ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ БССР (ДПУ БССР),

спецслужба, дзярж. орган, надзелены правам аператыўна-вышуковай дзейнасці. Існавала ў 1922—34. Утворана пры ЦВК БССР паводле рашэння яго Прэзідыума ад 1.3.1922 на базе скасаванай Надзвычайнай камісіі БССР. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР 1927 ДПУ уваходзіла ў СНК рэспублікі. На ДПУ БССР ускладаліся задачы: барацьба з падрыўной дзейнасцю імперыял. разведак і замежных антысав. цэнтраў; прадухіленне і падаўленне адкрытых контррэв. выступленняў (паліт. і эканамічных); барацьба з бандытызмам і ўзбр. паўстаннямі; выяўленне контррэв. арг-цый і асоб, дзейнасць якіх накіравана на падрыў гасп. жыцця; ахова дзярж. тайнаў і барацьба са шпіянажам; ахова шляхоў зносін, барацьба з крадзяжом грузаў; ахова граніц, барацьба з эканам. і паліт. кантрабандай і незаконным пераходам граніцы; выкананне спец. заданняў ЦВК і СНК БССР па ахове рэв. парадку. У 1922 ДПУ БССР дзейнічала на аснове палажэнняў аб ДПУ РСФСР, яго мясц. органаў, асобых і трансп. аддзелаў, з 1923 на аснове палажэння аб АДПУ СССР і яго органах. У аператыўнай дзейнасці кіравалася загадамі і распараджэннямі ДПУ РСФСР, з 1923 — АДПУ СССР.

Органы ДПУ БССР былі эфектыўна дзейным інструментам паліт. улады, якая існавала ў БССР, як і ў СССР у цэлым. Пасля грамадз. вайны яны зрабілі істотны ўклад у стабілізацыю ўнутрыпаліт. становішча ў БССР. У 1-й пал. 1920-х г. займаліся барацьбой з узбр. антысав. атрадамі і групамі (Булак-Балаховіча, Паўлоўскага, Моніча, Караткевіча, Багулевіча і інш.), якія прарываліся з тэр. Зах. Беларусі, што адышла да Польшчы. Да сярэдзіны 1920-х г. была наладжана надзейная ахова бел. ўчастка зах. граніцы СССР, створана сістэма процідзеяння разведвальна-падрыўной дзейнасці спецслужбаў зах. дзяржаў і замежных антысав. цэнтраў і арг-цый. Супрацоўнікі ДПУ БССР удзельнічалі ў шэрагу разведвальных і контрразведвальных аперацый, якія праводзіла АДПУ (напр., вывад на сав. тэрыторыю і арышт у Мінску ў жн. 1924 Б.В.Савінкава). У сувязі з узмацненнем у канцы 1920-х г. тэндэнцыі да далейшай цэнтралізацыі ўсіх бакоў жыцця ў СССР, адсутнасцю дастатковай прававой базы дзейнасці спецслужбаў органы ДПУ усё больш ператвараліся ў простых выканаўцаў патрабаванняў саюзнага цэнтра. ДПУ БССР удзельнічала ў выцясненні, а пазней і знішчэнні паліт. і ідэйнай апазіцыі, нанясенні незаменных страт сялянству ў ходзе калектывізацыі, барацьбе з бел. нац.-дэмакр. рухам, праследаванні дзеячаў нац. культуры. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. кіраўніцтва ДПУ «выкрыла» шэраг «контррэвалюцыйных арганізацый»: «Саюз вызвалення Беларусі», «Беларускі філіял Працоўнай сялянскай партыі», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «шкоднікаў» у Наркамземе, Трактарацэнтры і інш. Паводле пастановы ЦВК БССР ад 15.7.1934 ДПУ пераўтворана ва Упраўленне дзяржбяспекі НКУС БССР.

