу ўзнік Віленскі спіс, у канцы якога змешчаны тэкст «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Звесткамі Аўрамкі летапісу часткова карыстаўся складальнік Супрасльскага летапісу 1-й пал. 16 ст. Надрукаваны Аўрамкі летапіс у Поўным зборы рус. летапісаў (т. 16, 1889).
Літ.:
Шахматов А.А. Обозрение русских летописных сводов XIV—XVI вв. М.; Л., 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕ́ЙСКІ САЮ́З,
палітычнае аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў Пелапанеса. Створаны каля 280 да нашай эры для барацьбы з Македоніяй і Эталійскім саюзам за гегемонію ў Грэцыі. У 2-й пал. 3 ст. да нашай эры ў саюз уваходзіла каля 60 полісаў. У Ахейскім саюзе было агульнасаюзнае грамадзянства, ён чаканіў сваю манету, меў адзіную сістэму мер і вагі. Вышэйшым органам улады быў сход саюзных грамадзян, які збіраўся 2 разы на год у Эгіёне. Выканаўчую ўладу ўзначальваў стратэг. У 221 да нашай эры саюз трапіў пад уплыў Македоніі. Пасля вайны Рыма з Македоніяй (200—197 да нашай эры) алігархі Ахейскага саюза сталі арыентавацца на Рым. Ахейскі саюз распаўся пасля задушэння антырым. паўстання 146 да нашай эры Яго тэрыторыя ўвайшла ў рым. правінцыю Ахая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯНЁК,
рака на Пн Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), вярхоўе — у Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 2292 км, пл.бас. каля 220 тыс.км². Пачынаецца і цячэ па Сярэдне-сібірскім пласкагор’і, у нізоўях — па Паўд.-Сібірскай нізіне. Упадае ў Алянёцкі заліў мора Лапцевых, утвараючы дэльту. У верхнім цячэнні парожыстая, даліна месцамі мае выгляд цясніны. У сярэднім цячэнні даліна пралягае сярод хвалістай мясцовасці. Асн. прытокі: Арга-Сала, Бур (злева), Сілігір (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Паводка з чэрв. да верасня. Ледастаў з канца вер.—кастр. да канца мая — 1-й пал. чэрвеня. У верхнім цячэнні перамярзае са студз. да красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 1210 м³/с. Суднаходная ў нізоўях. Багатая рыбай (рапушка, омуль, муксун, нельма і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІЦЫ́ЗМ (франц. gallicisme ад лац. gallicus гальскі),
слова ці выраз, якія перайшлі ў бел. мову з французскай як запазычанні, у т. л. ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтаксічных ка́лек. Большасць галіцызмаў пранікла ў бел. мову праз рус. або польскую. Для старабел. перыяду характэрны франц. словы, якія замацаваліся ў выніку польскага лексічнага ўздзеяння. Яны адлюстраваліся ў пісьмовых помніках 2-й пал. 16—17 ст., калі польскі ўплыў на бел. мову быў найб. моцны (напр., «візіт», «канвой», «парфума», «пашпорт», «сервета»). Асабліва адчувальны франц. лексічны струмень у старабел. ваен. лексіцы: «бандолетъ», «дракгун», «карабин», «мушкет», «пистолет», «форт» і інш. Большасць старых галіцызмаў захавалася да нашага часу. У пач. 18 ст. лексемы франц. паходжання траплялі ў бел. мову праз пасрэдніцтва рускай («гринадер», «сержант»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ЛЯ́МУСЫ,
помнікі гасп. і жыллёвай архітэктуры. Лямус у двары Гродзенскага кляштара брыгітак пабудаваны ў 1630-я г. ў стылі ранняга барока; помнік драўлянага дойлідства. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з масіўных драўляных брусоў на бутавым падмурку накрыты высокім вальмавым гонтавым дахам. Гал. фасад аздоблены 2-яруснай галерэяй з балюстрадай на 2-м паверсе. Матыў аркады ствараюць слупы з падкосамі. Першы паверх прызначаўся для гасп. мэт, 2-і — для жылля. Лямус (вул. Дзяржынскага) пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты высокім вальмавым дахам. На гал. і бакавым фасадах — мансарды. Гал. фасад сіметрычны, з невял. рызалітамі ў цэнтры. У 1939 перабудаваны пад жылы дом, інтэр’ер зменены.
