вызначаецца адносінамі эл. зараду, які праходзіць праз электраліт, да колькасці рэчыва, што вылучаецца на кожным электродзе (гл.Фарадэя законы); адна з фундаментальных фізічных пастаянных. Абазначаецца F. Роўная здабытку Авагадра пастаяннай Na на элементарны эл. зарад e: F = Na∙e = (96485,309 ± 0,029) Кл/моль. Названа імем Ф.Фарадэя. Значэнне F вызначалася на аснове вымярэнняў электрахім. эквіваленту серабра. Шырока выкарыстоўваецца ў электрахім. разліках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРАПЯ́ЦІЦА, Чарапеціца,
рака ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Нішча (бас.р.Зах. Дзвіна). Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 359 км². Выцякае з воз. Межава (у вярхоўі рака называецца Межава) за 500 м на У ад в. Межава. Цячэ ў межах Нешчардаўскага ўзв. і Полацкай нізіны, праз азёры Мыленскае, Чарапецкае і Валькоўскае. Вусце за 3 км на ПнУ ад в. Юхавічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́РЫЦА,
рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Галбіца (бас.р.Зах. Дзвіна). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 70 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдЗ ад в. Карпавічы, вусце за 500 м на Пн ад в. Галбея. Цячэ праз Старадворскае воз., пасля выхаду з яго рэчышча на працягу 7,8 км да вусця каналізаванае. У сярэднім і ніжнім цячэнні праходзіць па лясістай мясцовасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКВА́ТАР НЯБЕ́СНЫ,
акружнасць, па якой нябесную сферу перасякае плоскасць, што праходзіць праз яе цэнтр перпендыкулярна да восі свету. Падзяляе нябесную сферу на 2 паўшар’і — паўночнае і паўднёвае. Перасякаецца з матэм. гарызонтам у пунктах усходу і захаду. Плоскасць Э.н. паралельная плоскасці экватара зямнога і нахілена да плоскасці гарызонта пад вуглом 90°−φ, дзе φ — шырата месца назірання. Іл.гл. да арт.Нябесная сфера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЕНЬ,
пара года і пераходны кліматычны сезон паміж летам і зімой. Астранамічная восень у Паўн. паўшар’і — прамежак часу ад 23 вер. (асенняе раўнадзенства) да 22 снеж. (зімовае сонцастаянне), у Паўд. паўшар’і — ад 21 сак. да 22 чэрвеня. Асеннія месяцы ў Паўн. паўшар’і верасень, кастрычнік, лістапад, у Паўд. — сак., крас., май (гл.Каляндар). Паводле феналагічных з’яў восень падзяляецца на залатую (пажаўценне лісця), глыбокую і перадзім’е. Ва ўмераных шыротах восень характарызуецца паступовым зніжэннем т-ры паветра да адмоўнай сярэднямесячнай, працяглымі дажджамі, адлётам птушак у вырай, лістападам, замярзаннем глебы, з’яўленнем снегавога покрыва, ледаставам на рэках і азёрах.
На Беларусі пачаткам восені лічыцца дата ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C, а канцом — праз 0 °C у бок паніжэння. Пачынаецца восень у канцы 2-й — пач. 3-й дэкады вер. на Пн і У, у канцы 3-й дэкады вер. — 1-й дэкадзе кастр. на Пд і ПдЗ. Часам бывае вяртанне цёплага надвор’я — «бабіна лета». Канец восені супадае з паяўленнем снегавога покрыва ў пач. 2-й дэкады ліст. на ПнУ, у канцы ліст. на ПдЗ. Восень — час уборкі ўраджаю, сяўбы азімага жыта, канец вегетацыі раслін, падрыхтоўкі жывёл да зімы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛЬНІК ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
электравымяральная прылада для ўліку выпрацаванай (адпушчанай) або спажытай актыўнай і рэактыўнай электраэнергіі за пэўны прамежак часу. У ланцугах пастаяннага току (электрыфікаваны чыг. транспарт, электролізныя ўстаноўкі) выкарыстоўваюцца Л.э. магнітаэл., фера- і электрадынамічнай, электралітычнай сістэм, у ланцугах пераменнага току (прамысл. электрапрывод, асвятляльныя сеткі, камунальныя спажыўцы) — індукцыйныя і электронныя.
Л.э. бываюць аднафазныя (1-элементныя) і трохфазныя (2- і 3-элементныя). У эл. сетках напружаннем да 1 кВ уключаюцца паслядоўна ў ланцуг або праз трансфарматары току, вышэй за 1 кВ — праз трансфарматары напружання і току. Найб. пашыраны Л.э. індукцыйнай вымяральнай сістэмы, маюць ланцугі току і напружання. Токі, якія працякаюць па гэтых ланцугах, ствараюць у электрамагнітах пераменныя магн. патокі Фu і Фi. У выніку ўзаемадзеяння патоку Фu з віхравымі токамі, якія наводзяцца ў дыску патокам Фi узнікае вярчальны момант. Колькасць абаротаў рухомай ч. лічыльніка прапарцыянальна спажытай энергіі, што паказвае лічыльны механізм, злучаны з воссю дыска.
М.А.Караткевіч.