А.​А.​Тозік.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ПО́ЛЬШЧЫ (КПП),

нелегальная паліт. партыя левага кірунку ў Польшчы, Зах. Беларусі і Зах. Украіне ў 1918—38 (да лют. 1925 наз. Камуніст. рабочая партыя Польшчы). Створана ў выніку аб’яднання Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы і Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы (у 1920 далучылася і Польская сацыяліст. партыя-апазіцыя) ва ўмовах уздыму рэв. руху пасля 1-й сусв. вайны. Паводле ўстаноўчых праграмных дакументаў гал. мэтай партыі абвешчана ажыццяўленне сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленне дыктатуры пралетарыяту ў Польшчы ў кантакце з рабочымі Сав. Расіі. Адна з заснавальніц (1919) Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). У 1922 створана легальная арг-цыя партыі — Саюз пралетарыяту горада і вёскі (ад яе ў ліст. 1922 выбраны 2 дэпутаты, у сак. 1928—7 дэпутатаў у сейм). Унутры партыі дзейнічалі аўтаномныя Камуністычная партыя Заходняй Украіны (КПЗУ, з 1921) і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, з 1923). Пад кіраўніцтвам КПП дзейнічалі Камуніст. саюз моладзі Польшчы (1922—38) і яго аўт. часткі — Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі і Камуніст. саюз моладзі Зах. Украіны. На 2-м з’ездзе КПП (вер.кастр. 1923) у праграме выпраўлены левасектанцкія хібы па сял. і нац. пытаннях. Супрацоўнічала з Незалежнай сялянскай партыяй, Беларускай сялянска-рабочай грамадой, Сельробам і інш. арг-цыямі. Арганізоўвала і падтрымлівала выступленні рабочых і сялян у абарону іх сац. і паліт. правоў. У адпаведнасці з рашэннямі 7-га кангрэса Камінтэрна (1935) праводзіла курс на стварэнне антыфашысцкага народнага фронту, патрабавала скасаваць германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе, ініцыіравала правядзенне антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове, выступала за дружбу з СССР. Ў 1930-я г. КПП разам з КПЗБ і КПЗУ налічвала больш за 20 тыс. членаў, з іх 5—6 тыс. былі ў зняволенні. У 1936—38 многія члены КПП, КПЗБ і КПЗУ добраахвотна ўдзельнічалі на баку рэспубліканцаў у грамадз. вайне ў Іспаніі. Вышэйшы орган партыі — з’езд (адбыліся ў 1918, 1923, 1925, 1927, 1930, 1932), паміж з’ездамі — ЦК на чале з ген. сакратаром. Кіраўнікі: А.Е.Варскі (Варшаўскі), М.​Кашуцкая (В.​Костшэва), Ю.​Ляшчынскі (Ленскі), Э.​Прухняк і інш. Нелегальна выдавала газ. «Czerwony sztandar» («Чырвоны сцяг») і тэарэтычны час. «Nowy przegląd» («Новы агляд»), У жн. 1938 распушчана разам з КПЗБ і КПЗУ Выканкомам Камінтэрна на падставе лжывых абвінавачанняў у шырокім пранікненні варожай агентуры ў кіраўніцтва партыі. У лют. 1956 камуніст. партыі СССР, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі заявілі аб прызнанні неабгрунтаваным роспуску КПП, КПЗБ і КПЗУ.

т. 7, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ РА́ДА БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ,

орган прадстаўнічай улады Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) выступілі супраць «супрацоўніцтва» с.-д. кіраўніцтва Рады БНР з польскімі ўладамі. Рада БНР падзялілася на 2 часткі: большая яе частка (50 чал.) абвясціла сябе Н.р. БНР, меншая (37 чал.) — Найвышэйшай радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Старшынёй Н.р. БНР абраны П.​А.​Крачэўскі (БПС-Ф), яго намеснікамі — П.​Бадунова (БПС-Р) і В.​І.​Захарка (БПС-Ф), сакратарамі — Н.​Козіч і Я Мамонька (БПС-Р). Яны склалі прэзідыум Н. р. БНР, які ў перыяд паміж сесіямі выконваў яе паўнамоцтвы. Раду Міністраў узначаліў В.​Ю.​Ластоўскі (БПС-Р). Пастановай Рады было прадугледжана, што ўсе дзеянні ўрада ўзгадняюцца з прэзідыумам Рады. Польскія акупац. ўлады не прызналі Н.р. БНР, выдалі загад пра яе роспуск, Бадунову, Ластоўскага і Мамоньку зняволілі ў турму. У студз. 1920 патаемна выехалі з Мінска ў Берлін Крачэўскі і Захарка. У маі 1920 Бадунова, Т.​Грыб, Ластоўскі і Мамонька атрымалі дазвол выехаць у Рыгу, дзе да іх далучыліся Крачэўскі і Захарка. 4.7.1920 пачалося паспяховае наступленне Чырв. Арміі на сав.-польскім фронце. Паводле дагавора паміж Літвой і РСФСР ад 12.7.1920 Літ. Рэспубліцы былі перададзены Вільня і Віленскі край. Гэта выклікала абурэнне і Найвышэйшай, і Н.р. БНР. Захарка, які ўзначальваў дэлегацыю ўрада Ластоўскага на перагаворах у Маскве, уручыў ноту пратэсту наркому замежных спраў РСФСР Г.​В.​Чычэрыну. Гэты пратэст быў адвергнуты. Стала зразумела, што Сав. Расія не прызнае БНР. Бел. эсэры адмовіліся супрацоўнічаць з бальшавікамі і не падпісалі Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Яны патрабавалі абвясціць поўную незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах, стварыць самастойнае бел. войска і кааліцыйны сацыяліст. ўрад. Марнымі аказаліся спадзяванні і Найвышэйшай рады БНР на тое, што бел. дзяржаву прызнае Польшча. Пасля заключэння 12.10.1920 прэлімінарнага міру паміж РСФСР і Польшчай у Рызе 20 кастр. адбылася нац.-паліт. нарада з удзелам прадстаўнікоў БПС-Р, БПС-Ф і бел. сацыял-дэмакратаў. Чл. прэзідыума Найвышэйшай рады БНР К.​Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду адзінай паліт. структурай БНР. З гэтага часу Н.р. БНР зноў стала называцца Радай БНР.

Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998. Анатоль Сідарэвіч.

т. 11, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ САКРАТАРЫЯ́Т БЕЛАРУ́СІ,

орган выканаўчай улады, сфарміраваны 21.2.1918 Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда. Старшыня і адначасова нар. сакратар замежных спраў Я.​Варонка, нар. сакратары: П.​Бадунова (апекі), Г.​Белкінд (фінансаў), Я.​Я.​Бялевіч (юстыцыі), Т.​Т.​Грыб (земляробства), Л.​Гутман (яўр. спраў), К.​Б.​Езавітаў (вайск. спраў), П.​У.​Злобін (велікарускіх спраў), А.​Карач (пошты і тэлеграфа), П.​А.​Крачэўскі (кантролю), І.​Макрэеў (унутр. спраў), В.​Рэдзька (шляхоў зносін), Я.​Серада (нар. гаспадаркі), А.​А.​Смоліч (асветы). Казначэй — В.​І.​Захарка, кіраўнік канцылярыі — Л.​І.​Заяц. Членамі ўрада былі пераважна прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Н.с.Б. працаваў у цяжкіх умовах ням. акупацыі. У апазіцыі да Н.с.Б. знаходзілася па-прагерманску настроеная група правых паліт. дзеячаў, якія гуртаваліся ў «Менскім беларускім прадстаўніцтве». 12.4.1918 іх прадстаўнікі былі кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 яны ад імя Рады БНР пры падтрымцы некат. сацыялістаў накіравалі тэлеграму кайзеру Вільгельму II, у якой заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць пад апекай Германіі. У выніку ў БСГ адбыўся раскол: утварыліся Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел. партыя сацыялістаў-федэралістаў і Бел. с.-д. партыя. У пач. мая сацыялісты-рэвалюцыянеры Бадунова, Грыб, Заяц і сацыял-дэмакрат Смоліч выйшлі з Н.с.Б. Быў створаны 2-і ўрад БНР, які больш вядомы як Рада пяцёх. Карыстаючыся адсутнасцю ў Мінску большасці левых членаў Рады БНР, правыя стварылі ў маі 1918 Н.с.Б., альтэрнатыўны Радзе пяцёх. У склад яго ўваходзілі Р.​А.​Скірмунт (старшыня), К.​А.​Кандратовіч (нар. сакратар унутр. спраў), мінскі гар. галава Хржанстоўскі (казначэй, у чэрв. яго замяніў Ф.​М.​Вернікоўскі), П.​П.​Аляксюк і Р.​К.​Астроўскі (члены ўрада). 3-і ўрад спыніў сваё існаванне ў чэрв. 1918. Ў выніку кампрамісу, дасягнутага паміж левымі і правымі, Рада БНР сфарміравала 4-ы Н.с.Б., у склад якога ўваходзілі члены БПС-Ф і БПС-Р Серада (старшыня), Захарка, Заяц, а таксама Вернікоўскі (нар. сакратар гандлю і прам-сці). 11.10.1918 Н.с.Б. перайменаваны ў Раду народных міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998.

Літ.:

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Яго ж. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мн., 1995;

Круталевич В.А. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн. 1999;

Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. На пераломе эпох: станаўленне бел. дзяржаўнасці (1917—1920 гг.): Мн., 1999.

