ША́РКАЎШЧЫНСКІ РАЁН Размешчаны на З Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 17.4.1962, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1,1 тыс. км². Нас. 22,2 тыс. чал. (2003), гарадскога 33,8%. Сярэдняя шчыльн. 20 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Шаркаўшчына. Раён уключае 272 сельскія нас. пункты, 8 сельсаветаў: Більдзюжскі, Валожынскі, Германавіцкі, Ёдскі, Лужкоўскі, Радзюкоўскі, Ручайскі, Станіславоўскі.

Тэр. раёна ў межах Дзісенскай нізіны. Паверхня плоскаўвагнутая, значная ч. забалочаная, участкамі вылучаюцца марэнныя ўзгоркі; 80% яе ніжэй за 140 м, 20% на выш. 140—160 м. Найвыш. пункт 172 м (на Пн в. Гарбачэнкі). Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пяскі і пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 564 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб. р. Дзісна з прытокамі Янка, Маціца, Бярэжа, Бярозаўка, Паловіца, Мнюта. Найб. азёры: Ілава, Карцэя і Княж. Глебы с.-г. угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (93,9%). Пад лесам 23,7% плошчы. Пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя і чорнаальховыя лясы; трапляюцца шэраальховыя, дубовыя, ясянёвыя і інш. Штучныя насаджэнні (каля 7%) пераважна хваёвыя. Найб. лясныя масівы на Пн і ПдЗ, вылучаюцца масівы Асвята, Ілава, Журавоўшчына. Пад балотамі 6,5% тэр. Найб. балотныя масівы Даўбенішкі, Лясное. На тэр. раёна заказнікі: рэсп. значэння — гідралагічны Ельня (частка), біял. Забалацце (частка); мясц. значэння — гідралагічны Стрэчна (частка). Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі — «Ганова» ў в. Варонка, «Гарадзец» у в. Дзіўнае, «Юзафова» ў в. Юзафова, «Падоршчына» ў в. Падоршчына, геал. — гара Фядотава (в. Красная), града Зянкевіча (в. Парэчча), даліны — Быстрыцкая (в. Мельніца) і Местачковая (в. Лужкі); валуны — Вял. камень (в. Жукі-Ложныя, Лапунова) і Дубоўкаўскі (в. Дубоўка).

Агульная пл. с.-г. угоддзяў каля 71 тыс. га, з іх асушаных 36,6 тыс. га. На 1.1.2003 у раёне 18 калгасаў, 4 саўгасы, 35 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (мясныя, мяса-расл., агароднінныя кансервы, сокі, віно), буд. матэрыялаў (цэгла, сталярныя вырабы), каап. (хлебабулачныя, макаронныя, кандытарскія, абараначныя вырабы, швейная прадукцыя), каап.-нарыхтоўчай (мясныя і каўбасныя вырабы). Па тэр. раёна праходзяць: чыгунка Крулеўшчызна—Друя і аўтадарогі з Шаркаўшчыны на Браслаў, Міёры, Глыбокае, Дзісну. У раёне 9 сярэдніх, 15 базавых, 9 пач. школ, 11 дзіцячых садкоў, 24 клубы, 28 б-к, 3 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 19 фельч.-ак. пунктаў. Музеі: імя Язэпа Драздовіча ў в. Германавічы і імя І.​П.​Сікоры ў в. Алашкі. Помнікі архітэктуры: царква (пач. 20 ст.) у в. Варонка; Благавешчанскі касцёл (1787), царква (пач. 20 ст.) і сядзіба (канец 18 ст.) у в. Германавічы; сядзіба (18—19 ст.) і капліца (канец 18 ст.) у в. Дзіўная; вадзяны млын (19—пач. 20 ст.), Міхайлаўскі касцёл (1744—56, часткова перабудаваны ў 1843) і царква Раства Багародзіцы (1794) у в. Лужкі, Ільінская царква (пабудавана ў 1825 як касцёл, з 2-й пал. 19 ст. царква) у в. Шкунцікі. Выдаецца газ. «Кліч Радзімы».

М.​А.​Макаранка, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 17, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУМІ́ЛІНСКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтр. частцы Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924 як Сіроцінскі р-н, перайменаваны ў Ш.р. 23.11.1961 (скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966), у сучасных межах з 2.8.1966. Пл. 1,7 тыс. км², Нас. 24, 5 тыс. чал. (2003), гарадскога 44,5%. Сярэдняя шчыльн. 14 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Шуміліна. Раён уключае г.п. Обаль, 262 сельскія нас. пункты, 9 сельсаветаў: Дабейскі, Каўлякоўскі, Лаўжанскі, Мікалаеўскі, Мішневіцкі, Обальскі, Светласельскі, Сіроцінскі, Язвінскі.

Тэр. раёна пераважна ў межах Полацкай нізіны, усх. і паўд.-ўсх. часткі ў межах Гарадоцкага ўзвышша. Паверхня пераважна раўнінная, 85% яе на выш. 130—150 м, 13% на выш. 150—170 м. Найвыш. пункт 177 м (за 2 км на Пн ад в. Лескавічы). Агульны нахіл паверхні з У на 3. Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -7,6 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 620 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. р. Зах. Дзвіна з прытокамі Обаль (з Усысай і Чарняўкай) і Сечна. Найб. азёры: Будавесць, Дабееўскае, Мошня, Лескавічы, Сосна, Расалай, Мошна, Заронава (на мяжы з Віцебскім р-нам). Глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя забалочаныя (79%), дзярнова-падзолістыя (14,1%) і інш. Пад лесам 47,8% тэр. Пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, шэра- і чорнаальховыя, асінавыя лясы; трапляюцца дубовыя, кляновыя, ясянёвыя; штучныя насаджэнні (каля 3%) пераважна хваёвыя. Пад балотамі 10,2% плошчы. Найб. балотныя масівы: Обаль-2, Дабееўскі Мох, Обаль-1, Ямішча, Чарніцкае балота, Чорны Мох. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны Казьянскі (частка), гідралагічны Сосна. Ахоўны тарфянік Малахаў Мох Помнікі прыроды рэсп. значэння: валун «Вялікі камень» у в. Горкі і валуны ў вёсках Гараватка і Шавекі.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 58,7 тыс. га, з іх асушаных 24,5 тыс. га. На 1.1.2003 у раёне 12 калгасаў, 5 калект. унітарных с.-г. прадпрыемстваў, племптушкарэпрадуктар, 24 фермерскія гаспадаркі. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (сыры, масла, цэльнамалочныя прадукты і інш.), каап. (хлебабулачныя вырабы), буд. матэрыялаў (цэгла), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно); лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Віцебск—Полацк, аўтадарогі Віцебск—Полацк, Гарадок—Лепель. У раёне 13 сярэдніх, у т. л. 3 школы-сады; 6 базавых, у т. л. 2 школы-сады; 5 пач. школ, у т. л. 3 школы-сады; школа-інтэрнат, 16 дашкольных устаноў, 24 клубныя ўстановы, 28 б-к, 4 бальніцы, амбулаторыя, 16 фельч.-ак. пунктаў. Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: цэрквы — Сергіеўская (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Лескавічы, Успенская (канец 19 ст.) у в. Пабеда. Выдаецца газ. «Герой працы».

Літ.:

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Віцебская вобл. Мн., 1985;

Память: Ист.-док. хроника Шумилинского р-на. Мн., 1985.

В.​Л.​Аўчыннікава, Г.​С.​Смалякоў.

т. 17, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЯКОМЫЯ.

Фауну насякомых Беларусі вызначае рознахарактарнасць ландшафтаў краіны, спрыяльныя ўмовы асяроддзя. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атрадаў. Найбольшыя атрады: двухкрылыя; жукі, або цвердакрылыя; матылі, або лускакрылыя; перапончатакрылыя. Сярод інш. найбольш відаў з атрадаў блох, клапоў, або паўцвердакрылых, раўнакрылых, стракоз, трыпсаў, шыцікаў (ручайнікаў). У атрадзе жукоў найбольш шматлікія сямействы божых каровак, вусачоў, даўганосікаў, жужаляў, караедаў, лістаедаў, пласцініставусых, плывунцоў, стафілінід, трубкакрутаў, шчаўкуноў. Сярод матылёў найбольш трапляюцца агнёўкі, блакітніцы, бялянкі, выемчатакрылыя молі, ліставёрткі, німфаліды, пядзеніцы, соўкі. З атрада перапончатакрылых найлепш вывучаны іхнеўманіды, мурашкі, наезнікі-браканіды, пільшчыкі, хальцыды, чмялі. З двухкрылых найбольш пашыраны галіцы, даўганожкі, журчалкі, званцы, злакавыя мушкі, камары, макрацы, мошкі, тахіны. Жывуць на палях, лугах, у лясах, садах, агародах, вадаёмах і інш. Фауна насякомых Беларусі мае мяшаны характар. Аснову яе складаюць палеарктычныя і заходнепалеарктычныя віды, звязаныя з лясной зонай. Ёсць віды еўрапейскія, еўрапейска-сібірскія, старажытнаўсходне-міжземнаморскія і міжземнаморскія. Блохі, вошы, камары, мухі, пухаеды, сляпні і інш. — насякомыя-паразіты чалавека, дзікай і свойскай жывёлы, крывасмокі і пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекцыйных хвароб. Асноўныя шкоднікі с.-г. культур: азімая соўка, даўганожка балотная, ільняныя блошкі, ільняная і гарохавая пладажэркі, каларадскі жук, канюшынны насенняед, моль капусная, мухі бураковая і шведская, паласаты шчаўкун, соўкагама, лубінавы слонік. Шкодзяць садам: медзяніца, кветкаед яблыневы, пільшчык вішнёвы слізісты, пладажэркі слівавая і яблыневая, тлі; шкоднікі лясоў: вусачы, караеды, пільшчыкі хваёвыя, пядзенік зімовы, шаўкапрад хваёвы. Псуюць зерне і прадукты яго перапрацоўкі: агнёўка мучная, даўганосік свірнавы, хрушчакі малы, мучны і інш. Вялікую карысць прыносяць насякомыя-апыляльнікі і энтамафагі — некаторыя жукі, пчолы, чмялі. Насякомыя і іх лічынкі, якія жывуць у глебе, адыгрываюць значную ролю ў глебаўтваральных працэсах. У барацьбе з насякомымі-шкоднікамі палёў і садоў выкарыстоўваюць яйцаеда-трыхаграму, агратэхнічныя, біялагічныя, хімічныя метады. Рассяляюць рыжых лясных мурашак, якія знішчаюць шкоднікаў лесу.

У 2-е выданне Чырв. кнігі Беларусі ўключана 79 відаў насякомых.

Літ.:

Фауна и экология насекомых Белоруссии. Мн., 1979;

Влияние хозяйственной деятельности человека на беспозвоночных. Мн., 1980;

Панкевич Т.П. Пилильщики — вредители сельского и лесного хозяйства Белоруссии: (Эколого-фаунист. характеристика основных комплексов вредителей). Мн., 1981.

С.​Л.​Максімава, Л.​В.​Кірыленка.

Насякомыя. 1. Дзедка рагаты. 2. Нехаленія прыгожая. 3. Каромысла белавалосае. 4. Булавабрух кольчаты, або кардулегастэр 5. Лютка сібірская Браўэра. 6. Дазоршчык-уладар, або дазоршчык-імператар. 7. Вусач вялікі дубовы. 8. Красацел пахучы. 9. Глейнік невядомы. 10. Лістаед аліўкавы. 11. Жужаль бліскучы, або жужаль нітэнс. 12. Жук-алень. 13. Плывунец найшырэйшы. 14. Скакун пясчаны, або арэнарыя. 15. Гнаявік веснавы. 16. Стафілін валасаты. 17. Мядзведзіца-гаспадыня, або мядзведзіца вялікая. 18. Падалірый. 19. Стужка ордэнская блакітная. 20. Махаон. 21. Блакітніца алексіс. 22. Адмірал. 23. Мурашка Форшлюнда. 24. Мурашка амазонка. 25. Тапінома няясная, або мурашка цёмная. 26. Зелянчук няпарны 27. Мечнік караткакрылы. 28. Чмель мохавы. 29. Чмель Шрэнка. 30. Пчала-цясляр звычайная.

т. 18, кн. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУЧАЛЬНЫЯ ЎСТАНОВЫ.

