ТАМАШЭ́ВІЧ Іван Мікалаевіч (н. 4.3.1949, в. Мерч Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. спявак (барытон), баяніст, педагог. Нар.арт. Беларусі (2000). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1979). З 1969 працаваў ва ўстановах культуры Шклова і Бабруйска, з 1979 выкладчык Наваполацкага муз. і Полацкага пед. вучылішчаў. З 1988 арганізатар і маст. кіраўнік канцэртнага аб’яднання пры Бел. т-ве інвалідаў па зроку, з 2001 саліст Белдзяржфілармоніі. Адначасова з 1992 выкладчык Мінскага муз. вучылішча, з 1970 саліст сімф. аркестра і камерна-інстр. ансамбля Белтэлерадыёкампаніі, з 1992 — аркестра духавых інструментаў «Няміга», з 1993 — Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга. У рэпертуары песні замежных і бел. кампазітараў (некат. выконваў упершыню), рамансы, арыі з опер. Сярод канцэртных праграм: «О калі б мог выказаць у гуку» (1990), «Я не шкадую сэрца добрым людзям» (1995), «Раманс забыты, але цудоўны», «І адкрыліся вочы ў душы» (абодва 1996), «Жамчужны россып мелодый кахання» (1997), «Зямны паклон вялікім юбілярам» (1998—99, прысвечаны А.Пушкіну і П.Чайкоўскаму), «Букет прэм’ер ад юбіляра» (2000), «О раманс, ты любоў мая вечная» (2001). Лаўрэат Рэсп. (1989), Усесаюзнага і Міжнар. конкурсаў (абодва 1990) выканаўцаў камернай музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРСУ́Н-ЗАДЭ́ Мірзо (2.5.1911, с. Каратаг, Таджыкістан — 24.9.1977),
таджыкскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Нар.паэт. Таджыкістана (1961). Акад.АН Таджыкістана (1951). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Ін-т асветы ў Ташкенце (1931). Друкаваўся з 1930. Першы зб. вершаў і апавяданняў «Сцяг перамогі» (1932). Аўтар паэм «Сонца краіны» (1936), «Восень і вясна» (1937), «Сын Радзімы» (1942), «Нявеста з Масквы» (1945), «Хасан-арбакеш» (1954) і «Голас Азіі» (1956; за дзве апошнія Ленінская прэмія 1960). Грамадз. пафас, інтэрнацыяналізм, асэнсаванне гіст. лёсу народаў Азіі, роздум пра жыццё ў паэт. цыклах «Індыйская балада» (1947—48, Дзярж. прэмія СССР 1948) і «Я з Усходу свабоднага» (1950), паэмах «Вечнае святло» (1957), «Дарагая мая» (1960). Аўтар публіцыст., літ.-крытычных прац «Думкі пра грамадзянскую лірыку» (1954), «Літаратура і жыццё» (1959) і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Р.Барадулін, А.Бачыла, А.Вольскі, А.Звонак, В.Зуёнак, А.Клышка, В.Лукша, П.Прыходзька, У.Шахавец і інш.Міжнар. прэмія імя Нэру 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЯДЗЮ́НІНСКІ Іван Іванавіч (30.7.1900, в. Гілёва Тугулымскага р-на Свярдлоўскай вобл., Расія — 17.10.1977),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1939). Ген. арміі (1955). Скончыў Уладзівастоцкую пяхотную школу (1924), курсы «Выстрал» (1931), удасканалення вышэйшага начсаставу пры Ваен. акадэміі Генштаба (1941) і Вышэйшыя акад. курсы (1948) пры гэтай жа акадэміі. У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, баёў на Зах. фронце ў 1920, на Кіт.-Усх. чыгунцы ў 1929, на р. Халхін-Гол у 1939. У Вял.Айч. вайну камандаваў стралк. корпусам, 32-й, 42-й, 54-й, 5-й арміямі; з кастр. 1941 — Ленінградскім фронтам; з кастр. 1942 нам.каманд. Волхаўскім, з мая 1943 — Бранскім франтамі. З ліп. 1943 каманд. 11-й, са снеж. 1943 2-й ударнай арміямі. Удзельнік абароны і прарыву блакады Ленінграда, Курскай бітвы, Бранскай, Гомельска-Рэчыцкай, Усх.-Прускай, Берлінскай аперацый Войскі 11-й арміі пад камандаваннем Ф. 26.11.1943 вызвалілі г. Гомель. У 1946—47 і 1954—65 каманд. войскамі шэрагу ваен. акруг, у 1951—54 нам. і 1-ы нам. галоўнакамандуючага Групай сав. войск у Германіі. Са снеж. 1965 у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1958—66.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАДКЕ́ВІЧ Тарас Канстанцінавіч (7.3.1912, в. Шайцерава Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 14.8.1975),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1972). Вучыўся ў Полацкім пед. тэхнікуме (1927—29), Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33). У 1936—41, 1945—1950 працаваў у газ. «Чырвоная Полаччына», «Чырвоная змена». «Звязда», «Літаратура і мастацтва», у 1953—72 — літ. кансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1925. Першы зб. вершаў «Смялей, таварыш!» (1932). Аповесць «Вяснянка» (1948), раман «Даль палявая» (1957—58) пра жыццё бел. пасляваен. вёскі. Раман «Песня Дзвіны» (1972) пра людзей новабудоўляў на Зах. Дзвіне. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Братэрства» (1948), «Рэха ў гарах» (1951), «Сяброўства» (1952), апавяданняў і нарысаў «Мая Беларусь» (1961), «Нафтагігант на Дзвіне» (1963), «Сад у квецені» (1966). Пісаў для дзяцей: «За сінім лесам» (1951), «На новым месцы» (1954), «Спеюць яблыкі» (1959), «Жыла-была казка» (1967), «Дзвіна пайшла» (1968) і інш. Адзін з аўтараў кн. «Мы раскажам пра Мінск» (1964). На бел. мову пераклаў кнігі М.Горкага «У Амерыцы» (1952) і «Апавяданні» (1955), раман А.Чайшвілі «Лело» (1953).
