СІДАРУ́К (Ігар Хведаравіч) (н. 23.7.1964, г. Кобрын Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1986). З 1988 карэспандэнт перыяд. выданняў. З 1993 заг.літ.-драм.часткі Брэсцкага абл.т-ра лялек. Друкуецца з 1986. Выдаў кн. паэзіі «Чарнабел» (1991), «Саната Арганата» (1993), «Моўкнасць» (1997), кн. прозы «Квадратная варона» (2000), кн. для дзяцей «Павучальныя гісторыі дзядзечкі Сіда Рука» (1994). Аўтар п’ес «Люстрынка, або Ваша несусветнае зладзейства!» (паст. 1992), «Галава» (паст. 1992, апубл. 1997), «Меч анёла» (паст. 1993), «Пра дзедку Міхедку, пра бабку Агапку ды пра Катка — Залатога лабка», «Янка зух і нячысты дух» (абедзве паст. 1994), «Збавіцель», «Штукары» (абедзве паст. 1995), «Плач, саксафон!» (паст. 1995, Нац.т-р імя Я.Коласа 1996), «Дрэва багоў» (паст. 1996), «Кірмашовы балаган» (паст. 1998), «Залатая табакерка» (паст. 2001, Гран-пры на Міжнар.тэатр. фестывалі «Белая вежа», Брэст) і інш.Апубл. п’есы «Кветкі пад ліўнем», «Прагнасць — не ў радасць» (абедзве 1992), «Торба» (1993), «Крывая імша», «Крык» (абедзве 1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЕ́РЦА (ад італьян. scheizo літар. жарт),
у 16—17 ст.вак. п’еса (адна- або шматгалосая) на жартоўныя тэксты або яе інстр. пералажэнне. З 2-й пал. 18 ст. адна з частак (звычайна 3-я) санатна-сімфанічнага цыкла, якая замяніла менуэт. Для С. характэрны хуткі, жывы тэмп, рэзкая змена кантрастных вобразаў (нар.-жанр., гульнёвых, гратэскных і інш.), трохдольны памер (3/4 ці 3/8), складаная 3-часткавая форма з трыо (уласцівая і менуэту). Класічны тып С. склаўся ў творчасці Л.Бетховена. З 19 ст. С. развівалася і як частка цыкла (творчасць зах.-еўрап. кампазітараў-рамантыкаў і рус. класікаў) і як самаст.муз. п’еса, блізкая да капрычыо («Скерца» Ф.Шапэна, арк. скерца М.Мусаргскага і інш.). Бел. кампазітары шырока выкарыстоўваюць С. ў традыц. формах часткі санатна-сімф. цыкла і асобнай муз. п’есы. Сустракаецца ў творах М.Аладава, А.Багатырова, Дз.Смольскага, Г.Вагнера, Я.Дзягцярыка, А.Мдывані, Ф.Пыталева, Р.Суруса, Я.Цікоцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАГО́НІЯ (грэч. kosmogonia ад космас + грэч. goneia зараджэнне),
раздзел астраноміі, які вывучае паходжанне і развіццё касм. цел і іх сістэм. Грунтуецца на выніках астр. назіранняў з Зямлі і з космасу, а таксама на навук. даных фізікі, геалогіі, геафізікі, геахіміі.