Паводле канцэпцыі нац. бяспекі адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці ў ваен. сферы з’яўляецца развіццё сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў для Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Вядучая вышэйшая навуч. ўстанова краіны па падрыхтоўцы афіцэрскіх кадраў — Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь (засн. ў 1995). У сваёй дзейнасці яна кіруецца Статутам (зацверджаны Прэзідэнтам у 2003) і інш. дакументамі, паводле якіх арганізавана разнапланавая падрыхтоўка ваен. кадраў (ад курсантаў да малодшых камандзіраў, афіцэраў запасу і кадравых афіцэраў). Штатная колькасць пастаяннага і пераменнага складу акадэміі каля 6,5 тыс. чал. каля 4 тыс. курсантаў і 200 слухачоў, больш за 800 выкладчыкаў, у т. л. 17 д-роў, 183 канд. навук, 27 праф. і каля 100 дацэнтаў (2003). Ваен. акадэмія з’яўляецца базавай ВНУ, а яе ф-ты — профільнымі ваенна-навуч. ўстановамі, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка слухачоў, перападрыхтоўка афіцэраў на курсах і падрыхтоўка курсантаў. Спецыялістаў гуманітарнага і інж.-тэхн. профілю рыхтуюць ваен. ф-ты цывільных устаноў адукацыі. Паводле пастановы СМ Рэспублікі Беларусь «Аб ваенных факультэтах ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь» ад 11.6.2003 створаны ваен. ф-ты ў 4 вядучых ВНУ краіны — БДУ, Бел. нац. тэхн. ун-це, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Бел. ун-це транспарту. Па дамоўленасці з Мін-вам абароны падрыхтоўку ваен. кадраў ажыццяўляюць таксама Мінскі вышэйшы авіяц. каледж і Камандна-інжынерны ін-т Мін-ва па надзвычайных сітуацыях. Мэтавую падрыхтоўку будучых афіцэраў медыцынскай, тылавой, фінансавай і інш. службаў ажыццяўляюць адпаведныя ВНУ Беларусі. Падрыхтоўка бел. курсантаў і слухачоў з ліку афіцэраў бел. войска праводзіцца таксама ў ВНУ Рас. Федэрацыі, у т. л. ў Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба Рас. Федэрацыі, на Ваенна-інж. ф-це, Ваенным ун-це радыяцыйнай, хім. і біял. абароны, Ваенна-дыпламатычнай акадэміі, Ваенным фінансавым ун-це, Агульнавайсковай акадэміі Узбр. Сіл Рас. Федэрацыі, Ваенна-паветр. акадэміі (усе ў Маскве); Ваенным ун-це сувязі, Ваенна-мед. акадэміі, Ваеннай акадэміі тылу і транспарту (усе ў С.-Пецярбургу); Ваенна-трансп. ун-це Чыг. войск Рас. Федэрацыі, Цэнтр. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Ваенным ун-це ППА (г. Цвер), Ваенным ун-це вайсковай ППА Узбр. Сіл Рас. Федэрацыі» (г. Смаленск). З мэтай аптымізацыі структуры ваенна-навуч. устаноў з 2002 Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча пераведзена на 5-гадовы тэрмін навучання з агульнай колькасцю навучэнцаў 550 чал. У 2002 завершана перабудова сістэмы падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і ваен. спецыялістаў. Гэтыя ваен. кадры ў наш час рыхтуе 72-і гвардз. Аб’яднаны навуч. цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў (г. Барысаў). На базе яго вучэбных палкоў створаны школы падрыхтоўкі малодшых спецыялістаў. Створаны курсы па перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі прапаршчыкаў Узбр. Сіл. У 2003 з мэтай ажыццяўлення агульнага кіраўніцтва падрыхтоўкай ваен. кадраў створана ўпраўленне ваен. адукацыі і падрыхтоўкі войск Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь.

А.​Л.​Самовіч, В.​А.​Юшкевіч.

Развітанне выпускнікоў з баявым сцягам Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

т. 18, кн. 2, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРОДНЫЯ АСПЕКТЫ ЭКАНАМІЧНАЙ ТЭОРЫІ

Праблематыкай сусв. (міжнар.) эканомікі на Беларусі пачалі актыўна займацца ў пач. 1990-х г. у сувязі з пераходам да рыначнай мадэлі гаспадарання і неабходнасцю ўваходжання краіны ў сусв. супольнасць у якасці раўнапраўнага партнёра. Даследаванні праводзяцца ў Ін-це эканомікі Нац. АН Беларусі, Навук.-даследчым эканам. ін-це Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь, БДУ, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Бел. эканам. ун-це, Нац. банку, Мін-ве замежных спраў Рэспублікі Беларусь і інш.

Вывучаюцца тэндэнцыі развіцця, інтэграцыі і глабалізацыі сусв. эканомікі (А.​Л.​Давыдзенка, Ф.​А.​Дзмітраковіч, Г.​В.​Забаўскі, В.​В.​Казлоўскі, І.​В.​Новікава, А.​М.​Тур), яе інтэрнацыяналізацыі і міжнар. вытворчага супрацоўніцтва (М.​І.​Балашэвіч, А.​В.​Данільчанка, С.​І.​Мазоль), міжнар. канкурэнцыі і канкурэнтаздольнасці эканомікі (С.​М.​Дзядкоў, Л.​М.​Нехарошава). Аналізуюцца праблемы знешнеэканам. дзейнасці і знешняга гандлю Рэспублікі Беларусь (Ю.​Л.​Астапчанка, П.​М.​Гуцол, А.​Я.​Дайнека, А.​Л.​Давыдзенка, Я.​П.​Качуроўскі, В.​С.​Мацюшэўскі, С.​І.​Міхневіч, В.​Ф.​Мядзведзеў, Г.​А.​Шмарлоўская), сусв. рынкаў крэдытаў і каштоўных папер, валютнага рынку і валютнага рэгулявання, міжнар. інвестыцыйнай дзейнасці, манапалізацыі і антыманапольнага рэгулявання (В.​В.​Гаўрылюк, Л.​М.​Давыдзенка, В.​А.​Драздоў, І.​В.​Ліхагруд, А.​П.​Ляўковіч, Г.​В.​Маісейчык, М.​У.​Мясніковіч, А.​М.​Петрушкевіч, Э.​І.​Пятровіч, Г.​Р.​Санько). У апошнія гады прадметам навук. даследаванняў сталі міжнар. вопыт і праблемы станаўлення адкрытай эканомікі і ажыццяўлення стабілізацыйнай палітыкі (І.​А.​Міхайлава-Станюта, Л.​М.​Пятроўская, Г.​А.​Шмарлоўская, У.​М.​Шымаў), міграцыі прац. рэсурсаў (А.​У.​Бондар, А.​В.​Ванкевіч, А.​П.​Морава), мытна-тарыфнай, падатковай сістэмы і тарыфна-падатковага рэгулявання (С.​Р.​Васілеўскі, А.​Ф.​Кірэева, В.​В.​Пачэкіна, Л.​І.​Тарарышкін, Г.​У.​Турбін). Дзейнасць міжнар. эканам. арганізацый, пытанні інтэнсіфікацыі адносін Рэспублікі Беларусь з краінамі—лідэрамі сусв. эканам. супольнасці вывучаюць В.​В.​Казлоўскі, С.​В.​Паўлоўская, С.​М.​Гнацюк і інш. Выдадзены навуч. дапаможнікі па сусв. эканоміцы А.​В.​Мельнікавай, Н.​У.​Чарчэнкі і Г.​А.​Шмарлоўскай (1998), Я.​З.​Ламаносава, М.​І.​Платніцкага і А.​А.​Рудак (2001), Я.​С.​Друзіка (2002), Л.​М.​Пятроўскай (2002), а таксама «Міжнародныя эканамічныя адносіны» А.​Л.​Давыдзенка (2001), «Міжнародная эканоміка» пад рэд. В.​К.​Мацюшэўскай (2002), «Знешнеэканамічная палітыка дзяржавы» І.​А.​Фількевіча (2002) і інш.

Літ.:

Мясникович М.В. Формирование финансово-промышленных групп в переходных экономиках. Мн., 1997;

Санько Г.Г. Монополия и конкуренция. Мн., 1999;

Михневич С.П. Многосторонняя система регулирования международных торгово-экономических отношений. Мн., 2000;

Давыденко Е.Л. Международные экономические отношения Мн., 2001;

Новикова И.В. Глобализация и рынок. Поиски стратегии экономического развития в XXI веке. Мн., 2001;

Друзик Я.С. Мировая экономика. Мн., 2002;

Криштаносов В.Б. Международные финансовые организации. Мн., 2002;

Международная экономика. Мн., 2002;

Петровская Л.М. Мировая экономика. Мн., 2002;

Качуровский Е.П., Астапченко Ю.Л. Беларусь: новая торговая политика. Мн., 2002;

Филькевич И.А. Внешнеэкономическая политика государства. Мн., 2002.

Г.​А.​Шмарлоўская.

т. 18, кн. 2, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЛА́НДЫЯ (ірл. Éire, англ. Ireland), Ірландская Рэспубліка (ірл. Saorstát Éireann, англ. Irish Republic),

дзяржава ў Зах. Еўропе, на в-ве Ірландыя. Мяжуе на Пн з Паўн. Ірландыяй, якая ўваходзіць у склад Вялікабрытаніі. Пл. 70,3 тыс. км². Нас. 3555,5 тыс. чал. (1997). Дзярж. мовы — ірландская і англійская. Сталіца — г. Дублін. Падзяляецца на 4 правінцыі, якія ўключаюць 26 графстваў і 5 буйных гарадоў-графстваў. Нац. свята — Дзень св. Патрыка (17 сак.). Характарыстыку прыроды гл. ў арт. в-аў Ірландыя.

Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1937 (з пазнейшымі змяненнямі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт з шырокімі паўнамоцтвамі, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент у складзе палаты прадстаўнікоў (166 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам не больш як на 5 гадоў) і сената (6Ō членаў, частка іх назначаецца прэзідэнтам, астатнія выбіраюцца насельніцтвам). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.

Насельніцтва. Каля 99% насельніцтва — ірландцы. Да нац. меншасцей адносяцца англічане і шатландцы. Большасць вернікаў католікі (93%), ёсць пратэстанты (англікане, 3%). Сярэдняя шчыльн. 50,6 чал. на 1 км. Найб. густа населена ўсх.ч. краіны. Гар. насельніцтва 58%. Найб. гарады (тыс. ж., 1991): Дублін (з прыгарадамі) — 915,5, Корк — 174,4, Лімерык — 75,4, Дан-Лэры — 55,5, Голуэй — 50,9, Уотэрфард — 41,9. Працаздольнае насельніцтва занята ў прам-сці (29,5%), сельскай гаспадарцы (13,5%), сферы паслуг (57%). Эміграцыя 30—40 тыс. чал. за год.

Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек на тэр. І. з’явіўся прыкладна за 6 тыс. гадоў да н.э. У 4 ст. да н.э. І. пачалі засяляць кельты, што асімілявалі мясц. насельніцтва. Яны падзяляліся на роды (кланы) і плямёны, якія ўтварылі 5 плем. федэрацый, аб’яднаных у 3—4 ст. пад уладай ард-рыяга (вярх. караля). Развівалася кельцкая культура (вераванні, л-ра, заканадаўства). У 5 ст. прынята хрысціянства. Шматлікія кляштары сталі асяродкамі мастацтва, л-ры (на стараж.-ірл. і лац. мовах) і навукі. У 6—9 ст. ірл. вучоныя і місіянеры аказвалі ўплыў на краіны Зах. Еўропы, у т. л. на хрысціянізацыю Шатландыі, культ. развіццё дзяржавы Каралінгаў. У 795 пачаліся набегі на І. нарманаў, якія да 10 ст. заснавалі гарады Дублін, Уотэрфард, Лімерык. Працяглая барацьба з нарманамі скончылася перамогай ірл. дружын у бітве пры Клонтарфе (1014). У 1169 пачалося заваяванне І. англа-нармандскімі рыцарамі, якія стварылі на паўд.-ўсх. яе ўзбярэжжы англ. калонію. Тут былі ўведзены манарыяльная сістэма (гл. Манар), англ. законы, падзел на графствы, парламент (з 1297), які ў 1495 падпарадкаваны англ. парламенту і каралю. У канцы 15 ст. пры Цюдарах пачалася сістэматычная каланізацыя англічанамі ўсёй тэр. І. У 1536—37 англ. кароль Генрых VIII прымусіў ірл. парламент прызнаць яго кіраўніком царквы ў І., а ў 1541 прыняў тытул караля І. З гэтага часу нац.-вызв. барацьба ірландцаў набыла і рэліг. характар. Англ. прыгнёт стаў прычынай шэрагу паўстанняў ірландцаў (1559—67, 1569—83, 1594—1603, Ірландскае паўстанне 1641—52, 1688—91), пасля задушэння якіх англ. ўлады праводзілі масавыя канфіскацыі зямлі (да канца 17 ст. іх канфіскавана амаль ​6/7). Карэннае насельніцтва І. зганялася з зямлі, на якой сяліліся шатл. і англ. пратэстанты. Каталіцкае насельніцтва І. было пазбаўлена паліт. і грамадз. правоў, што вяло да дэмаграфічнага і эканам. заняпаду краіны. Паліт. і эканам. ўмовы сталі прычынай шырокай эміграцыі, якая пачалася ў 17 ст. і набыла масавы характар у выніку т. зв. вял. голаду 1845—49. Смерць ад голаду і эміграцыя (пераважна ў ЗША і Вялікабрытанію) прывялі да значнага зніжэння колькасці насельніцтва (у 1841 — 8,2 млн., у 1851 — 6,5, у 1911 — 4,4 млн. чал.).

