адносныя паказчыкі, што выкарыстоўваюцца ў ведамаснай, дзярж., міжнар. статыстыцы. Найб. распаўсюджаныя: К. сацыяльна-эканамічныя (паказваюць размеркаванне матэр. даброт, тавараў, паслуг у разліку на душу насельніцтва, на аднаго работніка і інш.), К. росту (зніжэння) эканамічных паказчыкаў (разлічваюцца ў працэнтах адносна значэння паказчыка на перыяд часу, узятага як базавы; напр., К. тэмпаў росту вытв-сці тавараў, тэмпаў інфляцыі), К. сацыяльна-дэмаграфічныя (адносіны колькасці выпадкаў ці падзей пэўнага роду да колькасці насельніцтва або асобных сац. груп; напр., К. нараджальнасці, смяротнасці, натуральнага прыросту насельніцтва, шлюбнасці, разводнасці і інш.). Сац.-дэмаграфічныя К. могуць быць агульнымі (разлічваюцца адносна колькасці ўсяго насельніцтва), полаўзроставымі (разлічваюцца адносна колькасці асобных полаўзроставых груп) і інш. К. могуць характарызаваць хуткасць развіцця якой-н. з’явы (К. дынамікі) і частату яе ўзнікнення (напр., К. нараджальнасці), узаемасувязь якасна розных з’яў (напр., К. шчыльнасці насельніцтва), ступень выкарыстання матэрыяльных, прац., грашовых рэсурсаў (напр., К. эфектыўнасці), варыяцыю велічынь адзнакі (напр., К. рытмічнасці). К. выражаюцца ў працэнтах, прамілях, адносінах да адзінкі.
Літ.:
Елисеева И.И., Юзбашев М.М. Общая теория статистики. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́НКА,
гіганцкі электрычны іскравы разрад у атмасферы, які праяўляецца звычайна яркай успышкай святла і суправаджаецца громам; асн. прыкмета навальніцы. Найб. часта ўзнікае ў кучава-дажджавых воблаках, пры гэтым М. могуць праходзіць у саміх воблаках або паміж імі і зямлёй. Найб. тыповая лінейная М. — множны іскравы разрад з разгалінаваннямі, даўж. 1—10 км, дыям. некалькі сантыметраў, існуе ад 0,1 с да 1 с, т-ра 25000 °C і больш. Звычайна М. мае некалькі паўторных разрадаў, зрэдку некалькі дзесяткаў (зацяжная М.). Шаравая М. сфероіднай формы, каля паверхні зямлі, дыям. да 10—50 см, рухаецца павольна, падпарадкоўваецца плыням паветра, існуе да 1—2 мін, знікае з выбухам або без яго. Плоская М. — эл. разрад на паверхні воблака, не мае лінейнага характару. Пацеркападобная М. — разрад у выглядзе ланцуга з кропак, якія свецяцца. Лінейная і шаравая М. могуць быць прычынай пажару, пашкоджанняў ліній сувязі і электраперадач, гібелі людзей і хатняй жывёлы. Пабудовы ад удару М. засцерагаюць маланкаадводамі. На Беларусі ў мінулым блізкі ўдар М. ў зямлю, наземныя прадметы, жывёлу або чалавека называўся перуном.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАГА́МІЯ (ад мана... + ...гамія),
1) форма адносін паміж поламі ў жывёл, калі адзін самец за сезон спароўваецца з адной самкай. У працэсе эвалюцыі М. развівалася як больш спецыялізаваная з’ява ў параўнанні з палігаміяй. Тыповая палавая структура папуляцый манагамных жывёл вызначаецца прапарцыянальнасцю (колькасныя суадносіны самцоў і самак 1:1). Полавы дымарфізм у манагамаў выяўлены менш выразна, чым у палігамаў. Пры М. самец звычайна прымае ўдзел у выхаванні патомства.
