судовы працэс у 1821—35 па лжывым абвінавачанні групы яўрэяў г. Веліж Віцебскай губ. (цяпер у Смаленскай вобл.) у рытуальным забойстве 3-гадовага хлопчыка. З-за недахопу доказаў справа ў Віцебскім губернскім судзе ў 1824 была закрыта, але ў 1825 па настаянні ўлад адноўлена. На падставе лжэсведчанняў былі арыштаваны 42 чал. У 1835 паводле пастановы Дзярж. савета справа спынена, абвінавачаныя апраўданы, ілжэсведкі сасланы ў Сібір. Гал. ролю ў выкрыцці нагавору адыграў М.С.Мардвінаў, старшыня дэпартамента грамадзянскіх і духоўных спраў Дзярж. савета. Веліжская справа прыцягнула да сябе шырокую грамадскую ўвагу. Пад уражаннем Веліжскай справы напісана п’еса М.Ю.Лермантава «Іспанцы».
Літ.:
Гессен Ю.И. Велижская драма. СПб., 1904;
Гроссман Л. «Испанцы» и велижское дело // Литературное наследство. М., 1941. Кн. 43—44.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧА (ад стараслав. вет — рада, стараж.-рус. вещать — гаварыць),
народны сход у стараж. і сярэдневяковай Русі, Украіне і Беларусі; орган дзярж. улады. Узнікла з племянных сходак славян. На вечы вырашаліся пытанні вайны і міру, заканадаўства, заключэння дагавораў, веча магло запрашаць ці выганяць князёў, судзіць запаліт. і інш. значныя злачынствы. Упершыню веча згадваецца ў Белгарадзе ў летапісах пад 997, у Ноўгарадзе Вялікім пад 1016, Кіеве пад 1068. На Беларусі існавала ў стараж. Полацку, Друцку, верагодна, у Мінску, Віцебску і інш.З канца 11 ст. роля веча павялічылася. Яго збіралі па меры неабходнасці, склікалі па ініцыятыве князя, пасаднікаў (службовых асоб) ці гар. насельніцтва. Правам удзелу ў вечы карысталіся ўсе паўнапраўныя вольныя мужчыны, вядучая роля належала заможным гараджанам і баярам. Паступова страціла сваё значэнне і ў 14—15 ст. у ВКЛ заменена сеймам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНЕ́ТКА-ПЛАН, Уінетка-план,
адна з сістэм арганізацыі навуч. работы ў пач. школе, адметнай рысай якой з’яўлялася спалучэнне індывідуалізаванага навучання з некаторымі формамі калект. работы (дыспуты, гурткі і інш.). Узнік у 1919—20 у ЗША. Аўтар К.Уошберн — інспектар школ Уінеткі — прыгарада Чыкага (адсюль назва). Атрымаў сусв. вядомасць у 1920—30-я г.
Паводле гэтай сістэмы настаўнік пераважна толькі назіраў за заняткамі вучняў і ў патрэбных выпадках дапамагаў. Навуч. матэрыялы былі разлічаны на дасягненне вучнямі канкрэтна вызначаных вучэбных мэт і прапрацоўваліся ў 1-й пал. дня індывідуальна ў аптымальным для кожнага вучня тэмпе. Індывідуалізацыя навучання па «акадэмічных» школьных дысцыплінах дапаўнялася сумеснай дзейнасцю вучняў у 2-й пал. дня, якая была накіравана на пераадоленне іх раз’яднанасці і прывучала да калект. працы. Дыдактычныя асаблівасці Вінетка-плана вызначылі практыку праграмаванага навучання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІХРАВЫ́ РУХ,
рух вадкасці (або газу), пры якім яе часціцы (элементарныя аб’ёмы) рухаюцца паступальна і аварочваюцца вакол некаторай імгненнай восі. Выяўляецца пры цячэнні рэальных (вязкіх) вадкасцей і газаў у трубаправодах або пры вонкавым абцяканні цел.