Нац.-вызв. рух, які ўзмацніўся пад уплывам вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 і франц. рэвалюцыі канца 18 ст., прымусіў брыт. ўрад паслабіць калан. рэжым, увесці ў 1782—83 парламенцкую аўтаномію. Арг-цыя «Аб’яднаныя ірландцы» выпрацавала праграму барацьбы за незалежную рэспубліку, аднак нац.-вызв. паўстанне 1798 было задушана. У 1801 парламенцкая аўтаномія І. ліквідавана, парламент скасаваны, ірл. прадстаўнікі атрымалі некалькі месцаў у брыт. парламенце (гл. Англа-ірландская унія 1801). У 19 ст. І. цалкам ператворана ў агр. прыдатак метраполіі. У 1840-я г. пачаўся агр. пераварот, дробная сял. рэнта замянялася арэндай буйных зямельных участкаў пашы. Шырыўся рух за разрыў уніі 1801. У 1842 створана група «Маладая Ірландыя», асн. патрабаваннем якой стала незалежнасць І. Радыкальныя ўдзельнікі нац.-вызв. руху заснавалі ў 1847 Ірландскую канфедэрацыю, яе лідэры заклікалі да ўзбр. паўстання супраць англ. панавання; Ірл. паўстанне 1848 задушана. Пасля паражэння паўстання 1867 супраць згону сялян з зямлі цэнтр. месца ў паліт. жыцці краіны заняла барацьба за гомруль (самакіраванне ў межах Брыт. імперыі). У 1879 створана Зямельная ліга. Прадстаўнікі ірл. нац. інтэлігенцыі пачалі барацьбу за адраджэнне ірл. (гэльскай) мовы (да 19 ст. амаль цалкам выцесненай англ.) і нац. культуры (гл. Гэльская ліга).

У 1914 брыт. парламент ухваліў закон аб аўтаноміі І., аднак адтэрмінаваў яго ажыццяўленне да заканчэння 1-й сусв. вайны. Гэта палітыка брыт. улад стала прычынай Ірландскага паўстання 1916, якое было жорстка задушана. У хуткім часе незалежніцкі рух узначаліла партыя Шын фейн, у канцы 1918 яе прадстаўнікі атрымалі на выбарах у брыт. парламент 73 месцы. Дэпутаты-шынфейнеры абвясцілі сябе першым ірл. урадам, а ў студз. 1919 — незалежнасць І. (прэзідэнт І.Дэ Валера). Явачна ствараліся нац. органы ўлады, узбр. сілы. Сфарміраваная Ірландская рэспубліканская армія вяла ваен. дзеянні супраць англ. войск і паліцыі, якія скончыліся падпісаннем мірнага англа-ірландскага дагавора 1921. Паводле яго краіна была падзелена на 2 часткі. Паўн. І. (Ольстэр) засталася пад.уладай Вялікабрытаніі, Паўд. І. атрымала правы дамініёна (Ірл. свабодная дзяржава); на яе тэр. захаваліся англ. ваен. базы. Спрэчкі паміж ірл. патрыётамі па адносінах да дагавора 1921 выклікалі грамадз. вайну 1922—23, што скончылася паражэннем прыхільнікаў барацьбы за поўную суверэннасць і адзінства І. У 1932 яны атрымалі перамогу на парламенцкіх выбарах (партыя Фіяна файл) і сфарміравалі ўрад на чале з Дэ Валера (да 1948). У 1937 прынята новая канстытуцыя. Яна адмяніла статус дамініёна, абвясціла суверэнную дзяржаву Эйрэ (ірл. назва І.), якая захоўвала толькі фармальныя сувязі з Вялікабрытаніяй. У 1949 І. абвешчана рэспублікай і фармальна выйшла з брыт. Садружнасці. Адносіны да Паўн. І., якую І. лічыць сваёй гіст. часткай, з 1922 З’яўляюцца адной з гал. паліт. праблем, асабліва пасля абвастрэння ў 1968—69 паўн.-ірл. канфлікту. Ірл. ўрад лічыць таксама, што змена статусу Паўн. І. можа адбыцца толькі са згоды большасці яе жыхароў. І. імкнецца аказваць уплыў на брыт. кіраванне ў Паўн. І. і разам з памяркоўнымі паўн.-ірл. групоўкамі распрацоўвае мадэль уз’яднання, прымальную для Вялікабрытаніі і паўн.-ірл. пратэстантаў. У 1985 падпісана англа-ірл. пагадненне аб стварэнні міжурадавага кансультатыўнага органа па ўнутр. праблемах Паўн. І. Урад І. ўдзельнічаў у перагаворах, у выніку якіх у 1994 спынена ўзбр. барацьба ў Паўн. І. На міжнар. арэне І. падтрымлівае цесныя паліт. кантакты з краінамі Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі, захоўвае ваен. нейтралітэт (абвешчаны ў час 2-й сусв. вайны). З 1997 прэзідэнт краіны — М.​Макаліз, прэм’ер-міністр — Б.​Ахерн. І. — чл. ААН (з 1955), Еўрап. саюза (з 1973). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Лейбарысцкая партыя, Фіяна файл, Фіне гал, Партыя прагрэс. дэмакратаў, Дэмакр. левая партыя. Прафс. аб’яднанне — Ірл. кангрэс трэд-юніёнаў.

Гаспадарка І. — індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на аднаго жыхара 15,4 тыс. дол. ЗША (1995). Доля ў ВУП (у %): прам-сці — 36, сельскай гаспадаркі — 8, сферы паслуг — 56. Вядзецца здабыча торфу — каля 8 млн. т за год (адно з першых месцаў у свеце). У І. буйнейшае ў Зах. Еўропе радовішча поліметал. руд Тынаг у цэнтр. ч. краіны. Здабываюць цынк (193,7 тыс. т, 8-е месца ў свеце, 1993), свінец, медзь, серабро, ртуць, жал. руду, каменны вугаль, прыродны газ, пірыты. Аснову энергабалансу складаюць торф, імпартная нафта, каменны вугаль, гідраэлектраэнергія. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 16,6 млрд. кВт гадз, пераважна на ЦЭС. ГЭС на р. Шанан. Важнае месца ў прам-сці займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка: зборка аўтамабіляў (з-д «Форд» у Корку) і трактароў (Дублін), суднабуд. і суднарамонт (Дублін, Корк, Лімерык, Дан-Лэры), электроніка і радыёэлектроніка (Дублін, Корк, Лімерык, Уотэрфард). Чорная металургія прадстаўлена з-дам у Корку. Хім. і нафтахім. (мінер. ўгнаенні, пластмасы, гумавыя вырабы), фармацэўтычная прам-сць у Корку, Дан-Лэры. На мясц. сыравіне развіта харч. (мясная, малочная, мясакансервавая, піваварная, спірта-гарэлачная) прам-сць. Ёсць прадпрыемствы папяровай і шкляной прам-сці ў Уотэрфардзе. У сельскай гаспадарцы пераважаюць дробныя і сярэднія фермерскія гаспадаркі памерам да 25 га. Пад ворывам 14% тэр. краіны, пад пашай і сенажацямі каля 70%. Гал. галіна — жывёлагадоўля, якая дае 90% валавой с.-г. вытв-сці (70% ідзе на экспарт). Па колькасці буйн. раг. жывёлы на душу насельніцтва і па яе вывазе ў жывым выглядзе І. займае 1-е месца ў Еўропе. Асн. раёны — Пд, ПдЗ і З краіны. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 6,4, авечак — 5,8, свіней — 1,5. Птушкагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, сеяныя травы, бульбу, турнэпс, цукр. буракі, лён. Агародніцтва і садоўніцтва. Марское рыбалоўства. Улоў рыбы — 412,7 тыс. т (1995). Штогод краіну наведвае каля 3—3,5 млн. турыстаў. Замежны турызм дае каля 2 млрд. дол. ЗША прыбытку. Даўж. аўтадарог 86,8 тыс. км, чыгунак 1,9 тыс. км. Аўтапарк каля 990 тыс. машын. Унутр. суднаходныя шляхі: р. Шанан, Гранд-канал, Роял-канал. Танаж марскога флоту каля 129 тыс. брута рэг. т. Гал. парты Дублін, Корк. У краіне 225 км газаправодаў. 9 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнародныя (Дублін, Корк, Шанан). Экспарт (1994, 29,9 млрд. дол. ЗША): машыны і абсталяванне, жывая жывёла, прадукты жывёлагадоўлі, піва, хім. прадукты, тэкстыль, канцэнтраты каляровых металаў. Імпарт (1994, 25,3 млрд. дол. ЗША): машыны і абсталяванне, нафта, хім. прадукты, кармы. Вял. значэнне маюць грашовыя пераводы эмігрантаў. Асн. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Францыя, Нідэрланды. Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з І. у 1996 склаў 26,9 млн. дол. ЗША. Грашовая адзінка — ірл. фунт.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць каля 13 тыс. чал. (1996). Ёсць рэзервы. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (11 тыс. чал.) маюць на ўзбраенні больш за 100 танкаў і бронеаўтамабіляў, больш за 700 артыл. сродкаў і інш. У ВПС больш за 900 чал. асабовага складу, каля 30 самалётаў. У ВМС каля 1 тыс. чал., 7 караблёў.

Ахова здароўя. Сістэма мед. абслугоўвання знаходзіцца ў падпарадкаванні дэпартамента аховы здароўя. Насельніцтва, што карыстаецца мед. паслугамі, падзяляецца на 3 катэгорыі: людзі, якія атрымліваюць усе віды мед. дапамогі бясплатна (з нізкімі даходамі), 2 група (з больш высокімі даходамі) карыстаюцца мед. паслугамі за зніжаную, дыферэнцыраваную аплату. Для дзяцей да 16 гадоў і хранічна хворых — стацыянарнае і амбулаторнае лячэнне, прышчэпкі супраць заразных хвароб, іх дыягностыка бясплатныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 73,1, жанчын 78,6 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 255 чал., урачамі — 1 на 588 чал. Узровень нараджальнасці 13 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,4%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае пач. і сярэднія школы, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Самаст. дашкольных устаноў няма (існуюць дашкольныя аддзяленні пры пач. школах). Большасць агульнаадук. навуч. устаноў прыватныя або канфесіянальныя. Пач. школа з 6-гадовага ўзросту, 6 гадоў навучання; ёсць 1- і 2-камплектныя школы. Існуюць 3 тыпы сярэдніх школ: традыц., аб’яднаныя і абшчынныя. Усе яны маюць 2 ступені: асн. абавязковая (3—4 гады навучання) дае няпоўную сярэднюю адукацыю, яе выпускнікі пасля здачы экзаменаў атрымліваюць прамежкавы атэстат, старэйшая (3-гадовая) — поўную сярэднюю адукацыю з правам паступлення ў ВНУ. На базе асн. школы прафес.-тэхн. адукацыю даюць прафес.-тэхн. школы (3—5 гадоў навучання), сярэднюю спец. — тэхн., маст. і інш. спец. каледжы (3—4 гады навучання). У 1996/97 навуч. г. ў І. 8 ун-таў (каля 60 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: Нац. ун-т І. ў Дубліне (з 1909, больш за 20 тыс. студэнтаў, уяўляе сабой федэрацыю універсітэцкіх каледжаў у Дубліне, Корку, Голуэі і яшчэ 6 каледжаў, у т. л. Каледж св. Патрыка ў Мейнуце), Дублінскі ун-т (засн. ў 1591 як Трыніты-каледж), Дублінскі гар. ун-т (з 1975), ун-т у Лімерыку (з 1989). Навук. ўстановы: Каралеўскае дублінскае т-ва, Каралеўская ірл. акадэмія, галіновыя акадэміі — мед., славеснасці (засн. Б.​Шоу), жывапісу, скульптуры і архітэктуры. Буйнейшыя б-кі: універсітэцкія, Нац. (з 1877) і Публічная — у Дубліне і інш. Буйнейшыя музеі: Нац. музей (з 1731), Нац. галерэя, Галерэя сучаснага мастацтва, Грамадз. музей (з 1953) — усе ў Дубліне.

Друк, радыё, тэлебачанне. У І. выходзіць 8 штодзённых газет: 6 — у Дубліне, 2 — у Корку, у т. л. 4 ранішнія, якія распаўсюджваюцца па ўсёй краіне. Самы высокі тыраж маюць незалежныя газеты — ранішняя «Irish Independent» («Ірландская незалежная», з 1891, сучасная назва з 1905) і штодзённая вячэрняя «Evening Herald» («Вячэрні веснік», з 1891). Інфарм. агенцтваў у І. няма. Радыё і тэлебачанне кантралююцца аўтаномнай карпарацыяй «Радыё Тэлефіс Эйрэан» (PTE; засн. ў 1960, фінансуецца дзяржавай), якая трансліруе праграмы Радыё-1 і Радыё-2. Дзейнічаюць таксама рэгіянальнае радыё Корк, нац. незалежнае радыё Сэнчуры. Дзярж. тэлебачанне трансліруе праграмы PTE-1 і PTE-2; з 1989 дзейнічае і незалежны канал ТВ-3.