Анатоль Сідарэвіч.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯНЕ́РСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,

грамадскія арг-цыі дзяцей і дарослых, члены якіх называюць сябе піянерамі (франц. pionnier даследчык). Існуюць у Расіі, Украіне, Беларусі, Казахстане, Кітаі, Францыі, Партугаліі, Фінляндыі і інш. краінах, адрозніваюцца структурай, мэтамі і формамі дзейнасці. Упершыню ўзніклі ў Расіі ў маі 1922 як дзіцячыя камуніст. арг-цыі, якія ў кастр. 1922 аб’яднаны ва ўсерас. дзіцячую камуніст. арг-цыю «Юныя піянеры імя Спартака» (з 1926 Усесаюзная П.а. імя У.​І.​Леніна). П.а. СССР (у 1988 больш за 20 млн. 10—15-гадовых піянераў-школьнікаў) дзейнічала пад кіраўніцтвам камсамола як яго рэзерв і памочнік, мела сетку пазашкольных устаноў — палацы і дамы піянераў і школьнікаў, піянерскія лагеры і інш., выдавала (1988) 34 газеты і 53 часопісы. Ў яе ўваходзіла Бел. П.а. імя У.​І.​Леніна (створана ў 1922, каля 900 тыс. чл. у 1977). З 1920-х г. П.а. існавалі пры камуніст. і левых сацыяліст. і рабочых партыях многіх краін (у т. л. ў Зах. Беларусі). Распад сусв. сацыяліст. сістэмы і СССР выклікаў крызіс піянерскага руху. Усесаюзная П.а. імя У.​І.​Леніна 1.10.1990 пераўтворана ў Саюз П.а. — Федэрацыю дзіцячых арг-цый, якая ў 2001 аб’ядноўвала на ўмовах свабоднай асацыяцыі 65 піянерскіх і інш. дзіцячых арг-цый у большасці б. рэспублік СССР. Яе членам з’яўляецца грамадскае аб’яднанне Бел. рэсп. піянерская арг-цыя (БРПА, утворана 13.9.1990) — добраахвотная непаліт. грамадская арг-цыя дзяцей (ад 7 гадоў) і дарослых (узрост неабмежаваны) са свабодным членствам, правапераемніца Бел. П.а. імя У.​І.​Леніна. Налічвае (2001) 280 тыс. членаў. Гал. мэта — дапамагчы падлеткам у іх грамадз. станаўленні, арыентаваць іх на актыўную стваральную дзейнасць, накіраваную на пазнанне свету і паляпшэнне навакольнага жыцця. Кіруючыя органы — Цэнтр. савет (Мінск), абласныя, гар. і раённыя саветы піянераў. Вышэйшы органрэсп. злёт, які раз у 3 гады выбірае старшыню Цэнтр. савета. Асн. праца БРПА вядзецца ў школах, дзе ствараюцца піянерскія дружыны (5 і больш піянераў), якія могуць аб’ядноўвацца ў атрады. Членства ў арг-цыі падзяляецца на 4 ступені: «наследнікі» (папярэдняя ступень, школьнікі 7—10 гадоў), «даследчыкі» (уласна піянеры, дзеці з 10 гадоў), «выпрабавальнікі» (старэйшыя піянеры), «лідэры» (кіраўнікі аб’яднанняў). «Даследчыкі», «выпрабавальнікі» і «лідэры» носяць чырв. гальштукі з адпаведнай колькасцю каляровых стужак-нашывак. БРПА працуе па 5 асн. праграмах: «Сем Я» — самапазнанне і развіццё асобы; «Наследнікі» — праца з малодшымі школьнікамі; «Спадчына» — засваенне сац.-культ. традыцый, фарміраванне экалагічнага мыслення, «Гульня — справа сур’ёзная» — выкарыстанне патэнцыялу гульні ў гуманізацыі адносін паміж падлеткамі; «Дзіцячы ордэн міласэрнасці». Вынікі выканання праграм падводзяцца ў штогадовых летніх палатачных лагерах.

А.​Л.​Бабіцкі.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПЫТА́ННЯХ АДУКА́ЦЫІ, НАВУ́КІ І КУЛЬТУ́РЫ (United Nations Educational Scientific and Cultural Organization; ЮНЕСКА),

