РАСЦІСЛА́Ў ГЛЕ́БАВІЧ (? — паміж 1161 і 1167),

князь мінскі і полацкі. Сын мінскага кн. Глеба Усяславіча. У 1151 абраны вечам на полацкі пасад пасля выгнання з Полацка Рагвалода Барысавіча. У 1158 супраць Р.Г. ўзняўся мяцеж, але князь вял. падарункамі ўлагодзіў палачан. Разам з братамі Усеваладам і Валадаром ён рушыў на Рагвалода Барысавіча, што ўмацаваўся ў Друцку, але заключыў з ім мір і дадаў яму «воласці». У час новага паўстання ў Полацку ў 1158 Р.Г. уцёк у Мінск да брата Валадара. Хутка быў абложаны ў горадзе Рагвалодам, але паразумеўся з ім. У 1161 Р.Г. названы князем мінскім, зноў быў абложаны Рагвалодам у Мінску і зноў заключыў з ім мір.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМО́Н (стараж.-яўр. Шэлома),

цар Ізраільска-Іудзейскага царства [каля 960—935 да н.э.]. Сын цара Давіда і яго суправіцель у 967—965 да н.э. Правёў шэраг рэформ: племянны падзел краіны замяніў тэрытарыяльным (12 адм.-тэр. акруг), стварыў разгалінаваны адм. апарат. Увёў цвёрдую сістэму падаткаў, ваен. і працоўнай павіннасцей, умацаваў армію. Для цэнтралізацыі культу бога Яхве пабудаваў у Іерусаліме храм (т.зв. храм Саламона). Заключыў саюз з Фінікіяй і Егіптам (ажаніўся з дачкой егіп. фараона). Пры С. развіваўся марскі і караванны гандаль. Паводле біблейскай традыцыі, С. вызначаўся незвычайнай мудрасцю; яму прыпісваецца аўтарства шэрагу кніг Бібліі (Песня песням, Эклезіяст, Прытчы, Псалтыр і інш.). Пасля яго смерці дзяржава распалася на Ізраільскае царства і Іудзейскае царства.

т. 14, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙТЛІ́ЕЎ Кара (1.1.1915, с. Караган Бахардэнскага р-на, Туркменістан — 2.5.1971),

туркменскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Нар. пісьменнік Туркменістана (1967). Скончыў Бакінскі пед. ін-т (1941). У 1943—44 дырэктар Туркм. т-ра оперы і балета. У 1963—71 міністр культуры Туркменістана. Друкаваўся з 1938. Аўтар зб-каў вершаў і паэм на тэмы сучаснасці: «Ліра паэта» (1941), «Сістр» (1944), «Крыніца» (1950), «Кветкі Індыі» (1960), «Крылатыя часы» (1962) і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку. Напісаў п’есу «Джахан» (паст. 1946), камедыю «Сын пастуха» і драму «Дачка садоўніка» (з Г.​Мухтаравым) і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклаў Ю.​Свірка.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1968;

Человек и мир: Стихи и поэмы. М., 1971.

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМАШЭ́ВІЧ Аляксандр Уладзіміравіч (13.8.1930, Мінск),

бел. вучоны ў галіне эканомікі прыродакарыстання. Д-р эканам. н. (1985), праф. (1988). Сын У.А.Тамашэвіча. Скончыў БДУ (1954). З 1965 у Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це (з 1975 нам. дырэктара), з 1987 у БДУ (заг. кафедры). Навук. працы па эканам. геалогіі (эканоміцы мінер. сыравіны і геолагаразведачных работ) і эканам. геаграфіі.

Тв.:

Экономическая оценка минеральных ресурсов Белоруссии. Мн., 1978;

Новые тенденции в теории и практике экономики природопользования // Природные ресурсы. 1997. № 1;

Минеральные ресурсы в хозяйственном комплексе Беларуси (разам з Я.​А.​Нікіціным, А.​М.​Сінічкам) // Вопросы минерагепии платформенного чехла и кристаллического фундамента территории Беларуси. Мн., 2000;

География мирового хозяйства: В 3 ч. Ч. 1. Мн., 2001.

т. 15, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІР ВАСІ́ЛЬКАВІЧ (у хрышчэнні Іаан; ?—10.12.1289),

князь уладзіміра-валынскі. Сын уладзіміра-валынскага кн. Васількі Раманавіча. Пасля смерці бацькі (1269 або 1271) атрымаў паўн.-зах. Валынь з гарадамі Уладзімір-Валынскі і Бярэсце. Вёў паспяховую барацьбу з літоўскімі і яцвяжскімі князямі. У 1273 ваяваў з яцвягамі і прымусіў іх князёў заключыць мір. У 1275 прыняў удзел у вял. паходзе галіцкага кн. Льва Данілавіча супраць вял. князя ВКЛ Трайдзеня, у якога ў 1276 захапіў гарады Слонім і Турыйск. У гэтым годзе заклаў г. Камянец з вежай як заслону ад нападаў літоўцаў. У 1277 пасланы татарскім ханам Нагаем супраць Літвы, вёў аблогу Гародні. Ваяваў з мазавецкімі князямі. Збудаваў у Бярэсці новыя гар. ўмацаванні, мураваную вежу, царкву св. Пятра.