Тв.:
Творы. Т. 1—2. Мн., 1982;
Ад палёў наддзвінскіх: [Аўтабіяграфія] // Пяцьдзесят чатыры дарогі. Мн., 1963.
Літ.:
Кухараў С. Зачараваны красою Наддзвіння... // Полымя, 1982. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЎРАНКО́ВЫ,
сёстры, удзельніцы партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Нарадзіліся ў в. Ганцавічы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Былі сувязнымі атрадаў партыз. брыгад «Чэкіст», 8-й Круглянскай, 35-й, 115-й Горацкай, што дзейнічалі на тэр. Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абл.Матрона Піліпаўна (8.11.1907—30.11.1995), з чэрв. 1942 разведчыца атрадаў № 10 і 40 Шклоўскай ВАГ, 112-га Горацкага і 35-й брыгады; узнаг. ордэнам Чырв. Зоркі. Ефрасіння Піліпаўна (н. 11.7.1912), са жн. 1942 у атрадзе Г.А.Кірпіча брыгады «Чэкіст»; пасля вайны на сав. рабоце. Марыя Піліпаўна (12.8.1914 — вер. 1943), падпольшчыца, са жн. 1942 сувязная партыз. брыгад 8-й Круглянскай і 35-й; арыштавана акупац. ўладамі і павешана ў Оршы; узнагароджана ордэнам Айч. вайны 2-й ступені. Ганна Піліпаўна (6.8.1919—22.4.2001), разведчыца 8-й Круглянскай брыгады. Надзея Піліпаўна (1.9.1922—21.9.1942), з пач. вайны па яе ініцыятыве сёстры збіралі зброю, дапамагалі параненым сав. воінам; з мая 1942 разведчыца атрада № 40 8-й Круглянскай брыгады; арыштавана акупац. ўладамі і расстраляна ў Шклове; узнагароджана ордэнам Айч. вайны 1-й ступені. Зінаіда Піліпаўна (11.7.1925—9.12.1994), са снеж. 1942 сувязная брыгады № 35, 112-га Горацкага атрада 115-й Горацкай брыгады; узнаг. ордэнам Чырв. Зоркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Э́СА,
рака ў Крупскім р-не Мінскай вобл., Чашніцкім і Лепельскім р-нах Віцебскай вобл., у бас.р.Зах. Дзвіна. Даўж. 84 км. Пл. вадазбору 1040 км². Пачынаецца за 600 м на Пд ад в. Двор-Пярэсіка Крупскага р-на, упадае ў Лепельскае возера за 1 км на ПдЗ ад г. Лепель; у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы. Цячэ ў межах Верхнебярэзінскай нізіны і Ушацка-Лепельскага ўзвышша. Асн. прытокі: Дзяражанка, Байна, Свядзіца (справа). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. яе ў верхнім цячэнні 2—3 км, ніжэй да 1 км, месцамі да 6 км. Схілы ўмерана парэзаныя, выш. 5—20 м, на вял. працягу спадзістыя, супясчаныя, укрыты лесам. Пойма двухбаковая, у верхнім і сярэднім цячэнні шыр. 300—600 м, месцамі пашыраецца да 0,5—1 км. Рэчышча ў верхнім цячэнні ад вытоку на працягу 38 км каналізаванае, шыр. яго ў верхнім цячэнні 2—5 м, у сярэдзіне 5—12 м, у ніжнім 10—12 м. Берагі стромкія, абрывістыя. Замярзае ў пач. 3-й дэкады снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Разводдзе звычайна з 3-й дэкады рак. да канца мая, працягласць каля 55 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,28 М3/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́ШЧАНКА Алекс (Аляксей Якаўлевіч; н. 2.8.1917, с. Харужаўка Недрыгайлаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна),
украінскі паэт.Засл. работнік культуры Беларусі (1980). Скончыў Нежынскі настаўніцкі ін-т (1939). Друкуецца з 1935. У паэт. зб-ках «Да роднай зямлі» (1945), «Мая вясна» (1949), «Над шырокім Дняпром» (1951), «Людзі і кветкі» (1959), «Шаўчэнка ідзе па свеце» (1964), «Споведзь» (1971), «Родныя зоры» (1972), «Слова пра сяброў» (1976), «Цішыня ў росным вянку» (1981), «Высокая хваля» (1984) тэмы дружбы народаў, прац. будняў, Вял.Айч. вайны. Аўтар гумарыстычнага зб. «Дружным пяром» (1973), кніг нарысаў і ўспамінаў «Бяссмертнікі» (кн. 1—3, 1974—82), «У памяці маёй» (1986). Аўтар вершаў пра Беларусь, артыкулаў пра творчасць В.Быкава, А.Зарыцкага, Я.Коласа, І.Мележа, Р.Няхая, М.Танка. Прысвяціў вершы Я.Купалу, Я.Коласу, М.Танку, баладу «Абеліск у стэпе» Быкаву. Перакладае на ўкр. мову творы бел. пісьменнікаў. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі Р.Барадулін, Х.Жычка, Зарыцкі, Г.Каржанеўская, Г.Кляўко, М.Маляўка, М.Міровіч, В.Рагойша, М.Танк, М.Чарняўскі, У.Шахавец.