спецыялізаваная міжурадавая ўстанова ААН, якая садзейнічае ўмацаванню міру і міжнар. бяспекі праз развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Створана на Лонданскай устаноўчай канферэнцыі ў ліст. 1945, афіцыйна дзейнічае з 4.11.1946 (з дня ўступлення ў сілу Статута ЮНЕСКА). На пач. 1995 членства ў ЮНЕСКА мела 171 дзяржава, у т. л. Рэспубліка Беларусь (з 1954, разам з СССР і Украінай). Кіруючыя органы ЮНЕСКА: Генеральная канферэнцыя, Выканаўчы савет і Сакратарыят, які ўзначальваецца Генеральным дырэктарам. Ген. канферэнцыя — вышэйшы орган, які вызначае стратэгію дзейнасці ЮНЕСКА, — склікаецца на чарговыя сесіі раз у 2 гады; у ёй прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх дзяржаў — членаў ЮНЕСКА. На канферэнцыі зацвярджаецца праграма і бюджэт арг-цыі, фарміруецца Выканаўчы савет, прызначаецца Ген. дырэктар (тэрмінам на 6 гадоў), прымаюцца канвенцыі і рэкамендацыі, новыя члены арг-цыі. Паміж сесіямі арг-цыяй кіруе Выканаўчы савет, які складаецца з 51 прадстаўніка. У склад Сакратарыята ўваходзяць сектары: адукацыі, прыродазнаўчых навук, грамадскіх навук, камунікацый, супрацоўніцтва, знешніх зносін. Сектары ўзначальваюць намеснікі Ген. дырэктара. Штаб-кватэра ЮНЕСКА ў Парыжы.

Дзейнасць ЮНЕСКА ажыццяўляецца паводле сярэднетэрміновых і кароткатэрміновых (2-гадовых) планаў, у якіх сфармуляваны агульныя кірункі дзейнасці, распрацаваныя на аснове аналізу актуальных праблем. Праграмныя галіны дзейнасці ЮНЕСКА ў 1994—95: адукацыя і будучыня; навука ў інтарэсах прагрэсу і навакольнае асяроддзе; культура — мінулае, сучаснае і будучае; камунікацыя — інфармацыя і інфарматыка на службе чалавецтва; сац. і гуманіт. развіццё навукі — уклад у развіццё міру, правоў чалавека і дэмакратыі. Праграмы ажыццяўляюцца ў форме канферэнцыі, нарады, сімпозіума, міжнар. кампаніі, збору, аналізу і распаўсюджвання стат. даных, садзейнічання дзяржавам у правядзенні рэстаўрацыйных работ, стварэння навуч. устаноў, іх абсталявання, накіравання экспертаў, кансультацый, дапамогі ў распрацоўцы навук. і навуч. праграм. Важная форма дзейнасці ЮНЕСКА па пашырэнні нац. і міжнар. супрацоўніцтва і ўзаемаразумення — распрацоўка міжнар. канвенцый, дэкларацый, рэкамендацый (напр., Усеагульная канвенцыя аб аўтарскім праве 1952, Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны 1972, Рэкамендацыя аб развіцці адукацыі дарослых 1978 і інш.). Для кіравання асобнымі праграмамі Ген. канферэнцыя можа ствараць дапаможныя к-ты і камісіі. Так, для кіравання праграмай «ЮНЕСКА — Чарнобыль» створаны спец. камітэт. У рэалізацыі праграм ЮНЕСКА удзельнічаюць нац. камісіі, якія выконваюць кансультатыўныя функцыі пры дэлегацыі сваёй краіны на Ген. канферэнцыі або пры сваім урадзе. У Рэспубліцы Беларусь нац. камісія па справах ЮНЕСКА створана ў 1956. Узначальвае яе, як правіла, міністр замежных спраў. ЮНЕСКА выпускае 26 перыяд. выданняў на розных мовах. Найб. папулярны сярод іх штомесячнік «Курьер ЮНЕСКО».

Літ.:

Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986.

Л.​В.​Паўлава.

