ДРУ́ЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,

рукапісны помнік усх.-слав. пісьменства 14 ст. Укладзена кн. Васілём Міхайлавічам Друцкім і яго жонкай Васілісай у царкву Багародзіцы ў Друцку (Талачынскі р-н), у 1441 — віленскім месцічам Коканам у царкву Уваскрэсення Хрыстова ў Вільні, у 18 ст. належала архіепіскапу наўгародскаму Феадосію Яноўскаму.

Напісана на царк.-слав. мове ўставам на 376 старонках фарматам «у аркуш». Тэкст размешчаны ў 2 калонкі па 25—28 радкоў у кожнай. Важнае культ.-гіст. значэнне маюць запісы ў канцы рукапісу, якія сведчаць пра існаванне Друцка ўжо ў 10 ст. і пабудову першай царквы ў гэтым горадзе ў 1001. Маст. аздабленне — застаўкі і 54 ініцыялы тэраталагічнага характару, выкананыя чырвонай фарбай (кінавар). Зберагаецца ў б-цы Сібірскага аддзялення Рас. АН.

Літ.:

Тихомиров М.Н. Описание Тихомировского собрания рукописей. М., 1968. С. 9—11.

С.​А.​Акуліч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛЕ́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (10.12.1822, Арлоўская губ. — 19.11.1885),

расійскі прыродазнавец, адзін з тэарэтыкаў і ідэолагаў славянафільства і панславізму. Член Рус. геагр. т-ва. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1847). За ўдзел у руху петрашэўцаў у 1849—52 праследаваўся ўладамі. Удзельнік (1853—57) і кіраўнік (1858—71) шэрагу навук. экспедыцый па даследаванні стану рыбалоўства ў Расіі. Распрацаваў канцэпцыю культ.-гіст. тыпаў (цывілізацый), у якой абгрунтаваў курс Расіі на барацьбу супраць Захаду за ўплыў на слав. і інш. народы Еўропы, з пазіцый тэлеалогіі крытыкаваў эвалюц. тэорыю Ч.Дарвіна. Аўтар паліт. і эканам. артыкулаў.

Тв.:

Россия и Европа. М., 1991.

Літ.:

Захарова АА Россия в философско-исторической концепции Н.​Я.​Данилевского. Томск, 1986;

Авдеева Л.Р. Русские мыслители: Ап.Л.​Григорьев, Н.​Я.​Данилевский, Н.​Н.​Страхов: Филос. культурология второй половины XIX в. М., 1992.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЁТА,

горад у Японіі, у цэнтр. частцы в-ва Хонсю каля воз. Біва. Адм. ц. прэфектуры Кіёта. Засн. ў канцы 8 ст.; да 1868 сталіца Японіі, рэзідэнцыя імператараў. 1703 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Важны прамысл., культ., гіст. і рэліг. цэнтр Японіі. Прам-сць: маш.-буд. (асабліва эл.-тэхн. і с.-г.), каляровая металургія, тэкст., швейная, хім., шкляная, керамічная, харчовая. Традыцыйныя рамёствы: вытв-сць лакавых і бронзавых вырабаў, фарфору, карункаў, вышывак, прадметаў рэліг. культу. Метрапалітэн. 3 ун-ты. Мед. акадэмія, маст. школы. Нац. музей «Кіёта». Бат. сад. Помнікі яп. класічнай архітэктуры і мастацтва 8—17 ст., у т. л. комплекс старога палаца імператараў Дайдайры, Нідзё — стары замак ваен. адміністрацыі, будысцкія храмы: Сайходзі, Кінкакудзі («Залаты Храм»), Карудзі, Кіёмідзу; сінтаісцкія свяцілішчы і інш. Нац. музей сучаснага мастацтва. Гал. цэнтр нац. і міжнар. турызму.

