КАНЦЭПТУА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА (англ. conceptional art ад concept ідэя, агульная задума + art мастацтва),
канцэптуалізм, кірунак у авангардным мастацтве 2-й пал. 20 ст. Узнікла ў ЗША ў канцы 1960-х г. (тэарэтык і аўтар тэрміна С.Ле Віт; мастакі Р.Бэры, Л.Вейнер, Д. Х’юблер, Дж. Косут), адначасова пашырылася ў Зах. Еўропе (мастакі англ. групы «Мастацтва і мова» Т.Аткінсан, Х.Харэл, Д.Байнбрыдж, М.Болдуін і інш.). Працягвае традыцыі дадаізму і антымастацтва. У аснове К.м. — ідэя (канцэпт) важнасці не самога суб’ектыўнага прадмета адлюстравання, якую дэклараваў поп-арт, а таго, што прадмет абазначае, адмаўленне абавязковай завершанасці маст. твора. Мастак-канцэптуаліст не столькі выканаўца твора, колькі яго праграміст, тэарэтык. Ён дае гледачу права на «сааўтарства», самаст. асэнсаванне магчымых варыянтаў разумення сутнасці твора, прапануе аналізаваць не твор, а прыроду, прызначэнне і сутнасць мастацтва. Аналіз кода твора ідзе праз філасофію і лінгвістыку. У якасці матэрыялу выкарыстоўваюць фотаздымкі, пісьмовую інфармацыю, графіку, гук, відэазапісы і інш., часам стварэнне маст. твора замяняецца рэфлекторнымі дыскусіямі. К.м. блізкае да перфомансу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КІ ПРЫПЫ́НКУ, пунктуацыя,
графічныя сродкі перадачы граматычнай і інтанацыйнай будовы сказа. Узніклі з пачаткам кнігадрукавання (15 ст.). Сучасная бел.мова мае 10 З.п.: кропка, пытальнік, клічнік (паказваюць канец сказа, а таксама апавядальную, пытальную і клічную інтанацыі); коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, дужкі (ставяцца ўнутры сказа); двукоссе (выдзяляе простую мову і цытаты); шматкроп’е (паказвае запінку, пропуск, незакончанасць). Працяжнік адметны шматзначнасцю. Раздзяляльныя З.п. (кропка, коска, двукроп’е і інш.) — адзіночныя; выдзяляльныя (дужкі, двукоссе, коскі, працяжнікі) — заўсёды парныя. Некат. падвойваюцца, патройваюцца і спалучаюцца паміж сабою. Найчасцей пунктуацыя абумоўлена толькі сінтаксічнай будовай сказа, безадносна да канкрэтнай інтанацыі, і мае строгую нарматыўнасць. Інтанацыйныя З.п. арыентуюцца на вымаўленне і бываюць факультатыўныя (асабліва працяжнік і коска ў маст. мове). У абодвух выпадках З.п. цесна звязаны з сэнсава-граматычным і эмацыянальна-стылістычным зместам сказа. Сказы без З.п. былі б двухсэнсавыя ці цьмяныя, напр.: «Скажы яму добра» — «Скажы яму: добра!» — «Скажы: яму добра?» — «Скажы яму. Добра?».
Літ.:
Клюсаў Г.Н., Юрэвіч А.Л. Сучасная беларуская пунктуацыя. 2 выд.Мн., 1972;
Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯЛЕ́КТ [ад нацыя + (дыя)лект],
сукупнасць фармальных і семантычных уласцівасцей пэўнай нацыянальнай мовы, калі яна шырока выкарыстоўваецца іншым этнасам у якасці сваёй другой мовы або мовы міжнац. зносін. Напр., рус.мова (нацыялект) армян, літоўцаў, таджыкаў, украінцаў і г.д. У шырокім сэнсе Н. — рэалізацыя пэўнай мовы ў маўленчай практыцы іншага этнасу. Н. — адзін з відаў суцэльнага вар’іравання мовы (параўн.: дыялект — вар’іраванне тэрытарыяльнае, сацыялект — вар’іраванне сацыяльнае, ідыялект — вар’іраванне індывідуальнае, хроналект — вар’іраванне ў часе, Н. — вар’іраванне іншанацыянальнае, іншаэтнічнае). Н. ўласцівы пэўныя ўстойлівыя рысы, што ўзнікаюць у мове пад уплывам іншай ці роднай мовы. Напр., рус. Н. беларусаў уласцівы ўстойлівыя інтэрферэнцыйныя рысы: цвёрдае «р» (гаварыт — «гаворыць», румка — «келішак»), фрыкатыўнае «γ» (ноγи — «ноги», γолос — «голас»), сібілянты «с’» і «з’» (з’има, с’ерый), пропуск «й» (полны — «поўны», велики — «вялікі»), канструкцыі «мой собачка» (рус. «моя собачка»), «более-менее» (рус. «более или менее», бел. «больш-менш»), «жениться с кем» (рус. «жениться на ком», бел. «ажаніцца з кім»), адсутнасць моцнай колькаснай рэдукцыі галосных ([малако], рус. [мьлʌ-ко]) і інш.
