ФАЦЭ́ЛІЯ (Phacelia),

род кветкавых раслін сям. вадаліснікавых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы. На Беларусі як пустазелле ў пасевах і на сенажацях трапляецца Ф. піжмалістая (Ph. tanacetifolia).

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 20—70(80) см. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, густаапушаныя белаватымі валаскамі. Лісце на кароткіх чаранках, перыстарассечанае або непарнаперыстае. Сіне-фіялетавыя шматлікія кветкі сабраны ў густыя коласападобныя суквецці. Плод — каробачка. Меданосныя, кармавыя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

т. 16, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАСТЫ́КТА (Phyllosticta),

род недасканалых грыбоў сям. шаравідкавых. Больш за 500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомыя Ф.: грушавая (Ph. pirina), лубінавая (Ph. lupinicola), яблыневая (Ph. mali) і інш. Паразіты, узбуджальнікі хваробы раслін пераважна сям. ружавых і бабовых.

Міцэлій галінасты, шматклетачны. Пладовыя целы (пікніды) чорныя, шарападобныя, утвараюцца на бураватых плямах. Канідыі аднаклетачныя, бясколерныя, яйцападобныя. Выходзяць наверх склееныя сліззю ў выглядзе жгута або стужкі. З дапамогай канідый можа адбывацца другаснае заражэнне расліны.

т. 16, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ф’Ю́ЧЭРС (англ. futures тавары, якія закупляюцца загадзя), ф’ючэрсная здзелка,

біржавая здзелка на куплю або продаж тавараў, паслуг ці каштоўных папер праз пэўны тэрмін па цэнах, якія дзейнічалі на момант заключэння пагаднення. Пашыраны на рынках тавараў, для якіх характэрны значныя змены цэн і дастаткова вял. аб’ёмы продажу (с.-г. і сыравінныя тавары, валюта, акцыі, аблігацыі і інш.). Выкарыстоўваецца для страхавання ад неспрыяльных ваганняў цэн, а таксама для атрымання прыбытку ад гэтых ваганняў.

т. 16, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАСТА́ТКІ (Thecla),

род матылёў сям. блакітніц. Больш за 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Жывуць у лясах, садах, на лугах і інш. На Беларусі 6 відаў.

Дзённыя матылі. Размах крылаў 1,5—3,5 см. Крылы шырокія, ніз буры з аранжавымі або чырв. плямамі, белай папярочнай паласой або белымі плямамі. Заднія крылы з хвосцікам (адсюль назва). Вусені кароткія, тоўстыя, макрыцападобныя; кормяцца на шыракалістых дрэвах.

С.​Л.​Максімава.

т. 16, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫ́НІЯ (Zinnia),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 15 відаў. Пашыраны ў Амерыцы. У Еўропе з 18 ст. На Беларусі інтрадукаваны Ц. зграбная (Z. elegans) і вузкалістая, або Хаге (Z. angustifolia, Z. haageana).

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты. Лісце супраціўнае, суцэльнае. Кветкі язычковыя і трубчастыя, сабраныя ў простыя ці махрыстыя адзіночныя буйныя кошыкі аранжавага, белага, жоўтага, пурпуровага, чырв. колеру. Плод — сямянка. Дэкар. расліны.

Цынія зграбная.

т. 17, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЦВЯРЫ́К у архітэктуры,

чатырохвугольнае ў плане збудаванне або састаўная ч. кампазіцыі шатровых і ярусных храмаў. Вядомы са старажытнасці большасці народаў свету, найб. пашыраны ў бел., рус. і ўкр. драўляным дойлідстве. Чацверыком узводзілі жылыя, гасп., вытв., культавыя, грамадскія і інш. збудаванні. У сучаснай архітэктуры спалучэннем Ч. і васьмерыкоў («васьмярык на чацверыку») ствараюцца выразныя рытмічныя верт. кампазіцыі грамадз. і культавых будынкаў.

Да арт. Чацвярык. Званіца ў в. Вялец Глыбоцкага раёна Віцебскай вобл.

т. 17, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВОНАВАЛЛЁВІК (Calidris testacea, або С. ferruginea),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Паўн. Азіі. На Беларусі рэдкі пралётны від.

Даўж. да 23 см, маса да 91 г. Знешне падобны на чорнаваллёвіка. Апярэнне спіны цёмна-бурае з рыжымі плямкамі. Шчокі, шыя і брушка каштанава-рыжыя, падхвосце белае. Дзюба амаль чорная, доўгая, крыху загнутая ўніз. Нясе 4 яйцы. Корміцца жукамі, насякомымі і іх лічынкамі, чарвямі, малюскамі, радзей — насеннем.

Э.​Р.​Самусенка.

Чырвонаваллёвік.

т. 17, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ПАЧКА (Verpa),

род сумчатых грыбоў-дыскаміцэтаў сям. гельвелавых. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — Ш. смаржковая (V.bohemica). Трапляецца ў крас. — чэрв. і вер. ў светлых лісцевых лясах.

Шапка дыям. 2—3 см, званочкападобная, маршчакаватая, жаўтавата-карычневая, знізу белаватая, на верхавінцы прырослая да ножкі, краі свабодныя. Мякаць тонкая, воскападобная, з непрыемным пахам. Ножка цыліндрычная, полая, белая, з лускавінкамі. Споры авальныя, гладкія, жаўтаватыя. Умоўна ядомы грыб.

Шапачка смаржковая.

т. 17, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧЫГО́Л, шчыгол чорнагаловы (Carduelis carduelis),

птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы. Насяляе лісцевыя і мяшаныя разрэджаныя лясы, культ. ландшафты. На Беларусі звычайны від.

Даўж. цела да 16 см, маса каля 20 г. Апярэнне яркае: вакол дзюбы шырокае чырв. кальцо, крылы і хвост чорныя, на крылах папярочная жоўтая паласа, спіна карычневая, цемя і патыліца чорныя. Нясе 4—6 яец Корміцца насеннем траў, насякомымі.

Шчыгол.

т. 17, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧЫТАМО́РДНІКІ (Agkistrodon),

род змей сям. ямкагаловых. 14 відаў. Пашыраны ў Азіі, Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць пераважна ў сухіх месцах, некат. звязаны з вадой.

Даўж. да 1,6 м. Афарбоўка стракатая. На пярэдняверхнім баку галавы некат. шчыткі павялічаны (адсюль назва). Яйцажывародныя, нараджаюць 2—12 дзіцянят. Кормяцца жабамі, грызунамі, яшчаркамі, беспазваночнымі. Укус Ш. балючы, але не смяротны. У некат. краінах спажываюць у ежу. Яд выкарыстоўваецца ў медыцыне.

Шчытаморднікі: 1 — звычайны; 2 — усходні.

т. 17, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)