К. як навука зарадзілася ў 18 ст. — гіпотэзы І.Канта (1755), П.С.Лапласа (1796), пазней Дж.Х.Джынса (1916); далейшае развіццё атрымала ў працах О.Ю.Шміта (прапанаваў ідэю акумуляцыі планет з газава-пылавога воблака, якое абкружала Сонца). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў адрозніваюць некалькі этапаў зараджэння Сонца і планет. Першапачаткова адбываецца згушчэнне воблака міжзорнага рэчыва (складаецца з малекул вадароду H2, вады H2O, гідраксільнай групы OH і інш. і пылу). Найб. шчыльныя часткі воблака з масамі парадку зоркавых пачынаюць сціскацца. Воблака распадаецца на фрагменты, адзін з якіх у далейшым параджае Сонца і Сонечную сістэму. У цэнтры фрагмента, што сціскаецца, утвараецца згушчэнне пылу і газу, якое з’яўляецца ядром акрэцыі (захоп навакольнага разрэджанага асяроддзя, прыток якога паступова павялічвае масу ядра). Калі маса цэнтр. згушчэння дасягае прыблізна 0,1 сонечнай масы, рэчыва становіцца непразрыстым, т-ра павялічваецца і пыл выпараецца. Гэта адбываецца праз 104—105 гадоў пасля пачатку згушчэння фрагмента. Цэнтр. згушчэнне ўтварае газавую пратазорку. Потым пачынаецца яе гравітацыйнае сцісканне. На працягу гэтага перыяду ўжо існуе дыскападобная газава-пылавая пратапланетная туманнасць, цэнтрам якой з’яўляецца пратазорка. Маса туманнасці каля 0,01—2 сонечных мас. У туманнасці ідзе фарміраванне планет-гігантаў тым жа шляхам — з утварэннем дыскаў, з якіх у далейшым утвараюцца спадарожнікі-планеты. Гравітацыйнае сцісканне Сонца доўжыцца 108 гадоў. У гэты час дзьме моцны зоркавы вецер, што вымятае газ з унутр.часткі пратапланетнай туманнасці. Пылавое воблака ўсё больш канцэнтруецца да сярэдняй плоскасці. Пылінкі сутыкаюцца, утвараюцца буйныя часцінкі. Ідзе працэс акумуляцыі цвёрдых цел. Фарміруецца некалькі асабліва буйных цел — цэнтраў акрэцыі, вакол якіх утвараюцца планеты зямной групы. З рэшткаў рэчыва, выкінутага на край Сонечнай сістэмы, узнікаюць каметы і астэроіды пояса Койпера (гл.Малыя планеты). Гл. таксама Касмалогія.
Літ.:
Гуревич Л.Э., Чернин А.Д. Введение в космогонию: Происхождение крупномасштабной структуры Вселенной. М., 1978;
Іх жа. Происхождение галактик и звезд. 2 изд. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЁЛ (ад лац. castellum невял. крэпасць),
1) польск. і бел. назва рымска-каталіцкага храма. Паводле царк. дагматыкі К. з’яўляецца домам Бога і месцам малітвы. Паводле прызначэння бываюць: базілікі (К. са спец. папскімі прывілеямі, асноўныя ў Рыме); кафедральныя (К., дзе ёсць кафедра епіскапа і знаходзяцца кафедральны капітул); калегіяты (К., якім нададзены спец. ганаровы статус, ёсць свой калегіяцкі капітул); кляштарныя; парафіяльныя (прыходскія, фарныя); філіяльныя (у складзе прыхода); капліцы. На Беларусі К. пачалі сістэматычна будаваць пасля Крэўскай уніі 1385, найб шырока — пасля Брэсцкай уніі 1596.
Унутраная прастора К. падзяляецца на 3 традыц. для хрысц. храма часткі: бабінец (прытвор, нартэкс), цэнтр. частку і прэсбітэрый (алтарную частку). У адрозненне ад правасл. храма (царквы) у К. алтаром наз. не частка прасторы, а ўзвышанае ахвярнае месца з распяццем, абразом або статуяй святога. Гал., часта шматфігурны, алтар размяшчаецца ў прэсбітэрыі (звычайна аддзелены ад цэнтр.часткі невысокай агароджай). У К. можа быць некалькі дадатковых бакавых алтароў у цэнтр. частцы, там таксама знаходзяцца кафедра для ксяндза, спавядальня, лаўкі для вернікаў. На сценах жывапісныя або скульпт. сцэны з крыжовага шляху Ісуса Хрыста (стацыі), дадатковыя абразы, эпітафіі і помнікі фундатарам (іх тут часта хавалі), месца для хароў, арган і інш. Пры прэсбітэрыі размяшчаюцца сакрысція і часам касцельная б-ха. Інтэр’ер К. звычайна багата ўпрыгожаны. Вял. К. будавалі з крыптай.
Першыя мураваныя К. (15 ст.) мелі рысы готыкі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл, Уселюбскі касцёл). У 16 ст. будавалі К. трохчасткавай кампазіцыі з адной магутнай вежай пры ўваходзе (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела). Першы К. у стылі барока — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Найб. пашыраны тып К. ў 17—18 ст. — базіліка з 2-вежавым фасадам (Міхалішскі касцёл аўгусцінцаў, Княжыцкі касцёл і кляштар дамініканцаў). Шматлікія каталіцкія ордэны манаскія ў Гродне, Слоніме, Пінску, Оршы, Мінску, Полацку, Віцебску і інш. стваралі ансамблі будынкаў кляштара і К. з выразнай барочнай пластыкай гал. фасадаў. Архітэктура драўляных К. імітавала формы мураваных храмаў. З пач. 19 ст. К. будавалі ў стылях класіцызму і несапраўднай готыкі (Мінскі Чырвоны касцёл, Сар’ёўскі касцёл, Відзаўскі Троіцкі касцёл і інш.).
