ІВА́КІН (Генадзь Пятровіч) (н. 26.12.1930, г. Бабруйск),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Вучыўся ў Я.Чамадурава і П.Масленікава. Аформіў спектаклі «Босая птушка» М.​Волінай (Гродзенскі абл. драм. т-р, 1966), «Два клёны» Я.​Шварца (Рэсп. т-р юнага гледача, 1968) і інш., інтэр’еры музея Я.​Коласа ў Мінску (1964—65), зрабіў эскіз дэкарацыі да оперы М.​Мусаргскага «Барыс Гадуноў» (1967) і інш. Сярод жывапісных работ «Браслаў асенні», «Крыніцы» (абедзве 1990), «Свята светлага Вялікадня» (1995), «Жыровічы» (1997), нацюрморты.

Г.Івакін Эскіз дэкарацыі да оперы М.​Мусаргскага «Барыс Гадуноў». 1967.

т. 7, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМГЛА́, сухі туман,

памутненне ніжніх слаёў атмасферы ад мноства завіслых цвёрдых часцінак (дыму, гары, пылу). Бачнасць пры І. зніжаецца ад 1 км да некалькіх соцень і дзесяткаў метраў. Характэрна для пустынных і стэпавых раёнаў пры эрозіі глебы і пылавых бурах, узнікае пры лясных і тарфяных пажарах, вулканічных вывяржэннях. У вял. гарадах бывае гарадская І., выкліканая антрапагенным забруджваннем паветра (гл. Смог). На тэр. Беларусі здараецца толькі ў ціхае надвор’е, пераважна ў вял. гарадах (у Мінску — да 12 дзён за год), радзей пры пажарах на тарфяніках і ў лясах.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т ЖУРНАЛІ́СТЫКІ імя С.​М.​Кірава (КІЖ). Існаваў у 1932—40 у Мінску як навуч. ўстанова для падрыхтоўкі кадраў для раённых, абл. і рэсп. газет. Засн. на базе газетнага аддз. Камуністычнага універсітэта Беларусі. У 1935 прысвоена імя Кірава. Прымаліся асобы, якія мелі стаж работы не меншы як 3 гады і 2 гады кіруючай парт. і грамадскай работы. Тэрмін навучання 3 гады. Пры КІЖы працавалі 1-гадовая вячэрняя школа журналістаў камсамольска-маладзёжных газет і сектар завочнага навучання. Рэарганізаваны ў Бел. ін-т журналістыкі (існаваў да 1941).

Г.​Л.​Напрэеў.

т. 7, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАРТЭ́Т САЮ́ЗА КАМПАЗІ́ТАРАЎ БССР,

ансамбль інструменталістаў. Існаваў у Мінску ў 1962—90. У першы склад уваходзілі В.​Сарока (1-я скрыпка), П.​Валадарскі (2-я скрыпка), Л.​Ластаўка (альт), М.​Шчарбакоў (віяланчэль), у другі — Ю.​Гершовіч (з 1965), Т.​Боднева, В.​Баткіна, Шчарбакоў. У рэпертуары большасць квартэтаў бел. кампазітараў (М.​Аладава, В.​Войціка, В.​Залатарова, Дз.​Лукаса, І.​Лучанка, П.​Падкавырава, Э.​Ханка, К.​Цесакова, М.​Чуркіна), а таксама творы сусв. квартэтнай класікі, сучасных замежных кампазітараў. Выкананне квартэта вызначалі ансамблевая зладжанасць, пачуццё стылю.

Р.​М.​Аладава.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МЕР (Арон Іосіфавіч) (1865, г. Швенчоніс, Літва — 1935),

дзеяч рэв. руху; адзін са стваральнікаў Бунда і першых прапагандыстаў марксізму ў Расіі. У брашуры «Аб агітацыі» (1897, пад рэд. Ю.​В.​Мартава) аддаваў перавагу эканамічным, а не паліт. патрабаванням рабочых. У сак. 1898 дэлегат Першага з’езда РСДРП у Мінску ад Бунда. У 1898—1905 чл. ЦК Бунда. Пасля рэвалюцыі 1905—07 адышоў ад паліт. дзейнасці. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў, выехаў у Польшчу, дзе аднавіў актыўную дзейнасць у Бундзе, стаяў на пазіцыях правага крыла Апошнія гады жыў у Вільні.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 8, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕСАВІ́К»,

