БУТЭ́НКА (Раіса Рыгораўна) (н. 13.9.1920, г. Белы Цвярской вобл., Расія),
савецкі біёлаг і біяхімік. Чл.-кар.АНСССР (1974), правадз.чл. УАСГНІЛ (1988). Скончыла Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.А.Ціміразева (1943). З 1947 у Ін-це фізіялогіі раслінАНСССР. Навук. працы па культуры ізаляваных клетак і тканак раслін, у т. л.эксперым. морфагенезе і дыферэнцыроўцы. Даследаванні па дзеянні іанізавальнага выпрамянення на дзяленне і рост клетак, з’яве фотаперыядызму. Дзярж. прэмія СССР 1984.
Тв.:
Культура изолированных тканей и физиология морфогенеза растений. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ДЗЬМІНЫ МЁТЛЫ,
хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі, вірусамі, насякомымі, кляшчамі, рэдка бактэрыямі. Утвараюцца часцей на дрэвах у выглядзе шчыльных пучкоў («мяцёлак») тонкіх укарочаных галінак з дробным недаразвітым лісцем. На Беларусі бываюць на вішні, сліве, бярозе, вольсе, грабе і інш. лісцевых дрэвах (узбуджальнікі — паразітныя грыбы з роду тафрына), на хвоі і елцы (узбуджальнікі — найчасцей іржаўныя грыбы).
Узбуджальнік хваробы пранікае ў расліну праз мех. пашкоджанні, роставыя пупышкі і стымулюе анамальныя роставыя працэсы: абуджэнне спячых і інтэнсіўнае развіццё прыдатачных пупышак. Меры барацьбы: абразанне і спальванне заражаных галін, знішчэнне хворых раслін, апрацоўка фунгіцыдамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́СЦЕЙКА,
высокаспецыялізаванае ўтварэнне эпідэрмісураслін. Складаецца з 2 замыкальных клетак і міжклетніка — вусцейкавай шчыліны, якая падзяляе іх і праз якую ажыццяўляецца газаабмен, неабходны для дыхання раслін, фотасінтэзу і транспірацыі. Ноччу, а таксама ўдзень пры недастатковым водазабеспячэнні шчыліна зачыняецца. Нярэдка да замыкальных клетак прылягаюць 2 ці некалькі калявусцейкавых (т.зв. пабочных), што адрозніваюцца ад асн. клетак эпідэрмісу памерамі і формай. Разам з замыкальнымі яны ўтвараюць т.зв. вусцейкавы апарат. Колькасць (ад некалькіх дзесяткаў да 300 і болей на 1 мм² паверхні ліста), выгляд і размеркаванне спецыфічныя для кожнага віду і служаць важнай таксанамічнай прыкметай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДАВЫ́Я КО́ЛЬЦЫў раслін,
канцэнтрычныя кольцы, бачныя на папярочным зрэзе праз гадавыя слаі тканак (напр., ксілемы ў дрэвавых раслін). Памер гадавых кольцаў і суадносіны іх ранніх і позніх элементаў вызначаюць шчыльнасць і мех. ўласцівасці тканкі. Пры неспрыяльных пагодных і інш. умовах могуць утварацца несапраўдныя кольцы з больш рыхлай і цёмнай драўнінай і няроўнымі граніцамі. Па колькасці гадавых кольцаў на разрэзе каля асновы дрэва можна вызначыць яго ўзрост, а таксама клімат і інш. прыродныя з’явы мінулага (гл.Дэндракліматалогія).
Гадавыя кольцы на папярочным зрэзе ствала хвоі звычайнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗЕ́Й (Іван Андрэевіч) (н. 7.10.1938, в. Дзяніскавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне генетыкі раслін. Д-рбіял.н. (1988). Скончыў БСГА (1965). У 1969—74 і з 1994 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (нам. дырэктара), у 1974—94 у Бел.НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па генетыцы і біятэхналогіі збожжавых культур, цытагенетыцы, структурнай і функцыян. будове генома раслін, фарміраванні карыятыпу.