цэнтральны орган улады Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) у снеж. 1918 — ліст. 1920. 13.11.1918 ва ўмовах краху аўстра-герм. акупацыі Украіны і прагерм. рэжыму гетмана П.П.Скарападскага члены апазіц.сацыяліст. аб’яднання Укр.нац. саюз (створаны 21.5.1918, уваходзілі партыі сацыялістаў-федэралістаў, эсэраў, сац.-дэмакратаў, сацыялістаў-самасційнікаў і інш.) стварылі ў г. Белая Царква кіруючы цэнтр — Дырэкторыю (старшыня У.Віннічэнка, члены С.Пятлюра, Ф.Швец, А.Макаранка, П.Андрыеўскі; пазней склад змяняўся), якая 15 ліст. заклікала да паўстання супраць Скарападскага. На яе бок перайшоў полк галіцыйскіх «сечавых стральцоў», які стаў ядром паўстанцкай арміі. 14.12.1918 рэжым Скарападскага скінуты, Дырэкторыя абвясціла аднаўленне УНР і пачала трансфармавацца ў вышэйшы дзярж.ін-т з заканад. і распарадчымі функцыямі. Яе выканаўчым органам абвешчаны кабінет нар. міністраў. На месцах ствараліся працоўныя Рады, але рэальная ўлада належала ваен. камандаванню. Узбр. сілы Дырэкторыі (Укр.нар. армія, гал. атаман Пятлюра) складаліся пераважна з мясц. добраахвотніцкіх атрадаў. У ліп. 1919 да іх далучылася 50-тысячная Галіцыйская армія разгромленай Польшчай Заходнеўкр. Нар. Рэспублікі (ЗУНР). Дырэкторыя забараніла продаж, залог і арэнду зямлі, абяцала сялянам надзяліць іх зямлёй (5—15 дзес. ворыва, 15 дзес. лесу на гаспадарку), аднавіла 8-гадзінны рабочы дзень на прадпрыемствах і ўвяла тут рабочы кантроль, прызнала права рабочых на стачкі і г.д. 22—28.1.1919 у Кіеве праведзены Прац. кангрэс (каля 3 тыс. дэлегатаў), які пацвердзіў уладныя паўнамоцтвы Дырэкторыі і пастанавіў аб’яднаць УНР з ЗУНР у складзе Саборнай Украіны. Пасля няўдалых спроб Віннічэнкі дамовіцца з РСФСР Дырэкторыя 16.1.1919 абвясціла ёй вайну і ўзяла курс на супрацоўніцтва з краінамі Антанты. 5.2.1919 Чырв. Армія заняла Кіеў, да чэрв. 1919 — б.ч. Правабярэжнай Украіны. Польшча захапіла Усх. Галіцыю і Зах. Валынь. Дырэкторыя, якую з 10.2.1919 узначальваў Пятлюра, засталася без тэрыторыі, але ў ліп. 1919, скарыстаўшы наступленне белагвардз. арміі ген. А.І.Дзянікіна, зноў авалодала значнай ч. Правабярэжнай Украіны, 30 жн. — Кіевам. Але Дзянікін 31 жн. выгнаў з Кіева войскі Дырэкторыі, якая 24.9.1919 абвясціла яму вайну. Неўзабаве дзянікінцы нанеслі Дырэкторыі паражэнне, на іх бок у ліст. перайшла Галіцыйская армія. У снеж. 1919 рэшткі войск Дырэкторыі перайшлі да партыз. дзеянняў у тыле войск Дзянікіна, а потым — Чырв. Арміі, якая зімой 1919—20 разбіла Дзянікіна і зноў заняла амаль усю Украіну. 21.4.1920 Дырэкторыя заключыла ў Варшаве пагадненне з польскім урадам, паводле якога Польшча ў абмен на Усх. Галіцыю і Зах. Валынь прызнавала УНР і аказвала ёй ваен. дапамогу супраць РСФСР. У крас. — пач.мая 1920 войскі Польшчы і Дырэкторыі (18 тыс.чал.) занялі ч. Правабярэжнай Украіны і Кіеў (6 мая). У канцы савецка-польскай вайны 1920 войскі Дырэкторыі адышлі на польскую тэр., дзе былі інтэрніраваны. 20.11.1920 Пятлюра сваім указам распусціў Дырэкторыю. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт.Украіна.
