А́ТЫС,

у грэчаскай міфалогіі бог фрыгійскага паходжання, любімец Вялікай маці багоў Кібелы. Сімвалам Атыса была хвоя. Паводле адной з легендаў, ён вылегчаў сябе ў рэліг. экстазе і стаў вярх. жрацом культу Кібелы. У гонар Атыса ў Рыме з 15 да 27 сак. праходзілі святкаванні, якія суправаджаліся нястрымнымі оргіямі. Жахі самакатаванняў Атыса апісаў рым. лірык Катул у паэме «Атыс».

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗКАДЗЕ́ЯННЕ,

канцэпцыя, паводле якой узаемадзеянні ў фізіцы паміж аддаленымі матэрыяльнымі аб’ектамі перадаюцца пры дапамозе «пасрэдніка» (гравітацыйнага, эл.-магн. ці іншага фіз. поля) ад аднаго пункта да другога з канечнай скорасцю. Напр., кожная эл. зараджаная часціца стварае вакол сябе эл.-магн. поле, якое дзейнічае на іншыя зараджаныя часціцы і распаўсюджваецца ў вакууме са скорасцю святла. Гл. таксама Далёкадзеянне.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДЗЯ́НСКІ (Барыс Львовіч) (10.6.1902, Пекін — 2.12.1945),

бел. сцэнарыст маст. і дакумент. кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). Працаваў на кінафабрыках «Саўкіно», з 1930 «Савецкая Беларусь». Паводле яго сцэнарыяў створаны маст. фільмы «Першы ўзвод» (1933) і «Залатыя агні» (1935); дакумент. фільмы «Канец жывых машын» (1930), «Дырэктар станка» (1931), «Ратуйце мільёны» (1932), «Ураган» (1932, разам з Р.​Кобецам), «Гонар свету» (1933).

т. 3, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНС-О-МЕ́ДАЎ (ĽAnse au Meadow),

паселішча нарвежскіх вікінгаў на в-ве Ньюфаўндленд, адзінае вядомае ў Паўн. Амерыцы. Верагодна, пабудавана ў канцы 10 ст., калі, паводле скандынаўскіх сагаў, нарвежцы на чале з Лейвам Эрыксанам абследавалі ўзбярэжжа Амерыкі на З ад Грэнландыі. Раскопкамі выяўлены рэшткі дамоў, сцены якіх выкладзены з торфу, кузня з кавалкамі балотнай руды, жал. цвікі, прасліца.

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПЕЛЬ ((Appell) Карл Юльянавіч) (16.12.1857, Парыж — 1930),

польскі і рускі мовазнавец. Выкладаў у гімназіях Варшавы. Працы па вывучэнні слав. моў: «Да славянскага народнага словаўтварэння» (1880), «Нататкі пра старажытнапольскую мову» (1880) і інш. У нарысе «Аб беларускай мове» (1880) разглядаў асн. фанетыка-граматычныя рысы бел. мовы. Паводле агульнамовазнаўчых поглядаў належаў да псіхал. кірунку ў лінгвістыцы.

М.​Г.​Булахаў.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́ ГЕХЕЦЫ́К, Ара Прыгожы,

у армянскім эпасе бог, які памірае і ўваскрасае, сын Арама, цар армянскай дзяржавы. Паводле міфаў, адмовіўся стаць мужам ці каханкам багіні кахання, царыцы Асірыі Шамірам, за што тая пайшла вайной на Арменію. А.Г. загінуў у баі, але па загадзе Шамірам аралезы (духі) ажывілі яго. Імем А.Г. назв. Арарацкая раўніна, гара Цахкеванк (другая яе назва Ара).

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЦЭНТРАЛЬНААМЕРЫКА́НСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (Organization Central American States; АЦАД),

рэгіянальная арг-цыя дзяржаў Цэнтр. Амерыкі. Створана ў 1951. Аб’ядноўвае Гандурас, Гватэмалу, Коста-Рыку, Нікарагуа, Сальвадор. Статут прадугледжвае магчымасць далучэння Панамы. Паводле Хартыі 1965 мэта арг-цыі — узаемадапамога, эканам., сац. і паліт. супрацоўніцтва ў Цэнтр. Амерыцы. Вышэйшыя органы — нарады кіраўнікоў краін-удзельніц і міністраў замежных спраў. Штаб-кватэра ў Сан-Сальвадоры.

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЖА́НЕ,

усходнеславянская племянная групоўка на р. Зах. Буг або Паўд. Буг (адсюль назва). Межы рассялення бужан пісьмовымі крыніцамі не вызначаны. Паводле Баварскага географа (9 ст.), мелі 231 «горад» (умацаванае паселішча). У пач. недатаванай часткі «Аповесці мінулых гадоў» адзначана, што папярэднікі бужан зваліся дулебамі, наступнікі — валынянамі. Гісторыкі лічаць, што ў дадзеным выпадку адбылася змена назвы мясц. насельніцтва.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКО́ЛАЎ ПАЎСТА́ННЕ,

антырымскае паўстанне ў Егіпце ў 172 (паводле інш. звестак у 174 ці 175). Назва ад Буколіі — забалочанай мясцовасці ў дэльце Ніла, куды з сярэдзіны 2 ст. ўцякалі сяляне ад цяжкіх падаткаў. Буколы пад кіраўніцтвам жраца Ісідара разбілі рым. легіёны, заваявалі ўвесь Ніжні Егіпет і падышлі да г. Александрыя. Задушана войскамі рым. палкаводца Авідзія Касія, выкліканага з Сірыі.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,

пастулат спецыяльнай адноснасці тэорыі, паводле якога ў адвольных інерцыяльных сістэмах адліку ўсе фіз. (мех., электрамагн. і інш.) з’явы пры адных і тых жа ўмовах працякаюць аднолькава. Справядлівасць адноснасці прынцыпу вызначае, што станы спакою і раўнамернага прамалінейнага руху не адрозніваюцца паміж сабой. Сфармуляваны ў 1905 А.Эйнштэйнам як абагульненне мех. прынцыпу адноснасці на ўсе фіз. з’явы (за выключэннем гравітацыйных).

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)