Эмблема Арганізацыі аб’яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

т. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІТАРАТУ́РА І МАСТА́ЦТВА»,

штотыднёвая бел. грамадска-паліт. і літ.-маст. газета. Выдаецца з 26.2.1932 у Мінску на бел. мове, выходзіла 1 раз, са студз. 1957—2 разы на тыдзень, з крас. 1970 штотыднёвік (на 16 старонках). Спачатку орган Федэрацыі аб’яднанняў сав. пісьменнікаў БССРчэрв. 1932 — Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР) і Галоўмастацтва БССР. У Вял. Айч. вайну не выходзіла. Адноўлена 10.4.1945. Рэдактары: Х.​Дунец (1932—35), І.​Гурскі (1935—41), А.​Куляшоў (1945—46), М.​Горцаў (1947—49), П.​Кавалёў (1949—50), В.​Вітка (1951—57), М.​Ткачоў (1957—59), Я.​Шарахоўскі (1959—61), Н.​Пашкевіч (1961—69), Л.​Прокша (1969—72), Х.​Жычка (1972—76), А.​Асіпенка (1976—80), А.​Жук (1980—86), А.​Вярцінскі (1986—90), М.​Гіль (1990—97), У.​Някляеў (1997—99), А.​Пісьмянкоў (з 1999). Мае аддзелы: публіцыстыкі, пісьмаў і грамадскай думкі, літ. жыцця, крытыкі і бібліяграфіі, паэзіі і прозы, музыкі, тэатра, кіно і тэлебачання, выяўл. мастацтва, аховы помнікаў, маст. афармлення. Асвятляе літ., культ. і грамадска-паліт. жыццё Беларусі. Змяшчае матэрыялы па пытаннях развіцця л-ры, тэатр. і выяўл. мастацтва, музыкі і кіно, тэлебачання і радыё, архітэктуры, самадз. творчасці і інш. Друкуе маст. творы: урыўкі з паэм, аповесцей, раманаў, п’ес, вершы, апавяданні, прапагандуе новыя творы сучасных аўтараў. Публікуе матэрыялы па гісторыі л-ры, тэатра, кіно, на старонках газеты ў розных аспектах асэнсоўваюцца падзеі нац. мінуўшчыны. У газеце ўпершыню апублікаваны многія творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Чорнага, К.​Крапівы, П.​Броўкі, А.​Куляшова, М.​Танка, І.​Мележа, В.​Быкава, П.​Панчанкі, І.​Шамякіна, Я.​Брыля, А.​Макаёнка, І.​Чыгрынава, Н.​Гілевіча, Р.​Барадуліна, Б.​Сачанкі, І.​Пташнікава, Я.​Сіпакова і інш.

У даваенны час змяшчала ў асн. матэрыялы, якія тычыліся розных юбілеяў, услаўлялі сацыяліст. рэчаіснасць, выкрывалі «ворагаў народа». У ацэнцы паліт. жыцця выяўлялася тэндэнцыйнасць, у аналізе асобных твораў пераважаў вульгарна-сацыялагічны падыход. На першы план ставілася ідэйная скіраванасць твора, а не яго маст. каштоўнасць. Аб’ектыўнасць у ацэнцы падзей і твораў, паварот да надзённых праблем жыцця намеціўся ў сярэдзіне 1950-х г. Асвятляе праблемы стану і лёсу нац. мовы. Упершыню надрукавала матэрыялы пра Курапаты, пра рэпрэсіі ў 1930-я г., вярнула з небыцця імёны А.​Гаруна, Н.​Арсенневай, М.​Сяднёва, Ю.​Віцьбіча, У.​Глыбіннага і інш. Апошнім часам шмат увагі аддае гісторыі выяўл. мастацтва (М.​Шагал, У.​Стрэмінскі), музыкі (Н.​Орда, А.​Абрамовіч, Ф.​Міладоўскі, В.​Казлоўскі). Асэнсоўваецца жыццёвы і творчы шлях бел. нац. дзеячаў В.​Ластоўскага, Я.​Лёсіка, М.​Доўнар-Запольскага, І.​Дварчаніна, Сімяона Полацкага, А.​Бурбіса, П.​Бадуновай, Ф.​Аляхновіча і інш.

А.​А.​Марціновіч.

т. 9, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ СХОД ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ, нацыянальны сход Заходняй Беларусі,