Літ.:
Михневич А.Е. О языковом и лингвистическом статусе «нациолекта» // Вариативность как свойство языковой системы: Тез. докл.М., 1982. Ч. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТШ ((Nitsch) Казімеж) (1.2.1874, г. Кракаў, Польшча — 26.9.1958),
польскі мовазнавец-славіст; заснавальнік сучаснай польск. дыялекталогіі і адзін з заснавальнікаў кракаўскай школы мовазнаўцаў. Чл.АН у Кракаве (з 1911, з 1946 прэзідэнт), чл. і віцэ-прэзідэнт Польскай АН (з 1952), чл.-кар.АНСССР (з 1947) і інш. замежных акадэмій. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1895). Праф. Ягелонскага (1910—52; з перапынкамі) і Львоўскага (1917—20) ун-таў. Асн. працы ў галіне гісторыі польск. мовы, дыялекталогіі, лінгвістычнай геаграфіі, лексікаграфіі: «Мова польскага народа» (1911), «Паходжанне польскай літаратурнай мовы» (1913), «Дыялекты польскай мовы» (1915, 3-е выд. 1957), «З гісторыі малапольскіх гаворак» (1928), «Збор польскіх дыялектных тэкстаў» (1929, 1960), «Лінгвістычны атлас польскага Прыкарпацця» (з М.Малецкім, 1934) і інш. Ініцыятар стварэння і рэдактар «Малога атласа польскіх гаворак» (т. 1—2, 1957—59). Адзін з заснавальнікаў «Т-ва аматараў польскай мовы» (1920) і «Польскага лінгвістычнага т-ва» (1925). Дзярж. прэміі Польшчы 1953, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА МО́ЎНАЯ,
сукупнасць варыянтаў моўных адзінак, якія прызнаюцца грамадствам найлепшымі для здзяйснення маўленчай камунікацыі. Выяўляецца на ўсіх узроўнях і ва ўсіх аспектах функцыянавання моўнай сістэмы: у фанетыцы (вымаўленне, інтанацыя), марфалогіі (словаўтварэнне і словазмяненне), лексіцы і фразеалогіі (выбар і ўжыванне слоў і іх эквівалентаў), сінтаксісе (спалучэнне слоў, пабудова сказа, парадак слоў), стылістыцы, арфаграфіі (пісьмо). Н.м. — вядучая адметная рыса літаратурнай мовы як сістэмы уніфікаваных і стабільных моўных сродкаў і правіл іх ужывання. Адначасова яна з’яўляецца сістэмна-структурнай і сацыялінгвістычнай катэгорыяй. Яе захаванне або парушэнне добра ўсведамляецца большасцю адукаваных людзей і адлюстроўваецца ў метамоўных ацэнках накшталт «правільна — няправільна», «дарэчна — недарэчна», «прыгожа — непрыгожа» і г.д. Н.м. кадыфікуюцца ў граматыках і слоўніках. Мае гістарычна зменлівы характар. Выступае істотным паказчыкам культуры мовы асобы і культуры грамадства ў цэлым. Унармаванне нацыянальнай мовы — адна з гал. задач мовазнаўства, моўнай педагогікі, творчай дзейнасці пісьменнікаў, журналістаў, прамоўцаў і інш.