Літаратура. Развіваецца на ірландскай мове і англійскай мове. Гераічны эпас (сагі) узнік у першыя стагоддзі н.э. (першыя запісы 8 ст., захаваліся запісы 12 ст.). Найб. вядомая — гал. сага гераічнага цыкла «Выкраданне быка з Куальнге» з цэнтр. вобразам Кухуліна — нац. героя І. У сярэднія вякі высокага ўзроўню дасягнула паэзія бардаў (Донах Мор, Мюрэдах Албанах, Гофрэй Фіён). Карэнныя змены ў л-ры звязаны з англ. каланізацыяй у 12 ст. Аднак забарона ірл. мовы, знішчэнне рукапісаў не спынілі развіццё нац. л-ры. У 16—18 ст. адбывалася ломка арыстакратычнай традыцыі бардаў, асаблівае значэнне набыла балада. Літ. мовай стала нар. ірл. гаворка. У л-ры пераважалі тэмы развітання з радзімай, адчування крызісу звыклага ўкладу жыцця (песня «Бывай, Ірландыя» Дж.​Наджэнта, «Ода Мэгуайру» Э.​О’Хасі). У 17 ст. сабраны і перапісаны шматлікія рукапісы, якім пагражала знішчэнне (склалі шматтомныя «Аналы чатырох магістраў»; 1632—36). З канца 18 ст. пачынае складвацца традыцыя празаічных твораў на англ. мове: гіст. (Дж.​Бейнім) і сац.-быт. (М.​Эджуарт, У.​Карлтан) раманы. Ірл. л-ра развівалася ў рэчышчы нац. паэт. традыцый і захоўвала сваю самабытнасць. Перавага фантаст. матываў, пачуццё камічнага і вострая іранічнасць — яе адметныя асаблівасці. Выразны ўзор асваення вобразнасці на англ. мове — «Ірландскія мелодыі» (1808—34) Т.​Мура. Канец 19 ст. пазначаны т. зв. «Ірландскім адраджэннем», яго пачынальнік у л-ры У.Б.Йітс. Нац. мастацтва, міфалогія і гісторыя паўплывалі на творчасць дзеячаў «Ірландскага адраджэння» Дж.​Расела, І.​А.​Грэгары, П.​Колума, Дж.​Стывенса, Дж.​Кэмпбела. Развіццю рэалізму ў нац. драме папярэднічала творчасць Дж.​Сінга. Раман Дж.Джойса «Уліс» (1922) паклаў пачатак л-ры «плыні свядомасці». Ірл. паўстанне 1916 прадвызначыла далейшы шлях развіцця ірл. л-ры. Асн. тэма творчасці пісьменнікаў 1920—30-х г. — нац.-вызв. рух (Ш.​О’Кейсі, П.​О’Донел, Б.​Біэн). Адраджаюцца мастацтва апавядальнікаў і жанр «апавядання ля каміна» (Ф.​О’Конар, М.​Лэвін, Ш.​О’Фаалейн, Б.​Кілі). Для л-ры 1960—80-х г. характэрны адмаўленне ад нацыяналіст. ідэй, увага да сац. праблем. Новае развіццё набывае гіст. раман. Э.​Дзілан, Т.​Флэнаган, Дж.​Планкет звяргаюцца да нядаўняга мінулага, імкнучыся выявіць сац. аснову катаклізмаў у сучаснай І. Сітуацыі пачатку 20 ст. прысвечаны лепшыя раманы Дж.​Джонстан «Ці далёка да Вавілона?» і «Стары жарт». Гіст. алюзіі ў раманах Д.​Марцін «Цырымонія ініцыяцыі» і «Шлях у Балішанон», К.​Кейсі «Мары аб помсце». Англа-ірл. праблематыка ў цэнтры ўвагі і буйнейшага сучаснага ірл. раманіста У.​Трэвэра. Да эксперым. прозы звяртаюцца пісьменнікі Дж.​Бэнвіл і Д.​Хоган. Ірл. паэзія 1940—70-х г. прадстаўлена творамі О.​Кларка, П.​Кэванаха, Дж.​Монтэгю, Т.​Кінсела, Л.​Мак-Ніс, Р.​Мэрфі. Яна сучасная паводле светаўспрымання і выразных сродкаў і адначасова неадрыўная ад традыцый паэзіі Ш.​Хіні.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі на тэр. І. захаваліся ад бронз. веку: мегалітычныя пабудовы (дальмены, кромлехі), курганы з пахавальнымі камерамі з несапраўднымі скляпеннямі (Нью-Грэйндж), залатыя і бронз. ўпрыгожанні з геам. арнаментам. Метал. вырабы 5—4 ст. да н.э. аздоблены складаным лінейным кельцкім арнаментам. Пасля хрысціянізацыі І. ў 5—12 ст. будавалі круглыя ў плане крэпасці (Эйлек), высокія вартавыя вежы-званіцы, кляштарныя комплексы з круглымі вежамі, капліцамі і келлямі (у Глендалоху, Дэвенішы, Келсе, а таксама за межамі І., на тэр. сучасных Францыі і Італіі). Дэкар. багацце характэрна для манум. каменных крыжоў (у Карндоне, 6 ст.; Манастэрбойсе, 9—10 ст.), дзе стылізаваныя фігуратыўныя выявы на біблейскія сюжэты арганічна ўключаны ў фармальную сістэму, у якой дамінуе арнамент з плеценых ліній, кругоў, спіралей. Багата арнаментаваліся бронз. брошы брошкі, рэлікварыі, паціры, посахі, пласціны (з эмаллю, філігранню ўзорнымі выявамі ў звярыным стылі) Характэрная рыса ірл. мініяцюр з рука пісаў 7—12 ст. — абстрактная трактоўка элементаў і фігур («Псалтыр св. Калумбана», канец 6 — пач. 7 ст.; «Ліндысфарнскае евангелле», канец 7 пач. 8 ст.; «Жыціе св. Калумбана», канец 7 ст.). Зааморфныя элементы, адзначаныя саксонскім і міжземнаморскім уплывамі, з’яўляюцца ў «Евангеллі з Дараў», «Лігфілдскім евангеллі», «Эхтэрнахскім евангеллі» (канец 7 — пач. 8 ст.). «Евангелле з Келса» і «Санктгаленскае евангелле» (канец 8 — пач. 9 ст.) змяшчаюць ілюстрацыі на цэлую старонку. У 11 ст. з’яўляецца запазычаны са Скандынавіі «звярыны» арнамент («Евангелле Бангора»). У 11—12 ст. будавалі раманскія капліцы (у Кашэлі), кляштарныя цэрквы (у Бойлі, Джэрпойнце), саборы (у Кланмакнойсе, Кланферце). простыя па кампазіцыі з выразным скульпт. афармленнем і вытанчанай разьбой на парталах. У канцы 12—14 ст. будавалі гатычныя храмы, найчасцей аднанефавыя з вежай над сяродкрыжжам (Крайс-чэрч у Дубліне), замкі (у Дубліне, Лімерыку, Трыме, графстве Клэр). Англ. каланізацыя запаволіла развіццё ірл. культуры, у 15—17 ст. архітэктура і мастацтва ў заняпадзе. У 17 — пач. 19 ст. ў Дубліне ўзводзілі парадныя адм. будынкі, палацы ў стылі англ. класіцызму (арх. У.​Робінсан, У.​Чэймберс, Т.​Кулі, Дж.​Гэндан і інш.), з 1829 — цэрквы ў стылі неаготыкі. У 19 — пач. 20 ст. ў партовых гарадах ствараліся раёны з рэгулярнай забудовай у духу эклектызму. У 20 ст. ў І. пабудаваны шэраг арх. комплексаў у сучасным стылі (работы арх. М.​Скота і Т.​Кенэдзі ў гарадах Дублін і Голуэй). У выяўленчым мастацтве з канца 17 ст. пашырыўся партрэтны жывапіс (Г.​Морфі, Т.​Бэт), развіццё якога працягвалася ў 18 ст. (Дж.​Лэтам, Ф.​Хасі, Э.​Лі, Т.​Фрай, Р.​Хантэр, Ч.​Джэрвас, С.​Слоўтэр, Н.​Хоўн Старэйшы). Пейзажны жанр прыўнёс у ірл. жывапіс І. ван дэр Хаген, найб. развіўся ў творчасці Дж.​Барэта, братоў Робертс, У.​Эшфарда, У.​Содлера. У канцы 18 ст. Дж.​Бары, Х.​Д.​Гамільтан стваралі карціны на міфалагічныя і біблейскія тэмы ў акад. стылі. У 18 ст. працавалі скульптары Дж. ван Ност, П.​Канінгем, Э.​Сміт, у 19 ст. — Дж.​Г.​Фолі. У жывапісе 1-й пал. 19 ст. развіваўся лірычны пейзаж (Дж.​Фішэр, Дж.​А.​О’Конар, Ф.​Дэнбі), рамант. партрэт (Т.​Хікі, Р.​Фэгэн), у 2-й пал. 19 ст. — жанравы жывапіс (У.​Осбарн, У.​Малрэдзі, Д.​Мэклайс), пейзаж (Н.​Хоўн Малодшы, Дж.​Фолкнер). У мастацтве пач. 20 ст. дамінавалі экспрэсіяніст Дж.​Б.​Йітс і рэаліст Ч.​Лэмб, С.​Кітынг. Кубізм і фавізм прыўнеслі М.​Джэлет, І.​Хоўн, К.​Мідлтан і Д.​О’Нейя; у інш. кірунках працавалі К.​Сутэр, В.​Браўн, Б.​Кінг. Мастакі наступнага пакалення (Р.​Балаф, Дж.​Дэўлін і інш.) удзельнічалі ў руху «новай фігурацыі». У 2-й пал. 20 ст. актыўна развіваюцца плыні авангарднага мастацтва: абстракцыянізм (У.​Скот, М.​Фэрэл, Х.​Хіран), сюррэалізм (П.​Генесі, М.​Гейл, Л.​Ле Брокі).

Музыка. Узоры нар. ірл. песень, якія захаваліся, аднагалосыя, хоць у стараж. сагах упамінаецца пра хар. і шматгалосыя спевы. Лады песень 7-ступенныя дыятанічныя; выразныя элементы пентатонікі, што звязана з гукарадамі асн. нац. муз. інструментаў арфы і валынкі. Носьбіты нар. муз. культуры — барды. Ёсць гіст. сведчанні пра ранняе развіццё ў кельтаў поліфаніі і развітую прафес. муз. культуру ў раннім сярэдневякоўі. З 12 ст. рост прафес. муз. культуры запаволены англ. заваёўнікамі. З канца 16 ст. пранікае шматгалосая музыка англіканскай царквы, фарміравалася свецкае муз. мастацтва прыдворных бардаў, вылучыліся першыя прафес. кампазітары, у т. л. Р.​Д.​О’Катайн (16—17 ст.), бард Т.​О’Кэрален (17—18 ст.). У 2-й пал. 17 ст. была пашырана англ. і шатл. музыка. З канца 18 ст. вядомы кампазітары Д.​Мэрфі, М.​Келі, Дж.​Філд (стваральнік жанру накцюрна ў фп. музыцы), М.​Балф. Зарадзілася муз. фалькларыстыка (Э.​Бантынг і інш.). Сярод кампазітараў 20 ст. В.​Бекет, А.​Дуф, Ф.​Ней. Нац. кампазітарская школа ў працэсе фарміравання. Адзін з асн. муз. цэнтраў І. — г. Дублін, дзе працуюць Ірл. нац. оперная трупа (з 1963), Ірл. акадэмія музыкі (б. Каралеўская ірл. акадэмія музыкі, засн. ў 1856) і інш.

Тэатр. Эстэтычныя прынцыпы ірл. нац. т-ра вызначыла мастацтва вуснай паэзіі, дэкламацыйнае майстэрства паэтаў-сказіцеляў з часоў язычніцтва. У 16 ст. ў Дубліне англ. цэхавымі гільдыямі ладзіліся паказы містэрый, з 17 ст. ствараліся т-ры для англ. знаці. Развіццё нац. мастацтва тармазілі англ. ўлады. У канцы 19 ст. ў сувязі з рухам за развіццё нац. культуры («Ірландскае адраджэнне») У.Б.Йітс і А.​Грэгары стварылі ў Дубліне Ірландскі літ. т-р (1899). У 1901 ён аб’яднаны з суполкай аматараў і названы Ірл. нац. драм. т-вам, у якім ставіліся п’есы Дж.​Сінга, Ш.​О’Кейсі, Л.​Робінсана. У 1904 т-ва ператворана ў пастаянны т-р у Дубліне — Тэатр Абацтва. У 1920-я г. пачаўся новы ўздым нац. тэатр. мастацтва, ставіліся п’есы ірл. і перакладной драматургіі. У 1922 створаны Драм. саюз. У 1929 Э.​Хілтан і М.​Мак-Ліямаір арганізавалі ў Дубліне т-р, дзе сцвярджаліся наватарскія прыёмы сучаснага тэатр. мастацтва. У 1928—31 існаваў Гэльскі т-р у Голуэі. З 1939 спектаклі на гэльскай мове пачаў ставіць і Тэатр Абацтва. Асн. тэатр. цэнтр — г. Дублін.

Кіно. У 1936 засн. кінематаграфічнае т-ва (з 1978 Саюз ірл. кінатаварыстваў). На мяжы 1930—40-х г. створаны Ірл. кінаінстытут. У 1958 засн. буйнейшая ў І. кінастудыя «Армдар», на якой фільмы здымаюць пераважна замежныя кінематаграфісты. Існуюць і інш. кінастудыі («Знер Кем’юнікейшэн», «Саліван Блют Ст’юдыяз, «Эбі Філмс»), дзе здымаюцца пераважна кароткаметражныя ігравыя, дакумент., рэкламныя фільмы. Поўнаметражныя фільмы ў асн. камерцыйныя. Сярод ігравых фільмаў 1970—80-х г.: «Ірландскі самагон» (рэж. Б.​Куін), «Раніца на Раство» (рэж. Т.​Мак-Брайд), «Выгнаннікі» (рэж. Р.​Він-і-Сімандс) і інш. Маст. фільмы 1990-х г.: «Усе гэтыя яркія і прыгожыя рэчы» (рэж. Б.​Дзёблін), «У імя бацькі» (рэж. Дж.​Шэрыдан), «Кола сяброў» (рэж. П.​О’Конар), «Крымінальная гульня» (рэж. Н.​Джордан), «Доўгі шлях да дому» (рэж. П.​Брытнах) і інш. Сярод дзеячаў кіно: рэжысёры Джордан, О’Конар, Дж.​Камерфард, Л.​Малкус; акцёры Г.​Бірн, Л.​Нісан, Э.​Дудзі, М.​О’Шы, Ф.​Тамэлці. Ірл. кінапракат з’яўляецца часткай брытанскага. У І. існуюць асацыяцыі: кінапрадзюсераў; ірл. кіно; т-ра і кіно; кінаакцёраў І.; Гільдыя ірл. кіно і тэлебачання і інш. Дзейнічаюць Школа камунікацый пры Дублінскім ун-це, школа кіно, тэлебачання і анімацыі (Каледж Дун Лаахаэра), Ірл. ін-т кіно. Міжнар. кінафестывалі ў Дубліне, Корку, Белфасце.