У млекакормячых М. сустракаецца радзей, чым палігамія. Параўнальна ўстойлівыя пары фарміруюцца ў барсука, ваўка, ліса (звычайна на 1 сезон), у чалавекападобных малпаў (на некалькі гадоў ці на ўсё Жыццё). У птушак М. шырока распаўсюджана, пары на некалькі гадоў, часам на ўсё жыццё ўтвараюць арлы, буслы, грыфы, лебедзі, совы; гусі — на сезон. У межах віду могуць быць пераходы ад М. да палігаміі (бабры). М. сустракаецца і ў беспазваночных, у якіх рамцы і самкі ці толькі самцы гінуць пасля спароўвання ці адкладвання яец (некат. павукі, жукі-караеды, свойскія пчолы і інш.).
2) Гіст. форма шлюбу і сям’і (аднашлюбнасць). Узнікла з парнага шлюбу ў эпоху распаду першабытнаабшчыннага ладу, стала пануючай формай шлюбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКЛАДНЫ́Я ВЫДА́ТКІ,
выдаткі, звязаныя з арганізацыяй, кіраваннем і абслугоўваннем вытворчасці. Уключаюць выдаткі: адміністрацыйна-гаспадарчыя (зарплата і сац. адлічэнні работнікаў апарата кіравання, канцылярскія, друкарскія, паштова-тэлеграфныя і інш.), на абслугоўванне работнікаў (зарплата і сац. адлічэнні рабочых асн. вытв-сці і занятых эксплуатацыяй і абслугоўваннем машын і абсталявання, страты ад эксплуатацыі жылога фонду і інш.), н а арганізацыю работ (амартызацыйныя адлічэнні, арэндная плата і інш.). Пераход прадпрыемстваў на міжнар. стандарты і сусв. практыку ўліку прадугледжвае падзел выдаткаў на ўмоўна-пераменныя (непасрэдна звязаны з вытв. працэсам і напрамую залежаць ад аб’ёму выпушчанай прадукцыі (работ, паслуг) і ўмоўна-пастаянныя (сукупнасць выдаткаў на кіраванне, гасп. абслугоўванне, збыт прадукцыі, якія залежаць ад працягласці справаздачнага перыяду). На прадпрыемствах з разнароднай прадукцыяй Н.в. з’яўляюцца ўскоснымі, бо размяркоўваюцца па аб’ектах калькуляцыі прапарцыянальна якой-н. умоўнай падставе (прамой зарплаце рабочых, сабекошту або колькасці затрачаных на вытв-сцьасн. матэрыялаў і інш.) і не могуць быць аднесены непасрэдна на пэўны выраб або від работ. На прадпрыемствах, якія вырабляюць адзін від прадукцыі (напр., гідраэлектрастанцыі, вугальныя шахты), Н.в. з’яўляюцца прамымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ЙНЫЯ ЗО́РКІ,
зорная сістэма з 2 зорак, звязаных фізічна (фізічныя П.з.) ці размешчаных амаль на адным прамені назірання (аптычныя П.з.). Фіз. П.з. з прычыны ўзаемнага прыцяжэння рухаюцца па эліптычных арбітах вакол агульнага цэнтра мас.
Паводле ўмоў назірання фіз. П.з. падзяляюць на 4 групы. Візуальна-П.з. можна бачыць паасобна простым вокам ці ў тэлескоп, напр. зоркі Міцар і Алькор. Адлегласць паміж кампанентамі можа быць настолькі вялікая, што прыцяжэнне інш. зорак разбурае падвойную сістэму. Спектральна-П.з. выяўляюцца па зменах спектральных ліній (зрушэнне ці раздваенне) у іх спектрах. Зацьменна-П.з. (разнавіднасць спектральна-падвойных) бачныя як пераменныя: перыядычна трапляючы на адну лінію з праменем назірання, яны зацямняюць адна адну. Астраметрычныя П.з. — адна з кампанент вельмі малая і нябачная ў тэлескоп; выяўляецца па анамаліях у руху гал. кампаненты. Існуюць кратныя зорныя сістэмы (складаюцца з некалькіх зорак), напр.Кастар. Прыблізна 70% усіх зорак уваходзяць у склад падвойных ці кратных сістэм. Іх даследаванне мае важнае значэнне для высвятлення прыроды і эвалюцыі зорак.