Тв.:
Гетерозис и радиоустойчивость растений. Мн., 1977 (разам з М.В.Турбіным, У.Г.Валодзіным);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАКА́РПІЯ (ад гетэра... + грэч. karpos плод),
разнаплоддзе, генетычна абумоўленая ўласцівасць некаторых відаў кветкавых раслін фарміраваць на адной асобіне рознатыповыя генератыўныя зачаткі (дыяспоры), розныя па марфалогіі і фізіял. уласцівасцях, прыстасаваннях да пашырэння. Неаднароднымі бываюць цэлыя плады (у складанакветных, лебядовых, некаторых крыжакветных) або іх часткі — мерыкарпій, членікі (у парасонавых, агурочнікавых, часткі крыжакветных). Плады могуць займаць рознае становішча ў межах суквецця. Гетэракарпія характэрна пераважна для аднагадовых і эфемерных відаў пустынь, паўпустынь, пустазелля. У флоры Беларусі тыповы прадстаўнік гетэракарпных раслін — наготкі лекавыя, у суквеццях якіх развіваюцца плады, прыстасаваныя да разнясення жывёламі або ветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКО́ЛЕВАЯ КІСЛАТА́, аксівоцатная кіслата,
HOCH2COOH, галоўны субстрат пры фотадыханні ў большасці раслін. Утвараецца ў адносна вял. колькасці на святле ў хларапластах клетак лісця з фосфаглікалату — прадукту аксігеніравання рыбулоза-1,5-дыфасфату. Гэта рэакцыя каталізуецца ключавым ферментам фотасінтэзу — рыбулоза-1,5-біфасфаткарбаксілазай у выніку канкурэнцыі O2 за цэнтр звязвання CO2 на ферменце. Далей гліколевая кіслата даволі хутка метабалізуе (акісляецца) з утварэннем гліяксілавай к-ты, гліцыну (у пераксісомах), CO2 (у мітахондрыях) і інш. прадуктаў. У выніку расходуецца частка фіксаванага ў працэсе фотасінтэзу вугляроду, што адбіваецца на прадукцыйнасці раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТЫДЭЯ́ЛЬНЫЯ (Dothideales),
парадак сумчатых грыбоў падкл. аскалакулярных. Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмераных зонах Еўразіі, у Паўд. Амерыцы. На Беларусі каля 40 відаў, 10 родаў, найб. вядомыя афіябол, бікасферэла, вентурыя і інш. Сапратрофы, развіваюцца на адмерлых ч.раслін. Многія паразіты (канідыяльная стадыя) культ.раслін, выклікаюць паршу яблыні і грушы, цэркаспарозы і інш. хваробы.
Пладовыя целы (псеўдатэцыі) паглыблены ў субстрат. шара- або грушападобныя, чорныя, уключаюць адну ці некалькі локул. Сумкі 8-споравыя, цыліндрычныя, амаль яйца- або грушападобныя, сядзячыя ці на кароткай ножцы, размешчаны ў локулах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́КАВА (Праскоўя Самойлаўна) (н. 13.10.1921, в. Рэкта Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне агратэхнікі агароднінных культур. Д-рс.-г.н. (1970), праф. (1988). Засл. работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1992). Скончыла Бел.с.-г.ін-т (Горкі, 1947). З 1956 у Бел.НДІ агародніцтва. Навук. працы па барацьбе з пустазеллем і выкарыстанні рэгулятараў росту раслін, даследаванні па пытаннях узаемадзеяння фізіялагічна актыўных рэчываў, раслін і глебы.
Тв.:
Регуляторы роста и гербициды на овощных культурах и картофеле Мн., 1990;
Эффективность применения регуляторов роста в овощеводстве и картофелеводстве. М. 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛКАВА́ННЕ,
1) сістэма размяшчэння праводзячых сасудзіста-валакністых пучкоў (жылак) у лісцевых пласцінках і інш. органах вышэйшых раслін (акрамя імхоў); важная сістэматычная прыкмета. Бывае паралельнае (злакі, асокі), дыхатамічнае (гінкга, некат. папараці), дугавое (ландыш, купена, трыпутнік), сеткаватае (клён, яблыня, шалфей). Дугавое і паралельнае Ж. ўласціва аднадольным раслінам, сеткаватае (або перыстае) — пераважна двухдольным раслінам. Жылкі ёсць таксама ў чашалісціку, пялёстках, пладах і сцёблах раслін.
2) Ж. ў насякомых — відаспецыфічнае; размяшчэнне жылак на крылах. Жылкі ўяўляюць сабой полыя трубчастыя патаўшчэнні пласцінкі крыла, у якіх размешчаны адгалінаванні трахейных ствалоў і нерваў; утвараюць каркас крыла.