ілюстраваны літ.-маст. часопіс для дзяцей. Выдаецца з 1995 у Мінску на бел. мове 1 раз у 2 месяцы (да 1998 выходзіў як экалагічны часопіс-плакат). Асвятляе разнастайныя аспекты жыцця звяроў і птушак Беларусі і інш. рэгіёнаў. Друкуе фотарэпартажы, маст. творы (апавяданні, вершы, казкі), прысвечаныя прыродзе, якія выхоўваюць любоў да прыроды, Бацькаўшчыны. Мае рубрыкі «Рэха турынага рога» (пра звяроў і птушак, што зніклі з абшараў бел. зямлі), «Год-карагод» (апавяданні пра месяцы года), чытацкія рубрыкі «Мы дружбакі», «Зялёная галерэя», «Фотазагадка» і інш. Праводзіць конкурсы чытачоў.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСТА́ЦТВА»,

штомесячны навукова-папулярны ілюстраваны часопіс. Орган Мін-ва культуры, Дзярж. к-та па кінематаграфіі, Бел. саюзаў мастакоў, кампазітараў, кінематаграфістаў і Бел. тэатр. аб’яднання. Выдаецца з 1983 у Мінску на бел. мове. Да 1992 наз. «Мастацтва Беларусі». Публікуе матэрыялы па пытаннях эстэтыкі, тэорыі і гісторыі бел. мастацтва, маст. спадчыны, асвятляе развіццё сучаснага прафес., нар. і самадзейнага мастацтва, творчасць дзеячаў мастацтва Беларусі, а таксама культ. жыццё і творчасць беларусаў замежжа і нац. меншасцей на Беларусі. Вядзе хроніку маст. жыцця рэспублікі, публікуе рэцэнзіі на новыя кнігі.

Вокладка часопіса «Мастацтва».

т. 10, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎЧА́НСКІ (Дзмітрый Сцяпанавіч) (26.10.1901, в. Рагатка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 23.6.1979),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партыз. руху на тэр. Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1934), Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1946). З 1924 на сав., парт. і журналісцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну з 1942 у ЦШПР, з 2.4.1943 сакратар Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б, адзін з кіраўнікоў Магілёўскага партыз. злучэння. Пасля вайны на парт. і сав. рабоце. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНКЕ́ВІЧ (Франц Адольфавіч) (1.8.1904, г. Мінск — 17.1.1988),

Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Маскоўскую артыл. школу (1930), Харкаўскую школу марскіх лётчыкаў-назіральнікаў (1933). У Чырв. Арміі з 1924. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Штурман далёкабамбардзіровачнага авіяпалка маёр М. зрабіў 97 баявых вылетаў, у т. л. са студз. 1942 удзельнічаў у налётах на Берлін, у маі 1942 група бамбардзіроўшчыкаў на чале з ім бамбіла ваен. аб’екты і чыг. станцыі ў акупіраваным Мінску. Да 1947 у Сав. Арміі, да 1962 на гасп. рабоце.

Ф.А.Мінкевіч.

т. 10, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА АРГАНІ́СТАЎ.

Існавала ў 1872—97 у Мінску. Засн. па ініцыятыве каталіцкага свяшчэнніка Ф.​Я.​Сенчыкоўскага. Было адзіным на Беларусі, карысталася папулярнасцю. Вучыліся пераважна дзеці сялян і мяшчан, прымаліся пасля заканчэння нар. вучылішча (у 1881 былі 22 навучэнцы). Праграма заняткаў па спец. муз. дысцыплінах была разлічана на 5 гадоў з вывучэннем агульнаадук. прадметаў і кравецкай справы. Навучалі ігры на аргане, фп. (педагогі Г.​Стафановіч, Клейнішэн), скрыпцы (Позняк), спевам (Г.​Глінскі, Марошкін) і муз.-тэарэт. дысцыплінам.

Літ.:

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999. С. 132—137.

В.​П.​Пракапцова.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)