Літ.:

История Ирландии. М., 1980;

Осипова Т.С. Ирландский город и экспансия Англии XII—XV вв. М., 1973;

Сапрыкин Ю.М. Английское завоевание Ирландии (XII—XVII вв.). М., 1982;

Саруханян А.П. Современная ирландская литература. М., 1973;

Яго ж. «Объятия судьбы»;

прошлое и настоящее ирланд. лит. М., 1994;

Иванова Е.К. Современная архитектура Ирландии. М., 1982;

Буйвал В. Зямля Святога Патрыка // Мастацтва. 1996. № 4;

Arnold B. Irish Art. London, 1991;

Acton Ch. Irish music and musicians. Dublin, 1978.

Л.​В.​Лоўчая (насельніцтва, гаспадарка), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), М.​Ю.​Шода (літаратура), В.​Я.​Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва), Г.​У.​Шур (кіно).

Герб і сцяг Ірландыі.
Да арт. Ірландыя. Горад Кланакілці на поўдні краіны.
Да арт. Ірландыя. Рэгулярныя ірландскія войскі страляюць па паўстанцах у час грамадзянскай вайны 1921—22.
Да арт. Ірландыя. Краявід на поўначы краіны.
Да арт. Ірландыя. Тыповы сялянскі двор.
Да арт. Ірландыя. «Дыван-старонка» з мініяцюры «Ліндысфарнскага евангелля». Канец 7 — пач. 8 ст.
Да арт. Ірландыя. Заходні крыж у Манастэрбойсе. 9—10 ст.
Да арт. Ірландыя. Пацір з Арда. 8—9 ст.
Да арт. Ірландыя. Мініяцюра з «Евангелля з Келса». Каля 800.
Да арт. Ірландыя. Замак Банраці, графства Клэр. 1450.
Да арт. Ірландыя. Э.​Сміт. Элемент скульптурнага аздаблення будынка Ірландскага банка 1785—90.
Да арт. Ірландыя. Архітэктурны ансамбль у Кашэлі. 11—14 ст.
Да арт. Ірландыя. Будынак мытні ў Дубліне. Арх. Дж.​Гэндан. 1781—91.
Да арт. Ірландыя. Будынак чатырох Судоў у Дубліне. Арх. Т.​Кулі і Дж.​Гэндан. 1786—1800.
Да арт. Ірландыя. П.​Канінгем. Уільям Мейпл.
Да арт. Ірландыя. Ч.​Лэмб. Дзіўная пара.
Да арт. Ірландыя. Дж.​Б.​Йітс. Чаканне.
Да арт. Ірландыя. Х.​Хіран. Звар’яцелая Джэйн. Пач. 20 ст.

т. 7, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАТЭМА́ЛА (Guatemala), Рэспубліка Гватэмала (República de Guatemala),

дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З і Пн з Мексікай, на ПнУ з Белізам, на У і ПдУ з Гандурасам і Сальвадорам; на Пд абмываецца Ціхім ак., на ПнУ — Гандураскім зал. Карыбскага м. Пл. 108,9 тыс. км². Нас. 10 446 тыс. чал. (1993). Падзяляецца на 22 дэпартаменты. Дзярж. мова — іспанская, каля 40% насельніцтва карыстаецца індзейскімі мовамі. Сталіца — г. Гватэмала. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).

Дзяржаўны лад. Гватэмала — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1985 (набыла сілу ў 1986). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. кангрэс Рэспублікі са 100 дэпутатаў.

Прырода. ⅔ плошчы Гватэмалы займае нагор’е выш. 1000—3000 м. Яго паўн.-ўсх. ч. — складкава-глыбавыя хрыбты і плато, падзеленыя глыбокімі далінамі рэк. На ПдЗ нагор’е складзена з вулканічных парод. Ёсць патухлыя (Тахумулька — 4217 м, Такана — 4117 м) і дзеючыя (Фуэга — 3918 м) вулканы. Бываюць разбуральныя землетрасенні. На Пн вапняковае плато Петэн. Узбярэжжы нізінныя. Карысныя выкапні: нафта, нікель, поліметалы, марганцавыя і хромавыя руды, золата і інш. Клімат трапічнага пояса, пасатны, вільготны. Частыя ўраганы. Сярэдняя т-ра паветра на нізінах 23—27 °C, на міжгорных плато 15—20 °C. Ападкаў на ўсх. схілах нагор’я больш за 2000 мм, на ўнутр. плато, у міжгорных далінах і на ўзбярэжжах 500—1000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй; самыя значныя з іх Усумасінта і Матагуа. З азёр найб. Ісабаль (на У). На Пн і па ўзбярэжжы Ціхага ак. саванны і хмызняковыя зараснікі, на ніжніх схілах гор вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, вышэй — дубовыя і хваёвыя лясы. Усяго пад лесам і хмызнякамі 40% тэр. У трапічных лясах шмат каштоўных парод дрэў: каўчукавае, кампешавае, махагонавае, ружовае, чорнае, бальзавае, бакаўт і інш. Нац. паркі: Тыкаль, Рыо-Дульсе, Атытлан і інш.; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Карэннае насельніцтва — індзейцы моўнай групы майя складаюць 44%, падзяляюцца на 22 народы і плямёны. Найб. з індзейскіх народаў — кічэ, какчыкель, маме, кекчы, жывуць пераважна на З нагор’я. Другая вял. група — гватэмальцы (больш за 50%), народ, які ўтварыўся ад змяшання заваёўнікаў-іспанцаў з мясц. насельніцтвам. Ёсць невял. групы неграў, еўрапейцаў (пераважна іспанцаў) і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (75%), ёсць пратэстанты (больш за 20%); сярод індзейцаў моцныя перажыткі стараж. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 96 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана на нагор’і, дзе шчыльнасць у асобных дэпартаментах дасягае 300—400 чал. На 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1994): Гватэмала — 1150 і Кесальтэнанга — 101. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольных, у абслуговых галінах — 13, прам-сці — 12, гандлі — 7, буд-ве — 4, на транспарце — 3%.

Гісторыя. Гватэмала — радзіма стараж. індзейскіх цывілізацый. У 1-м тыс. н.э. на Пн і У існавалі гарады-дзяржавы майя. на Гватэмальскім нагор’і — дзярж. ўтварэнні інш. індзейскіх плямён. Варожасць паміж імі аблегчыла заваяванне тэр. Гватэмалы ў 1523—24 іспанцамі на чале з П. дэ Альварада. У 1560 утворана генерал-капітанства Гватэмалы, у склад якога ўвайшла амаль уся Цэнтр. Амерыка. Індзейскае насельніцтва жорстка эксплуатавалася каланізатарамі. У гады вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 народ Гватэмалы дамогся незалежнасці (абвешчана 15.9.1821). У 1822—23 Гватэмала ў складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. У межах яе ішла вострая паліт. барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі. Пасля распаду федэрацыі да ўлады ў Гватэмале прыйшоў кансерватыўна клерыкальны блок на чале з Р.​Карэрам (прэзідэнт у 1844—48, 1851—65), які імкнуўся захаваць феад. парадкі і панаванне буйных землеўладальнікаў. Большасць насельніцтва Гватэмалы фактычна была пазбаўлена паліт. правоў. З сярэдзіны 19 ст. ў Гватэмале сталі закладвацца плантацыі кавы, дзе выкарыстоўвалася наёмная праца. Скарыстаўшы незадаволенасць палітыкай кансерватараў, лібералы ажыццявілі ў 1871 дзярж. пераварот. Урад Х.​Р.​Бар’ёса (1873—85) нямала зрабіў для развіцця эканомікі Гватэмалы (буд-ва чыгунак, развіццё плантацыйнай гаспадаркі і інш.). Паводле прынятай у 1879 канстытуцыі царква аддзелена ад дзяржавы. У гады дыктатуры Э.​Кабрэры (1898—1920) гаспадарка краіны падпарадкавана амер. манаполіям. Асаблівыя прывілеі атрымала кампанія «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО), якая валодала велізарнымі бананавымі плантацыямі, амаль усімі чыгункамі, прадпрыемствамі і інш. Асабліва жорсткі рэжым усталяваўся ў Гватэмале ў перыяд дыктатуры Х.​Убіка (1931—44). Былі ліквідаваны бурж.-дэмакр. свабоды, забаронены стачкі, узаконены бесчалавечныя формы прымусовай працы індзейцаў на плантацыях. Гэта стала прычынай Гватэмальскай рэвалюцыі 1944—54. У выніку перамогі Нар.-вызв. фронту прынята дэмакр. канстытуцыя, праведзены шэраг сац. рэформаў, прыняты закон аб агр. рэформе, легалізавана дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў. Паколькі рэформы закранулі інтарэсы ЗША і найперш ЮФКО, амерыканцы арганізавалі інтэрвенцыю з тэр. Гандураса атрадаў узбр. гватэмальскіх эмігрантаў. 28.6.1954 уладу ў Гватэмале захапілі ваенныя на чале з палкоўнікам К.​Кастыльё Армасам. Да 1985 (за выключэннем 1966—70) краінай, змяняючы адзін аднаго, кіравалі ваен. рэжымы. Уздым эканомікі Гватэмалы суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі індзейцаў на плантацыях. Партызанскі рух, які ўзнік у Гватэмале ў 1960-я г., асабліва ўзмацніўся ў 1980-я г., калі была створана паўстанцкая арг-цыя — Гватэмальскае нац. адзінства. Армія пачала жорсткія рэпрэсіі — спальваліся цэлыя вёскі, тысячы сялян расстраляны без суда і следства. Грамадз. вайна забірала да 10 тыс. жыццяў штогод. Не маючы сілы для задушэння паўстанцаў, пад націскам міжнар. грамадскасці ўрад О.​У.​Мехія Вікторэса згадзіўся на правядзенне свабодных выбараў. На выбарах у ліст.—снеж. 1985 перамог кандыдат апазіцыйнай Хрысц.-Дэмакр. партыі М.​В.​Серэса Арэвала. У 1986 набыла сілу новая канстытуцыя. Пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, праведзена амністыя. У 1991 прэзідэнтам Гватэмалы стаў Х.​Серана Эліяс. У выніку яго прамых перагавораў з паўстанцамі прынята пагадненне пра ўзаемнае спыненне агню ўзамен на спыненне тэрору і роспуск усіх ваенізаваных фарміраванняў, створаных арміяй. Серана Эліяс быў скінуты ваен. кіраўніцтвам у адказ на яго антыканстытуц. дзеянні — роспуск Нац. кангрэса і Вярх. суда Гватэмалы. 5.6.1993 Нац. кангрэс Гватэмалы выбраў на пасаду прэзідэнта вядомага праваахоўніка Р. дэ Леана Карпіо. Гватэмала — чл. ААН з 1945, Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. эканам. супольнасці, Арг-цыі цэнтральна-амер. дзяржаў і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1993. Асн. паліт. партыі: Саюз нац. цэнтра, Рух салідарнага дзеяння, Хрысц.-дэмакр. партыя, Інстытуцыйна-дэмакр. партыя, Рух нац. вызвалення, Гватэмальская партыя працы (кампартыя), Нац. рэв. адзінства Гватэмалы. Дзейнічае шэраг прафс. аб’яднанняў.