Да арт.Гродзенскія лямусы. Лямус у двары кляштара брыгітак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБНА́Я РЭФО́РМА,
рэформа мясц. кіравання ў Расіі ў 16 ст. У ходзе яе на тэр.губы створаны органы самакіравання — губныя ўстановы, арганізацыю і кампетэнцыю якіх вызначалі губныя граматы (вядомы з 1539) і наказы. Складаліся з губных хат, на чале стаялі 2 губныя старосты, якім дапамагалі губныя цалавальнікі і паліцэйскія чыны, справаводства вялі дзячкі. Падпарадкоўваліся Разбойнаму прыказу. Губныя ўстановы вялі расследаванне асабліва небяспечных крымінальных злачынстваў, практыкавалі павальныя вобыскі і допыты, часта ўжывалі катаванні, а ў адносінах да вінаватых — смяротную кару і жорсткія пакаранні. З 2-й пал. 16 ст. губныя старосты выконвалі і адм. абавязкі (адвядзенне зямель, межаванне і інш.). Пасля ўвядзення ў пач. 17 ст. ваяводскага кіравання, губныя ўстановы паступова пераходзілі пад кантроль ваявод. У 1669—84 скасаваны часова, у 1702 — канчаткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДАЎ, Давідаў Карл Юльевіч (15.3.1838, г. Кулдыга, Латвія — 26.2.1889), расійскі віяланчэліст, кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік рус. класічнай віяланчэльнай школы 2-й пал. 19 ст. Скончыў фізіка-матэм. ф-т Маскоўскага ун-та (1858). Музыцы вучыўся ў А.Шміта і К.Шуберта. З 1852 канцэртаваў у Расіі і за мяжой як саліст, ансамбліст і дырыжор. У 1860—82 саліст і канцэртмайстар аркестраў Гевандхаўза ў Лейпцыгу і Італьян. оперы ў Пецярбургу. Праф. Лейпцыгскай (з 1860) і Пецярбургскай (1862—87; у 1876—87 дырэктар) кансерваторый. Аўтар опер, сімф. паэмы «Падарункі Церака», 4 канцэртаў і «Фантазіі на рускія песні» для віяланчэлі з аркестрам, транскрыпцый твораў віяланчэльнай класікі і інш. Складальнік «Школы для віяланчэлі» (1888). Сярод яго вучняў А.Вержбіловіч, Г.Віган, А.Глен, В.Гутар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЯ ГЕО́РГІЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 2-й пал. 17 ст. ў г. Давыд-Гарадок (Столінскі р-н) майстрамі Палескай школы дойлідства. Перабудавана ў 1724. Трохзрубны храм глыбінна-восевай кампазіцыі ўключае прамавугольныя ў плане бабінец, асн. аб’ём і алтарную апсіду, накрытыя 4-граннымі шатровымі дахамі з галоўкамі на 8-гранных барабанах. У інтэр’еры дамінуе 2-светлавы аб’ём, злучаны з бабінцам арачным праёмам і аддзелены ад апсіды драўляным разным іканастасам, створаным ў 1751 у стылі барока (майстар невядомы). У іканастасе дамінуе апостальскі рад, абразы якога вылучаюцца манументальнасцю кампазіцыі, урачыстасцю эмацыянальнага ладу, характэрным тыпажам. Іканастас багата размаляваны і аздоблены залачонымі разнымі накладкамі.
Ю.А.Якімовіч, Э.І.Вецер.
Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква.Іканастас Давыд-Гарадоцкай Георгіеўскай царквы.