Віхравы рух абумоўлены тым, што розныя слаі вадкасці (газу) рухаюцца з рознымі скарасцямі (з-за наліпання скорасць часціц каля сценак роўная нулю і павялічваецца пры аддаленні ад іх). Колькасна віхравы рух апісваюць вектарам вуглавой скорасці вярчэння часціц, які наз. віхрам асяроддзя ў дадзеным пункце. Часціцы пры віхравым руху ўтвараюць віхравыя трубкі або асобныя слаі. Віхравая трубка можа мець пачатак і канец толькі на межах вадкасці (газу) або быць замкнёнай, напр. У вадзе на паверхні і дне ракі, у паветры на паверхні зямлі (смерч) і інш.
ваенны дзеяч. Скончыў Маскоўскую школу прапаршчыкаў (1916), Ваен. акадэмію імя Фрунзе. У 1917 вёў антываен. прапаганду сярод салдат. За ўдзел у ліпеньскіх падзеях 1917 арыштаваны. Напярэдадні Кастр.ўзбр. паўстання старшыня штаба Чырв. гвардыі Выбаргскага р-на Петраграда, камісар гвардыі Маскоўскага рэзервовага палка. У 1918 удзельнічаў у ліквідацыі Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918, у барацьбе супраць герм. акупантаў, чл. Вышэйшай ваен. інспекцыі, чл.РВС Рэзервовай арміі. Зстудз. 1919 чл.РВСУкр. фронту, з лета 1919 у 1-й Коннай арміі, камісар 11-й кав. дывізіі. Узнагар. ордэнам Чырв. Сцяга. У 1930-я г. на дыпламат. рабоце ў Японіі, потым на камандных пасадах у Чырв. Арміі. У 1938 арыштаваны і засуджаны на ссылку ў лагерах, дзе і памёр. У 1956 рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОГНЕТУШЫ́ЦЕЛЬ,
апарат для тушэння мясц. узгаранняў. Бываюць: пераносныя (да 20 кг), перасовачныя і стацыянарныя (больш за 25 кг); хім. пенныя, паветрана-пенныя, вуглекіслотныя, вадкасныя, хладонавыя (на аснове галаідаваных вуглевадародаў) і парашковыя.
Найб. пашыраны хім. пенныя вогнетушыцелі. Пена ў іх утвараецца ад рэакцыі паміж воднымі растворамі шчолачы і сернай кіслаты. Выкарыстоўваюцца для тушэння ўзгаранняў гаручых вадкасцей і цвёрдых матэрыялаў. Вуглекіслотнымі вогнетушыцелямі тушаць узгаранні электраўстановак, рухавікоў унутр. згарання, кнігасховішчаў, вадкаснымі — дрэнназмочвальных матэрыялаў (напр., бавоўны), хладонавымі — электраўстановак і тлеючых матэрыялаў, парашковымі — газаў, лёгкіх на загаранне вадкасцей, электраўстановак (да 380 В) пад напружаннем.
Вогнетушыцелі: а — вуглекіслотны (1 — вуглякіслы газ пад высокім ціскам, 2 — вентыль, 3 — шланг з раструбам для распырсквання кавалачкаў сухога лёду); б — кіслотна-шчолачны (1 — раствор бікарбанату натрыю, 2 — шкляная ампула з сернай кіслатой, 3 — сапло).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛФ ((Wolfe) Томас Клейтан) (3.10.1900, г. Ашвіл, штат Паўночная Караліна, ЗША — 15.9.1938),
амерыканскі пісьменнік. Аўтар цыкла раманаў «Зірні на дом свой, Анёл» (1929), «Пра Час і пра Раку» (1935), «Павуціна і скала» (1939), «Дамоў вяртання няма» (1940), зб-каў навел «Ад смерці да світання» (1935), «Там, за пагоркамі» (1941), п’ес, эсэ «Гісторыя аднаго рамана» (1936). Яго прозе ўласцівыя спалучэнне аўтабіяграфічнасці з універсалізмам, лірычнага пачатку з сатырычным, панарамнасць адлюстравання жыцця, часавыя напластаванні, падрабязнасць у апісаннях, ацэнках, выказваннях.