Гаспадарка. Гватэмала — адсталая агр. краіна з эканомікай, моцна залежнай ад замежнага капіталу. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 25% валавога нац. прадукту, прам-сці — 20, абслуговых галін — 55%. Асн. спецыялізацыя эканомікі — вытв-сць экспартных трапічных с.-г. культур. Апрацоўваецца 12% тэр. краіны, столькі ж зямлі пад лугамі і пашамі. Для сельскай гаспадаркі характэрна спалучэнне буйных плантацый з мноствам дробных паўнатуральных сял. гаспадарак. Каля паловы сялян арандатары. Плантацыйныя культуры (кава, цукр. трыснёг, бананы, бавоўна) займаюць каля ⅓ пасяўной плошчы, даюць больш за 50% валавой і экспартнай прадукцыі. Важнейшая таварная і экспартная культура — кава, штогадовы яе збор 120—200 тыс. т (6-е месца ў свеце). Гал. раёны вырошчвання — ціхаакіянскі схіл і цэнтр. ч. нагор’я. На ўзбярэжжы Ціхага ак. вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы (штогадовы збор 0,6—1 млн. т) і бавоўну. Экспартнае значэнне маюць манільская пянька (валакно тэкстыльнага банана), сізаль, кардамон, кенаф, тытунь, кунжут, цытрусавыя і авакада, эфірныя расліны. Асн. харч. культуры сял. гаспадарак — кукуруза, фасоля, пшаніца, рыс, бульба, розныя віды гародніны. Жывёлагадоўля мяснога кірунку, у асн. Экстэнсіўная. Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу (каля 2,5 млн. галоў) і свіней (каля 1 млн. галоў), на высакагорных пашах нагор’я — авечак. Нарыхтоўка каштоўных парод дрэва і лясныя промыслы, збор лекавых раслін. З марскіх промыслаў найб. развіта лоўля крэветак у прыбярэжных водах Карыбскага м. (на экспарт). Прам-сць развіта слаба. Адна з асноўных яе галін — горназдабыўная. Штогод здабываюць каля 100 тыс. т нафты, 1,4 тыс. т свінцу, 1,3 тыс. т цынку, у невял. колькасцях золата, серабро, азбест, серу. Каля воз. Ісабаль здабываюць латэрыты, якія маюць у сабе нікель. Там жа горнаабагачальны камбінат. Вытв-сць электраэнергіі 847,6 млн. кВт∙гадз (1992) на невялікіх ГЭС і ЦЭС. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена пераважна прадпрыемствамі лёгкай і харч. галін (у т. л. каваапрацоўчыя і цукр. з-ды), якія вырабляюць харч. тавары, тэкстыль, абутак, тытунёвыя вырабы, паперу, запалкі і інш. Пераважаюць дробныя, паўсаматужныя прадпрыемствы. З новых галін прам-сці нафтаперапрацоўка (у г. Матыяс-дэ-Гальвес на ўсх. узбярэжжы), вытв-сць гальванізаванай сталі, бытавых прылад, зборка тэлевізараў і фотаапаратуры. Асн. прамысл. цэнтры — гарады Гватэмала і Кесальтэнанга. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 26,4 тыс. км, у т. л. 2,9 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 11,4 тыс. км гравійных. Праз Гватэмалу праходзіць Панамерыканская шаша. Чыгункі вузкакалейныя, даўж. 1019 км. Гал. з іх звязвае сталіцу з партамі на ўзбярэжжах, а адгалінаванні — з Мексікай і Сальвадорам. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам. Гал. порт — Пуэрта-Барыле на ўзбярэжжы Карыбскага м. Парты на Ціхім ак. Сан-Хасэ і Чамперыка маюць меншае значэнне. Гватэмала экспартуе каву (26% па кошце), цукар, бананы, мяса, бавоўну, драўніну, крэветкі, гародніну і інш.; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал. гандл. партнёры — ЗША (36% экспарту, 40% імпарту), Германія, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — кетсаль.

Н.​А.​Сцепанюга (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Гватэмалы.
Да арт. Гватэмала. Нацыянальны палац і Цэнтральны парк у г. Гватэмала.
Да арт. Гватэмала. Краявід у наваколлі вулкана Агуа.

т. 5, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАС Якуб [сапр. Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; 3.11.1882, в. Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) Мінскай вобл. — 13.8.1956], бел. паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Я.Купалам) сучаснай бел. л-ры і ліг. мовы. Нар. паэт Беларусі (1926). Акад. АН Беларусі (1928). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902—06 настаўнічаў у в. Люсіна (Ганцавіцкі р-н) і в. Пінкавічы (Пінскі р-н; абодва Брэсцкая вобл.), у Верхменскім нар. вучылішчы (Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе 9—10.7.1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і аддадзены пад суд. Працаваў у газ. «Hama ніва» (1907), у прыватнай школе ў в. Сані (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.; 1908). 15.9.1908 засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. У 1912—14 настаўнік Пінскага прыходскага вучылішча. У вер. 1915 мабілізаваны ў армію. Пасля сканчэння Аляксандраўскага ваен. вучылішча (1916, Масква) у званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў г. Перм. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт. З вер. 1917 у г. Абаянь (Курская вобл.), настаўнічаў. У 1918 дэмабілізаваны, У 1921 па выкліку ўрада БССР вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літ. камісіі па збіранні вуснай нар. творчасці Інбелкульта, выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. З 1929 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. У Вял. Айч. вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жн. 1941 — ліст. 1943), Маскве. З 1944 у Мінску.

Першыя літ. спробы К. адносяцца да часу вучобы ў настаўніцкай семінарыі (вершы на рус. мове, празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»). Першы апублікаваны твор — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906). Першы зб. вершаў — «Песні-жальбы» (1910). Гал. герой зборніка — бел. мужык, які з пачуццём уласнай годнасці апавядае пра свой бяспраўны лёс, выказвае патрабаванні лепшай долі, раскрывае высокія маральныя якасці («Не бядуй!», «Мужык» і інш.). Эстэт. прынцыпы ўвасоблены ў вершах «Не пытайце, не прасеце...», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру» і інш. К. значна пашырыў жанравыя магчымасці бел. паэзіі, узбагаціў яе пейзажнай і філас. лірыкай («Нёман», «Першы гром», «Вясною» і інш.). У яго паэзіі арганічна знітаваны лірыка і эпас. Асобныя вершы нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні («Асенні вечар», «Маці» і інш.). К. — адзін з пачынальнікаў маст. прозы ў бел. л-ры (апавяданне «Слабода»). Яго проза разнастайная і ёмістая паводле тэматыкі, ахопу жыццёвых з’яў, з мноствам характараў-тыпаў бел. сялян, вызначаецца непаўторным нац. каларытам (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Майстэрства псіхал. аналізу К. ярка выявілася ў апавяданнях «Васіль Чурыла», «Малады дубок» і інш. Глыбокім філас. зместам і маст. дасканаласцю вызначаюцца яго алегарычныя апавяданні (цыкл «Казкі жыцця», выд. 1921). Пісьменнік сцвярджае ідэю вечнасці жыцця, бясконцасць форм яго праяўлення, імкненне чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды («Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш.). У зб. вершаў «Водгулле» (1922) адлюстраваны складанасці часу, трывога за лёс Беларусі ў новых гіст. умовах. У эпічнай паэме «Новая зямля» (першыя раздзелы нап. ў турме ў 1911, апубл. ў 1923) філас. асэнсаванне цэлай эпохі ў жыцці бел. народа. У ёй праўдзіва адлюстравана становішча прац. сялянства на рубяжы 19—20 ст., выяўлена яго імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Характары і багацце ўнутр. свету герояў паэмы раскрыты ў рэальным побыце, у працы, у абрадах і звычаях, ва ўзаемаадносінах з інш. людзьмі. Важную кампазіцыйную ролю ў ёй адыгрываюць малюнкі прыроды, у з’явах якой аўтар шукае і знаходзіць аналогіі да лёсу чалавека і грамадства. Наватарства паэмы ў эстэтызацыі сял. побыту, паэтызацыі працы, услаўленні духоўнага багацця і маральнай прыгажосці чалавека працы (Міхал, Антось, Ганна). Сімвалічная ліра-эпічная паэма «Сымон-музыка» (1911—25) — твор аб нар. вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драм. матывы ў ёй пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Паэма вызначаецца гармоніяй зместу і формы, багаццем рытмікі, дасканаласцю паэт. радка, змястоўным выкарыстаннем фальклору. У публіцыстычным адступленні паэмы К. ставіць пытанне пра адметнасць нац. шляху Беларусі, якая апынулася на скрыжаванні розных культур, рэліг. канфесій, геапаліт. памкненняў. Выключнае значэнне для станаўлення жанру бел. рамана мелі «Палескія аповесці» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927, якія пазней увайшлі ў трылогію «На ростанях» як 1-я і 2-я яе часткі; завершана трылогія ў 1954). У трылогіі, напісанай на аўтабіягр. матэрыяле, шырокі ахоп падзей сац.-грамадскага жыцця Беларусі, створана галерэя партрэтаў нац. інтэлігенцыі, выхадцаў з народа, «адраджэнцаў», адлюстраваны побыт сялянства і інш. груп насельніцтва. У ёй яскрава раскрылася майстэрства К. пейзажыста: створаны пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. Аповесць «На прасторах жыцця» (1926) прысвечана моладзі 1920-х г., яе вучобе, імкненню да пераўтварэння жыцця. Драматызм калектывізацыі адлюстраваны ў даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930—31). У аповесці «Дрыгва» (1933), п’есах «Вайна вайне» (1927—31, апошняя рэд. 1938), «У пушчах Палесся» (1938), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926—56) К. звяртаўся да паказу 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У вершах (зб-кі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах «Суд у лесе» (1943), «Адплата» (1945), публіцыстычных артыкулах перыяду Вял. Айч. вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм беларусаў, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. За вершы ваен. гадоў Дзярж. прэмія СССР 1946. У 1947 К. завяршыў паэму «Рыбакова хата» (пачата ў 1939, Дзярж. прэмія СССР 1949), у якой на прыкладзе в. Петрушы паказаў жыццё і барацьбу за свае правы працоўных Зах. Беларусі. К. — адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Псіхалогія дзяцей тонка раскрыта ў паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка», апавяданнях «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» і інш., у паэтычных творах для дзяцей «Рак вусач», «Міхасёвы прыгоды». Аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926), публіцыстычных і літ.-крытычных артыкулаў па найб. актуальных праблемах грамадска-паліт., культ. і літ. жыцця. Плённа працаваў ён і ў галіне перакладу («Палтава» А.​Пушкіна, некат. творы М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, Т.​Шаўчэнкі, П.​Тычыны, Р.​Тагора і інш.). З імем К. звязана станаўленне норм бел. літ. мовы. Ён адзін з рэдактараў «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Творчасць К. вывучае коласазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі ў шматлікіх тэатрах ставіліся п’есы, трылогія «На ростанях» і інш. творы экранізаваны. Па паэме «Новая зямля» створана опера Ю.​Семянякам, па аповесці «Дрыгва» — опера «У пушчах Палесся» Ю.​Багатыровым. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя Я.​Коласа, з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа (за творы прозы і літ.-знаўства). Імем К. названы Ін-т мовазнаўства і Цэнтр. навук. б-ка Нац. АН Беларусі, драм. т-р у Віцебску, вытв. паліграф. прадпрыемства ў Мінску, б-кі, школы, плошчы і вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску (з філіялам, гл. Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), літ.-этнагр. музеі ў Люсіне і Пінкавічах, створаны Коласаўскі заказнік. Помнікі К. пастаўлены ў Мінску на плошчы яго імя і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., в. Плоскае Талачынскага р-на. У Нац. АН Беларусі існуе мемарыяльны пакой К. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд К.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—7. Мн., 1952;

Зб. твораў. Т. 1—12. Мн., 1961—64;

Зб. твораў. Т. 1—14. Мн., 1972—78;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1-4. М., 1982—83.

Літ.:

Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;

Адамовіч [Антон]. Якуб Колас у супраціве саветызацыі. Мюнхен, 1955;

Адамовіч А.М. Беларускі раман: Станаўленне жанра. Мн., 1961;

Лойка А.А. «Новая зямля» Якуба Коласа: Вытокі, веліч, хараство. Мн., 1961;

Казбярук У.М. Якуб Колас у школе. 2 выд. Мн., 1975;

Яго ж. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле’ славянскіх традыцый. Мн., 1979;

Пшыркоў Ю.С. Летапісец свайго народа: Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Мн., 1982;

Рагойша В.П. Пераклаў Якуб Колас. Мн., 1972;

Навуменка І.Я. Якуб Колас: Духоўны воблік героя. 2 выд. Мн., 1981;

Кісялёў Г.В. З жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы. Мн., 1982;

Лужанін М. Колас расказвае пра сябе. Мн., 1982;

Мушынскі М.І. Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Мн., 1965;

Яго ж. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;

Каласавіны: Зб. навук. прац з нагоды дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.​Коласа. Мн., 1986;

Ярош М.Р. Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз творчасці. Мн., 1988;

Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук. канф., прысвеч. 107-й гадавіне з дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.​Коласа і 30-годдзю адкрыцця музея песняра. Мн., 1989;

Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук. канф., прысвеч. 65-годдзю выхаду ў свет паэмы Я.​Коласа «Сымон-музыка». Мн., 1990;

Жураўлёў В. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991;

Якуб Колас у творчасці мастакоў. Мн., 1982;

Якуб Колас: Бібліягр. паказ. Мн., 1983;

Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 3. Мн., 1994.

У.​М.​Казбярук.

Я.Колас. 1908.
Я.Колас з жонкай і сынам. Перм. 1917.
Я.Колас. 1948.
Я.Колас (у цэнтры) і іншыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у пісьменнікаў Ленінграда. 1947.
Я.Колас з Я.​Купалам, П.​Броўкам, З.​Бядулем. Масква. 1939.
Да арт. Я.Колас. Думы пра Беларусь. Маст. С.​Федарэнка. 1993.

т. 8, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭКСТАЛО́ГІЯ (ад тэкст + ... логія),

галіна філалогіі, якая вывучае гісторыю тэксту твораў пісьменства, л-ры і фальклору для далейшага даследавання і публікацыі. Гал. яе задача — устанаўленне і крытычнае прачытанне тэксту на падставе вывучэння крыніц (рукапісаў, друкаваных выданняў), класіфікацыі і інтэрпрэтацыі перапрацовак тэксту, выяўлення скажэнняў, зробленых пабочнымі асобамі. Адрозніваюць Т. ант., сярэдневяковай і новай л-р. Своеасаблівыя праблемы мае Т. фальклору, паколькі творы вуснай нар. творчасці існуюць у мностве раўнапраўных варыянтаў. Т. патрабуе шырокай дасведчанасці даследчыка, выкарыстання даных бібліяграфіі, крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі, герменеўтыкі, гісторыі грамадскай думкі, мовы, арфаграфіі, гісторыка-літ. і агульнагіст. звестак і г.д. Тэксталагічнае даследаванне выступае і як частка літ.-знаўчага метаду, як спосаб вывучэння л-ры. звязана з гісторыяй і тэорыяй л-ры. У зменах тэксту адлюстроўваюцца заканамернасці развіцця л-ры і розныя грамадскія тэндэнцыі. На падставе гісторыі тэксту рэканструюецца творчы працэс і даследуецца творчая гісторыя літ. твора. Прыватнымі пытаннямі гісторыі тэксту з’яўляюцца атрыбуцыя, датаванне, лакалізацыя. Пры выданні літ. твораў (навук. эдыцыі) тэкстолагі вырашаюць шэраг праблем: адбор і размеркаванне твораў, выбар тэкстаў, складанне даведачнага апарату (уступны артыкул, каментарый, паказальнік), транскрыпцыя (перадача тэксту са зменамі знешніх прыёмаў пісьма ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі пры захаванні зместу і стылю арыгінала).