Літ.:
Семенюк Н.Н. Норма // Общее языкознание. М., 1970;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;
Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн.. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РФАЛК (Norfolk),
уладанне Аўстраліі на аднайм. востраве ў паўд.-зах.ч. Ціхага ак.Пл. 36 км². Нас. 2,2 тыс.чал. (1996), пераважна англа-палінезійскія метысы (нашчадкі перасяленцаў з в-ва Піткэрн), а таксама нядаўнія перасяленцы з Аўстраліі і Новай Зеландыі. Афіц.мова — англійская. Вернікі пераважна англікане. Больш за палавіну насельніцтва звязана з абслугоўваннем турыстаў. Адм. ц. і порт — пасёлак Кінгстан. Востраў вулканічнага паходжання. Паверхня — невысокае базальтавае плато. На Пн горны масіў выш. да 317 м. Клімат субтрапічны. Т-ра паветра ад 20 °C у ліп. да 24 °C у студзені. За год выпадае 1300 мм ападкаў. Часткова захаваліся эндэмічныя расліны: норфалкская хвоя, вечназялёныя цвердалістыя дрэвы і хмызнякі. Больш як палавіна тэр. вострава пад садамі, палямі, лугамі. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў. Частка насельніцтва займаецца земляробствам (цытрусавыя, бананы, кава, бульба, батат, ямс, агародніна), малочнай жывёлагадоўляй, птушкагадоўляй, рыбалоўствам. Невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Востраў звязаны рэгулярнымі рэйсамі суднаў і самалётаў з Аўстраліяй і Новай Зеландыяй, ёсць аэрапорт і 80 км аўтадарог. Аснова экспарту — насенне мясц. эндэмічных раслін, кава, бананы. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ БЕЛАРУ́СКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,
вышэйшая навуч. ўстанова ў Мінску, якая рыхтавала настаўнікаў сярэдніх школ. Засн. 30.12.1918 на базе Мінскага настаўніцкага інстытута. Навучалася 150 студэнтаў. Тэрмін навучання 4 гады. Сярод выкладчыкаў Я.Ф.Карскі, В.Л.Іваноўскі (з сак. 1920 рэктар), У.М.Ігнатоўскі, Б.А.Тарашкевіч, М.І.Гарэцкі, І.У.Канчэўскі. Ф-ты: літ.-маст., сац.-гіст., прыродазнаўчы, геагр., фіз.-хім., фіз.-матэматычны. У навуч. працэсе асн. ўвага аддавалася пед. дысцыплінам, беларусазнаўству. У час польск. акупацыі ў навуч. праграму ўводзіліся польск. мова і л-ра, гісторыя Польшчы і польск. культуры. У 1919/20 навуч.г. выкладанне пераведзена на бел. мову, 6 ф-таў рэарганізаваны ў літ.гіст. і геагр.-прыродазнаўчы з фіз.-хім. і фіз.-матэм. аддзяленнямі. Меў фіз. і пед. кабінеты, хім. лабараторыю, б-ку (5 тыс. тамоў), а таксама лабараторыі, метэастанцыю, доследнае поле, дапаможную гаспадарку пад Мінскам. У яго падпарадкаванні была Мінская балотная доследная станцыя. Пры ін-це створана аспірантура, спец. камісія па выпрацоўцы бел.навук. тэрміналогіі (падрыхтавала «Арыфметычную тэрміналогію; выдадзена ў Вільні ў 1921). У жн. 1920 пераўтвораны ў Мінскі інстытут народнай адукацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ТКЭРН (Pitcairn),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 46,5 км². Складаецца з 4 астравоў, у т. л.в-аў Піткэрн (пл. 4,5 км², адзіны населены). Нас. каля 50 чал. (2000), англа-палінезійскія метысы. Адзіны нас. пункт, адм. ц. — паселішча Адамстаўн. Афіц.мова — англійская. В-аў Піткэрн вулканічнага паходжання, выш. да 335 м, астатнія астравы каралавыя. Клімат і расліннасць субтрапічныя. Асн. занятак насельніцтва — земляробства. Вырошчваюць батат, ямс, тара, маніёк, хлебнае дрэва, дыні, гарбузы, бананы, цукр. трыснёг, бабовыя, кукурузу, цытрусавыя, ананасы і інш. Гадуюць коз і курэй. Рыбалоўства. Саматужная вытв-сць сувеніраў. Гал. крыніца даходаў — продаж мясц. паштовых марак, якія карыстаюцца вял. попытам у філатэлістаў. Марскія сувязі пераважна з Новай Зеландыяй. Грашовая адзінка — долар Піткэрна.