т. 16, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРДЫНА́НД VII (Fernando; 13.10.1784, Сан-Ільдэфонса, Іспанія — 29.9.1833),

кароль Іспаніі [1808 і 1814—33]. З дынастыі Бурбонаў, сын Карла IV [1788—1808]. Стаў каралём 19.3.1808 пасля звяржэння ў выніку нар. паўстання каралеўскага фаварыта (фактычнага правіцеля) М.​Гадоя і адрачэння ад прастола Карла IV. Франц. імператар Напалеон I, чые войскі вясной 1808 акупіравалі Іспанію, прымусіў Ф. VII адрачыся ад прастола і жыць у Францыі. Пасля вызвалення Іспаніі ад франц. акупацыі (сак. 1814) Ф. VII зноў заняў прастол і ліквідаваў заваёвы рэвалюцыі 1808—14. У пач. рэвалюцыі 1820—23 пад націскам паўстанцаў аднавіў (9.3.1820) дзеянне Кадыскай канстытуцыі 1812, але потым узначаліў контррэв. лагер. Пасля задушэння рэвалюцыі зноў адмяніў у кастр. 1823 Кадыскую канстытуцыю і аднавіў абсалютысцкія парадкі.

т. 16, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЯДО́СІК Віктар Анатолевіч (н. 9.2.1951, в. Сінкевічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1992), праф. (1993). Сын А.С.Фядосіка. Скончыў БДУ (1973). З 1976 у Мінскім ін-це культуры, з 1983 у БДУ (з 1988 заг. кафедры гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў). Даследуе гісторыю ант. хрысціянства, Рым. імперыі, каталіцкай царквы ў сярэднія вякі. Адзін з аўтараў даведніка «Сярэдневяковы свет у тэрмінах, імёнах і назвах» (1999), падручнікаў па гісторыі сярэдніх вякоў для ВНУ і школ.

Тв.:

Таинства без тайн. Мн., 1979;

Критика богословских концепций сущности христианского катехумената. Мн., 1983;

Церковь и государство. Мн., 1988;

Киприан и античное христианство. Мн., 1991;

Семь чудес света. Мн., 2002.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІТ Флавій Веспасіян (Titus Flavius Vespasianus; 30.12.39—13.9.81),

рымскі імператар [79—81]. З дынастыі Флавіяў. Сын і пераемнік Веспасіяна. У час Іудзейскай вайны 66—73 камандаваў легіёнам у арміі бацькі. Пасля абвяшчэння Веспасіяна імператарам (69) прыняў ад яго камандаванне ў Палесціне. У 70 задушыў паўстанне іудзеяў і разбурыў Іерусалім. З 71 прэфект прэтарыянскай гвардыі і суправіцель Веспасіяна. У 73—74 цэнзар, правіў у згодзе з сенатам. Ц. расходаваў значныя сродкі на ліквідацыю вынікаў вывяржэння Везувія 24.8.79, мору і пажару ў Рыме ў 80, буд-ва тэрмаў. Памёр ад ліхаманкі.

Літ.:

Светоний Г.Т. Жизнь двенадцати цезарей: Пер. с лат. М., 1990;

Федорова Е.В. Императорский Рим в лицах. 2 изд. Смоленск, 1995.

т. 17, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫЛІ́НСКІС, Цылінскі (Cilinskis) Гунарс Алфрэдавіч (23.5.1931, г. Огрэ, Латвія — 25.7.1992), латвійскі акцёр, сцэнарыст, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў тэатр. ф-т Латв. кансерваторыі (1955). У 1955—75 у Латв. т-ры драмы імя А.​Упіта. Сярод роляў: Оскар Клява («Сын рыбака» В.​Лаціса), Няхлюдаў («Уваскрэсенне» Л.​Талстога), Лаэрт («Гамлет» У.​Шэкспіра). Выканаў ролі моцных і мужных людзей у фільмах «Накцюрн», «Моцныя духам», «У цені смерці», «Пад перакуленым месяцам» і інш. Паставіў фільмы: «Саната над возерам» (1976, з В.​Браслам), «Ранняя ржа» (1979), «Таран» (1982), «Страх» (1986), «Дзіўнае месяцавае святло» (1987), «Індраны» (1991) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1968. Дзярж. прэмія Латвіі 1977.

Літ.:

Кокоревич Б.А. Гунар Цилинский. М., 1978.

т. 17, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮРЭ́Н (Turenne) Анры дэ Ла Тур д’Авернь (La Tour d’Auvergne) віконт дэ (11.9.1611, г. Седан, Францыя — 27.7.1675),

французскі палкаводзец, маршал (1643), гал. маршал Францыі (1660). Сын герцага Буйёнскага (аднаго з правадыроў гугенотаў), унук Вільгельма Аранскага. З 1620 у галандскай арміі, вывучаў ваен. справу пад кіраўніцтвам свайго дзядзькі прынца Морыца Аранскага. З 1630 на франц. ваен. службе. У час Трыццацігадовай вайны 1618—48 камандаваў франц. арміяй у Германіі, дзе атрымаў шэраг перамог. У 1648—51 удзельнічаў у Фрондзе, але ў маі 1651 перайшоў на бок караля і ўзначаліў армію, накіраваную супраць франдзёраў. Узначальваў франц. армію ў войнах з Іспаніяй (1667—68) і Нідэрландамі (1672—78). Забіты ў баі. Аўтар твораў па ваен. тактыцы і мемуараў.

т. 17, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)