2) Тэрмін для абазначэння рымска-каталіцкай царквы як рэліг. арг-цыі ў Польшчы.
Т.В.Габрусь (архітэктура).
Касцёл у г. Ліманова (Польшча). 1918.Касцёл Сымона і Алены (Чырвоны) у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Паставы Віцебскай вобл. Створаны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. на паўд. ускраіне горада на левым беразе р. Мядзелка. Комплекс, які ўключае палац і парк, пабудаваны на месцы сядзібы 1-й пал. 17 ст.
Першапачатковая сядзіба складалася з жылых і гасп. пабудоў (5 драўляных жылых дамоў, кухня, 5 свірнаў, 3 стайні, вазоўня, склеп і інш.), якія ўтваралі прамавугольны ў плане двор, абнесены астрогам з 2 брамамі. Гал. жылы дом — 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі з 2 алькежамі і 2 ганкамі, завершаны гонтавым дахам. Астатнія дамы — традыц. 2- і 3-камернае жыллё. Асобнае падвор’е ўтваралі 3-камерны жылы дом для прыслугі, сыраварня, склеп і абора, на гумнішчы — стадола, асець, адрына, абарогі. Пры сядзібе быў бровар.
Буд-ва П.п.-п.к. распачата на месцы сядзібы ў 1760-я г. (верагодна, паводле праекта арх. Дж.Сака). У 1770-я г. спынена (пабудаваны 2 бакавыя флігелі і падмурак палаца). У 1-й пал. 19 ст. на паўд. беразе возера пабудаваны П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны палац. Цэнтр.часткіпаўд. і ўсх. крылаў вылучаны больш высокімі аб’ёмамі з мезанінамі. Усе часткі палаца накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сіметрычны ўсх. фасад мае па баках глыбокія рызаліты і аздоблены пілястрамі, плоскі рызаліт у цэнтры з вял. тэрасай перад ім. У 1830-я г. да паўн. фасада прыбудаваны 6-калонны дарычны порцік з манум. лесвіцай; у паўн. крыле — капліца, аздобленая лепкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Парк — рэгулярна-пейзажнага тыпу, размешчаны на раўнінным рэльефе. Ствараўся ў 2 этапы. Пл. каля 10 га. Меў форму выцягнутага з Пн на Пд прамавугольніка, абмежаванага па баках каналамі, з Пн — возерам. Каля палаца знаходзілася пейзажная частка парку з экзотамі ў дэкар. групах. Ад рэгулярнага парку ўцалелі і рэшткі старых ліпавых прысад, ад пейзажнага — асобныя групы дрэў па берагах вадаёма і ўсх. канала, а таксама на ўзгорку паміж каналам і гал. вуліцай горада.