У старажытнасці П наведвалі палінезійцы. Адкрыты ў 1767 брыт. капітанам Ф.Картэрэтам. У 1790 на П. знайшлі прытулак 9 маракоў з мяцежнага брыт.ваен. карабля «Баўнці». Яны прывезлі з сабой некалькі палінезійскіх жанчын; іх нашчадкі складаюць сучаснае насельніцтва П. У 1839 абвешчаны брыт. калоніяй, да якой у 1902 далучана некалькі суседніх астравоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЛО́ЎЕ,
часціна мовы, якая абазначае прыкмету дзеяння, стану або якасці. Асн. марфалагічная асаблівасць П. — адсутнасць форм скланення і спражэння. Можа мець формы ступеней параўнання.
У сказе П. прымыкаюць да дзеясловаў («сядзець моўчкі»), прыметнікаў («якасна новы»), лічэбнікаў («трэці злева»), радзей да назоўнікаў («сяўба па-новаму») і П. («позна ноччу»). Паводле значэння падзяляюцца на якасна-азначальныя, што ўказваюць на якасць («агніста»), меру («крыху»), ступень інтэнсіўнасці, мяжу дзеяння, прыкметы ці стану («датла», «уволю») і акалічнасныя, што ўказваюць на месца або напрамак («там», «уверх»), час («аднойчы»), прычыну («спрасонку»), мэту («наўмысна») дзеяння. Утвараюцца афіксальным (суфіксальным — «высока»; прэфіксальным — «некуды»; прэфіксальна-суфіксальным — «змалку») спосабамі, асноваскладаннем («штогод») і інш. Папаўняюцца за кошт пераходу ў іх склад інш. часцін мовы: назоўнікаў («страх»), дзеепрыслоўяў («спатыкаючыся»), часціц («абы-абы»), Могуць ужывацца ў якасці прыназоўнікаў («побач»), злучнікаў («калі»), часціц («ледзь»), мадальных слоў («напэўна»), У сказе выконваюць ролю акалічнасці (пераважна), азначэння, выказніка.
Літ.:
Шуба П.П. Прыслоўе ў беларускай мове: Марфал. нарыс. Мн., 1962;
Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАСЦЬ (ад лац. antiquus старажытны),
тэрмін, які абазначае старажытнасць, даўніну; пераважна ўжываецца ў дачыненні да грэка-рымскай даўніны і ўсёй сукупнасці яе праяў. Ахоплівае перыяд з 9 ст. да н.э. Да 476 н.э. (падзенне Зах.Рым. імперыі). Тэрмін «антычнасць» сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння, калі разам з абуджэннем цікавасці да грэка-рымскай культуры ўзніклі паняцці антычнае мастацтва, ант.л-ра, антычная філасофія, ант. гісторыя і інш. У ант. грамадстве нарадзіліся агульначалавечыя каштоўнасці, якія пазней вызначаны як гуманізм, дэмакратыя, патрыятызм. Тыповай формай ант. дэмакратыі сталі дзяржава-поліс у грэкаў і цывітас (гарадская абшчына) у рымлян (адсюль паходжанне слоў «цывільны», «цывілізацыя»). У антычнасці расквітнелі розныя філас. сістэмы, развіваліся этыка, эстэтыка, гісторыя, тэатр, архітэктура і скульптура, асновай заканадаўства многіх краін стала антычнае права. Гуманіст. ідэі ант. культуры паўплывалі на развіццё культуры ўсіх еўрап. народаў, асаблівае месца ў навуцы заняла лац.мова. Больш падрабязныя і канкрэтныя звесткі пра антычнасць гл. ў арт.Грэцыя Старажытная, Рым Старажытны, Рабаўладальніцкі лад, Элінізм і інш.
Літ.:
Античная цивилизация. М., 1973;
Штаерман Е.М. Роль античного наследия в европейской культуре // История Европы. М., 1988. Т. 1.
К.А.Равяка.
Да арт.Антычнасць. Сход багоў. Размалёўка старажытнагрэчаскага келіха. Каля 510 да н.э.