вярхоўны орган нар. улады ў Заходняй Беларусі пасля яе ўз’яднання з БССР. Выбары ў Нар. сход адбыліся ў адпаведнасці з пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 1.10.1939 «Пытанні Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі». У ёй вызначаліся мэты, час, працэдура арганізацыі і правядзення выбараў, а таксама пытанні, якія павінны быць вырашаны дэпутатамі сходу. Пастанова прадугледжвала правядзенне выбарчай кампаніі пад лозунгамі ўстанаўлення сав. улады на тэр. Зах. Беларусі і Зах. Украіны, уваходжання Зах. Беларусі ў склад БССР і Зах. Украіны ў склад УССР, адабрэння канфіскацыі памешчыцкіх зямель, патрабавання нацыяналізацыі банкаў і буйной прам-сці. 1-му сакратару ЦК КП(б)Б П.​К.​Панамарэнку даручалася падрыхтаваць адпаведныя дэкларацыі па парадку дня Нар. сходу. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Нар. сходу прадастаўлялася сял. к-там, часовым упраўленням гарадоў, сходам рабочых на прадпрыемствах, членам рабочай гвардыі, прадстаўнікам інтэлігенцыі. Выбарчае права атрымалі ўсе грамадзяне, якім споўнілася 18 гадоў, незалежна ад сац. паходжання, маёмаснага стану, нац. прыналежнасці і папярэдняй паліт. дзейнасці. Рэальнае права выбіраць і быць абранымі атрымалі і жанчыны. Выбары праводзіліся на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Ад 5 тыс. выбаршчыкаў у Нар. сход выбіраўся 1 дэпутат. У выбарах, якія адбыліся 22.10.1939, з агульнай колькасці 2 763 191 выбаршчык у галасаванні ўдзельнічала 2 672 280 чал. (96,71%). Было абрана 929 дэпутатаў. Супраць галасавалі 247 245 выбаршчыкаў (9,3%), прызнаны несапраўднымі 14 932 бюлетэні. У 2 выбарчых акругах Высока-Мазавецкага пав. кандыдаты не атрымалі большасці, і выбары былі праведзены паўторна. Пасяджэнне Нар. сходу адбылося 28—30.10.1939 у Беластоку. Прысутнічала 926 дэпутатаў, з іх паводле сац. складу — 563 селяніны, 197 рабочых, 112 прадстаўнікоў інтэлігенцыі, 29 служачых, 25 саматужнікаў; паводле нац. складу — 621 беларус, 127 палякаў, 72 яўрэі, 53 украінцы, 43 рускія і інш. Сярод дэпутатаў былі актыўныя ўдзельнікі рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі ўрада БССР, нар. паэты Беларусі Я.​Купала і Я.​Колас. Парадак дня: аб дзярж. уладзе (С.​В.​Прытыцкі); аб уваходжанні Зах. Беларусі ў склад БССР; аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель; аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прам-сні. Сход адкрыў старэйшы дэпутат селянін С.​Ф.​Струг. Нар. сход аднагалосна прыняў 4 канстытуцыйныя акты, выбраў Паўнамоцную камісію з 66 чал. для пасылкі ў Маскву, каб перадаць яго рашэнне адносна ўступлення Зах. Беларусі ў склад СССР. Нар. сход абвясціў 17 верасня днём вызвалення працоўных Зах. Беларусі ад прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў.

Літ.:

Народное (Национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;

Назаўсёды разам: Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мн., 1999.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава на ПнЗ сучаснай Расіі з цэнтрам у г. Ноўгарад у 1136—1478. Узнікла ў выніку распаду Кіеўскай Русі. Тэр. Н.ф.р. пашыралася шляхам каланізацыі і ў 15 ст. распасціралася ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала і ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, а таксама лясныя і марскія промыслы, ільнаводства, здабыча солі і выплаўка жалеза. Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Ноўгарад, Старая Руса, Ладага, Таржок, Арэшак і інш. Наўгародскія купцы мелі шырокія гандл. сувязі з інш. землямі Русі і замежнымі краінамі. Вышэйшы орган улады Н.ф.р. — наўгародскае веча, якое выбірала пасадніка (гал. службовую асобу), тысяцкага і (з 1156) архіепіскапа. Архіепіскап фактычна ўзначальваў выканаўчую ўладу дзяржавы, кіраваў яе знешнімі зносінамі, выконваў суд. і інш. функцыі. Наўгародскі князь запрашаўся з інш. княстваў вечам, якое заключала з ім дагавор («рад»), і выконваў пераважна функцыі военачальніка. Рэальная ўлада знаходзілася ў руках невял. групы буйных феад. землеўладальнікаў (30—40 баярскіх сем’яў). У 12—15 ст. Н.ф.р. вяла шматлікія, пераважна абарончыя войны супраць Швецыі, Лівонскага ордэна, Даніі, ВКЛ і Маскоўскага вялікага княства. З 1250-х г. яна была вымушана плаціць даніну Залатой Ардзе. Маскоўскае вял. княства і ВКЛ з пач. 14 ст. імкнуліся, у т. л. з дапамогай ваен. сілы, усталяваць свой суверэнітэт над Н.ф.р., урад якой шляхам лавіравання паміж імі (у т. л. запрашаючы князёў то з ВКЛ, то з маскоўскіх уладанняў) працяглы час захоўваў фактычную незалежнасць сваёй дзяржавы. У 1410-я г. рым. папы Іаан XXIII і Марцін V выдалі некалькі булаў, якімі прызнавалі Вітаўта і Ягайлу «ген. вікарыямі» Ноўгарада і Пскова, але спробы Вітаўта заваяваць Н.ф.р. былі безвыніковымі. Залежнасць Н.ф.р. ад маскоўскіх князёў узмацнілася пасля Яжалбіцкага міру 1456, якім скончылася чарговае, няўдалае для Ноўгарада супрацьстаянне з Масквой. Каб пазбегнуць поўнага падпарадкавання Маскве, правячыя колы Н.ф.р. ў 1470 запрасілі да сябе князем слуцкага кн. Міхаіла Алелькавіча і былі гатовы прызнаць сваім сюзерэнам вял. князя ВКЛ Казіміра IV, аднак у 1471, пасля паражэння ад маскоўскіх войск у Шалонскай бітве, падпісалі з вял. маскоўскім кн. Іванам III Карастынскі мір, які амаль пазбавіў Н.ф.р. самастойнасці. У 1478 Іван III канчаткова ліквідаваў Н.ф.р. і далучыў яе тэр. да Маскоўскай дзяржавы. Н.ф.р. была самай развітай у культ. адносінах часткай Русі з шырока распаўсюджанай пісьменнасцю (пра гэта сведчаць берасцяныя граматы), багатымі традыцыямі летапісання (гл. Наўгародскія летапісы), уласнымі школамі дойлідства і выяўл. мастацтва (гл. Наўгародская школа дойлідства, Наўгародская школа іканапісу).