Літ.:
Семененко В.И., Радченко Л.А. История Украины: С древнейших времен до ваших дней. Харьков, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКАЯ АБЛАСНА́Я АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліст. 1943 да ліп. 1944 на тэр. Беластоцкай вобл. на чале з абл. антыфаш. к-там. Першыя антыфаш. арг-цыі і групы ўзніклі ў 1941—42 пераважна ў тых нас. пунктах, у якіх у Зах. Беларусі быў развіты рэв. і нац.-вызв. рух пад кіраўніцтвам КПЗБ. Значную ролю ў фарміраванні сеткі антыфаш. руху ў Беластоцкай вобл. адыграў Брэсцкі міжраённы «Камітэт барацьбы з нямецкімі акупантамі». У ліст. 1943 Беластоцкі падп. абком КП(б)Б стварыў абл. антыфаш. к-т на чале з Д.К.Сукачовым. Да мая 1944 абл.арг-цыя аб’ядноўвала 86 арг-цый і груп (639 чал.), у т. л. Беластоцкую гар., Бельскую, Бранскую, Ваўкавыскую, Гродзенскую, Заблудаўскую, Крынкаўскую, Лапскую, Свіслацкую, Скідзельскую, Снядаўскую, Саколкаўскую раённыя антыфаш. арг-цыі. Падпольшчыкі вялі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, падтрымлівалі цесную сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю, медыкаменты, харч. прадукты і інш., удзельнічалі ў стварэнні скрытага партыз. рэзерву (больш за 3 тыс.чал.). Яны спалілі ў Беластоку тэкст. ф-ку, у Гродне ўзарвалі 2 вагоны з авіябомбамі, пусцілі пад адхон некалькі эшалонаў, сістэматычна парушалі тэлеф.-тэлегр. сувязь ворага, вялі разведку, нападалі на гарнізоны і апорныя пункты акупантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАНЖЭ́ (Béranger) П’ер Жан дэ (19.8.1780, Парыж — 16.7.1857),
французскі паэт. Развіваў традыцыі франц.нар. песні. Весялосцю, жыццялюбствам, пачуццёвасцю адметныя яго раннія творы (зб. «Песні маральныя і іншыя», 1815). «Кароль Івето» — сатыра на напалеонаўскія войны і раскошу імператарскага двара. За антыдваранскія і антыклерыкальныя песні («Маркіз дэ Караба», «Святыя айцы» і інш. двухтомніка 1821, зб-каў 1825 і 1828) двойчы зняволены. Песні 1830—40-х г. апявалі барацьбу і гераізм удзельнікаў рэвалюцый («Ліпеньскія магілы» і інш.), выкрывалі буржуазную манархію Луі Філіпа («Бандзі» і інш.), выказвалі спадзяванне Беранжэ, які знаходзіўся пад уплывам ідэй утапічнага сацыялізму, на магчымасць мірнага пераўтварэння грамадства, ажыццяўленне хрысціянскай ідэі роўнасці («Вар’яты», «Чатыры эпохі»). Лепшыя творы прысвяціў простым людзям («Прыдворны фрак», «Разбітая скрыпка», «Рыжая Жанна» і інш.). Песні Беранжэ жанрава разнастайныя, простыя па змесце, злабадзённыя па тэме, адточаныя па форме, дасціпныя і іранічныя; сэнсавай і эмацыянальнай кульмінацыяй у іх з’яўляецца рэфрэн. Аўтар кн. «Мая біяграфія» (не скончана, 1861). На бел. мову творы Беранжэ перакладалі Э.Агняцвет, А.Дудар, А.Зарыцкі, Н.Мацяш і інш.