Выданні падзяляюцца на папулярныя і навуковыя: навуковыя — на дыпламатычныя (дакладна перадаюць тэкст крыніцы) і крытычныя; факсімільнае выданне захоўвае і знешні выгляд крыніцы. Вышэйшым тыпам навук. выданняў з’яўляецца акад. выданне. Гісторыя Т. пачынаецца з ант. філалогіі. Т. новага часу бярэ пачатак ад філал. даследаванняў гуманістаў і навук. выданняў класічных тэкстаў у эпоху Адраджэння. Т. з прыкладной дысцыпліны паступова ператварылася ў самаст. навуку, стала неабходнай часткай літ.-знаўчага даследавання, мае вял. гіст.-культ. значэнне.

На Беларусі тэксталагічнымі прыёмамі карысталіся Ф.​Скарына, С.​Будны, складальнікі і рэдактары статута ВКЛ, летапісных зводаў, выдаўцы ананімных паэм Я.​Карскі і Е.​Раманаў, супрацоўнікі выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», якія рыхтавалі падпісную серыю «Беларускія песняры» (творы Ф.​Багушэвіча, В.​Дуніна-Марцінкевіча, пераклад «Пана Тадэвуша» А.​Міцкевіча, усяго 6 тамоў). Навук. даследаванне бел. летапісаў распачаў І.​Даніловіч, помнікі бел. пісьменнасці выдавала Віленская археагр. камісія і інш. Т. стараж. л-ры абумоўлена спецыфікай сярэдневяковага пісьменства, характарам бытавання яго помнікаў (пераважна ў рукапісах), асаблівасцямі працы стараж. кніжнікаў і інш. Неразвітасць аўтарскага пачатку і звязаная з гэтым ананімнасць многіх твораў, няўстойлівасць тэксту, наяўнасць розных спісаў і рэдакцый аднаго і таго ж помніка, адсутнасць аўтарскага тэксту, шматмоўнасць пісьмовай спадчыны Беларусі стараж. перыяду, своеасаблівасць культ.-гіст. кантэксту, у якім узнікалі і бытавалі літ. творы, ствараюць дадатковыя цяжкасці для даследчыка-медыявіста і часам робяць немагчымым грунтоўнае вывучэнне пісьмовага помніка без яго тэксталагічнага даследавання. Непасрэднаму літ.-знаўчаму аналізу твора папярэднічаюць пошук і вывучэнне яго розных спісаў, атрыбуцыя рукапісаў, у якіх ён захаваўся, вызначэнне іх складу, часу і месца ўзнікнення, прачытанне тэксту і параўнанне яго з інш. спісамі, выяўленне і асэнсаванне розначытанняў, высвятленне месца дадзенага спісу сярод інш. спісаў і рэдакцый, па магчымасці, рэканструкцыя пратографа або нават тэксту, блізкага да аўтарскага. Спецыфіку і асаблівыя цяжкасці мае тэксталагічнае даследаванне летапісаў, якія звычайна ўяўляюць сабой складаныя зводы-кампіляцыі розных тэкстаў і літ. твораў рознага часу і розных аўтараў. Прынцыпы і правілы публікацыі помнікаў стараж. пісьменства залежаць ад тыпу і характару выдання (навук., навук.-папулярнае, у арыгінале ці ў перакладзе на сучасную мову). Значную працу па выяўленні, зборы і апісанні рукапісаў, вывучэнні помнікаў бел. пісьменства зрабіў Карскі. Тэксталагічнае даследаванне бел. летапісаў, пачатае ў 19 ст. Даніловічам, у 20 ст. прадоўжылі А.​Шахматаў і Ф.​Сушыцкі, пашырылі і паглыбілі М.​Улашчык і В.​Чамярыцкі; Зроблена археагр. апісанне ўсіх летапісных спісаў, высветлены іх узаемаадносіны і ўдакладнена класіфікацыя, праведзена тэксталагічнае параўнанне гэтых помнікаў са стараж.-рус. летапісамі і польскімі хронікамі, даследаваны ўзнікненне, крыніцы і літ. гісторыя летапісных зводаў, падрыхтавана іх навук. выданне ў «Поўным зборы рускіх летапісаў». Значны ўклад у вывучэнне і выданне помнікаў бел. пісьмовай спадчыны зрабіў А.​Коршунаў, які падрыхтаваў першую «Хрэстаматыю па старажытнай беларускай літаратуры» (1959), творы Афанасія Філіповіча і Скарыны, асобныя помнікі мемуарнай л-ры Беларусі 16—17 ст. Гіст.-літ. і тэксталагічнае даследаванне і публікацыю твораў стараж. бел. паэзіі ажыццявіў І.​Саверчанка («Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палавіна XVII ст.», 1992), агіяграфіі і Кірылы Тураўскага — А.​Мельнікаў («Кніга жыцій і хаджэнняў», 1994; «Кірыл, епіскап Тураўскі», 1997), паломніцкай л-ры — С.​Гаранін («Шляхамі даўніх вандраванняў», 1999).

Станаўленне Т. бел. л-ры адбылося ў 1920—30-я г. Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле І.​Замоціна, Я.​Барычэўскага, А.​Вазнясенскага, В.​Мачульскага, М.​Піятуховіча выдадзены навук.-каменціраваныя зборы твораў («Творы» М.​Багдановіча, т. 1—2, 1927—28; «Матчын дар» А.​Гаруна, 1929; аднатомнікі твораў Цёткі і П.​Труса, 1934, і інш.). Пасля Вял. Айч. вайны актыўная праца ў галіне Т. бел. л-ры разгорнута ў Ін-це л-ры АН Беларусі, дзе пры сектары дакастр. л-ры створана тэксталагічная група (узначальвалі В.​Барысенка, Ю.​Пшыркоў). Асн. намаганні скіроўваліся на выданне спадчыны пісьменнікаў-класікаў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, помнікаў стараж. пісьменства. Значнай падзеяй стаў выхад першых навукова каменціраваных збораў твораў Я Купалы (т. 1—6, 1952—54; 1961—63) і Я.​Коласа (т. 1—12, 1961—64). Выдадзены таксама зборы твораў Дуніна-Марцінкевіча (1958), Багдановіча (т. 1—2, 1968), «Александрыя» (1962), «Прадмовы і пасляслоўі» Скарыны (1969), «Творы» Багушэвіча (1967). У зборы твораў Я.​Купалы (1961—63) у якасці крыніц асн. тэксту выбрана не апошняе прыжыццёвае выданне, а 1-ы збор твораў (т. 1—6, 1925—32), які рыхтаваў сам аўтар. Пошук архіўных матэрыялаў і гіст.-літ. звестак, удасканаленне методыкі тэксталагічнага аналізу і каменціравання тэксту твораў спрыяльна адбіліся на падрыхтоўцы больш поўных збораў твораў Я.​Купалы (т. 1—7, 1972—76) і Я.​Коласа (т. 1—14, 1972—78). Выйшлі 1 -ы навукова каменціраваны збор твораў К.​Чорнага (т. 1—8, 1972—75), «Выбраныя творы» М.​Гарэцкага (т. 1—2, 1973), «Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці» (1975), аднатомныя «Творы» Цёткі (1976), «Выбраныя творы» Ядвігіна Ш. (1976), «Творы» К.​Каганца (1979) і інш. Даследаванне заканамернасцей развіцця бел. л-ры на ўсім працягу яе гіст. развіцця набывае мэтанакіраваны характар. Адпаведна павялічылася ўвага даследчыкаў і да маст. спадчыны мінулага. У сувязі з неабходнасцю далейшай актывізацыі тэксталагічнай работы ў 1979 на аснове тэксталагічнай групы Ін-та л-ры АН Беларусі створаны сектар выданняў і тэксталогіі (з 1986 аддзел). Выдадзены першыя навукова каменціраваныя зборы твораў І.​Мележа (т. 1—10,1979—85), М.​Лынькова (т. 1—8, 1981—85), Гарэцкага (т. 1—4, 1984—86) і 2 дадатковыя тамы — «Творы» (1990) і «Гісторыя беларускае літаратуры» (1992), П.​Пестрака (т. 1—5, 1984—86), У.​Караткевіча (т. 1-8, 1987—91), З.​Бядулі (т. 1—5, 1985-89), П.​Броўкі (т. 1—9, 1987—92), М.​Зарэцкага (т. 1—4, 1989—92), Я.​Пушчы (т. 1—2, 1993—94), аднатомнікі Г.​Леўчыка (1980), Я.​Дылы і В.​Каратынскага (абодва 1981), У.​Галубка (1983), Дуніна-Марцінкевіча (1984), С.​Палуяна (1986), Я.​Лучыны (1988), Скарыны (1990). Багушэвіча (1991), У.​Сыракомлі (1993), «Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.» (1983). Бел. тэкстолагі падрыхтавалі зборы твораў Я.​Купалы (т 1—3, 1982) і Я.​Коласа (т. 1—4, 1982—83) у перакладзе на рус. мову. Якасна новым этапам у развіцці бел. Т. сталі першыя поўныя зборы твораў М.​Багдановіча ў 3 т. (1991—95) і Я.​Купалы ў 9 т. (т. 1—8, 1995—2002), у якіх па-новаму вырашаны шэраг тэксталагічных праблем. Пашыраны асн. корпус поўнага збору твораў Я.​Купалы за кошт твораў, якія ў папярэднія зборы не ўключаліся паводле ідэалаг. прычын і цэнзурных меркаванняў. Зменена кампазіцыя выдання: адноўлены паасобныя строфы вершаў, удакладнены крыніцы асн. тэксту і першадруку, выпраўлены недакладнасці датавання, пашыраны гіст.-літ. і рэальны каментарый, уведзены прыжыццёвыя літ.-крытычная ацэнкі твораў Я.​Купалы, змешчаны гіст.-літ. нарысы пра гісторыю друкавання асн. вершаваных зб-каў паэта, упершыню змяшчаюцца яго дарчыя надпісы на кнігах і фотаздымках, службовыя і асабістыя дакументы. У 1996 распачата выданне «Беларускага кнігазбору». Выйшлі «Выбраныя творы» Я.​Чачота, М.​Багдановіча, В.​Ластоўскага, У.​Жылкі, Я.​Баршчэўскага, Л.​Геніюш, П.​Труса, Н.​Арсенневай і інш., «Беларускія летапісы і хронікі» (1997), зб. К.​Каліноўскага «За нашую вольнасць: Творы, дакументы» (1999).

Літ.:

Вопросы текстологии. Вып. 1—4. М., 1957—67;

Прохоров Е.И. Текстология: (Принципы изданий классич. лит.). М., 1966;

Принципы текстологического изучения фольклора. М.; Л., 1966;

Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літ. гісторыя першых зводаў. Мн., 1969;

Гульман Р.І. Тэксталогія твораў Янкі Купалы. Мн., 1971;

Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры. Мн., 1980;

Лихачев Д.С. Текстология: На материале рус. лит. X—XVII вв. 2 изд. Л., 1983;

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985;

Яго ж. Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі: З рукапіснай спадчыны. Мн., 1999;

Мушынскі М.І. Беларуская тэксталогія: набыткі, праблемы // Полымя. 1980. № 1;

Яго ж. Першы Поўны збор твораў Янкі Купалы. Канцэпцыя выдання і яе практыч. ўвасабленне // Бел. археагр. штогоднік. 2000. Вып. 1;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Лабынцев Ю.А. Проблемы подготовки изданий собрания сочинений Скорины: традицион. и электрон варианты // Скарына і наш час. Гомель, 1999;

Современная текстология: теория и практика. М., 1997;

Гришунин А.Л. Исследовательские аспекты текстологии. М., 1998;

Голуб Т.С. У творчай майстэрні класіка: Тэксталогія твораў М.​Гарэцкага. Мн., 2002.

М.​І.​Мушынскі, В.​У.​Скалабан, В.​А.​Чамярыцкі.

т. 16, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕЗНЫ ВЕК

Трэцім, завяршальным перыядам гісторыі першабытнага грамадства з’яўляецца жалезны век, або эпоха жалеза. Назва паходзіць ад асн. матэрыялу для вырабу прылад працы і зброі замест ранейшых каменю і бронзы. Жалеза пачалі шырока выкарыстоўваць адносна позна таму, што ў чыстым выглядзе яно амаль не сустракаецца, а руды яго вельмі тугаплаўкія. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. металургія жалеза была асвоена ў Егіпце. Месапатаміі, Міжземнамор’і, Малой Азіі, Закаўказзі і Індыі, на мяжы 2-га і 1-га тыс. да н.э. — у Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе.