В.Р.Анціпаў, А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Фрагмент парку.Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМО́ГІ ПЛО́ШЧАў Мінску
(да 1954 Круглая плошча). Знаходзіцца на перакрыжаванні праспекта Ф.Скарыны з вул. Захарава і Кісялёва. Займае важнае месца ў арх.-кампазіцыйным абліччы горада. Як арх. ансамбль пачала фарміравацца ў 1939, калі ў адпаведнасці з генпланам Мінска 1932—36 (арх. Ю.Кілаватаў, кансультант В.Вітман) тут пабудаваны 2 дугападобныя ў плане жылыя дамы (завершаны ў 1947, арх. Р.Столер),
павернутыя да цэнтра горада. Далей забудова вялася паводле генплана 1946 (арх. М.Андросаў, Н.Трахтэнберг і інш.) і праекта плошчы 1950 (арх. М.Баршч, Л. і Г. Аранаўскасы, карэкціроўка Г.Заборскага і Л.Мацкевіча, 1954). Плошча ў плане — прамавугольнік (225 × 175 м), які з аднаго боку завяршаецца паўкружжам. Яе прастора расчлянёна на 2 часткі — круглую і аванплошчу. Кампазіцыйны цэнтр — манумент Перамогі, размешчаны пасярэдзіне круглай часткі плошчы і замыкае перспектыву праспекта Ф.Скарыны і вул. Захарава і Кісялёва. Абапал праспекта, ніжэй за яго ўзровень паміж вуліцамі Захарава, Кісялёва, Камуністычнай і Фрунзе, разбіты скверы партэрнага тыпу, уздоўж якіх па 3 жылыя дамы (арх. Баршч, Аранаўскасы, 1950—56), увянчаныя 4-граннымі вежачкамі, з паўд. боку злучаныя паміж сабой ажурнай каланадай. Тарцовую частку плошчы з боку вул. Камуністычнай замыкаюць Дом-музей I з’езда РСДРП, мост цераз р. Свіслач (арх. М.Паруснікаў, Г.Баданаў, 1951—53), а з боку вул. Фрунзе — манум. вароты — уваход у Цэнтр. дзіцячы парк імя М.Горкага (арх. Заборскі, 1953). У 1984 у сувязі з увядзеннем у дзеянне 1-й лініі Мінскага метрапалітэна плошча перад манументам перапланавана (арх. Б.Ларчанка, Б.Школьнікаў, К.Вязгін) і стала 2-узроўневай. Пад зямлёй аснова манумента абкружана кальцавой абходнай галерэяй, звязанай са станцыяй метрапалітэна. Галерэя пераходзіць у круглую глядзельную залу, прысвечаную памяці герояў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. У цэнтры яе вянок, выкананы з маст. шкла з падсветкай знутры (маст. В.Позняк) — сімвал Вечнага агню. На сцяне бронзавая выява Зоркі Героя Сав. Саюза і пласціны з імёнамі 566 вызваліцеляў Беларусі, удастоеных звання Героя Сав. Саюза. Да манумента вядуць ланцужкі невял. гранітных блокаў (па 6 з кожнага боку) з надпісамі-прысвячэннямі гарадам-героям і выявамі ўзнагарод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́Л (М.) (сапр.Пятэльскі Сцяпан Язэпавіч; каля 1890, мяст. Гарадок Беластоцкага пав. — канец 1917 ці пач. 1918),
бел. паэт, перакладчык, публіцыст, фалькларыст. Скончыў царк. настаўніцкае вучылішча ў Ялоўцы (1909, Беласточчына). Настаўнічаў на Беласточчыне, Гродзеншчыне, Ковеншчыне. З 1914 на фронце. Узнаг. Георгіеўскім крыжам. З 1909 друкаваўся ў «Нашай ніве». У паэзіі Арла — матывы паняволення роднага краю і народа, роздум над рэнегацтвам часткібел. інтэлігенцыі. Вершы адметныя лірызмам, паяднаннем рэальнага і абагульнена-сімвалічнага, філасафічнасцю. У іх прыкметны ўплыў вобразаў, матываў, паэтыкі Я.Купалы і Я.Коласа. Даследчык і прапагандыст бел.нар. песні. Лічыў яе крытэрыем высокага паэт. майстэрства. Перакладаў на бел. мову В.Бялінскага, дастасоўваючы думкі рус. крытыка да патрэб самасцвярджэння нацыі, гал. праблем маладой бел. л-ры. З укр. л-ры пераклаў байкі Л.Глібава.
Тв.:
Лірнік. Мн., 1991.
Літ.:
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2. С. 459—561;
Саламевіч Я.М. Арол — нашаніўскі паэт, перакладчык, публіцыст // Бел. мова і літаратура ў школе. 1988. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯВА́Я МАШЫ́НА РЭАКТЫ́ЎНАЙ АРТЫЛЕ́РЫІ,
самаходная шматзарадная пускавая ўстаноўка, звычайна залпавага агню. Складаецца з артыл.часткі (пакет накіравальных — рэек ці танкасценных трубаў, паваротная рама, механізмы наводкі і ўраўнаважвання, прыцэльныя прыстасаванні, пускавое абсталяванне) і самаходнага шасі высокай праходнасці.