Літ.:

Янин В.Л. Новгородские акты XII—XV вв. М., 1991;

Фроянов И.Я. Мятежный Новгород. СПб., 1992.

С.​В.​Пазняк.

т. 11, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДНЁНЫЯ ГАРАДЫ́,

гарады-пабрацімы, гарады розных краін, якія маюць пагадненні аб пабрацімстве і супрацоўніцтве ў эканам., культ., гуманітарнай сферах, праводзяць сярод насельніцтва дзейнасць па ўмацаванні даверу, узаемаразумення, па абмене вопытам гар. самакіравання, камунальнага гаспадарання і інш. Пачатак руху П.г. пакладзены ў гады 2-й сусв. вайны: у 1942 два гарады, якія асабліва пацярпелі ад яе наступстваў, — Ковентры (Вялікабрытанія) і Сталінград (СССР) — прынялі рашэнне ўстанавіць дружалюбныя адносіны з мэтай развіцця супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту сваіх грамадзян. У канцы 1950-х г. рух параднення гарадоў атрымаў міжнар. прызнанне і афіц. статус. У крас. 1957 у франц. г. Экс-ле-Бен на ўстаноўчым кангрэсе заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў (СФПГ). У адпаведнасці са Статутам Федэрацыі асн. мэта руху — развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і паліт. сістэмы. Вышэйшы орган СФПГ — Ген. асамблея, раз у 3 гады склікаюцца кангрэсы, бягучую работу каардынуе Выканаўчы савет. У складзе СФПГ дзейнічаюць спецыялізаваныя грамадскія арг-цыі: Сусветны сакратарыят моладзі гарадоў-пабрацімаў, «Добраахвотнікі супрацоўніцтва» і інш. Па ініцыятыве СФПГ з 1963 апошняя нядзеля красавіка адзначаецца як Сусв. дзень П.г. З 1967 калект. членам СФПГ стала Асацыяцыя па сувязях сав. і замежных гарадоў, створаная ў СССР у 1964. Пры садзейнічанні Асацыяцыі 289 гарадоў б. СССР сталі пабрацімамі 530 гарадоў у 71 краіне свету. У пач. 1990-х г., калі былыя сав. рэспублікі сталі незалежнымі дзяржавамі, Асацыяцыя П.г. СССР набыла новы статус і перайменавана ў Міжнар. асацыяцыю «Параднёныя гарады». У Рэспубліцы Беларусь парадненне гарадоў пачалося ў 1950-я г. У 2000 31 бел. горад падтрымліваў сувязі са 119 гарадамі 24 краін свету, у т. л. 16 маюць пабрацімаў у ФРГ, 8 — у Польшчы, 8 — у Францыі, 18 — у Балгарыі. 35 бел. гарадоў устанавілі пабрацімскія сувязі з рас. гарадамі (сак. 2000). У 1990-я г. найб. эфектыўныя сувязі мелі: Мінск з Нотынгемам (Вялікабрытанія, з 1957), Бангалорам і Сендаем (Індыя, Японія, з 1973), Ліёнам і Луандай (Францыя, Ангола, з 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, з 1967); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, з 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, з 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, з 1975); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры і Зялёнай Гурай (Германія, Польшча, з 1969); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, з 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, з 1990); Гродна з Беластокам (Польшча, з 1960) і Ліможам (Францыя, з 1976); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, з 1977); Полацк з Фрыдрыхсгафенам (Германія, з 1994) і інш. Для каардынацыі работы ў 1993 створана Бел. асацыяцыя П.г.

В.​В.​Брыгадзіна, Н.​С.​Іванова.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)