Літ.:
Бэттен А. Двойные и кратные звезды: Пер. с англ.М., 1976;
Тесные двойные звездные системы и их эволюция. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПАРА́ДКАВАННЕў граматыцы,
від сінтаксічнай сувязі слоў або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). П. (падпарадкавальная сувязь), у процілегласць злучэнню звязвае 2 нераўнапраўныя (неаднатыпныя і рознафункцыянальныя) моўныя адзінкі ў адно цэлае: словазлучэнне або складаназалежны сказ. П. рэалізуе толькі закрытыя сінтакс. канструкцыі. Пры П. адзін кампанент выступае як граматычна незалежны, галоўны, а другі — як залежны, падпарадкаваны галоўнаму. У бел. мове ў межах простага сказа П. рэалізуецца пераважна як дапасаванне («яснае неба»), кіраванне («будую дом», «ідуць па дарозе») ці прымыканне («хутка ехаць»), У межах складаназалежнага сказа П. перадае розныя сэнсавыя адносіны паміж гал. і даданай часткамі і выражаецца з дапамогай падпарадкавальных злучнікаў ці інш. слоў і спалучэнняў, што выступаюць у функцыі злучнікаў («бо», «каб», «калі», «дзе», «што», «які», «як толькі» і інш.). Падпарадкавальныя злучнікі заўсёды ўваходзяць у склад даданай часткі складаназалежнага сказа і з’яўляюцца паказчыкам яе грамат. формы. Дапаможным сродкам пры П. ў складаназалежным сказе могуць быць карэляты (суадносныя словы), якія знаходзяцца ў складзе гал. часткі («А дзе тая крынічанька, што голуб купаўся?» З нар.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́КТЫ АБ ПРАВА́Х ЧАЛАВЕ́КА,
2 міжнародныя дагаворы ў галіне абароны правоў чалавека, ухваленыя Генеральнай Асамблеяй ААН 16.12.1966.
Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах складаецца з 53 арт., многія з якіх паўтараюць Усеагульную дэкларацыю аб правах чалавека 1948. У дадатак да Дэкларацыі Пакт абвяшчае правы кожнага грамадзяніна прымаць удзел у вядзенні дзярж. спраў: права галасаваць і быць выбраным на выбарах, забеспячэнне свабоднага волевыяўлення выбаршчыкаў, права допуску на ўмовах роўнасці да дзярж. службы. Пакт аб сацыяльных і культурных правах мае 31 арт., з якіх большасць прысвечана нац. і этн. меншасцям. Устанаўляе права на працу і пералічвае меры, якія павінна прымаць дзяржава, каб забяспечыць справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы, абвяшчае правы чалавека на сац. забеспячэнне, адукацыю, удзел у прафсаюзах, правы на ахову сям’і, пэўны жыццёвы ўзровень, мед. дапамогу.