Упершыню сав.эксперым. ўстаноўка БМ-13 (нар. назва «кацюша») выкарыстана ў Вял.Айч. вайну ў 1941 пад Оршай. Мела 16 накіравальных, калібр рэактыўных снарадаў 132 мм, маса 42,5 кг, далёкасць стральбы да 8,5 км. У час вайны выкарыстоўваліся таксама БМ-8, БМ-31. Пасля вайны распрацаваны БМ-14, БМ-24, БМД-20, БМ-21 і інш. Напрыклад, БМ-24 на шасі ЗІЛ-151 мае 12 накіравальных, турбарэактыўныя снарады калібру 240 мм, масай 110 кг, далёкасць стральбы да 11 км. У арміях замежных краін баявыя машыны рэактыўнай артылерыі на гусенічным ці аўтамаб. хаду, колькасць накіравальных ад 12 да 48, калібр снарадаў ад 110 да 240 мм, маса ад 36 да 310 кг, далёкасць стральбы да 30 км і болей. Сярод іх 110-мм 36-ствольная «Ларс» (ФРГ), 240-мм 12-ствольная MLRS (ЗША). Гл. таксама Артылерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ», «Белорусский архив древних грамот»,
зборнік дакументаў па гісторыі ўсх. зямель Беларусі 16—18 ст. Першае археаграфічнае выданне дакументаў, амаль поўнасцю прысвечаных гісторыі Беларусі. Падрыхтаваны І.І.Грыгаровічам пры ідэйнай і фін. падтрымцы М.П.Румянцава, выдадзены ў Маскве (ч. 1, 1824). Змешчана 57 дакументаў, выяўленых у архівах Магілёва і Мсціслава і размешчаных у храналагічным парадку — ад сярэдзіны 15 ст. да 1768. Пераважаюць матэрыялы па сац.-эканам. гісторыі і царк.-рэліг. адносінах, у асн. датычаць Магілёва, радзей Мсціслава, Полацка, Віцебска (у т. л. прывілей вял.кн. Аляксандра правасл. духавенству 1499, Жыгімонта I правасл. епіскапам 1511, прывілей Магілёву на магдэбургскае права 1578 і інш.). 2-я частка захавалася ў рукапісе (у Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва); змяшчае 66 дакументаў за 1252—1707, у т. л. агульназемскі прывілей вял.кн. Казіміра 1447, дакументы да Брэсцкага сабора 1596, генеалагічную табліцу кн. Мсціслаўскіх. Для 3-й часткі прызначаліся дакументы 17 ст., але праца над ёю была спынена (смерць Румянцава, фін. цяжкасці, магчыма, умяшанне цэнзуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНАМІКО́З (ад актына... + ...мікоз),
хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, радзей чалавека, што выклікаецца грыбкамі з кл.актынаміцэтаў, якія пастаянна прысутнічаюць у арганізме (поласць рота, страўнікава-кішачны тракт, верхнія дыхальныя шляхі і інш.), а таксама пашыраны і ў прыродзе (глеба, расліны). Найчасцей хварэе буйн. раг. жывёла, успрымальныя авечкі, коні, свінні, драпежныя. У буйн. раг. жывёлы часцей пашкоджваюцца косці і тканкі ніжняй сківіцы, лімфавузлы, радзей іншыя часткі цела. Характарызуецца ўтварэннем шчыльных пухлін, інфільтратаў, абсцэсаў, свішчоў і рубцоў. У чалавека больш хварэюць мужчыны ва ўзросце 21—40 гадоў. Пры вузлаватай форме актынамікозу ў глыбокіх слаях скуры ўтвараецца цвёрды, цвёрдаэластычны, маларухомы інфільтрат цёмна-чырвонага колеру з фіялетавым адценнем, які нагнойваецца і прарывае свішчамі з гноем. Пры бугарковай форме ў тоўшчы скуры і падскурнай клятчатцы ўзнікаюць дробныя, паўшарападобныя, цвёрдыя, бязбольныя, цёмна-чырвоныя бугаркі, якія найчасцей нарываюць з выдзяленнем кроплі гною, потым утвараюцца свішчы. Пашкоджваецца і падскурная клятчатка. Язвавая форма развіваецца ў аслабленых хворых. Язвы мяккія, няроўныя, скура вакол іх сіняватага колеру. Атэраматозная форма — інфільтрат дыяметрам да 5 см, эластычнай кансістэнцыі, акрэслена абмежаваны, з паслядоўным нагнойваннем, выдзяленнем гною і свішчамі.