Тв.:
Рус.пер. — Домой возврата нет: Роман. М., 1982;
Портрет Баскома Хока: Повесть, рассказы. М., 1987;
Жажда творчества: Худож. публицистика. М., 1989;
История одного романа // Писатели США о литературе. М., 1982. Т. 2.
Літ.:
Литературная история Соединенных Штатов Америки: Пер. с англ.Т. 3. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКА́ЗНІК,
галоўны член сказа, які знаходзіцца ў сэнсавай і граматычнай залежнасці ад дзейніка і абазначае дзеянне, стан ці прыкмету прадмета, названага дзейнікам. Паводле будовы ў бел. мове адрозніваюць выказнікі простыя, састаўныя і складаныя.
Самыя пашыраныя простыя выказнікі; яны падзяляюцца на дзеяслоўныя (выражаюцца найчасцей дзеясловамі абвеснага, загаднага ці ўмоўнага ладу: «За ракой туманяцца лугі», А.Русак) і іменныя (выражаюцца звычайна назоўнікамі, прыметнікамі ці займеннікамі: «Душа народа — песня», Я.Брыль; «Неба сіняе, сіняе», В.Каваль; «Хлеб у нас свой», І.Шамякін). Састаўны выказнік складаецца з дзеяслоўнай звязкі і выказальнага слова, якім можа быць дзеяслоў і інш. часціны мовы: «Я рад паслухаць лесу шум» (З.Бядуля). Складаны выказнік — мнагачленнае словазлучэнне, куды ўваходзяць тры ці больш структурных кампанентаў: «Я хацеў навучыцца іграць на скрыпцы» (Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯХІ́Р (Columba palumbus),
птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Еўропе (за выключэннем Пн), у Паўн.-Зах. Афрыцы, Малой, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, у Гімалаях і Зах.Сібіры. Жыве пераважна ў старых яловых і ялова-лісцевых лясах, у Сярэдняй Азіі — у арчоўніках, зрэдку ў парках, у вял. гарадах. На Беларусі падвід вяхір еўрапейскі (Columba palumbus palumbus); нешматлікі, пераважна на Пн гнездавальная і пралётная птушка. 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. каля 45 см, маса да 620 г (найб.з галубоў Беларусі). Колер шызы, грудзі ружова-шэрыя, па баках шыі і на крылах белыя плямы, на хвасце цёмная паласа. Дзюба жоўтая з чырванаватай асновай, пальцы малінава-чырвоныя. Корміцца насеннем злакавых і бабовых, ягадамі, жалудамі і інш. Гнёзды на высокіх дрэвах. Нясе па 2 яйцы двойчы на год. Аб’ект спарт. палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЦЮ́ХІН (Уладзімір Васілевіч) (н. 10.3.1946, г. Екацярынбург, Расія),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1996). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1970). Працаваў у Т-ры Савецкай Арміі. З 1981 акцёр Тэатра-студыі кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм». У кіно з 1970. Лепшыя работы вызначаюцца арганічнасцю, яркасцю індывід. характарыстык, глыбінёй спасціжэння характараў, дакладнасцю выразных сродкаў у стварэнні вонкавага малюнка ролі. Сярод роляў: Рыбак «Узыходжанне» (паводле аповесці В.Быкава «Сотнікаў»; прыз за лепшую мужчынскую ролю на Міжнар. кінафестывалі ў Сан-Рэма, Італія, 1982), Мяжэнін («Бераг»; Дзярж. прэмія СССР 1985), Сяргей («Урга — тэрыторыя кахання»). На кінастудыі «Беларусьфільм» зняўся ў фільмах: «Нас выбраў час» (Лазутнікаў; прэмія Ленінскага камсамола 1980; тэлевізійны), «Вазьму твой боль» (Іван Батрак; Дзярж. прэмія Беларусі 1982), «Наш браняпоезд» (Мікалай Кузняцоў), «Шляхціц Завальня» (гал. роля) і інш.