Гэтыя дагаворы звязваюць свабоду паводзін дзяржавы ў сферы нац. заканадаўства, аднак не вызначаюць, як дзяржава павінна выконваць свае абавязацельствы па ахове правоў чалавека. Такія з’явы, як генацыд, апартэід, расізм, не ўваходзяць ва ўнутр. кампетэнцыю дзяржавы і кваліфікуюцца як міжнародныя злачынствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СЦЕЛЬ (Павел Іванавіч) (5.7.1793, Масква — 25.7.1826),
дзекабрыст, палкоўнік (1821). Вучыўся ў Дрэздэне (1805—09), у Пажскім корпусе (1810—11). З 1811 прапаршчык лейб-гвардыі Літоўскага палка. Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў 1813—14. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання», у 1818 арганізаваў у Тульчыне ўправу «Саюз дабрабыту», у сак. 1821 стварыў і ўзначаліў Паўд.т-ва. З ліст. 1821 камандзір Вяцкага палка. Аўтар 2 рэдакцый паліт. праграм т-ва — «Рускай праўды». Прыхільнік устанаўлення у Рас. імперыі рэсп. ладу шляхам дзярж. перавароту, адмены прыгону і саслоўных прывілеяў, надзялення сялян зямлёй. Аддаваў вял. ўвагу нац. пытанню; беларусаў адносіў да «малых народаў», лічыў, што ўсе народы Расіі «павінны злітымі быць у адзін народ». У 1824—25 вёў перагаворы з прадстаўнікамі польскага Патрыятычнага т-ва аб сумеснай барацьбе. 13.12.1825 арыштаваны ў Тульчыне. Павешаны разам з 4 інш. дзекабрыстамі ў Петрапаўлаўскай крэпасці.
Літ.:
Лебедев Н.М. Пестель — идеолог и руководитель декабристов. М., 1972;
Грыцкевіч А. Нацыянальнае пытанне ў праграме дзекабрыстаў // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Я́ЎКІ (Hirudinea),
клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. 2 падкл., 3 атр., 5 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у прэсных водах, некат. — у морах, на сушы (у вільготнай глебе). П. медыцынская (Hirudo medicinalis) выкарыстоўваецца пры гірудатэрапіі. П. могуць быць прамежкавымі, рэзервуарнымі і канчатковымі гаспадарамі розных паразітаў. На Беларусі больш за 10 відаў.
Даўж. ад 0,2 да 30 см. Цела плоскае, радзей цыліндрычнае, з 33 сегментаў. Афарбоўка чорная, карычневая, зеленаватая і інш. Вачэй 1—5 пар. 2 прысоскі. На пярэднім аддзеле кішэчніка сківіцы або хабаток. Драпежнікі (кормяцца дробнымі беспазваночнымі) і паразіты (кормяцца крывёю рыб, вадаплаўных птушак, млекакормячых). Слінныя залозы паразітычных П. выдзяляюць гірудзін, які перашкаджае згусанню крыві. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты, развіццё без ператварэння. Корм для некат. рыб, хахулі.
Літ.:
Фауна СССР. Пиявки. Т. 1. Л., 1976;
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987.
Ю.Р.Гігіняк.
П’яўкі: 1 — рыбіна; 2 — двухвокая; 3 — смаўжовая; 4 — ілжэконская (а — від знізу; б — від зверху); 5 — медыцынская (а — від зверху, б — від знізу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВІ́НСКІ (Вікенцій Паўлавіч) (1786, Духаўшчынскі р-н Смаленскай вобл. Расія — 1855),
паэт і драматург, найб. верагодны аўтар бел. паэмы «Энеіда навыварат». Удзельнік войнаў з французамі 1805—07, 1812, паходу рус. арміі ў Зах. Еўропу. З 1816 у адстаўцы, палкоўнік. З 1826 на цывільнай службе ў Арэнбургскай губ., у Пензе, Кастраме. З 1833 на радзіме. Сістэматычнай адукацыі не атрымаў, але сам набыў разнастайныя веды: валодаў франц. і ням. мовамі, цікавіўся гісторыяй і л-рай. Поглядамі блізкі да дзекабрыстаў. «Энеіда навыварат» (захаваўся толькі пачатак) магла быць напісана ім у 1816—25 у вёсцы ці ў 1827—28, калі ён стажыраваўся ў Смаленскай удзельнай канторы. Аўтар вершаванай камедыі «Шлюб паняволі», сатыры на аракчэеўскія парадкі «Вялікі муж субардынацыі», вершаў, у якіх высмейваў самадурства паноў і апісваў камічныя эпізоды з жыцця памешчыкаў, нататкаў па гісторыі. Тэксты іх (распаўсюджваліся ў рукапісах) не выяўлены.
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971;