т. 8, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ (Максім Паўлавіч) (25.5.1908, пас. Пуцілаўка Усурыйскага р-на Прыморскага краю, Расія — 11.6.1996),

савецкі гісторык. Акад. АН СССР (1979), чл.-кар. з 1960, д-р гіст. н. (1946). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1934). Да 1951 выкладаў у ВНУ Масквы. З 1951 у Ін-це гісторыі АН СССР. Заснавальнік і першы рэдактар (1956—60) час. «История СССР». З 1959 старшыня навук. савета АН СССР па праблеме «Гісторыя сацыяліст. і камуніст. будаўніцтва ў СССР». У 1982 першы з сав. гісторыкаў заявіў пра нявырашанасць нац. пытання ў СССР. Асн. працы па гісторыі культуры і культ. рэвалюцыі ў СССР. Аўтар кн. «Праблемы тэорыі і гісторыі рэальнага сацыялізму» (1983). Пад яго рэдакцыяй выдадзена хроніка «Культурнае жыццё ў СССР» (1975—81). Дзярж. прэмія СССР 1986.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЭ́НА (грэч. Kyrēnē),

старажытны горад у Паўн. Афрыцы (цяпер г. Шахат, Лівія). Засн. каля 630 да н.э. грэч. каланістамі з в-ва Фера. Да 460 да н.э. правіла царская дынастыя, потым усталявалася рабаўладальніцкая дэмакратыя. Каля 331 да н.э. заваявана Аляксандрам Македонскім, з 322 у складзе дзяржавы Пталамеяў, з 96 да н.э. пад уладай Рыма. Адзін з гандл. і культ. цэнтраў антычнасці. Пасля ліквідацыі паўстання іудзеяў (117 н.э.) заняпала. У 7 ст. зруйнавана арабамі. У выніку археал. раскопак (вядуцца з пач. 20 ст.) адкрыты рэшткі ант. помнікаў: комплексаў акропаля, Капітолія, Цэзарэума і Агары; храмаў Апалона (канец 7 ст. да н.э.), Артэміды (6 ст. да н.э.), вялікіх і малых тэрмаў (1—2 ст.), тэатра, а таксама каменная скульптура, керамічныя вырабы і інш. У К. нарадзіўся стараж.-грэч. філосаф Арыстып.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́ЎСКАЯ ШЭКСПІ́РАЎСКАЯ ТРУ́ПА (Royal Shakespeare Company),

адзін з вядучых англ. драм. калектываў. Засн. ў 1879 у г. Стратфард-он-Эйван (да 1961 наз. Шэкспіраўская мемарыяльная трупа). З 1982 размяшчаецца ў культ. комплексе «Барбікан-цэнтр» у Лондане. Ставіць п’есы У.​Шэкспіра, праводзіць шэкспіраўскія фестывалі (з 1886 рэгулярна). У розныя гады трупу ўзначальвалі рэжысёры Ф.​Бенсан, У.​Брыджэс-Адамс, Б.​А.​Пейн, Б.​Джэксан, А.​Куэйл, Г.​Баем-Шоу, П.​Хол, Т.​Нан, Т.​Хэндс, А.​Ноўбл (з 1990); працавалі Т.​Гатры, Ф.​Ф.​Камісаржэўскі, П.​Брук, Т.​Рычардсан і інш.; акцёры: Э.А.Тэры, Г.​Бірбам Тры, Дж.А.Гілгуд, Л.К.Аліўе, В.​Лі, Р.​Рычардсан, Ч.​Лотан, М.​Рэдгрэйв, П.Скофілд і інш. Філіялы з 1960 — т-р «Олд Вік» і камерны т-р «Вархаўз» у Лондане, дзе ставяцца англ. класічная і сучасная драматургія.

т. 8, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́НАВА,

узгорак з рэшткамі стараж. паселішчаў на Пд Балгарыі. Мае 7 культ. пластоў эпохі неаліту і бронзавага веку (6—3-е тыс. да н. э.). У ніжнім пласце выяўлена кераміка з размалёўкай, сярпы з рогу з крамянёвымі ўкладышамі, рэшткі стараж. жытлаў. 3-і пласт, познанеалітычны (сярэдзіна 5-га тыс. да н. э.), утрымлівае чорную і шэрую глянцавую кераміку, 5-ы пласт (пач. 4-га тыс. да н. э.) — шэрую кераміку з паглыбленым арнаментам, запоўненым белай пастай. 6-ы пласт належыць да балг. варыянта культуры Гумельніца (сярэдзіна 4-га тыс. да н. э.), выяўлены дамы з печамі, збожжасховішча, кераміка з графітнай размалёўкай. 7-ы пласт належыць да ранняй бронзы (3-е тыс. да н. э.), для яго характэрны дамы з апсідамі, чорная і карычневая кераміка з шнуравым арнаментам.

