БЕЛАВУ́ША,

вёска ў Беларусі, у Столінскім раёне Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад Століна, 253 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Гарынь. 3135 ж., 1023 двары (1995). Малое прадпрыемства па вырабе скур. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Арх. помнік — Троіцкая царква (1905). Каля вёскі — гарадзішча-сховішча 10—11 ст.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ з адзнакай,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі. За 200 м на ПдЗ ад в. Сякераўцы Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Граніт ружовы біятытавы, лейкакратавы дробназярністы. Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. 4,1 м, шыр. 3,4 м, выш. над паверхняй зямлі 3,2 м, у абводзе 11,6 м, аб’ём 45 м³, маса каля 118 т. На зах. баку высечаны чатырохканцовы крыж. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс. гадоў назад з Балтыйскага шчыта.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖВА́РЫ,

храм на вяршыні гары, каля сутокаў Куры і Арагві, непадалёку ад г. Мцхета (Грузія); помнік сярэдневяковай груз. архітэктуры. Пабудаваны ў 586/587—604. Вызначаецца гарманічнасцю прапорцый. У аснове плана цэнтрычнага тыпу храма — крыж (22 м × 18 м), канцы якога завершаны паўкруглымі апсідамі. Цэнтр. прастора перакрыта купалам на 8-гранным барабане. Усх. і паўд. фасады ўпрыгожаны фігурнымі рэльефамі і разьбой. Да храма прымыкае крыжападобная малая царква (6 ст., захавалася ў руінах).

Храм Джвары Усходні фасад.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЯНЕ́ЦКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ўсходнепалескай школы (гл. ў арт. Палескія школы дойлідства). Пабудавана ў 1718 у в. Дубянец (Столінскі р-н Брэсцкай вобл.). Мае рысы стылю барока. Трохзрубны аб’ём глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага бабінца (у 19 ст. да яго прыбудавана званіца), квадратных у плане нефа і алтара з рызніцай. Неф завершаны масіўным светлавым васьмерыковым барабанам, накрытым купалам. Сцены гарызантальна ашаляваныя. У інтэр’еры ветразі барабана аздоблены размалёўкай.

Дубянецкая Прачысценская царква.

т. 6, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 20 ст. Пабудаваны ў 1913 у Гродне паводле праекта арх. Б.​Астравумава. Мае рысы стылю мадэрн. 2-павярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам з купалам у месцы злучэння аб’ёмаў. У дэкар. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытага муру з жоўтай цэглы і белых ляпных дэталей. Будынак аздабляюць каваныя агароджы балконаў, унутранай лесвіцы, навес над уваходам.

В.​М.​Чарнатаў.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-АДМІНІСТРА́ТАРА,

помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў Гродне, мае рысы стыляў барока і класіцызму. Уваходзіў у арх. ансамбль Гарадніцы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак з вальмавым дахам. Гал. фасад аздоблены лапаткамі, філёнгамі і нішамі, па баках раскрапаваны плоскімі рызалітамі. Больш нізкі 2-і паверх аддзелены карнізным поясам і багата дэкарыраваны. Архітэктурная выразнасць дасягаецца рэгулярным рытмам прамавугольных аконных праёмаў. Першапачатковая планіроўка і аздабленне інтэр’ераў парушаны.

А.​М.​Кулагін.

Гродзенскі дом віцэ-адміністратара.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВЯНЕ́ЦКІ АЛЯКСЕ́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1905—07 на могілках у г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. па фундацыі ген. Э.​Каверскага. Цагляны аднанефавы храм з пяціграннай апсідай і квадратнымі сакрысціямі. На гал. фасадзе выступае 2-ярусная 4-гранная шатровая званіца. Над апсідай чатырохгранная шатровая вежа-ліхтар. Прастора нефа перакрыта стральчатымі нервюрнымі скляпеннямі на падпружных арках, упрыгожанымі паліхромнай арнаментальнай размалёўкай. Перад касцёлам 3-арачная мураваная брама.

А.​М.​Кулагін.

Івянецкі Аляксееўскі касцёл.

т. 7, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́СІЦК,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Стыр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПдУ ад горада і 44 км ад чыг. ст. Пінск, 215 км ад Брэста. 726 ж., 296 двароў (1998). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі стаянка і паселішча эпохі неаліту і ранняга жал. веку.

т. 9, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ КАХА́ННЯ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1992). За 2 км на У ад в. Валоўшчына Мінскага р-на. Валун гранітагнейсу. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,4 м, выш. над паверхняй 1,1 м, у абводзе 12,6 м, аб’ём 8,3 м³, маса каля 22 т, поўны аб’ём валуна (з падземнай ч.) 53 м³, маса каля 140 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. У язычніцкія часы — культавы фетыш.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІ ЗВОН,

помнік бел. ліцця мастацкага. Адліты з бронзы 20.9.1748 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. на медналіцейным з-дзе М.​Чабана для царквы Параскевы Пятніцы. Выш. 62 см, найб. дыяметр 65 см. Дэкарыраваны трыма арнаментаванымі паясамі: у верхнім — вязь з выявамі гронак ягад і трохпялёсткавых кветак; у сярэднім — дата адліўкі звона і выява герба Рас. імперыі; у ніжнім — вязь са шчыльна пераплеценых расл. элементаў і выяў анёлаў. Зберагаецца ў Крычаўскім краязнаўчым музеі.

А.​І.​Сямёнаў.

т. 8, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)