Перыяд жалезнага веку на тэр. Беларусі датуецца 8—7 ст. да н.э. — 4 ст. н.э. Узровень развіцця прадукц. сіл грамадства і суседства з кельцкімі і скіфскімі плямёнамі, якія добра асвоілі тэхніку металургіі і апрацоўкі жалеза, садзейнічалі пашырэнню яго і на тэр. Беларусі. На Пд Беларусі металургія жалеза зафіксавана на некалькі стагоддзяў раней, чым на Пн. Развіццё вытв-сці жалеза было забяспечана наяўнасцю мясц. сыравіны — бурых жалезнякоў, драўніны для вуглевыпальвання, гліны для пабудовы пячэй-домніц паўшарападобнай формы. Найб. раннія печы-домніцы выяўлены пры раскопках гарадзішчаў Лабеншчына (Мінскі р-н), Цербахунь (Віцебскі р-н), Свідна (Лагойскі р-н), Клішына (Крупскі р-н) і інш. Практычна на ўсіх паселішчах-гарадзішчах эпохі жалеза сустракаецца металургічны шлак — доказ выпрацоўкі тут жалеза. На буйных гарадзішчах існавалі спец. жалезаробчыя майстэрні, у якіх выраблялі прылады працы і зброю. У працэсе ўтварэння зыходнага металу напачатку атрымлівалі крыцу. Каб атрымаць з яе больш трывалыя вырабы, неабходны былі дадатковыя спосабы апрацоўкі — разнастайныя прыёмы кавання, зваркі, цэментацыі, а пазней і тэрмічнай апрацоўкі — гартавання. Найб. пашыранымі кавальскімі вырабамі былі нажы, сярпы, сякеры. Зробленыя з жалеза прылады працы былі значна мацнейшыя за каменныя і бронзавыя. Жалеза адыграла вял. ролю ў развіцці прадукцыйных сіл грамадства, што садзейнічала ўзнікненню ўмоў для накаплення матэрыяльных каштоўнасцей. З паяўленнем маёмаснай няроўнасці і абвастрэннем супярэчнасцей паміж родамі і плямёнамі паглыбіўся распад першабытнаабшчынных адносін, што спрыяла ўзнікненню прыватнай уласнасці, класаў і дзяржавы.

Найб. старажытныя жал. вырабы на тэр. Беларусі знойдзены на помніках мілаградскай культуры, плямёны якой пазнаёміліся з жалезам праз скіфаў. Нажы мілаградскай культуры напачатку тыпалагічна былі вельмі падобныя да скіфскіх. Трапляюцца і латэнскія тыпы прылад працы. Раннія вырабы з жалеза характэрны і для плямён паморскай культуры, што насялялі цэнтр. раёны Польшчы, бас. Зах. Буга і верхняй Прыпяці. На тэр. цэнтр. і паўн. Беларусі жал. вырабы з’явіліся ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. і належалі носьбітам культуры штрыхаванай керамікі, а таксама плямёнам днепра-дзвінскай культуры, што насялялі паўн. Беларусь, Смаленскую і Пд Пскоўскай абласцей. Росквіт чорнай металургіі і металаапрацоўкі ў гэтых плямён прыпадае на канец 1-га тыс. да н.э. — пач. н.э. У 3—2 ст. да н.э. — 2—5 ст. н.э. на тэр. пашырэння мілаградскай і ва ўсх. частцы арэала паморскай культур рассяляліся плямёны зарубінецкай культуры. У 2-м ст. н.э. на тэр. Бел. Падняпроўя і прылеглых да яго раёнаў вядомы помнікі тыпу Абідні (Адаменка), верхняя храналагічная мяжа якіх дасягае 5 ст. н.э. Некаторыя даследчыкі адносяць іх да верхнедняпроўскага варыянта кіеўскай культуры і лічаць, што асн. кампанентамі фарміравання гэтай культуры быў зарубінецкі субстрат. У зах. Палессі жал. век на завяршальнай стадыі прадстаўлены вельбарскай культурай, якая датуецца 2—4 ст. н.э. Найб. паказальны помнік гэтай культуры на Беларусі — могільнік Брэст-Трышын. На думку некаторых археолагаў, у фарміраванні вельбарскай культуры разам з мясц. насельніцтвам прымалі ўдзел вядомыя па пісьмовых крыніцах герм. плямёны готаў і гепідаў. Этнічныя характарыстыкі плямён жал. веку дакладна не вызначаны. Носьбітаў культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай адносяць да балтаў. Этнічная прыналежнасць мілаградскіх, паморскіх і зарубінецкіх плямён з’яўляецца дыскусійнай. Адны даследчыкі лічаць іх праславянамі, другія — балтамі ці змешаным этнасам. Помнікі кіеўскай культуры большасць археолагаў адносяць да ранніх славян.

Распад першабытнаабшчынных адносін, сутыкненні паміж плямёнамі адбіліся на характары паселішчаў таго часу. Для вял. патрыярхальнай сям’і ці роду ствараліся ўмацаваныя паселішчы-гарадзішчы. якія мелі абарончую сістэму з валоў і равоў. На Пд Беларусі жыццё на гарадзішчах, размешчаных у цяжкадаступных месцах, працягвалася да першых стагоддзяў н.э.; на Пн — амаль да сярэдзіны 1-га тыс. н.э. У далейшым асн. формай паселішчаў станавіліся неўмацаваныя адкрытыя селішчы, а былыя гарадзішчы выкарыстоўваліся толькі ў часы небяспекі як сховішчы.

З пашырэннем ворнага земляробства ўзнікла асобная гаспадарка малой сям’і, у аснове аб’яднання якой не кроўныя сувязі, а агульнасць гасп. жыцця. Такія сем’і ўтваралі сельскую (суседскую, земляробчую) абшчыну, члены якой былі звязаны кругавой парукай, адказнасцю за вынікі гасп. дзейнасці, размеркаванне і захаванасць абшчыннай уласнасці, падтрыманне норм традыц. права і рэліг. вераванняў. Узнікла неабходнасць фарміравання пастаяннай дружыны. Распад родавага ладу адбіўся на рэлігіі насельніцтва. Побач з пакланеннем заступнікам роду пашыраўся культ прыродных стыхій. У перыяд ранняга сярэдневякоўя 5—8 ст. на тэр. Беларусі адбываўся пераход да класавага грамадства. Гэты перыяд адпавядаў ваен. дэмакратыі, якая паступова вяла грамадства да феад. адносін і ўтварэння дзяржавы.

У 5—6 ст. н.э. ва Усх. Еўропе пашырыліся помнікі пражскай культуры, якія належалі раннеслав. плямёнам. На тэр. Беларусі яны сустракаюцца з канца 4 ст. н.э. і аб’ядноўваюцца ў мясц. варыянт, вядомы як помнікі культуры тыпу Карчак. Яны прадстаўлены пераважна селішчамі (Петрыкаў, Снядзін) і грунтавымі пахаваннямі (Хорск, Хотамель, Снядзін і інш.). Насельніцтва гэтай культуры жыло ў зрубных паўзямлянках квадратнай формы. Пахавальны інвентар вельмі бедны і абмежаваны. Храналогія помнікаў пражскай культуры на тэр. Беларусі грунтуецца на тэхналогіі керамічнага комплексу і на невял. колькасці метал. і шкляных вырабаў (фібулы, спражкі, пацеркі), якія датуюцца 5—7 ст. н.э. (найб. ранняе селішча каля в. Востраў Пінскага р-на і ў г. Петрыкаў). Узнікненне гарадзішчаў-сховішчаў адносіцца да канца 6—7 ст. н.э.

Да інш. раннесярэдневяковых культур на тэр. Беларусі адносяцца калочынская, банцараўская, ранніх доўгіх і ўсходнелітоўскіх курганоў. Калочынская культура была пашырана ў паўд. частцы Бел. Падзвіння, басейнах сярэдняй Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл на Украіне і Расіі. Асн. тып яе пасяленняў — селішчы плошчай 0,5—1 га. Насельніцтва жыло ў дамах (6—24 м²) з драўлянымі сценамі, паглыбленымі ў грунт. Пахавальныя яго помнікі — грунтавыя могільнікі з крэмацыяй. Помнікі гэтай культуры ў Бел. Падняпроўі датуюцца 5—8 ст. Этнічная прыналежнасць культуры дыскусійная. На думку адных даследчыкаў (П.​М.​Траццякоў, Л.​Д.​Побаль і інш.) — гэта помнікі раннесярэдневяковых славян, іншыя (В.​В.​Сядоў, А.​Р.​Мітрафанаў) звязваюць культуру з балцкім насельніцтвам.

Банцараўская культура, ці культура тыпу верхняга пласта гарадзішча Банцараўшчына (каля Мінска), належала плямёнам, якія ў 5—8 ст. н.э. жылі ў цэнтр. і паўн. Беларусі. Асн. тыпам яе пасяленняў на раннім этапе былі селішчы, якія пазней размяшчаліся каля ранніх гарадзішчаў, што ў часы небяспекі ператвараліся ў сховішчы. Жытлы мелі наземны і паўзямлянкавы характар слупавой і зрубнай канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне, рэшткі якога змяшчаліся ў грунтавых ямках у гаршках-урнах і без іх. Большасць даследчыкаў адносяць носьбітаў банцараўскай культуры да балцкага насельніцтва. Культура ўзнікла ў выніку ўплыву кіеўскай культуры на культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскую.

У 5—7 ст. н.э. на Пн Беларусі, гал. чынам на правабярэжжы Зах. Дзвіны, склалася культура доўгіх курганоў (ранні этап). Доўгія курганы — валападобныя насыпы (даўж. ад 20 да 100 м і болей) з пахаваннямі паводле абраду трупаспалення (Янкавічы, Дарахі, Субаўшчына і інш.). Пахавальны інвентар нешматлікі: бляшкі-шкарлупінкі, шпоры з кручкамі, жал. спражкі, кераміка гладкасценная, падобная да пасудзін банцараўскай культуры. Адзінкавыя селішчы культуры вядомы на Пд Пскоўскай вобл. і вярхоўях р. Вялікая. Дакладна этнічная прывязка невядома. Найверагодней культура ранніх доўгіх курганоў адлюстроўвае складаныя этнакультурныя ўзаемаадносіны славянскага (пракрывічы), балцкага і фінамоўнага насельніцтва.

Помнікі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў Беларусі (найчасцей курганныя могільнікі) сустракаюцца ў вярхоўях Віліі і на правабярэжжы Нёмана ўздоўж мяжы з Літвой. У найб. ранніх курганах (4—5 ст. н.э.) трупапалажэнне ў падкурганнай яме. З 5 ст. н.э. пашырыўся звычай крэмацыі памерлага і пахаванне рэшткаў у кургане на ўзроўні дзённай паверхні, у ямках, зрэдку ў насыпе. Пры ямкавых пахаваннях сустракаюцца канструкцыі ў выглядзе каменных вымастак ці асобных камянёў. Пахавальны інвентар — зброя, жан. ўпрыгожанні, прылады працы. Фарміраванне насельніцтва культуры звязана з прыходам новых плямён і змешваннем іх з насельніцтвам культуры штрыхаванай керамікі. Большасць даследчыкаў адносіць носьбітаў гэтай культуры да продкаў літоўцаў (аўкштайты).

Вывучэнне жал. веку на Беларусі пачалося ў канцы 19 ст. Напачатку яно абмяжоўвалася фіксацыяй археал. помнікаў і іх картаграфаваннем. Першыя канцэпцыі аб гісторыі плямён эпохі жалеза з’явіліся ў 1920-я г. ў выніку палявых даследаванняў С.​А.​Дубінскага, А.​Дз.​Кавалені, А.​М.​Ляўданскага, А.​А.​Рынейскага, І.​А.​Сербава, В.​Р.​Тарасенкі і інш. Ляўданскі правёў даследаванні па гісторыі чорнай металургіі і металаапрацоўкі. Сістэматычныя даследаванні па вывучэнні жал. веку ў 1950—60-я г. аднавілі супрацоўнікі Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі В.​Б.​Караткевіч, А.​Р.​Мітрафанаў, Л.​Д.​Побаль, Г.​В.​Штыхаў, К.​П.​Шут і інш. Жал. век даследуюць таксама В.​І.​Шадыра, з 1980-х г. В.​С.​Вяргей, М.​Ф.​Гурын, А.​І.​Драбушэўскі, А.​А.​Егарэйчанка, М.​І.​Лашанкоў, Ю.​У.​Каласоўскі, А.​М.​Мядзведзеў, з 1990-х г. В.​Г.​Белявец, А.​М.​Бяліцкая, Н.​М.​Дубіцкая, А.​У.​Ільюцік, П.​М.​Падгурскі, А.​А.​Седзін. Даследаванні жал. веку на Беларусі ў розныя часы вялі рас. археолагі Л.​В.​Аляксееў, К.​В.​Каспарава, Ю.​У.​Кухарэнка.

Літ.:

Археалогія Беларусі. Т. 2. Мн., 1999;

Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;

Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке М., 1967;

Поболь Л.Д. Славянские древности Белоруссии. Т. 1—3. Мн., 1971—1974;

Митрофанов А.Г. Железный век средней Белоруссии (VII—VI вв. до н.э. — VIII в. н.э.). Мн., 1978;

Шадыро В.И. Ранний железный век северной Белоруссии. Мн., 1985.

В.​І.​Шадыра.

т. 18, кн. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)