т. 8, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРХЕМЫ́Ш, Кархеміш,

старажытны горад на правым беразе р. Еўфрат у паўн. Сірыі (каля сучаснага г. Джэраблус). Існаваў з 4—3-га тыс. да н.э. У часы Хамурапі (18 ст. да н.э.) знаходзіўся пад месапатамскім культ. уплывам, у 15 ст. да н.э. — у васальнай залежнасці ад Егіпта, пазней — да 12 ст. да н.э. — ад Хецкага царства. У 12—8 ст. да н.э. цэнтр самастойнага царства. У 717 да н.э. заваяваны Сарганам II. У 605 да н.э. пры К. адбылася бітва, у якой вавілонскі цар Навухаданосар II разбіў егіп. фараона Неха II і асірыйскага цара Ашурубаліта II, што прывяло да ліквідацыі асірыйскай дзяржавы. Раскопкамі 1876, 1878—81, 1908—19 у К. адкрыты абарончыя збудаванні, фундаменты і арх. дэталі палацаў, храмаў і інш. пабудоў, клінапісныя і іерагліфічныя надпісы.

т. 8, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДА́Ш (Сайфі) (сапр. Кудашаў Сайфетдзін Фатахетдзінавіч; 3.10.1894, в. Кляшава Чышмінскага р-на, Башкортастан —26.6.1993),

башкірскі паэт. Нар. паэт Башкортастана (1964). Засл. работнік культ. РСФСР (1984). У 1904—13 вучыўся ў вясковым медрэсэ. Друкаваўся з 1914. У зб-ках вершаў «Песні свабоды» (1917), «Герой барацьбы» (1928), «Закон шчасця» (1937), «Ад усяго сэрца» (1944), «Лістапад» (1960), «Вяршыні» (1978), вершаваным рамане «Кушкаін» (1936) і інш. апаэтызаваў асн. гіст. этапы жыцця башк. народа, героіку Вял. Айч. вайны і мірнай стваральнай працы. Аўтар мемуараў «Незабыўныя мінуты» (1957), «Па слядах маладосці» (1964). Пераклаў на башк. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Э.​Валасевіч. Рэсп. прэмія імя Салавата Юлаева 1985.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. Уфа, 1970;

Восхождение. М. 1977;

Стихи и поэмы. Уфа, 1984.

С.​Г.​Сафуанаў.

т. 8, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАЧКІН (Акім Рыгоравіч) (н. 10.9.1912, г. Ветка Гомельскай вобл.),

бел. скульптар. Засл. работнік культ. Беларусі (1988). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1934). Працуе ў станковай і манум. скульптуры. Асн. тэма творчасці — гераізм народа ў Вял. Айч. вайне: кампазіцыі «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1951), «У тыле ворага» (1958), «Рэйкавая вайна» (1974), партрэты Героя Сав. Саюза А.​М.​Кіжаватава (1967), падпольшчыцы С.​С.​Панковай (1968). Аўтар помнікаў воінам Сав. Арміі і партызанам ў Слоніме (1956), Паставах (1965), Полацку (1967), Вілейцы (1969), в. Грозаў Капыльскага (1973) і Маслакі Горацкага (1983) р-наў і інш. Сярод інш. работ: «Поўдзень» (1965), «Юнацтва» (1973), «За волю, за долю» (1982), «На родных прасторах» (1983), бюст Ю.​А.​Гагарына (1969).

Літ.:

А.​Р.​Курачкін / Аўтар тэксту Л.​Н.​Дробаў. Мн., 1987.

Г.​А.​Фатыхава.

А.Курачкін. За волю, за долю. 1982.

т. 9, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)