Індукцыйны аднафазны лічыльнік электрычны: 1, 2 — электрамагніты паслядоўнага і паралельнага ланцуга; 3 — лічыльны механізм; 4 — тармазны магніт; 5 — алюмініевы дыск; 6 — нагрузка; U — напружанне; Фi Фu — магнітныя патокі, што ствараюцца токам нагрузкі і токам у ланцугу напружання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКІ ПРАРЫ́Ў 1920,
прарыў Паўн. атрада Дняпроўскай ваеннай флатыліі (5 кананерскіх лодак, 2 тральшчыкі, 2 пасыльныя судны) праз умацаваны раён праціўніка на Дняпры каля г.п.Лоеў у савецка-польскую вайну 1920. Мэта аперацыі — прайсці ад Гомеля (вусце р. Сож) уніз па Дняпры і забяспечыць пераправу ўдарнай групы 1-й арміі Паўд.-Зах. фронту каля сутокаў Прыпяці і Дняпра. Каб увесці праціўніка ў зман адносна сапраўднага месца прарыву, маракі разам з партызанамі і падпольшчыкамі папсавалі яго лініі сувязі, разведалі праходы, напалі на суседнія польск. гарнізоны, наладзілі несапраўдную пераправу на Пн ад Лоева. Ноччу 2 чэрв. атрад пад агульным кіраўніцтвам каманд. флатыліяй П.І.Смірнова па Сажы ад в. Карпаўка (па рацэ вышэй Лоева) падышоў да Лоева і на світанку з боем прарваўся праз умацаваны раён і ўчастак з разбураным мостам. Пры падтрымцы 57-й дывізіі кананеркі (2 з іх страчаны) дасягнулі вусця Прыпяці каля в. Печкі, дзе адбылася пераправа войск Чырв. Арміі.
Літ.:
Паўловіч Р.К. Баявыя дзеянні Дняпроўскай флатыліі на тэрыторыі Беларусі ў 1919—1920 гт. і ў верасні 1939 г. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1997. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў Аляксей Дзмітрыевіч (24.3.1892, г. Пугачоў Саратаўскай вобл., Расія — 18.8.1961),
расійскі рэжысёр, тэарэтык тэатра, педагог. Нар.арт.СССР (1948). Д-р мастацтвазнаўства (1957). Вучыўся ў школе жывапісу ў Казані. З 1912 акцёр МХТ, з 1918 рэжысёр у правінцыяльных т-рах, з 1923—3-й Студыі МХАТ (з 1926 Т-р імя Я.Вахтангава), з 1930 маст. кіраўнік Т-ра Рэвалюцыі. У 1935—58 гал. рэжысёр Цэнтр.т-раСав. Арміі. З 1919 выкладаў у тэатр. студыях, з 1935 у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1940 праф., у 1961 маст. кіраўнік). Стварыў нар.-гераічныя спектаклі. Тыповыя рысы сучасніка раскрываў праз беражлівую перадачу кожнага вобраза і адначасова праз насычаныя думкай і пачуццём масавыя сцэны. Паставіў спектаклі: «Зойчына кватэра» М.Булгакава (1926), «Змова пачуццяў» Ю.Алешы (1929), «Паэма пра сякеру» (1931), «Мой сябар», «Пасля балю» (1934) М.Пагодзіна, «Рамэо і Джульета» (1935), «Утаймаванне свавольніцы» (1937), «Сон у летнюю ноч» (1941) У.Шэкспіра, «Даўным-даўно» А.Гладкова (1942), «Рэвізор» М.Гогаля (1951), «Паднятая цаліна» паводле М.Шолахава (1957). Аўтар прац па тэорыі т-ра. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1950, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІБІ́РСКАЯ Я́ЗВА,
вострая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека, якая характарызуецца пашкоджаннем скуры з утварэннем карбункулаў. Узбуджальнік — сібіраязвавая палачка (Bacillus antracis), у чыстай культуры вылучаны Р.Кохам (1876). Споры С.я. захоўваюцца ў глебе дзесяткі гадоў. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы (каровы, коні, авечкі, козы і інш.).
Чалавек заражаецца пры доглядзе за хворай жывёлай, апрацоўцы жывёльнай сыравіны, ужыванні заражаных мясных і малочных прадуктаў. Найчасцей заражэнне адбываецца кантактна-бытавым шляхам, таксама бывае аліментарным, паветрана-кропельным і трансмісіўным (пры ўкусах насякомых-крывасосаў, — сляпнёў, мух-жыгалак). Успышкі С.я. часцей назіраюцца ў летні перыяд. Формы С.я.: скурная, лёгачная, кішэчная і септычная (ускладненне папярэдніх). Пры скурнай форме С.я. ўзбуджальнік пранікае праз мікратраўмы, парэзы, трэшчыны на скуры; узнікае чырв. пляма, пазней утвараецца язва, укрытая цёмнай коркай (адсюль лац. назва С.я. anthrax вугаль). Вакол язвы дробныя пухіркі ў выглядзе караляў, якія разбураюцца і павялічваюць язву. У час фарміравання язвы т-ра цела да 40 °C, галаўны боль, моташнасць, ірвота. Астатнія формы С.я. працякаюць вельмі цяжка, з высокай смяротнасцю. Лячэнне тэрапеўтычнае. Жывёлы пры звышвострым цячэнні С.я. гінуць праз 1—2 дні і нават раптоўна. Фактары перадачы ўзбуджальніка — інфіцыраваная глеба, трупы жывёл, кармы, вада, подсціл. У перахварэлых жывёл ствараецца трывалы імунітэт.